Гарэзлівы пацалунак
Кніга другая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 467с.
Мінск 2023
Дзяўчына асеклася і зашмыгала носам:
— Лёсічак, родненькі, колькі мне яшчэ прабачацца за тое сваё глупства? Як яшчэ выкупаць віну? Гэта заўсёдызаўсёды цяпер будзе паміж намі?
— Да той пары, пакуль баклажан для вас усіх будзе ідэалам мужчыны.
— Ну вось што ты зноў?! «Баклажан»... Што за дзіцячая крыўда? Для кагокаго, а для мяне Максім ніякі не ідэал. Ты выдатна ведаеш: мяне вабіш ты. I вабіш так моцна, што я нікога навокал не бачу. Кідай параўноўваць сябе з ім! Ты сам сабе ўбіў у галаву, што горшы за яго. Я так доўга дакарала сябе, што магла справакаваць гэта... А цяпер разумею, што справа толькі ў табе і ў тваіх комплексах. I ніхто табе, апроч цябе ж, разабрацца з гэтым не дапаможа.
— Ён тут прыходзіў надоечы на «мужчынскую размову». Я яго вытурыў. 3 Сініцай таксама не размаўляю.
— Замест таго, каб шчыра парадавацца за людзей, якія разабраліся і шчаслівыя, назапашваеш у сабе нянавісць. Самы добры з людзей, мне вядомых... Лёсічак...
— Зноў мазгі мне лячыць вырашыла? Вось не трэба ва мне сваім гештальтам калупацца.
420
Нельга з а б ы ц ь
— Гэта не гештальт ніякі. I нічога я цябе не лячу. Я найперш сама павінна прайсці тэрапію, а потым дапамагаць іншым. I наогул, блізкіх лячыць нельга. А ты... Ты мне самы блізкі чалавек на зямлі... Ты мне як браты, як мама і TaTa... Проста скажы, што мяне не кахаеш, што табе пофіг на мяне. Тады я і ад гэтага буду лячыцца. Бо я ўжо не магу на гэтых арэлях... Я... Я... Мне...
Васілеўскі скочыў на зямлю і прытуліў Ротмістраву да сябе з пяшчотай, якой яшчэ не ведалі старонкі гэтага paMana.
— Мусь, ты такая прыгожая, калі ўсхваляваная... Толькі не трэба плакаць. Ты ж моцная, ты выхвалялася, што ніколі не плачаш. Калі цябе Сівохін чмарыў, ты і тады не плакала.
У адказ Машка горка разрыдалася. Васілеўскі пачаў пакрываць мокры твар пацалункамі.
— Ну годзе, ну што ты...
— Якая ж я дурніца... Адмыслова гэтую экспедыцыю кулінарную выдумала. Этнографа сапраўднага раскапала ў Акадэміі навук... Ведала, што дзеля такога дзяўчаты цябе ў экафонд прыцягнуць. А ты... Сінічку... Замууууж...
— Hi ў якія экспедыцыі я не пайшоў бы, калі б не ты. Хоць ты і лічыш мяне пнём неачэсаным, але ж так для мяне старалася. Як я мог не паехаць за табой у летнік? — Вася расчулена засоп дзяўчыне ў макаўку.
— Я не лічу цябе пнём неачэсаным.
— Але саромеешся мяне такога?
— Я табой ганаруся! Я табой заўсёды ганарылася. I захаплялася. Я вельмі старалася, але так і не змагла забыць цябе...
Яны стаялі, сплёўшыся ў адно — чорнае са стракатым — і карціны мінулага мільгалі ў абаіх уваччу, як перад смерцю.
421
Р а з д з е л IX
У той марозны дзень пры канцы другой чвэрці васьмікласніца Марыя Ротмістрава падымалася на падворак школы, як на эшафот. Толькі прайшоў першы сур’ёзны снегапад, і на аблупленым школьным ганку высілася снежная фартэцыя. Атрад расхрыстаных пацанятаў стаяў за ёю, закідваючы белымі снарадамі ўсё, што рухалася. Проста ў акуляры нейкаму дзядзьку ўляпілі сняжок. Але той чамусьці не стаў сварыцца на хуліганаў, а стаяў, мружачы вочы і лыбячыся, як ненармальны.
Маша ведала, што яна не з тых, каго проста зачэпіць «шалёнай куляй». Яе расстраляюць ва ўпор. Пару месяцаў таму яна сказала ўсё, што думае, у твар Сівому — другагодніку, крымінальнаму аўтарытэту з яе класа. Яе дом стаяў непадалёк ад школы, ля самага лесу, і там, на неасветленай дзіцячай пляцоўцы, яна аднойчы згледзела, як Сівы са сваімі браткамі раздае малым забароненыя сумесі.
Мала ёй было таго, што яна круглая выдатніца ў найгоршай школе на раёне. Цяпер яна была ізгоем.
Дзяўчына шчыльна нацягнула капюшон дублёнкі на мехавыя навушнікі і ўвайшла на падворак, чакаючы балючых удараў.
Але болю не наступіла. Замест гэтага нехта прыабняў яе за плечы. Маша ўскінула галаву і са здзіўленнем пабачыла Лёшу Васілеўскага — таксама другагодніка, як і Сівохін, але з паралельнага класа.
У першай чвэрці ў іх школе з’явілася трэнерка па інтэлектуальных гульнях. Студэнтка, якая скончыла 234ю, вырашыла прынесці навамодны занятак у родныя пенаты. Маша без памяці любіла тэлепраграму «Што? Дзе? Калі?» — не прапускала ніводнага выпуску. Таму ў новы клуб тут жа запісалася.
422
Нельга забыць
На першую трэніроўку прыцягнулася цьма народу, у тым ліку і Лёша Васілеўскі, цыбаты блазан, вядомы талентам перадражніваць і крыўляцца. Вася, як усе называлі Васілеўскага, быў з банды Самсона (яшчэ аднаго школьнага «аўтарытэта», які быў лютым ворагам Сівохіна). «Ты выпадкам ШДК з КВЗ не паблытаў?» — кпліва спыталася завуч пазашкольнай працы.
На жаль, блазан аказаўся васьмікласнікам, таму Машы выпала гуляць з ім у адной камандзе.
Але ўжо на другой трэніроўцы гэтае «на жаль» абярнулася ў «ну нішто сабе!» Вася з паралельнага класа кніг не чытаў, але быў кемлівым і падчас абмеркавання ў камандзе задаваў правільныя пытанні, якія падштурхоўвалі да правільнага адказу. А яшчэ ў яго была выдатная рэакцыя — на «Брэйнрынгу» яго зрабілі кнопачнікам.
3 Лёшам Васілеўскім яны выйгралі гарадскі турнір па «Брэйне» ў сваёй узроставай групе. Але хлопец перастаў хадзіць на турніры, бо яны былі на выходных, а ў выходныя ў яго была праца. Таму і да трэніровак ахвота ў яго адпала...
Але ў той дзень ён абняў Машу за плечы і павёў па школьным падворку, гарлаючы:
— Расступаемся, ідуць інтэлектуалы, гэта наша Марына Друзь, мы ў адной камандзе, так, апусціў ручанятыта, толькі кінь, я цябе знайду, гэта капітанка маёй каманды...
У іх бок тады не прыляцела ніводнай снежкі.
— Смачным чымсьці валасы мыеш, капітанка, — шапнуў Васілеўскі ў вестыбюлі, скінуўшы капюшон ёй з галавы ды сцягнуўшы з вуха навушнік, — і знік у шатні свайго класа. А Маша так і засталася стаяць пры ўваходзе, ашаломленая, поўная ўдзячнасці да нечаканага рыцарскага жэсту. Хоць ад раптоўнага рыцара пахла не густоўнай мужчынскай парфумай, а ёлкім куравам.
У школе ў Ротмістравай цяпер было ўсяго дзве сяброўкі і заадно заступніцы — Галіна і Сняжана з яе класа. Галі
423
Раздзел IX
ным старэйшым братам быў сам Войт, таму іх не чапалі. Дзяўчаты часам праводзілі яе дадому. I вось яна на хвіліну нібы адчула моц яшчэ аднаго абярэгу.
Але Васілеўскі мог і не ведаць, што яе ганяюць па школе, як казу. Дабрадушны хлопец проста прынагодна прыкрыў яе ад снежкападу, бо яны зайшлі на падворак разам.
Некалькі разоў пасля таго выпадку Маша парывалася знайсці Лёшу ў школе і расказаць яму пра ўсё, проста каб параіцца, як адвязацца ад гнюснай шантрапы, у якой ён відавочна карыстаўся аўтарытэтам. Але? Папершае, яна чула пра расклады. Самсон і Сівы варагавалі, і калі б паплечнік Сівога Вася заступіся за Машу, толькі б раззлаваў яе пераследнікаў. Падругое, яна хацела даць рады з усім сама. Нават яе бацькі былі не ў курсе той жэсці, якая з ёй адбывалася.
I Маша стойка трымалася дні і тыдні, і нават умудралася паранейшаму добра вучыцца. Але пасля зімовых вакацый яе давялі на вачах у Сівохіна. Спачатку тыкалі ў руку шпрыцам, потым прымушалі укленчыць перад Сівым у жаночай прыбіральні. Яна ўсё жыццё будзе ганарыцца тым, што не прараніла тады ні слязінкі, а на калені — не стала, хоць яе ўсю пашкуматалі і цела было сінім ад шчыпкоў і кухталёў. Замест «прысягі» яна выпаліла Сівому ў твар, што ведае ўсіх ягоных падзельнікаў па мянушках і можа апазнаць іх у міліцыі, таму хутка яны ўсе сядуць надоўга.
Пасля школы яе забрала да сябе Снежка Кавалёва, і тады ў Машы здарылася істэрыка. Але ані дзвюм адзіным тады сяброўкам, ані каму яшчэ на зямлі яна не збіралася тлумачыць, пад якую небяспеку сябе падставіла.
Вернікі паволі разыходзіліся ад царквы па зіхоткім рыпучым снезе. Быў вечар 14 лютага, у праваслаўных — конадзень Стрэчання. У царкве пачыналася ўсяночная перад
424
Нельга 3Afыць
вялікім святам, але Маша не магла застацца больш, чым на гадзіну — сышла адразу пасля памазання.
Момант, калі яна выходзіла з храма на ганак, паварочвалася да дзвярэй, жагналася, а потым зноў станавілася тварам да горада, падабаўся ёй больш за ўсё. Яна тады пачувалася часткай далоні Госпада, пачаткам косткі на запясці. Зараз яна ўліецца ў людскі струменьчык, які расцякаецца па горадзе з царкоўнага дзядзінца, і панясе гэты кавалачак лагоды самым родным: да братоў, да мамы з татам...
Яе дом быў тут жа, навідавоку. Ён узвышаўся на водшыбе, паміж вадасховішчам і лесам, як цытадэль ці аглядная вежа. Самы дарагі ёй на зямлі краявід.
Дзве самыя дарагія ёй мясціны на зямлі — ганак царквы і пагорак ля дома — знаходзіліся зусім побач, узвышаючыся над наваколлем.
Але паміж імі была чорная бездань. Машу жахала думка аб тым, каб перасячы яе. Шторазу яна баялася: сёння не трапіць дадому.
Было яшчэ не позна, але пазімоваму цёмна. Маша ішла да свайго дома не напрасткі, а па асветленай дарозе, стараючыся трымацца людзей ці хаця б праходзіць пад ліхтарамі. Ішла, не гледзячы па баках, сцятая жахам, і подумкі малілася.
Пацераў з царквы яна яшчэ толкам не ведала, таму малілася, як умела. Галоўнае — малілася адчайна і горача. Божачка, казала яна, мілы, шчыры... Ты ж Усёведны, і Усёмагутны... Няўжо не бачыш, якая цемра навокал? Чарцей гэтых не бачыш? Уратуй, прашу. Дай знак... Дашлі свой човен. Вой, ну які ж човен зімой? Санкі дашлі, сабак ездавых — што заўгодна. Ну, ты зразумеў метафару, Божа. Я пра той анекдот, дзе чалавек тануў і чакаў, што Ты яго ўратуеш, і не чапляўся за човен, а Ты тройчы даслаў човен... Дай мне любую саломінку. Я баюся, што памру. Я не хачу паміраць, дашлі хоць нешта, Божа...
425
Р А ЗД 3 Е Л IX
У нашае вымярэнне яе вярнулі хуткія крокі і задыханы вокліч:
— Капітанка!
Яна спынілася. Перад ёй стаяў Лёша Васілеўскі.
— Навошта тэлефон адключаеш, капітанка?
— На службе была.
— Я да цябе дадому хадзіў, твае мне сказалі, дзе ты. Сказаў ім, што невук, прыйшоў з табой беларускай мовай займацца. Ледзь выпас цябе.
— А што здарылася? — Ротмістрава спрабавала захоўваць спакой, хоць унутры ў яе ўсё шалёна калацілася.
— Чаму ты мне не расказала пра Сівога? — спытаў Васілеўскі. Яны паволі рушылі па вуліцы пад ліхтарамі.
— Што не расказала? — Маша ўсё яшчэ ўдавала спакой.
— Што яны палююць на цябе ўсёй кодлай, вось што!
Дзяўчына нічога не адказала, але рукі без пальчатак моцна сціснулі модны замежны бітончык. У такіх прасунутыя вандроўнікі возяць з сабой ваду, каб не забруджваць планету пластыкам.