Гарадзенскі палімпсест 2010
Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры, XVI-XX стст.
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 507с.
Мінск 2011
Распад «вялікай кааліцыі» ідалучэнне Сапегаў да Фаміліі ў1748 г. скончыла фарміраванне ў ВКЛ двух асноўных магнацкіх груповак: Чартарыйскіх і Радзівілаў. Абвастрэнне адносін паміж гэтымі родамі прымусіла Радзівілаў рабіць захады супраць дамінавання Фаміліі ў ВКЛ. He абмінулі яны ўвагай і прыхільны Фаміліі гарадзенскі соймік. Актыўнасць іх мясцовых прыхільнікаў Міхала Эйсманта і Барановічаў прымусіла Масальскіх ісці на кампраміс на некаторых гарадзенскіх сойміках. У 1750 г. пасламі ў Гародні пад дырэкцыяй гарадзенскага войскага Юзафа Вала былі абраны гарадзенскі гродскі староста Юзаф Масальскі і прыхільнік Радзівілаў гарадзенскі абозны Лукаш Барановіч38. У 1752 г. дэпутацкі соймік у Гародні зноў скончыўся кампрамісам і пад дырэкцыяй гарадзенскага падчашага Юзафа Сапоцькі былі абраны мечнік ВКЛ Сымон Сіруць і гарадзенскі абозны Лукаш Барановіч. Сымон Сіруць яшчэ раней быў вызначаны ўсімі магнацкімі групоўкамі кандыдатам на ўрад маршалка Трыбунала ВКЛ. Менавіта таму не чакалася ніякіх пратэстаў супраць яго
выбару з бокурадзівілаўскіх прыхільнікаў. Тым болын, што калегай Сіруця быў абраны адзін з мясцовых лідэраў групоўкі Радзівілаў Лукаш Барановіч. Нягледзячы на гэта частка радзівілаўскіх прыхільнікаў на чале з Каралем, Юзафам і Антоніем Камінскімі, Янам Эйсмантам і лідскім гродскім рэгентам Юзафам Гаўрылкевічам сфабрыкавала пратэстацыю супраць выбараўСіруця і Барановіча. У маніфесце супраць сфабрыкаванай пратэстацыі сцвярджалася, што адзін з Камінскіх «з братамі на пустым бланку падпісаўся», а потым ездзілі па аколіцы Эйсманты падпісывалі шляхту. Адначасова ў маніфесце прызнавалася, што існавалі пэўныя праблемы з выбарамі дэпутатаў, але Міхал Масальскі «раней прыбыўшы да Гародні канкурэнтаў, якія стараліся быць абранымі дэпутатамі, супакоіў»39. У выніку частка шляхты прызнала, што падчас сойміку «не быўшы тады ў Гародні, але былі ў сваіх дамах у аколіцы Эйсмантах у Гарадзенскім павеце», дзе іх «барылам, гарэлкай» частавалі і «да подпісаў на голым бланкеце толькі з подпісамі Караля Камінскага і Яна Эйсманта» угаворвалі і прымушалі падпісацца40.
Перавага часцей усё ж такі знаходзілася ў прыхільнікаў Фаміліі. У 1753 г. дэпутатамі былі абраны яе прыхільнікі наваградскі стольнік Іахім Храптовіч і ваўкавыскі падчашы Рафал Булгарын. У 1754 г. у Гародні пад дырэкцыяй радзівілаўскага прыхільніка гарадзенскага гараднічага Лукаша Барановіча дэпутатамі былі абраны прыхільнікі Фаміліі гарадзенскі падкаморы Тадэвуш Юндзіл і гарадзенскі земскі судзіч 1 гарадзенскі ротмістр Ігнацій Александровіч41. Праўда па загаду слонімскага абознага Станіслава Карпа яго слуга Юзаф Блашкоўскі сфабрыкаваў пратэстацыю супраць выбараў дэпутатаў і «падпісаць бланкет п’яных [шляхціцаў] угаварыў і іншых знаёмых і незнаёмых [шляхціцаў] падпісаць загадаў»42.
Зразумела, што такая сітуацыя не магла задавальняць Радзівілаў і іх мясцовых прыхільнікаў. За гарадзенскі пасольскі соймік 1754 г. уФаміліі адказваў Міхал Масальскі43. Паслом на гарадзенскім сойміку планавалася абраць надворнага падскарбія ВКЛ Юзафа Масальскага. Лідэр прыдворнай партыі Юры Мнішак загадаў Міхалу Казіміру Радзівілу не перашкаджаць Масальскаму і не дапусціць «гвалту» на гэтым сойміку44. Такія загады адносна гарадзенскага сойміка былі зроблены з-за Фаміліі, якая распаўсюджвала чуткі, што радзівілаўскі прыхільнік гарадзенскі стольнік Міхал Эйсмант мае загад сарваць соймік. Радзівіл пераконваў, што Эйсмант мяркуе быць абраным паслом разам з Масальскім і не думае зрываць гарадзенскі соймік. Чуткі аб зрыве гэтага сойміка распаўсюджвае Фамілія, каб спецыяльна перашкодзіць выбару Юзафа Масальскага, які быў маршалкам старой ласкі. У такім выпадку сойм павінен распачаць першы віленскі пасол, якім напэўна будзе адданы прыхільнік Фаміліі віленскі падкаморы Ян Гараін45. Самому Эйсманту Радзівіл загадаў дапамагаць выбару паслом Масальскага46. У выніку соймік адбыўся спакойна і Юзаф
Масальскі быў абраны паслом. У сваю чаргу яго бацька Міхал Масальскі напужаны, што пакрыўдзіць каралеўскі двор, пасля доўгіх развагаў пагадзіўся на ўключэнне ў гарадзенскую інструкцыю ўсіх пунктаў дасланых Радзівілам. Частка з якіх была варожай Фаміліі, часткай якой Масальскія надалей з’яўляліся47.
Разрыў Чартарыйскіх з каралеўскім дваром у 1752-1754 гг. узмацніў іх барацьбу з Радзівіламі ў ВКЛ. Радзівілаў падтрымаў лідэр новаўтворанай прыдворнай партыі надворны каронны маршалак Юры Мнішак, што дало тым магчымасць перайсці ў атаку падчас выбараў на Трыбунал ВКЛ 1755 г. Зразумела, што і на гарадзенскім сойміку Радзівілы хацелі парушыць шматгадовае дамінаванне Фаміліі. Аб выбары прыхільных дэпутатаў для Радзівілаў на гарадзенскім сойміку павінны былі старацца польны стражнік ВКЛ Казімір Барановіч і гарадзенскі стольнік Міхал Эйсмант. Інфармацыю аб сойміку ім павінен быў перадаць сын польнага стражніка ВКЛ пяцігорскі харужы Францішак48. Становішча прыхільнікаў Фаміліі ў Гарадзенскім павеце аслаблялі непаразуменні ўнутры самой магнацкай групоўкі. Было вядома, што Міхал Масальскі не хацеў парываць з Фаміліяй, але збіраўся фактычна захоўваць нейтралітэт і «перасядзець» дэпутацкія соймікі дома. Таму, на думку саюзніка Радзівілаў Ігнація Агінскага, трэба было старацца аб выбары прыхільных Радзівілам дэпутатаў нават на гарадзенскім сойміку49. Масальскі аднак не рашыўся парваць з Фаміліяй і таму на сойміку ў Гародні зноў перамаглі прыхільнікі Фаміліі і дэпутатамі пад дырэкцыяй Станіслава Катовіча былі абраныя гарадзенскі абозны Антоній Калянкевіч і гарадзельскі пісарэвіч Каэтан Міцута. Лаўдум аб іх выбары з мясцовых ураднікаў толькі падпісалі земскі суддзя Бенедыкт Александровіч і падсудак Марцін Алізаровіч50. Прыхільнікі Радзівілаў не змірыліся з такім выбарам дэпутатаў і занеслі пратэстацыю супраць іх у лідскія гродскія кнігі. Радзівілы збіраліся ўтрымліваць пратэстацыю супраць гарадзенскага сойміка. Ужо 9 лютага 1755 г. Міхал Казімір Радзівіл загадаў польнаму стражніку Казіміру Барановічу ўтрымліваць пратэстацыю супраць гарадзенскіх дэпутатаў да рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ.51
ПаміжФаміліяй і Радзівіламіразгарнулася барацьба наконтзахавання пратэстацый і допуску дэпутатаў у лік трыбунальскіх суддзяў. Найбольш упарта яна вялася вакол выбараў на наваградскім, старадубскім, лідскім і гарадзенскім сойміках. Барбара Радзівілава лічыла, што Фамілія пастараецца ўтрымаць, нягледзячы на шматлікія пратэстацыі, выбар гарадзенскіх дэпутатаў52.
Падчас рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ Фаміліі не ўдалося ўвесці ўлік трыбунальскіх суддзяў лідскіх дэпутатаў і гарадзенскага дэпутата Каэтана Міцуту (Другі гарадзенскі дэпутат і гарадзенскі абозны Антоній Калянкевіч памёр перад рэасумпцыяй Трыбунала ВКЛ). Міхал Казімір Радзівіл аддаў
справу аб іх допуску на разгдяд Трыбунала ВКЛ, дзе большасць мелі радзівілаўскія прыхільнікі. Тыя ўсваім рашэнні прызналі слушнымі пратэстацыі пададзеныя супраць выбараў на гэтых сойміках. У выніку гарадзенскі і лідскія дэпутаты не былі дапушчаны ў трыбунальскае кола53.
У 1756 г. Міхал Чартарыйскі меркаваў узяць рэванш уРадзівілаў у выбараху ТрыбуналВКЛ. У Гародніёнпланаваўправесцівыбардэпутатам гарадзенскага земскага пісара Караля Храптовіча і пагаджаўся на тое, каб яго калегай стаў радзівілаўскі прыхільнік Міхал Эйсмант. Лічылася, што ўтакім выпадку іншы прыхільнік Фаміліі гарадзенскі падсудак Марцін Алізаровіч адмовіцца прэтэндаваць на дэпутацтва. Стараўся аб дэпутацтва і іншы радзівілаўскі прыхільнік Францішак Барановіч54. Зразумела, што ў сітуацыі абвастрэння барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі вельмі мала шанцаў скончыцца выбарам дэпутатаў меў гарадзенскі соймік і сапраўды ён быў сарваны яшчэ да выбараў дырэктара сойміка радзівілаўскім прыхільнікам гарадзенскім войскім Міхалам Эйсмантам55.
Барацьба паміж Чартарыйскімі і Радзівіламі ў ВКЛ перад пасольскімі соймікамі 1756 г. яшчэ больш абвастрылася. Радзівілы апасаліся абрання на гарадзенскім пасольскім сойміку 1756 г. Юзафа Масальскага ці кагонебудзь з лідэраў Фаміліі і вырашылі пратэставаць супраць сойміка. Для гэтага было даслана пяць тысяч злотых Барановічу56. Міхал Казімір Радзівіл пераканаў Барбару Радзівіл, што іх ранейшы прыхільнік гарадзенскі войскі Міхал Эйсмант, нягледзячы на свае дэкларацыі, канчаткова перайшоў на бок Чартарыйскіх, бо атрымаў у заставу некаторыя ўладанні Гарадзенскай эканоміі ад падскарбія ВКЛ Юрыя Флемінга, які быў яе трымальнікам. Таму вялікі гетман ВКЛ разлічваў толькі на Барановічаў57. У выніку на гарадзенскім сойміку пасламі былі абраны ваўкавыскі староста Ян Масальскі і палкоўнік Уладзіслаў Ельскі «без ніводнай кантрадыкцыі і пратэстацыі»58. Іх інструкцыю разам з дырэктарам сойміка Каэтанам Міцутай падпісалі мясцовыя ўраднікі: падкаморы Тадэвуш Юндзіл, земскі суддзя Бенедыкт Александровіч, падсудак Марцін Алізаровіч, войскі Міхал Эйсмант, падстолі Лукаш Барановіч, пісар земскі Караль Храптовіч, пісар гродскі і мярнічы ВКЛ Юзаф Боўфал, стражнік Юзаф Каленкевіч, мастаўнічы Ян Барталамей Алізаровіч, каморнік Юзаф Шымак, земскі рэгент і старадубскі падчашы Аляксандр Нарвойш, гродскі і земскі рэгент Францішак Алізаровіч. Акрамя таго, свае подпісы пад інструкцыяй заставіла 67 шляхціцаў59. Радзівілаўскія прыхільнікі па ініцыятыве сваіх мясцовых лідэраў Барановічаў аз.эчылі выбар такіх паслоў. Іх пратэстацыя была занесена ў лідскія гродскія кнігі. Пратэставаўшая шляхта сцвярджала, што выбар дырэктара і паслоў адбываўся, нягледзячы на «некалькі соцен пратэстацый». Акрамя таго, пасламі былі абраныя асобы, якія ўвогуле «не былі на сойміку». У канцы шляхта скардзілася, што ніводная пратэстацыя з-за загада гарадзенскага гродскага старосты Юзафа Масальскага не была
прынята ў гарадзенскія гродскія кнігі. Падпісала гэтую пратэстацыю больш за сорак шляхціцаў на чале са Станіславам Балеславам Дашкевічам60. Радзівіл збіраўся не дапусціць на сойме падчас ругаў61 гарадзенскіх паслоў і для гэтага прывесці пратэставаўшую шляхту на сойм, але сойм не адбыўся з-за пачатку Сямігадовай вайны 1756-1763 гг.62
Перад наступным грамнічным соймікам 1757 г. пазіцыі Фаміліі аслаблялі канфлікты ўнутры групоўкі паміж Міхалам Чартарыйскім і Міхалам Масальскім. Незадаволены адсутнасцю падтрымкі Чартарыйскага ўсправе атрымання віленскай каад’юторыі для Ігнація Масальскага Міхал Масальскі нават паабяцаў Агінскаму, што правядзе выбар на гарадзенскім сойміку любых дэпутатаў, якія задаволяць Радзівілаў63. Ігнацій Агінскі хацеў паразмаўляць аб будучым гарадзенскім сойміку зМасальскім імясцовым лідэрам радзівілаўскай партыі Барановічам64. Аднак сустрэча Агінскага і Масальскага не адбылася. Агінскі толькі змог наладзіць перапіску з Масальскім і ў лістах да яго прасіў, калі праўдзівымі з’яўляюцца звесткі пра нейтралітэт у барацьбе Радзівілаў і Фаміліі, каб ён не ўмешваўся ў выбары на гарадзенскім сойміку65. Масальскі аднак не паддаўся на ўгаворы Агінскага і імкнуўся абраць прыхільных Фаміліі дэпутатаў на сойміку ў Гародні. У выніку соймік быў сарваны радзівілаўскімі прыхільнікамі, якія да поздняга часу ўтрымлівалі пратэстацыю. Аказаў дапамогу ім і гарадзенскі войскі Міхал Эйсмант, якога Флемінгу ўдалося перакупіць яшчэ на сойміках 1756 г.66