Гарадзенскі палімпсест 2010 Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры, XVI-XX стст.

Гарадзенскі палімпсест 2010

Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры, XVI-XX стст.
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 507с.
Мінск 2011
144.54 МБ
Сяргей Харэўскі (Мінск):
Ці былі допісы, прысвечаныя праблеме талерантнасці і верацярпімасці, якія тычыліся не толькі каталікоў, але, напрыклад, старавераў, лютэранаў, мусульманаў?
Настасся Жарская:
«Гарадзенскія епархіяльныя ведамасці» часта перадрукоўвалі матэрыялы агульнарасейскіх газет па самых розных тэмах. Затое ўсе тэксты па праблеме верацярпімасці былі «мясцовага паходжання». У прыватнасці, на гэтую тэму часта выказваўся біскуп Ніканор. Магчыма, якраз на нашых землях найбольш актуальна і гучала гэтая праблема. А тое, што найчасцей пры гэтым прыгадваліся каталікі, звязанае з тым, што каталіцкі касцёл заставаўся галоўным канкурэнтам праваслаўя.
Сяргей Токць (Гродна):
Ці сустракалася на старонках «Ведамасцяў» слова беларус?
Настасся Жарская:
Слова Беларусь не сустрэла аніводнага разу, а вось слова беларус і вытворныя ад яго сустракаліся ў публікацыях Яўхіма Карскага.
Аляксандр Радзюк (Гродна):
Падкажыце, дзе можна прачытаць поўны камплект «Гарадзенскіх губернскіх ведамасцяў»?
Настасся Жарская:
Хачу паведаміць, што ў Нацыянальнай бібліятэцы зараз ажыццяўляецца праект «Фарміраванне калекцыі дарэвалюцыйных перыядычных друк
Беларусі». У рамках гэтага праекту алічбаваныя ўсе губернскія ведамасці. У межах бібліятэкі да іх ёсць доступ праз інтэрнэт.
Ларыса Міхайлік, Phd (Гродна). Каталіцкі касцёл у палітычным і грамадскім жыцці Гроднаў 1921-1939 г.
Сяргей Харэўскі (Мінск):
Мяне цікавіць колькі храмаў было вернутае каталіцкай царкве на тэрыторыі Гарадзенскага дэканату ў міжваенны час?
Ларыса Міхайлік:
Канкардат 1925 г. даваў каталіцкаму касцёлу права валодаць толькі той маёмасцю, якая на момант падпісання знаходзілася ўяго руках. Секулярызаваная маёмасць заставалася ў валоданні дзяржавы. У 20-я гг. каталіцкі касцёл вельмі актыўна выступаў за рэвіндыкацыю. Так, напрыклад, улісце да Віленскай курыі ў 1929 г. пералічаны 120аб’ектаў, якія некалі належалі рыма-каталіцкаму або грэка-каталіцкаму касцёлам, а потым перайшлі ў валоданне праваслаўнай царквы, дзяржавы або прыватных асобаў. У Горадні сярод гэтых аб’ектаў знаходзілася Каложская царква, канфіскаваная ў 1839 г., пабернардынскі касцёл, зачынены ў 1853 г„ пакармеліцкі касцёл, канфіскаваны ў 1845 г., і пабазыліянскі, канфіскаваны ў 1843 г. Аднак дзяржава не згаджалася на гэта. Па маіх дадзеныху Беластоцкім ваяводстве каталіцкаму касцёлувярнулі 11 храмаў, а праваслаўнай царкве 9. Хаця праваслаўныя прасілі вярнуць 29 святынь, а каталікі 26. Калі ж казаць пра Гродна, то тут было пададзена 11 іскаў па рэвіндыкацыі храмаў. Цікава, што уніятам не вярнулі аніводнай святыні. Магчыма, прычынай было тое, што яны на тэрыторыі Полыпчы падпарадкоўваліся мітрапаліту Шаптыцкаму. Апошняга польская дзяржава ўспрымала як ворага.
Наталля Сліж (Гродна):
У міжваенны час адбывалася аднаўленне культу цудадзейных абразаў. Ці можна гэта звязваць з палітыкай атэізацыі ў савецкай Беларусі?
Ларыса Міхайлік:
Культ абразаў звязаны з паняццем агульнай рэлігійнай актыўнасці, якое таксама ўключае пілігрымкі ды іншыя рэлігійныя практыкі. Пэўную ідэалагічную нагрузку культ абразаў, безумоўна, мае. Між іншым ён яднае вернікаў вакол пэўных мясцовых святынь...
Алесь Смалянчук (Гродна):
Як касцёл ставіўся да праяваў антысемітызму ў гарадскім жыцці ў міжваенны час?
Ларыса Міхайлік:
Антысемітызм прысутнічаў сярод гродзенскага духавенства. Напрыклад, на пагром 1925 г. моцна паўплывала «палымяная» прамова ксяндза,
сказаная падчас пахавання марака, забітага габрэйскім хлопцам. Ён адкрыта выступіў з антысеміцкімі заклікамі. Наогул, каталіцкае духавенства Беластоцкага ваяводства даволі часта дазваляла сабе падобнае. Ксяндзы, напрыклад, патрабавалі, убраць гандлёвыя крамы з плошчы, на якой знаходзіўся касцёл, і распачынаўся канфлікт. Але адначасна, напрыклад, у войску капеланам катэгарычна забараняліся ўсе праявы ксенафобіі.
Сяргей Токць (Гродна):
Які адсотак гарадзенскіх выбаршчыкаў галасаваў за хрысціянскіх дэмакратаў? Наколькі я ведаю, касцёл агітаваў менавіта за гэтую партыю... Гэта можа быць паказчыкам палітычнага ўплыву касцёла.
Ларыса Міхайлік:
Касцёл імкнуўся праводзіць самастойную палітычную лінію, але супраць гэтага выступала тагачасная палітычная ўлада. У справаздачы МУС 1938 г. Беластоцкі ваявода Касташэўскі прывёў статыстыку палітычнай арыентацыі каталіцкага духавенства па паветах. 3 яе вынікае, што 55% святароўмелі акрэсленыя палітычныя сімпатыі, з іх 29% былі прыхільнікамі эндэцыі, a 26% прыхільнікамі хадэцыі. 45% святароў дэкларавалі сваю апалітычнасць. У Гродзенскім пав. з 23 святароў 9 сімпатызавалі хадэкам, 4 эндэкам, a 10 былі апалітычнымі. У каментарах ваявода зрабіў даволі цікавы запіс адносна прыхільнікаў хадэцыі: «Гэта група святароў старэйшага ўзросту, да якой належаць асобы беларускай і літоўскай нацыянальнасці, якая змяншаецца з дня на дзень. Гэтая група схільная падтрымліваць новую унію і карыстацца ў працы беларускай і літоўскай мовамі. У яе шэрагах няма маладых актыўных дзеячаў тыпу Станкевіча або Талочкі, высланых з Вільні, таму яна не можа ініцыяваць ніякай дзейнасці ў межах Беластоцкага ваяводства». Такім быў погляд афіцыйнай асобы. Думаю, што з ім трэба згадзіцца. Таксама відавочна, што найбольшая палітычная актыўнасць духавенства была ў этнічна мяшаных парафіях. Там, дзе дамінавалі польскія вернікі, было больш «апалітычных» святароў.
Сяргей Харэўскі, мгр (Мінск). Дзейнасць архітэктара Мікалая Чагіна ў Вільні і Горадні: досьвед і урокі
Рэпліка Ігара Трусава (Гродна):
Хачу выказаць некаторыя заўвагі. М. Чагін не меў адносінаў да пабудовы Царквы св. Аляксандра Неўскага ў Горадні. Гэта не тыповы праект.
Таксама хачу звярнуць увагу на ўзровень гарадзенскіх чыноўнікаў XIX стагоддзя. Менавіта яны забаранілі ўстанаўліваць на «Фару Вітаўта» падчас перабудовы канца пазамінулага стагоддзя гіганцкі купал, што дазволіла захаваць гатычныя формы касцёла. А «какошнікі» былі невялікімі, і калі іх разабралі ў міжваенны час, то высветлілася, што
«Фара» захавалася вельмі добра. Думаю, што сучасныя чыноўнікі нічога б не захавалі...
Сяргей Харэўскі:
«Фара Вітаўта» толькі ў XIX ст. гарэла чатыры разы. Да гонару Чагіна, хачу адзначыць, што ён зрабіў рэканструкцыю храма, якім ён быў да апошняга пажару. Толькі пасля гэтага ён пачаў рэалізацыю ўласнага праекту... У тую эпоху тое, што зрабіў Чагін было адзіным шляхам ратавання храма. Распазнаць хараство «Фары Вітаўта» пасля пажараў і перабудоваў было вельмі цяжка. Чагін гэта зрабіў, а польскаму архітэктару Сасноўскаму, які ў міжваенны час кіраваўчарговай рэканструкцыяй храма, засталося толькі прыбраць «какошнікі» ды іншыя атрыбуты «псеўдарускага стылю».
Святлана Марозава (Гродна):
Скажыце, гэта ўпершыню ў гісторыі беларускай культуры назіралася такая масавая пабудова праваслаўных храмаў ці ўжо былі прэцэдэнты? Як на гэта рэагавала беларуская інтэлігенцыя?
Сяргей Харэўскі:
Маштаб пабудовы не меў аналагаў. Вядома, што ў перыяд праўлення Аляксандра III у імперыі было пабудавана каля 47 тысяч храмаў. Прыблізна траціна з іх з’явілася ў г.зв. «заходніх губернях», яшчэ траціна на Каўказе і Стаўраполлі. На гэта пайшлі каласальныя сродкі! А вось Цэнтральная Расія выглядала вельмі сціпла. Якраз тут часта не хапала храмаў.
Інтэлігенцыя ставілася вельмі негатыўна, але не было прасторы для дыскусіі. Увесь негатыў праяўляўся ў публіцыстыцы. Прычым найбольш актыўна пратэставала інтэлігенцыя Пецярбургу. Яна высмейвала гэты «псеўдарускі стыль», бачыла ў ім безгустоўшчыну. Адсюль пайшло зняважлівае стаўленне да гэтых пабудоваў перыяду Аляксандра III.
Андрэй Чарнякевіч (Гродна):
Вам не падаецца, што мы зноў маем дачыненне з «чагінаўшчынай» удзейнасці многіх сучасных архітэктараў? Маю на ўвазе праекты па рэканструкцыі Каложскай царквы... Прынамсі, прапанаваная сёння гістарычная рэканструкцыя вельмі падобная на тое, пра што вы казалі.
Наогул, што горш? Зруйнаваць «Фару Вітаўта», ці адбудаваць яе ў псеўдарускім стылі? Пасля шматлікіх перабудоваў яна «выпала» з кантэксту гарадзенскай гісторыі. На мой погляд гэта і ёсць галоўная прычына, чаму атрымалася абараніць езуіцкі касцёл і не атрымалася абараніць «Фару». Яна ўжо не была гарадзенскай. Тое ж чакае і верагодныя аб’екты сучаснай рэканструкцыі ў Горадні... Яны будуць вырваныя з кантэксту гісторыі Беларусі!
Сяргей Харэўскі:
Думаю, што ўсе намаганні прышчапіць да гістарычных тэрыторый штучна сканструяваныя псеўдагістарычныя аб’екты будуць бясплённымі,
якія б рэсурсы дзеля гэтага не выкарыстоўваліся. На шчасце, ні праваслаўная царква, ні беларуская дзяржава не маюць тых сродкаў, якімі распараджаўся М. Чагін. Таксама трэба казаць пра адсутнасць такіх таленавітых архітэктараў, як той жа Чагін. Напрыклад, падчас пазнейшай рэканструкцыі касцёла св. Казіміра ў Вільні архітэктары вельмі ашчадна абыходзіліся з тым, што прыўнёс Чагін... Фактычна, яны пакінулі фасад, які ён рабіў! Ён выявіўся надзвычай таленавітым стылізатарам, майстрам, выдатным мастаком... Гэта спаўна праявілася пры рэканструкцыі званіцы віленскага касцёла св. Ганны... Цяперашнім архітэктарам вельмі далёка ад узроўню ведаў, талента М. Чагіна. Зразумела, што сёння і маштаб не той... Сучаснае штучнае навешванне на храмы «цыбулінаў», «какошнікаў», «набалдашнікаў» ўсё больш становіцца камічным...
Мікалая Чагіна, які патраціў столькі сіл, таленту, часу, сродкаў, рэалізуючы палітычную праграму імперыі на яе акраінах, забылі паўсюдна. Калі б ён столькі ж зрабіў дзе-небудзь у Цэнтральнай Расеі, то ён быў бы бясцэнным для рускай культуры. I гэта ўрок усім тым, хто імкнецца нахрапам, скажаючы і падтасоўваючы факты прышчапіць тое, што пярэчыць культурнай і гістарычнай традыцыі. Нічога з гэтага не атрымаецца...
Навуковае выданне
Гарадзенскі палімпсест 2010. Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры, XVI-XXctct.
Адказны за выпуск Зміцер Колас
Падпісана да друку 28.03.2011.
Фармат 60x84 >/16. Папера афсетная. Друк лічбавы.
Ум. друк. арк. 31,72. Ул.-выд. арк. 29,30.
Наклад 200 асобнікаў. Заказ б/н.
Выдавец і паліграфічнае выкананне індывідуальны прадпрымальнік Зміцер Колас ЛН № 02330/0552654 ад 14.01.2010.
Пр. Незалежнасці, 105-14,220023, Мінск.