Гарадзенскі палімпсест 2011
Асоба, грамадства, дзяржава. XV - XX стст.
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 384с.
Мінск 2012
У XVIII ст. аснову прысутных на дэпутацкіх сойміках складалі мясцовыя ўраднікі, якія і верхаводзілі пры абранні дэпутатаў. Часам заўважаецца прысутнасць і больш паважаных асобаў: віленскі ваявода Казімір Ян Сапега ў 1700 г., смаленскі біскуп Людвік Караль Агінскі ў 1719 г.18, лоўчы ВКЛ Міхал Сапега ў 1741 г.1’, віленскі кашталян Міхал Масальскі ў 1748 г.20 Але толькі адзін сенатар быў рэгулярным наведвальнікам соймікаў, надворны падскарбі Антоні Тызенгаўз.
Кіраванне нарадамі
Ад таго, хто ачольвае нарады ці як адбываецца працэс абрання спікера, у вялікай ступені залежаць іх вынікі. Да праблемы кіравання соймікавымі нарадамі на прыкладзе пасольскага сойміка мы ўжо звярталіся21, тым не менш варта асобна вылучыць яе і ў адносінах гарадзенскіх грамніцаў.
Як і ў выпадку з перадсоймавымі соймікамі грамнічныя нарады ў Гародні далёка не заўжды адбываліся пад кантролем мясцовых павятовых маршалкаў. У 1700 г. дырэктарам аднаго раздвоенага сойміка быў віленскі ваявода Казімір Ян Сапега, у 1710 г.Юрый Кміт з Казельска Агінскі, радашковіцкі староста22, у 1711 г. Жыгімонт Алексы Бухавецкі, земскі пісар, у 1737 г. Антоні з Ваганава Міцута, гарадзенскі падстолі і падстароста, у 1743 г. Якуб Храптовіч, мечнік, у 1754 г. Лукаш Барановіч, гараднічы, у 1765 г. Тадэвуш Юндзіл, падкаморы, у 1791 г. Францішак Юндзіл, падкаморы23.
Дарэчы, нашы назіранні дазволілі крыху дапоўніць апублікаваныя польскімі і беларускімі даследчыкамі звесткі пра дырэктараў. Так, паводле актавага запісу ад 19 лютага 1714 г. дырэктарам грамнічнага сойміка 1714 г., называецца Караль Міцута24 а згодна з лістом Жыгімонта Вала ад 7 лютага 1736 г., грамнічны соймік прайшоў пад «дырэкцыяй яго міпасці пана гарадзенскага падкаморыя»25, якім на той час быў Казімір Фларыян Міцута26. «Ляўдум грамнічнага сойміка найсвятлейшага Гарадзенскага павета» актыкаваны 10 лютага 1768 г. сведчыць, што дырэктарам, прынамсі 8 лютага, быў не Ігнат Храптовіч27, а пры адсутнасці апошняга («in absentia jasnie wielmoznego рапа Chreptowicza») Ян Мароз, гарадзенскі будаўнічы, які падпісаў дакумент як маршалак грамнічнага сойміка28.
Адметна, што з трох дзесяткаў грамнічных соймікаў, імёны дырэктараў якіх вядомыя, менш траціны адбыліся пад кіраўніцтвам павятовых маршалкаў. Грамнічныя соймікі выконвалі настолькі важную ролю, іпто маршалкам давяралі весці нарады толькі ў сітуацыях, калі можна было кантраляваць іх палітычную лінію. Відаць, толькі няўпэўненасць у выніках грамнічных нарадаў змусіла Антонія Тызенгаўза чатыры гады запар, пачынаючы з 1769 г. і да 1772 г., манапалізаваць дырэктарскія функцыі29. Зрэшты, менавіта знакамітаму гарадзенскаму рэфарматару належыць бясспрэчнае пяршынства ў колькасці вядомых выпадкаў дырэктарства, бо з улікам раздвоенага сойміка 1763 г. ён кіраваў на Грамніцы пяць разоў30.
Цікава, што нават зрыў сойміка не спыняў некаторых амбітных дырэктараў у жаданні пакіраваць. Такі выпадак зафіксаваны ў 1715 г., калі вялікая група шляхціцаў (дакумент падпісалі амаль шэсцьдзесят чалавек) занесла пратэстацыю на Самуэля Лазовага, які разам з ураднікамі пасля
скасавання легальных нарадаў 4 лютага працягваў на наступны дзень соймікаванне пад сваім старшынствам, чым выклікаў незадаволенасць шляхціцаў31. Само пытанне пра дырэктарства часам станавілася больш прынцыповым, чым усё астатняе, у тым ліку абранне дэпутатаў. У 1732 г. грамнічны соймік быў сарваны на стадыі вызначэння дырэктара, калі прысутныя «адзін аднаму саступалі дырэктарскія паўнамоцтвы і змарнаваўшы цэлы дзень на гэтую асаблівую цырымонію, бясплённа разышліся»32. Аналагічная сітуацыя мела месца у 1756 г., калі дэпутацкі соймік «разышоўся на дырэктары»33.
Асаблівасцю грамнічных нарадаў было тое, што для кіравання ўсімі разнавіднасцямі нарадаў ад дэпутацкіх да гаспадарчых выбіралі аднаго дырэктара, які быў сташынёй спачатку на трыбунальскім, а потым на іншых сойміках, калі такія праводзіліся.
У XVIII ст. павятовыя маршалкі станавіліся на чале грамнічных нарадаў не так часта. 3 дзевяці гарадзенскіх маршалкаў гэтага часу пра некаторых увогуле не вядома, каб яны былі грамнічнымі дырэктарамі: Крыштаф Міцута, Антоні Тамаш з Ваганава Міцута (бьгў дырэктарам толькі як падстолі гл. выш.). Пра большасць можна дакладна сцвярджаць, што яны хаця б аднойчы стаялі на чале грамнічных соймікаў: соймік 1705 г. праходзіў пад старшынствам Яна Масальскага, соймікі 1716,1719,1721 гг. Крыштафа Віктарыяна Юндзіла, 1773 і 1776 гг. Юзафа Валовіча, 1792 г. Казіміра Волмера34.
Выбары дэпутатаў
Абранне дэпутатаў магло адбывацца па некалькіх сцэнарах. Пры спрыяльных для пэўнай палітычнай групы ўмовах дэпутатаў абіралі «liberis suffragiis per pluralitatem», 7 лютага 1765 г.35 У сітуацыі адсутнасці кансенсуса выбары адбываліся ў канфліктнай форме, што прыводзіла да зрыву пасяджэнняў і, адпаведна, недаабрання дэпутацкага камплекта. Такая сітуацыя мела месца ў 1713 г„ 1715 г., 1725 г„ 1730 г., 1742 г., 1756 г. і іншых гадах36. Толькі ў асобных выпадках, і пад уздзеяннем канфрантацыі паміж палітычнымі групоўкамі дэпутацкія соймікі ў Гародні раздвойваліся. Так было ў 1700 г., калі сапежынская і рэспубліканская партыі правялі асобныя соймікі і абралі два камплекта дэпутатаў37, а таксама ў 1763 г., калі на мясцовым грунце разгарнулася барацьба прыхільнікаў Радзівілаў і Чартарыйскіх38. Аналіз храналогіі зрываў грамнічных соймікаў сведчыць, што ўсе яны адбыліся на працягу першай паловы сярэдзіны XVIII ст. Пачынаючы з 1765 г. і да канца існавання Рэчы Паспалітай зрываў дэпутацкіх соймікаў у Гарадзенскім павеце не было, а мясцовыя абывацелі рэгулярна абіралі сваіх суддзяў у Трыбунал.
Дэпутаты Гарадзенскага павета
Дзякуточы намаганням польскіх гісторыкаў пагадовыя спісы трыбунальскіх суддзяў, абраных гарадзенскай шляхтай за час існавання Трыбунала ВКЛ, былі апублікаваныя яшчэ ў 2004 г. Фактычныя дапаўненні ці ўдакладненні гэтага спіса маюць друтасны характар. Так, паводле гэтай публікацыі, гарадзенскія дэпутаты Ігнатовіч і Рукевіч, абраныя на сойміке 1763 г. пад старшынствам Антонія Тызенгаўза, не ўдзельнічалі ў працы Трыбунала39, а беларускі даследчык А. Мацук сцвярджае, што выбары іх былі прызнаныя легітымнымі і яны ўвайшлі ў лік суддзяў40.
Абраныя ці, часцей, фармальна абраныя гарадзенскія дэпутаты, не гледзячы на тое, што мусілі прадстаўляць інтарэсы сваіх патронаў, належалі ў масе сваёй да найбольш уплывовых мясцовых родаў: Катовічаў, Міцутаў, Юндзілаў, Александровічаў, Боўфалаў, Валовічаў, Эйсмантаў, Валаў, Волмераў.
Здараліся выпадкі, калі гарадзенскія дэпутаты не праходзілі працэдуру верыфікацыі сваіх паўнамоцтваў і пазбаўляліся права удзельнічаць у пасяджэннях Трыбунала, як гэта мела месца ў 1745 г.41
Гарадзенскія дэпутаты трыбунальскімі маршалкамі
Прадстаўнікі гарадзенскага павета не вельмі часта станавіліся маршалкамі Трыбуналу ВКЛ. У XVIII ст. вядомы пяць выпадкаў, калі на чале вышэйшай апеляцыйнай установы краіны абіраліся гарадзенскія дэпутаты: у 1708 г. Казімір Ян Сапега, віленскі ваявода, у 1741 г. і 1748 г. гарадзенскія старосты, адпаведна Міхал Масальскі і Юзаф Адрыян Масальскі, у 1747 г. Ян Міхал Давойна Салагуб, берасцейскі ваявода, у 1784 г. Францішак Ельскі, старадубскі падкаморы42. 3 пункту гледжання лакальных інтарэсаў, найбольш звязанымі з Гарадзенскім паветам, хіба, былі Масальскія.
Атрыманне вельмі ўплывовай пасады маршалка залежала ад палітычнай сітуацыі і заўжды было вынікам вельмі складанай і папярэдне падрыхтаванай гульні. Узыход у 1708 г. на маршалкоўскі пасад К. Я. Сапегі быў у значнай ступені абумоўлены падтрымкай шведаў. Князі-старосты Масальскія маршалкоўства здабылі праз асабістыя сувязі. За дапамогай у пратэкцыі М. Масальскі пісаў асабіста да сваіх уплывовых патронаў. Пра што сведчыць яго ліст ад 7 лютага 1741 г. да канцлеравай Канстанцыі з Радзівілаў Сапегавай, дзе паведамляючы аб сваім абранні дэпутатам на грамнічным сойміку ў Гародні, ён просіў «ляску» трыбунальскага маршалка, запэўніваючы, што дасць «доказ належнай убзячнасці»^. Як Масальскі залежаў ад гэтай падтрымкі, відаць з паўтору просьбы ў лісце ад 21 лютага 1741 г.44 Акрамя Сапегаў, М. Масальскі атрымаў гарантыі ад віленскага
ваяводы Міхала Чартарыскага ды віцебскага ваяводы Марціна Агінскага, што забяспечыла яму канчатковы поспех45. Праз сем гадоў маршалкоўства яго сына Юзафа Адрыяна стала вынікам згоды паміж Міхалам Казімірам Радзівілам і Міхалам Чартарыйскім ды дамоўленасцей самога Міхала Масальскага46, на той час ўжо віленскага кашталяна і польнага гетмана. Юзаф Адрыян Масальскі, відавочна, быў толькі актыўным статыстам: дэпутацкі мандат ён здабыў на сойміке, дзе дырэктарам быў сам М. Масальскі47, а ўсё астатняе гарантавалі сувязі апошняга. Хаця Ю. А. Масальскі і сам спрабаваў здабыць пратэкцыю і рассылаў лісты да ўплывовых асобаў. Напрыклад, 11 лютага 1748 г. ён склаў ліст да Яна Фрыдэрыка Сапегі, канцлера ВКЛ, з просьбай, каб апошні яго «вялікім сваім крэдытам падтрымаць мог»48.
Інцыдэнты
Штогадовае соймікаванне на свята Грамніц не заўжды было падставай для пошуку кампрамісу. Больш таго, менавіта на лютаўскія соймікі прыпадае вялікая колькасць сутыкненняў, злоўжыванняў і правапарушэнняў крымінальнага зместу. Некаторыя з такіх выпадкаў трапілі ў поле зроку гісторыкаў, як, напрыклад, факт спойвання перад грамнічным соймікаваннем у 1741 г. усёй радзівілаўскай партыі і прызначэння выбараў дэпутатаў на чатыры гадзіны раніцы49. Улічваючы абмежаванасць дэталёвых звестак пра інцыдэнты, спынімся на некалькіх беспрэцэдэнтных узорах праяў «шляхецкай дэмакратыі» у Гародні, тым больш, што гэтая тэма застаецца актуальнай і для нашага часу.
Падзеі 1717 г. Крыніцы дазваляюць аднавіць шэраг адметных і надзвычай паказальных падзеяў, якія адбыліся ў час лютаўскіх соймікаў гарадзенскай шляхты. Прыкладам злоўжывання і парушэння прававых нормаў сталіся грамніцы 1717 г., вынікі якіх мелі выразнае крымінальнае адценне, а таму трапілі на разгляд адказных за такія справы судовых ураднікаў у асобах гарадзенскага старосты Грыгорыя Катовіча і яго намесніка Лукаша Барановіча. У іх прысутнасці 10 лютага 1717 г. у кнігі гарадзенскага гродскага суда быў актыкаваны маніфест-пратэстацыя мясцовых зямян Міхала Радзіваноўскага і Фларыяна Абухоўскага з абвінавачаннем войскага гарадзенскага павета Самуэля Лазовага і вядомых апошняму, «прынцыпалу,» шматлікіх іншых саўдзельнікаў, названых «гвалтаўнікамі і злачынцамі»50. Сутнасць падзеяў выкладалася ў наступнай паслядоўнасці. Са словаў пацярпелых, ініцыятар здарэння, пан войскі, прыбыў на грамнічны соймік да Гародні і «....змовіўшыся з вяльможным яго міласцю панам Юндзілам, гарадзенскім маршалкам, ды іншымі іх міласцямі панамі ўраднікамі, карумпуючы некаторую шляхту, схіліў іхда таго, кабяго абралі дэпутатам да Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага, што права паспалітае рабіць