Гарадзенскі палімпсест 2010
Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры, XVI-XX стст.
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 507с.
Мінск 2011
Рэкруцтва і кантанізм. Напрыканцы 20-х гадоў XIX ст. жыццё габрэйскіх дзяцей Гародні і іх бацькоў азмрочыла рэальная пагроза. Згодна ўказу ад 26 жніўня 1827 г., для габрэяў уводзілася асабістае выкананне вайсковай павіннасці. Раней яны ўдзельнічалі ў абароне Радзімы, калі ўносілі спецыяльны падатак, а зараз у войска на 25 год таксама як і іншыя падданыя Расеі, прымаліся габрэйскія хлопцы ва ўзросце ад 12 да 25 год51. Габрэйскім грамадствам гэтая навіна была ўспрынятая як сапраўднае бедства, і горшыя прадчуванні аказаліся слушнымі. Вайсковае кіраўніцтва ўсімі сіламі імкнулася хрысціянізаваць і «цывілізаваць» маладых рэкрутаў: прывучыць іх да выкарыстання рускай мовы, прымусіць адмовіцца ад ка-
шэрнайежыі г. д.Сяродзабраныху войскашырылісявыпадкісамагубстваў і галадовак, бо іншавернае атачэнне прыніжала габрэйскіх хлопцаў.
Пра бесчалавечнасць выканання ўстава сведчыць Рут Сэмюэле: «Няшчасных падлеткаў забіралі з хат сілай. У арміі на іх адразу пачыналі аказваць ціск з мэтаю хрышчэння. Нярэдка іх білі і марылі голадам, каб прымусіць адрачыся ад сваёй веры»52. Вайсковыя праваслаўныя святары бачылі свой доўг у хрышчэнні малалетніх габрэяў. За добрыя паказчыкі ў такога роду працы іх узнагароджвалі і прасоўвалі далей па кар’ернай лесвіцы. Адзін толькі палкавы святар Семіон Пяўноў з 1829 па 1835 год хрысціў 250 малых іншаверцаў, якія трапілі ў карабінерскі полк, дзе ён служыў. 240 з іх былі габрэямі, пры чым 108 непаўналетнія. За працу сваю Пяўноў быў узнагарожданы ордэнам Святой Ганны III ступені і ўзведзены ў сан пратаіерэя53.
Пра ўсё гэта хутка стала вядома ў мяжы аселасці. Знаходзіліся тыя, хто быў згодны на ўсё жыццё стаць калекай, але не ісці ў войска і там адступіцца ад габрэйства. За наўмыснае калецтва было прадугледжана суровае пакаранне: рэкрутам станавіўся не толькі той, хто прычыніў сабе шкоду, але яшчэ адзін член сям’і, пажадана малалетні54. Асабліва пачварную рэпутацыю набылі роты ваенных кантаністаў, куды накіроўвалі 12-гадовых хлапчукоў. Тут яны павінны былі прывучацца да вайсковых абавязкаў на працягу шасці год, пры чым гэты час не залічваўся ў агульны 25-гадовы тэрмін службы ў войску. Бацькам-габрэям забаранялася не толькі наведваць сваіх дзяцей-кантаністаў, але нават і размаўляць з імі хаця б здалёк55. Гэта павінна было садзейнічаць разбурэнню сувязі паміж дзецьмі і габрэйскім светам, ад якога іх адарвалі.
Калі звярнуцца да дадзеных па ўсіх батальёнах расейскай арміі, дзе служылі кантаністы-габрэі за 1836 год, то атрымліваецца, што з 3 344 чалавек на канец года засталіся габрэямі 1 847, прынялі праваслаўе 1 497, г. зн. 45% забраных у армію габрэйскіх дзяцей56! He дзіва, што бацькі збіралі апошнія грошы, каб адкупіцца ад рэкруцкіх старастаў. Як пісала Лея Райх у Пецярбург сыну, які паехаў на заробкі: «...Твайго брата Гірша ўзялі ўрэкруты, але, дзякуй Богу, хутка забракавалі. Гэта каштавала мне так шмат, што мы сталі амаль беднымі людзьмі»57.
За хаванне прызыўнікоў і недабор рэкрутаў для кагальных старастаў былі ўведзены суровыя пакаранні (ад штрафаў да пазачарговага прызыву іх саміх альбо сваякаў). Злоўжыванні не прымусілі доўга сябе чакаць. Насуперак усім законам у войска сталі трапляць няздольныя да выканання салдацкай павіннасці габрэі сляпыя на адно вока, з бельмамі, венерычнымі хваробамі, лішаямі і язвамі, паршой, нават без пальцаў, што не дазваляла націскаць курок на ружжы, хаця па фармулярных спісах яны лічыліся цалкам здаровымі58! Нярэдкімі былі выпадкі, калі ў рэкруты ад-
давалі дзяцей, якія не дасягнулі нават мінімальнага для кантаніста 12-гадовага ўзросту. У 1852 г. гарадзенскі ваенны губернатар вымушаны быў разбіраць скаргі па дзевяці падобным выпадкам59.
Закон дазваляў па-за чаргой аддаваць урэкруты людзей, вядомых дрэннымі паводзінамі і жабрацтвам у лік наступных набораў. Гэты момант тут жа скарысталі рэкруцкія старасты. Жадаючы вызваліць ад вайсковай службы заможныя сем’і, яны зрабілі сваімі ахвярамі самых безабаронных беднякоў. У 1852 г. у канцылярыю гарадзенскага губернатара трапіла паданне пра несправядлівую здачу ў рэкруты Г М. Сокала. Як пісаў яго бацька, 10-гадовага хлапчука гарадзенскі кагал здаў у войска «за дрэнныя паводзіны і неўнясенне падаткаў»60. Насамрэч малы ні ў чым такім заўважаны ніколі не быў, ён жыў з бацькамі і вучыўся кравецкаму рамяству. Але нават калі і заслугоўваў ён пакарання, то ці можна было яго ў гэтым узросце назваць злачынцам альбо спаганяць падаткі як з дарослага?
I гэта не адзіны выпадак. Двума гадамі раней было распачата расследаванне дзейнасці старшынь гарадзенскага кагалу, якія на тых жа падставах здалі ўрэкруты 20 маладых габрэяў ва ўзросце ад 12 да 22 год (прычымсемз іхбылі 12-гадовымі,чатыры 13-гадовымі,два 14-гадовымі). Як з абурэннем пісаў віленскі ваенны губернатар, «дзеці непаўналетнія не могуць быць абвінавачаны ў распусным жыцці і жабрацтве, калі ж заўважаны пачаткі такіх схільнасцей, то для выкаранення іх павінны быць выкарыстаны меры бацькоў, а зусім не трэба было караць іх, аддаючы ў рэкруты». Добра, што ў хлопчыкаў з Гародні знайшоўся такі спагадлівы абаронца, толькі не для ўсіх гісторыя скончылася на мажорнай ноце. Вяртанне небаракаў дахаты зацягнулася на тры гады. За гэты час М. В. Хазаноўскі і Л. Л. Данега пад прымусам прынялі хрост. Першы з іх паспеў памерці, адля другога перашкодай для вяртання ўбацькоўскую хату стала новая вера. Яму забаранілі кантактаваць са сваякамі і пакінулі на пастаяннае месца жыхарства па-за мяжой аселасці пад Масквой61.
Дзеці і свята. Сям’я была цэнтрам, вакол якога канцэнтраваліся ўсе праявы штодзённага жыцця. Габрэйскія дЗеці Гародні назіралі за тым, што і як робяць бацькі і спрабавалі пераймаць іх паводзіны. Шлях ў сінагогу на шабат ператвараўся ва ўрачыстае шэсце клана. Сямейная група рухалася «шабатнім крокам» няспешна, размерана (супрацьлегласць мітусні будзённага дня). Сыны выглядалі як маленькія безбародыя копіі бацькаў. Малыя хлапчукі ганарліва неслі матуліны малітоўнікі, упрыгожаныя срэбранымі засцежкамі і аксамітнай вокладкай, і бацькоўскі талес62. У вялікай харальнай сінагозе жанчыны падымаліся на галерэю, з імі крочылі дзяўчынкі, мужчыны ішлі праз галоўны ўваход. Дзіця з малых лет прывучалася да таго, што ў мужчыны і жанчыны ёсць сваё вызначанае яшчэ ў старажытнасці месца ў жыцці, і ніякіх рэвалюцыйных думак пра раўна-
праўе не ўзнікала. Як яны могуць быць роўнымі, калі яны розныя? Месца мужчыны ў сінагозе, жанчыны у хаце. Кожны добры настолькі, наколькі спраўна ён выконваў свае абавязкі.
Святы не толькі ўмацоўвалі сувязі паміж сваякамі, яны таксама выхоўвалі гістарычную памяць, давалі адчуванне еднасці з продкамі. Прыватных святаў у традыцыйным свеце было мала, тым больш такіх, цэнтрам якіх было б дзіця. У першай палове XIX ст. у традыцыйнай літвацкай Гародні не было звычаю святкаваць дзень нараджэння. Ніхто нават не імкнуўся захаваць у памяці гэты дзень, толькі мама магла памятаць, напрыклад, што дачка прыйшла на свет напярэдадні Песаха. Пры гэтым урачыста святкавалася абразанне сына, пасля цырымоніі ўсіх запрашалі за багатыя сталы. Застолле паўтаралася праз некалькі дзён, калі дзіця поўнасцю папраўлялася пасля аперацыі.
Некаторыя габрэйскія святы мелі яскравы карнавальны характар, што было асабліва блізка для малых. Абавязковай часткай Пурыма з’яўляліся разнастайныя гульні, у т. л. і тэатральныя. Пурымшпілі выконваліся пры ўдзеле акцёраў у масках і музыкаў, гульнявыя элементы спалучаліся з абрадавымі песнямі і драматычнымі сцэнамі. Спачатку іх ладзілі вучні ешыботаў, а пазней аматары з беднага асяроддзя, рамеснікі і гандляры. Героямі сцэнаў на біблейскіятэмы быліЭстэр, Аман, Мардэхай і Ахашверош, папулярнасцю карыстаўся сюжэт пра Іосіфа. Каб было весялей, у акцёраў ператвараліся дзеці, царыцу Эстэр мог іграць хлопец, пераапрануты ў жаночы строй. Дзеці ладзілі на Пурым уласнае прадстаўленне. Яны маглі, напрыклад, апрануцца ў рыззё і прыкінуцца жабракамі. Дарослыя да апошняга моманту рабілі выгляд, што не пазнаюць «беднякоў», запрашалі іх за стол, прапаноўвалі распавесці сваю гісторыю і давалі ежу, а дзеці як маглі доўга трымаліся сур’ёзна.
Малыя асабліва цанілі, што на Пурым былі прыняты розыгрышы і жарты, а ўсялякая дысцыпліна за сталом скасоўвалася. Традыцыйныя пурымныя карнавалы ў канцы XIX ст. у Гародні ператварыліся ў звычай хатніх тэатральных пастановак, за ўваход на якія нярэдка бралі грошы. Зараз яны маглі быць прымеркаваны ўжо не толькі да рэлігійнага свята, але і да дня нараджэння альбо абразання дзіцяці. Улады недаверліва ставіліся да такіх вольнасцяў, перапынялі недазволеныя спектаклі і выпісвалі гаспадарам высокія кары, напрыклад, гарадзенец Гежэс, які 21 лютага 1887 г. сабраў на хатні спектакль аж 400 чалавек, вымушаны быў папоўніць скарб на 10 руб.63
Будзённы і святочны дні адрозніваліся па свайму рытму, распарадку і, вядома, ежай. Хіба не толькі пра беларускіх малых можна было справядліва сказаць: «А для дзяцей найлепшае свята, абы наесціся багата!..» 3 раніцы хату напаўнялі інтэнсіўныя гастранамічныя водары. Нават сям’я
з самым мізэрным рацыёнам у святочны дзень частавалася цымесам64, фаршыраванай рыбай, чолітам65, кугелем66, халой67 і спецыяльнымі стравамі накшталт піражкоў пад экзатычнай назвай «вушы Амана»68 альбо харойсес69, якія мелі сімвалічнае значэнне і былі прымеркаваны да асаблівых дзён. He толькі дзяўчынак, але і хлапчукоў прыцягвалі да перадсвяточнай працы на кухні. Гэта не абражала мужчынскую годнасць: дапамога ў падрыхтоўцы рытуальных страваў (напрыклад, мацы70 на Песах) разглядалася як выкананне святога абавязку (міцва). Дзяўчынкі ўсіх узростаў дапамагалі раскатваць цеста, ліць у муку ваду, складаць гатовую мацу.
Важная роля адводзілася дзіцяці падчас Песаха. Яно актыўна дапамагала ў генеральнай уборцы хаты. Калі ўсё вакол ззяла ад чысціні, пры абавязковым удзеле бацькі пачынаўся пошук хамеца (кваснога). Усё, дзе магло пачацца браджэнне (дражджавы хлеб, макароны, крупы) трэба было выдаліць з габрэйскага дома на ўвесь песахавы тыдзень. Узброеныя свечкай і мяцёлкай з птушынага пер’я, дзеці і дарослыя абыходзілі памяшканні, зазіралі ў кожны куточак і шукалі крошкі. Каб стала цікавей, а дзеці былі ўважлівымі, бацькі прызначалі за знаходку ўзнагароду. Здаралася, яны спецыяльна загадзя хавалі некалькі кавалачкаў хлеба, каб забяспечыць дзецям здабычу. Так, старажытны рытуал ператвараўся ў вясёлую гульню. Крошкі ссыпаліся ў лыжку, а пазней паліліся ў печы,