Гарэзлівы пацалунак
Кніга другая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 467с.
Мінск 2023
Можа, абыдзецца без затрымання?
— Глядзі, яна сапраўды фанатка! Тут нейкі тэнісіст!
Дзіман падсвяціў экранчык Сонінай мабілкі, і ўсім, хто стаяў побач, стала відаць, што на застаўцы — Максім Статкевіч. Соня цішком сфоткала яго на корце ў Сляпянцы.
У гэты момант ёй раптам вельмі захацелася хутчэй трапіць на Акрэсціна або ў любую іншую турму свету. Абы падалей ад гэткай ганьбы.
— Вуаерыстка! — бліснуў інтэлектам напарнік Дзімона.
— О, гэта ж маё фота!
Максім з’явіўся з ніадкуль, паставіўшы на стол для догляду два кубкі з кавай. Міліцыянты чамусьці выцягнуліся па струнцы. Мусіць, яны не вельмі цямілі ў спорце і прынялі яго за Міраслава Каспяровіча або іншую тэнісную зорку. Дзімон хутка аддаў Соні мабільнік. Тая зірнула ў вочы Максіму і зразумела, што той усё чуў, ацаніў мянтоўскае замяшанне і збіраецца ім скарыстацца.
Але таго, што адбудзецца, уявіць не магла.
— Братцы, дзякуй за службу! I вам, паклон, чароўная, — асляпіў Максім усмешкай Надзюху. — Я добра ведаю гэтую даставучку. Цягаецца за мной паўсюль. Сёння вунь у хлопца пераапранулася. Але фанатызм не злачынства. Вось, вазьміце нашу каву. Вы тут, мусіць, зранку не піўшы, не еўшы...
— Праз дзесяць хвілін будзе інспектар. Ён і вызначыць, ці мела месца правапарушэнне. Вы можаце даць паказанні. Але мы абавязаныя скласці пратакол...
113
Раздзел VII
Максім уздыхнуў, ляніва крутануў шыяй — і раптам, нахіліўшыся, вырваў у Івоны з рукі ракетку і ўпіхнуў яе Сямёну.
— Ваш выхад, містэр Хайд! — бадзёра абвясціў ён. I перш, чым нехта паспеў апамятацца, схапіў Соню за руку, пацягнуўшы да выхаду.
— Я сябра тэніснай федэрацыі!!! Што вы тутучынілі?!! Правядзіце нас да Свержня!!! — рыкаў Сямён у іх за спінай, калі Максім і Соня давалі лататы ў бок Паркавай магістралі.
Спыніліся яны толькі каля «Дрымлэнду».
— А я ўжо забыўся, як хутка ты бегаеш, — сказаў Максім, аддыхаўшыся.
— Навошта ты мяне зноў уратаваў? — абурана выпаліла Соня.
— Што? Ты мне зараз яшчэ нешта выстаўляеш? Замест таго, каб захапляцца, як здорава я ўсё правярнуў? У выніку ўсе ў плюсе: Ігнацюк нарэшце ўключыў мужыка перад Кубліцкай, я знайшоў спосаб элегантна зваліць, а ты сёння не начуеш у апарняку. Хоць, што да апошняга, табе, відаць, было б варта. Гэта б цябе крыху астудзіла.
— Нібы мы без цябе не разабраліся б!
— Бачыў я, як вы разбіраліся...
— А цябе хлебам не кармі, дай пабыць супергероем!
— Давай спачатку высветлім, што ты там увогуле рабіла... Ды яшчэ ў такім маскарадзе... Гэй, Сінічка, я ведаю гэтую байку! Гэта проста край фетышызму! Ладна ты цягаешся за мною і працягваеш мяне фатаграфаваць. Але хоць бы адзення майго не чапала!
— А што мне яшчэ застаецца, апроч як цягацца за табою? Ты не размаўляеш са мной! Пасля ўсяго, што было...
— Ну вось мы зараз стаім і размаўляем.
114
СОНЮ АФАРМЛЯЮЦЬ
Максім азірнуўся.
— Ты не замерзла? Гэта не вельмі цёплая кофта.
— Я ў парадку. Пра сябе клапаціся.
— Мне ніколі не халодна! Я пра тое, ці пасадзіць цябе на тралейбус. Я збіраюся дадому пешкі.
— Я магу пайсці з табой.
— Я праз прыватны сектар. Гэта кавалак дарогі.
— Я ведаю, я часта тут гуляю.
— He малпуй! Гэта я часта тут гуляю.
— Гэта яшчэ хто каго малпуе!
— Ладна, хадзем. Але пры ўмове, што ты не будзеш асабліва даставучай.
Яны перайшлі мост, абмінулі сёмую больніцу і пакрысе занурыліся ў Сяльгаспасёлак — вясковую трушчобу пасярод мегаполіса, хімерную тэрыторыю разбітых ліхтароў, якой усіх дзяцей Зялёнага Лугу пужалі яшчэ з пачатковай школы. Край цыганоў, наркадылераў, цыганоўнаркадылераў, трымальнікаў нелегальных аўтамайстэрняў, бандытаў у законе, якія мірна суседзілі з праваслаўнымі брацтвамі, веганскімі камунамі і проста бяскрыўднымі алкаголікамі. Край, які аджываў сваё ў ценю навюткіх шматпавярховікаў, але ўсё яшчэ быў стракатым, бы лапікавая коўдра, удзень і шэрым уночы, запрашаючы самога чорта зламіць сабе нагу. Край, дзе змрочныя, сумнеўнай архітэктуры палацы за высокімі агароджамі чаргаваліся са сціплымі аўтэнтычнымі хаткамі, што падміргвалі мінакам карункавымі аканіцамі.
— Я страшна люблю гуляць тут увесну, калі расцвітае бэз. Замест Батанічнага саду. У Батсадзе ён увесь такі дагледжаны, прыгожанькі — а тут такія лахматыя, развесістыя хмызы выглядваюць зза плоту або заступаюць дарогу. Я спрабую ўяўляць, што цяпер з людзьмі, якія калісьці садзілі іх, — сказала Соня.
115
Р А ЗД 3 Е Л VII
— А я нястрашна, але люблю, як цяпер, увосень, але па суботах, — сказаў Максім. — Тады жыхары паляць апалае лісце ды топяць лазні. I навокал усё курадыміць.
— I я люблю гэты пах. Я тады думаю пра лясы і вёскі. Ведаеш, я зусім мала бывала на прыродзе. А ў сапраўднай вёсцы — дык ніколі.
— А я малы бываў, у прабабулі, але нічога не помню. А потым яе дом прадалі... Але мяне не цягне. He магу ўявіць, што мяне занесла б у лес ці ў вёску...
Яны спыняліся, каб паспрачацца, куды збочыць у гэтым немагчымым жоўтачырвоным лабірынце. Соня назубок ведала Сяльгас. Макс хацеў рушыць па Брагінскай, але Соня заявіла, што «толькі Земляробчая, толькі хардкор». А пазней пераканала Максіма, што трэба ісці па Гало, бо там брукаванка, і не ісці па Олешава, бо Олешава стрэмная і вядзе ў голае поле.
— Гало дык Гало, — урэшце падпарадкаваўся Максім.
Няроўная, мусіць, брукаваная колісь самімі жыхарамі дарога нязручна клалася пад падэшвы красовак, але маладзёны не заўважалі нязручнасцяў. Маўчалі, думаючы пра сваё. Наталяліся шамаценнем каштанавай лістоты пад нагамі, лавілі вуснамі дробную імжу.
Калі яны праходзілі тэнісны корт на Цнянцы, Максім загаварыў:
— Новую паркоўку збудавалі. А яшчэ тыдзень таму і знаку не было.
— Ты часта сюдой ходзіш?
— He так часта. Але, увогуле, я штодня пешкі дадому вяртаюся. Учора — ад самай Чыжоўкі.
— Ажно адтуль? Што ты там рабіў?
— Гуляў. Я пасля заняткаў шмат гуляю. А часам, калі дождж, еду на вакзал, сядаю на любую электрычку і кіруюся кудынебудзь за Мінск. У Рудзенску быў, у Смалявічах.
— Навошта?
116
СОНЮ АФАРМЛЯЮЦЬ
— Так лепей думаецца.
Яны зноў замаўчалі. Калі выйшлі на мост цераз Цнянку, які вёў да Верасовай вуліцы, Максім спыніўся і сказаў.
— Бо ты — частка дому.
— Што?
— Ты пыталася, чаму я цябе заўсёды ратую. Мне здаецца, я сёння забраў цябе адтуль, бо ты сталася для мяне часткай дому, якую неабходна бараніць.
— He разумею.
— Я таксама не да канца разумею. Але сёння я прыняў рашэнне.
— Iякое ж?
— Мне патрэбны іншы дом. Хадзем, я збіраюся сказаць бацькам, што пераязджаю.
Сёння быў выдатны дзень. Пачаўся ён з таго, што мы з адным сябрам сачылі за этапам Кубка Дэвіса з віптрыбуны РЦТ. Потым, дзякуючы заварушцы, якуюўсчала адна дзіўная дзяўчына, мы з Сямёнам Ігнацюком трапілі «за кулісы» турніру, павіншавалі нашу зборную з сённяшняй перамогай і ураўра! — пазнаёміліся з сербскімі тэнісістамі! Вось вам у стужку я, Іван Вулканіч і аўтограф Івана Вулканіча на маёй дзіцячай ракетцы! Марына, прызнайся: ты там у сваім Кракаве цяпер мне зайздросціш!
I, канечне, Мірык Каспяровіч сёння быў проста малайчынка! Ганарымся! Удачы заўтра!
Раздзел VIII
ДРЫЯДЫ СУПРАЦЬ ЭРЫНІЙ
Тэкст «Міфы і легенды філфака» з блогу AstmaFM лёгка адшукаўся ў інтэрнэце. Быў тое факультэцкі гумар, поўны гульні з грэцкай міфалогіяй. Дэканат Астма называла Алімпам, дэкана — Зеўсам, яго намесніц — Герай і Афрадытай. Расклад заняткаў называўся Залатым Руном, пампезныя філфакаўскія сходы — Сцылай і Харыбдай. Актавая зала была Парнасам, бібліятэка — Аідам, які вартавалі лютыя цэрберкібібліятэкаркі. Паркамі, што прадракаюць лёс, зваліся метадысткі факультэта, ад якіх залежаў расклад і іспыты. Банкамат на вуліцы Леніна — найбліжэйшы да факультэта з тых, дзе бюджэтнікі маглі зняць стыпендыю, — меў найменне Крыніца Іпакрэны.
Дзяўчат філфака Астма падзяляла на дрыяд і эрыній. Гэтая «бінарная апазіцыя» пайшла ў народ і была вядомая нават першакурснікам, якія пакуль не чыталі «Міфаў і легенд». Прынамсі, калі выкладчыца антычнай літаратуры згадала дрыяд на лекцыі, у Сонінай аўдыторыі захіхікалі.
Усіх хлопцаў філфака Астма абвясціла багамі — праз іх нешматлікасць. Іх даследчыца падзяляла на дзве катэгорыі: узнёслых Апалонаў і карыкатурных Дыянісаў. Апалонам паводле апісання Астмы мог быць Іллюк, а Дыянісам — ягоны сябар Алесь.
118
Дрыяды супраць Эрыній
Да канца кастрычніка Соня навучылася адрозніваць дрыяд ад эрыній і вылучаць пераходныя тыпы. Гэтак яна прыйшла да высновы, што ёй не пашанцавала з групай.
Студэнткі англійскай філалогіі на іх курсе былі тыповымі дрыядамі, якія маскіраваліся пад эрыній. Адным словам, задаваліся, як «ашкі» і «гэшкі» ў яе школе.
Вучыцца на філфаку ім не падабалася. «Нам казалі, што тут, як у ін’язе, толькі конкурс меншы! — абураліся яны. — А на справе тут слаба даюць мову, і плюс даводзіцца вучыць кучу непатрэбнай фігні. Толькі ўдумайцеся: тры літаратуры ў семестры!!!»
На заняткі Соніны аднагрупніцы хадзілі нават з нейкім пратэстам. У іх склаўся лакальны культ назаўсёды страчанага імі ін’язу. Суседні ўнівер яны абагаўлялі. Тамтэйшым студэнтам зайздросцілі. Аднакурсніц з іншых аддзяленняў, як ужо згадвалася, няшчадна гнабілі.
Разам з тым «англічанкі», як і любыя дрыяды, толькі і размаўлялі, што пра шмоткі, касметыку і хлопцаў. Толькі гэта мусілі быць элітныя шмоткі, элітная касметыка і — элітныя хлопцы. He нейкія там — крый Божа! — плебейскія мехмат, фізфак або ФПМ. Каму патрэбныя гэтыя ядзерныя лабаранты і пралетарыкодары?
ФМА, ФФСН, Брытанская праграма — такія былі іхнія прыярытэты.
Якасна і з густам апрануцца ў Беларусі ў тыя часы лічылася немагчымым. Таму псеўдаэрыніі ездзілі ў Вільню і Беласток. Але калі не было выйсця і даводзілася барахліць джынсы або палітон на радзіме, шопіцца ў некаторых месцах было забаронена. Каб пра цябе не сказалі, што ты — дно.
У Мінску такімі месцамі былі рынкі «Экспабел» і «Ждановічы».
Соню з самага пачатку палічылі за сваю, а вось ёй з яе таемным захапленнем Остэн і Дыкенсам у прагматычнай
119
Раздзел VIII
англійскай групе было няўтульна. Таму яна першая пачала кпіць з дзяўчат. Напрыклад, калі ёй рабілі камплімент пра нейкую шмотку, яна магла адказаць: «О, дзякуй! Каштавала капейкі ў сірыйцаў на “Бігсе”. Люблю там тарыцца, бо побач з домам».