Гарэзлівы пацалунак
Кніга другая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 467с.
Мінск 2023
Магчыма, гэта дзеля Ксені Максім прапанаваў, каб важацкая гарбата адбылася не ў апошнюю ноч, а за пару дзён да канца змены.
265
Раздзел VII
У суботу пасля адбою ў карпусах пакінулі толькі дзяжурных. Астатнія сабраліся на паляне над перакатамі, на высокім беразе Віліі, каля вогнішча.
На турыстычных дыванках урачыста расклалі печыва, сушкі, цукеркі, шакаладкі — хто чым багаты. Лёша Васілеўскі выкаціў са складу апошнія бляшанкі згушчонкі.
Міхась з Генадзем знялі з «рагатак» вядро і ў кіпень засыпалі заўсёдную «Прынцэсу Нуры», аздобленую мятай ды маліннікам. Потым вядро накрылі сядушкай. Цяпер гарбату належала «спужаць» — падкрасціся ціха, каб яна нічога не западозрыла, — і, зняўшы накрыўку, хорам гакнуць з усяе моцы. Тады заварка тут жа асядзе на дно.
Такому жарту навучыў усіх удзельнікаў летніка Міхась у паходзе — і пад канец змены гэта зрабілася любімым усімі рытуалам. Пабачыўшы, як трыццаць дарослых людзей з сур’ёзнымі тварамі з усіх бакоў паўзуць да закопчанага вядра, накрытага сядушкай, украінская мадэлька Ксеня разрагаталася і доўга не магла спыніцца.
Данута глядзела на моладзь, сярод якой сваёй пачувалася яе дачка Алеся і вёў рэй Алесін хлопец, прыгожы і здольны Максім, — і шчасліва ўсміхалася сваім думкам. Калі разлілі гарбату, начальніца летніка падзякавала ўсім за руплівую працу ў камандзе і запрасіла ў наступныя праекты. А потым, спаслаўшыся на стому, развіталася і вярнулася ў санаторый.
— Аааа, Янка, яны без нас спужалі гарбату! — захныкала Алена Канькова.
— Дык а дзе вас носіць?
— А вы ведаеце, што такое пакласці трэці корпус? Гэта ж не ў вас у другім: варта Ігнацюку ўзяць ракетку ў рукі — усе адразу па ложках, як мышы! А іначай — адціскаюцца ці прысядаюць. Мы так не можам!
— Ды ладна, не трэба заліваць! Мусіць, хадзілі пад Дрэва Любові папесціцца ў сістэме?
266
Важацкая гарбата
Каля вогнішча зарагаталі.
— У якой сістэме? — ціха перапытала Соня Галю, якая сядзела праваруч ад яе.
— Ну, гэта калі спальнікі адзін на адзін накласці і разам сашпіліць — атрымліваецца «сістэма»: удваіх у намёце начаваць можна.
Канькова і Каланіцкі настроілі таварыства на фрывольны лад, і ўсе сталі абмяркоўваць «важацкі люкс» у гасцях у Міхася ды Генадзя, куды Соня так і не трапіла. Маўляў, чым там поначы ў двухмясцовым намёце, пастаўленым на водшыбе каля ракі, займаліся важацкія пары, асабліва ў спалучэнні «дзяўчына — хлопец»?
— Эээ, Стэфка, ты не думай, мы з Альжбетай Янаўнай ночылі кожны з дзецьмі свайго гендару! — сказаў Алесь Снежцы. Яны сядзелі леваруч ад Соні і ўжо, не хаваючыся, абдымаліся.
Потым у дальнім ад Соні баку паляны загаварылі на тэму «начавалі ў адным ложку і не пераспалі», якая выклікала жывыя дыскусіі. Нехта з хлопцаў казаў, што такое ў прынцыпе немагчыма і што сэксу быць палюбому, бо ніхто не адмяняў інстынкты. Дзяўчаты абураліся, што калі дзяўчына сказала «не» — гэта значыць «не», а не «можа быць» ці «я падумаю». А сітуацыі з начлегам бываюць розныя.
Дзяўчат нечакана падтрымаў Максім Статкевіч. У шуме чужой спрэчкі Соня раптам пачула ягоны голас: «Ну, у мяне такое было. I стрымацца цяжка, асабліва калі цябе цягне да дзяўчыны. Але лепш не пачынаць, калі не гатовы, бо потым будзеш шкадаваць, што ўсё адбылося не найлепшым чынам. Калі ўсё сур’ёзна, паспяшаўшыся, усё сапсуеш».
Чорт! Ён жа хадзіў у паход з Алесяй і яўна начаваў з ёй у важацкім намёце. I высакародна не зрабіў «гэтага» да вяселля... Ці не таму, што поруч была будучая цешча Данута? Высокія адносіны!
267
Р А ЗД 3 Е Л VII
Але тут у Соні шалёна закалацілася сэрца. Тая ноч перад Новым годам у яго дома! Яны тады ж спалі на адной канапе!!!
Ці магчыма, што ён меў на ўвазе той выпадак?
У гэты момант да вогнішча падышоў смаленскі рыцар Яраслаў Цёркін.
— Вітанні грамадзе! — сказаў ён пабеларуску. — «Гэйгэй, сядзьма ў кола ды вясёла выпівайма, размаўляйма...» Можна я далучуся?
Яго запрасілі сядаць, але ўсе навокал адразу неяк напружыліся. Соня даўно заўважыла, што Яраслава ў летніку не надта любілі. Выглядала, што ягонае шчырае памкненне да беларушчыны захапляла толькі Літавора. Астатніх яно закалёбвала. Магчыма таму, што расеец Яраслаў з усіх сілаў імкнуўся перабеларусіць самых шчырых беларусаў і любую размову скіроўваў на любоў да гісторыі і свядомасць ці, дакладней, несвядомасць беларускага народу.
Вось і цяпер ён пачаў захоплена дзяліцца сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Уладзімірам Арловым, які падпісаў яму кнігу «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі».
Усе ветліва слухалі, але ціха тухлі. Было ўсцешна: чалавек з Расіі адкрыў для сябе, што беларусы і рускія — розныя нацыі, і лічыць, нібы беларуская нацыя — круцейшая за рускую, бо мае еўрапейскую гісторыю і ўсё такое, але Яраслаў пераказваў рэчы, якія ўсе тут ведалі са школы. Прычым такім тонам, нібы яны іх не ведаюць, не прымаюць і не падзяляюць, і таму патрэбная агітацыя. Такое моцна раздражняла.
Нарэшце смаленскі аратар заявіў, што кожны сумленны беларус мусіць адраджаць традыцыю не толькі мовай, але і паводзінамі ды стылем — не мацюкацца, быць абыходлівым з усімі, не грубіць старэйшым, насіць адзежу з этнічнымі элементамі ці хоць бы з патрыятычнымі цытатамі, а дзяўчатам варта адмовіцца ад джынсаў, бо амерыканскі
268
Важацкая гарбата
ўплыў, і насіць спаднічкі з натуральных тканін, бо так яны прыцягнуць энергію космасу...
— Урэшце, як ты можаш выхаваць дзяцей патрыётамі Беларусі, калі на табе футболка з надпісам «Chicago»? — задаў ён рытарычнае пытанне.
— Я яму зараз увалю! — прашыпеў Алесь. У ягоным гардэробе акурат мелася такая адзежына.
— Яраслаў, гэта ўсё вельмі цікава, — мякка перапыніў яго Статкевіч. — Але, можа, не варта раскідвацца абвінавачваннямі? Сярод нас няма нязгодных з табою. Усе тут любяць і шануюць Арлова. Вось, напрыклад, цытата з майго любімага твора.
Тут Максім карцінна прыплюшчыў вочы і пачаў дэкламацыю:
Яна прыходзіла да мяне ў розных абліччах — то зеленавокай ійатэнкаю з круглай радзімкаю пад брывом, то серабрыстай тонкаю бландзінкай з кароткай «марсіянскай» стрыжкай, то... Навошта гэты пералік з наборам зашмальцаваных эпітэтаў, калі дзясяткі яе абліччаў не змаглі схаваць таго, ійто гэта заўсёды была Яна — яе сунічныя смочкі, яе бясконца знаёмыя пальцам хрыбеткі, яе лона, якое я называў імем маленькага ласкавага звярка, яе вусны, якія даводзілі маю плоць да белага кіпення. Памятаю, як у зімовым альпійскім гатэльчыку, гледзячы ўранні на яе цела, я маліўся, каб для гэтага цёплага палевага колеру, для даўгіх і тонкіх, але такіх моцных точаных ножак, для літых грудак з пяшчотнымі цёмнымі дзюбкамі, для бездакорнай спіны з раўнюткім паскам пазваночніка і дзвюх крутых, зробленых з жывога мармуру палавінак там, дзе спіна губляе сваё найменне, каб для ўсяго, што я бачу, час спыніўся...
— Што за непатрэбшчына? — паморшчыўся Яраслаў.
269
Раздзел VII
— Гэта «Краявід з ментолавым пахам». Але ўсё ў парадку: ты два гады як беларус, і таму чытаеш творы Арлова для дзяцей. А я — васямнаццаць гадоў як беларус, і мне ўжо можна творы Арлова для дарослых.
Жарт даходзіў да прысутных паступова. Неўзабаве ўсіх пранялі кашаль з чханнем — дзяўчаты ды хлопцы рабілі высілкі, каб не разрагатацца. Гасціннасць часам — цяжкае выпрабаванне.
— А што мы балбочам, калі можна спяваць? — уратаваў сітуацыю Янка Каланіцкі. Яму перадалі гітару — і дзясяткі галасоў грымнулі неўміручыя «Тры чарапахі».
А Соня сядзела аслупянеўшы. Яна адмаўлялася верыць вушам. Максім толькі што працытаваў тое, што яна пару месяцаў таму змясціла сабе на сцяну ў «кантакціку». Яна наогул мала пісала ў інтэрнэце, але пасля знакамітых Чорных чытанняў, пачуўшы даклад на тэму «Краявід з душком патрыярхату: феміністычная рэвізія “дарослай” прозы У. Арлова», яна запосціла менавіта гэтую цытату і напісала, што не ва ўсім пагаджаецца з аўтаркай дакладу, але прачытаць гэтую кнігу з пазіцыі жанчыны было сапраўды добрай парадай, і што ёй было б непрыемна, каб мужчына, што кажа, нібы кахае яе, даваў імёны часткам яе цела ды маліўся, каб яны ніколі не старэлі. «А што думаеце вы?» — дадала яна напрыканцы, але дыскусіі не атрымалася. Яе пост нават ніхто не залайкаў.
I вось толькі што Максім ужыў гэтыя пару абзацаў, каб падкалоць Цёркіна. Бо наўрад ці ён сапраўдны фанат эратычнай прозы Арлова. Ён проста выцягнуў з памяці прыдатную цытату. Бо запамінае ўсё, што чытаў калікольвек.
А гэта значыць, ён чытаў Соніну старонку, хоць яго няма ў сацсетках. А гэта значыць...
На іх бок паляны прыйшоў Міхась, каб накінуць свой швэдар на плечы Галі.
270
Важацкая гарбата
— Можна цябе на пару слоў? — прашаптала яму Соня.
Яны адышліся.
— Прабач, але, можа, ты памятаеш: Максім і Алеся начавалі ў адным намёце, калі прыходзілі да вас паходам?
— Ну і пытанні ты задаеш, — пачухаў патыліцу Міхась, — Столькі чалавек за месяц праз нас прайшло, што хэзэ.
— Ладна, забудзь! — сказала Сінічка.
Яна развіталася з сябрамі і пайшла, амаль пабегла ў летнік. Шчокі гарэлі.
Гэй, лалалалай,
Ты не чакай,
Сюрпрызаў не будзе!
— ляцела наўздагон.
Але тое, што яна сёння чула, акурат было вялікім сюрпрызам.
Нехта высокі і цёмнавалосы дагнаў яе ззаду
«Максім!!!» —ледзь не закрычала Сінічка, але ўчасна схамянулася. Гэта быў не Максім.
— Усё ніяк не злаўлю цябе, Сініца. Лётаеш, як сапраўдная птушка, — задыхана сказаў Васілеўскі.
— Лёша? Ты таксама ў корпус?
— Ага, пайду інсургентаў па ложках паразганяю. Яўна хлопцы да дзевак у пакой набіліся і ў карты рэжуцца.
Слова «інсургенты» Вася ўпершыню пачуў на экскурсіі ў сядзібе Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. I так яно яго развесяліла, што з таго часу ён называў так дзяцей у летніку.
— Уф! Ну і працка! — працягнуў Вася. — Калі б мне сказалі, колькі давядзецца ўкалваць за так, ні за што не пагадзіўся б! Добра, збольшага Ротмістрава атраду соплі падцірае, а я на кухні.
271
Р АЗД 3 ЕЛ VII
— Паслязаўтра ваш банкет. Перад самым ад’ездам... Усе ў чаканні, што вы там такое прыгатуеце, — сказала Соня.
— Пра гэта я і хацеў з табой пагаварыць... — Вася крыху замяўся. — А на спартакіядзе ты заўтра дзе стаіш?
— Мы з Івонай — за рэчкай, на скаладроме.
— А, ну то не пабачымся, відаць. Я ў самым пачатку трасы, на футбольным полі буду. Таму давай мо зараз дамовімся... Я заўтра перад адбоем хачу зладзіць нешта кшталту дэгустацыі. Для сваіх. На кухні сталоўкі а дзявятай вечара. Прыходзь, добра?