• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    Вока вэб-камеры нацэлілася на ложак:
    — Максім, яна дрыхне! — раптам заверашчала нана-гусь голасам Вадзіка.
    Агрэгат развярнуўся і на поўнай хуткасці выехаў на калідор праз прачыненыя дзверы. Соня скочыла за ім. Дзверы супрацьлеглага пакоя адчыніў, упускаючы свайго робаташпіёна, Вадзік з мінібукам пад пахай. Страшна ўявіць, колькі каштавала гэтая цацка.
    Соня абурана ляснула дзвярыма. Але неўзабаве ў іх пагрукалі.
    — А ну, уставай там. Я прыйду праз тры хвіліны, — пачула яна Максімаў голас.
    Соня распахнула дзверы.
    — Заходзь. Я гатовая.
    Статкевіч скептычна акінуў вачыма спачатку Соню, потым пакой.
    — Што, сур’ёзна? Ты робіш урокі на туалетным століку?
    Сінічка азірнулася. Перад люстэркам упярэмешку з касметыкай ляжалі сшыткі і алоўкі.
    — Ну, ён даволі зручны. А іншага тут і няма.
    — Я так сядзець не буду. Зараз вярнуся. А ты пераапраніся хоць. Пакамечаная ўся, як бамжыха.
    Бамжыха?!! Ды за такое трэба было адразу ў морду, а не заняткі з ім ладзіць! Але што цяпер рабіць? Моўчкі праглынуць абразу? Або псіхануць і адмовіцца? Дык сама ж набілася ў вучаніцы. I так гонар пацярпіць, і гэтак. Соня толькі ціха заскавытала ад бяссілля.
    Адны мучэнні ад гэтага Статкевіча.
    Спачатку яна доўга намагалася пазбавіцца Васілеўскага, які пастанавіў праводзіць яе дадому, чаго б яму гэта ні каштавала. Соня ледзь не плакала, маўляў, ідзі ўжо, мяне забяруць на машыне. Хлопцы з дзяжурнага класа далажылі Васю, што зранку Сінічку падвозіла ў школу «крутая тачыла», так што прынамсі гэтая частка легенды выглядала праўдападобна. У выніку, стоячы на прыпынку, Соня выбрала момант, калі Вася адвярнуўся да шапіка, і ўскочыла ў тралейбус. Прыкра выйшла — але што паробіш.
    Але сапраўдная прыкрасць чакала Соню, калі тая, без усялякіх званкоў маме Юлі, самастойна і даволі хутка адшукала «лялечны дом» на Верасовай. Мама Юля адчыніла ёй дзверы з такой змоўніцкай усмешкай, што Соню абдало жарам. Яна баялася падняць вочы, пакуль ёй налівалі суп, а ад асноўнай стравы зусім адмовілася. Маўляў, абедала ў школе. Ёй хацелася як найхутчэй апынуцца ў сваім пакоі.
    — Я ў гіпермаркет на закупы, — абвясціла мама Юля. — Хочаш са мною?
    3 радасцю б, але ёй трэба займацца.
    Адасобіўшыся ў ружовым пакойчыку, Соня зірнула на гадзіннік. Максім прыйдзе толькі праз гадзіну — у яго сёння сем урокаў. Каханне, вядома, — пройдзены этап, але Статкевіча ў школе яна адчувала ўжо інстынктыўна. He падыходзь, не размаўляй — ды Соня яго нават патыліцай бачыла, калі толькі той быў побач. Вось і ў сталоўцы сёння заўважыла, што еў ён не ў гордай самоце, як звычайна, і не са сваімі «ашкамі», а за сталом фізкласа. А яшчэ яна ледзь не сутыкнулася з Максімам, калі ён выходзіў з настаўніцкай. I хто ён такі, гэты Статкевіч, што перад ім адчыняюцца ўсе дзверы, недаступныя простым смяротным?
    Падчас гэтых разваг яе, відаць, і размарыла.
    ...Максім занёс у Сонін пакой журнальны столік, на якім грувасціліся салонныя падушкі. Столік заняў амаль усё вольнае месца ў вузкім праходзіку. Хлопец раскідаў падушкі па падлозе і апусціўся на іх, склаўшы ногі лотасам:
    — Усходні стыль. Давай, валяй, што там табе не зразумела.
    Соня нясмела прысела з іншага боку століка, паклаўшы рукі на каленкі, якія цяпер былі абцягнутыя джынсамі.
    — Па шчырасці, нічога не зразумела, — прызналася яна.
    — Ну, а з чым найбольшыя праблемы? — пазяхнуў Статкевіч, гледзячы кудысьці ўбок.
    — Матэматыка! — выпаліла Соня. — I фізіка. I інгліш.
    — To бок з усім. Добра. Пачнём з матэматыкі. Якія там параграфы?
    — Тыя ж, што і ў вас.
    — Думаеш, я ведаю?
    — А ты сам да тэстаў не рыхтуешся?
    — Мне не трэба. Я запамінаю ўсё, што калі-кольвек прачытаў на паперы ці маніторы. А для ўсяго астатняга існуе логіка.
    Геній і пазёр.
    — Вам казалі, што будзе на тэстах?
    — Паўтарэнне... Зараз, — Соня разгарнула канспект. — Алгебра — карані, геаметрычная прагрэсія, графікі функцый; геаметрыя — усё да саракавой старонкі.
    — Ясна. Давай сюды рашэбнік.
    I Статкевіч хутка-хутка пачаў гартаць старонкі, пазначаючы алоўкам некаторыя задачы.
    — Па алгебры, найхутчэй, будзе такое, такое і, я думаю, такое. Для геаметрыі трэба рашыць гэта, гэта і цалкам гэтыя дзве старонкі.
    — Адкуль ты ведаеш?
    — Дык лагічна ж. Падчас тэста правяраюць самае асноўнае. Асноўнае я і адзначыў. Што датычыць геаметрыі, я даведаўся, што ўсе задачы рыхтуе Баразноўская. А ейная слабасць — піраміды. Таму зоймемся найперш імі.
    Соня глядзела на Максіма на ўсе вочы.
    — Ну, ты ж мяне не для ўдасканалення ведаў прыпахала? I не для ўласнага духоўнага развіцця? Патрэбны вынік — буду нацягваць на вынік. Зараз пакажу, — самазадаволена ўсміхнуўся ён. — Дай чым пісаць. I на чым.
    Пашнарыўшы на туалетным століку, Соня працягнула Максіму нататнік і асадку. Абедзве канцылярскія прылады былі з серыі «Прынцэсы». Хлопца злёгку перакасіла.
    — Я тут пацікавіўся структурай тэстаў і сістэмай ацэнкі, — пачаў ён, хуценька крэслячы ружовай асадкай у бэзавым нататніку. — Гэта не тэсты нават, а хутчэй мадыфікаваныя кантрольныя. Прынамсі, у нас дзяўчаты ў класе стогнуць, што гэтая лажа ну ніяк не падобная да НЦТ. Дзесяць заданняў, варыянтаў адказу няма, адзнакі выстаўляюцца за кожнае заданне асобна. Максімум за адзін тэст — 100 балаў. А максімальная сума за ўсе пяць — 500. У мінулым годзе самы нізкі прахадны бал у топ-45 быў 320. Такім чынам, наша з табой планка сёлета — 350. Зразумела?
    Соня мала што зразумела, але кіўнула.
    — Гэта значыць, па 70 балаў за кожны тэст. To бок амаль нерэальна для цябе, Сінічка. Таму для падстрахоўкі будзем старацца выбіць максімум па рускай, беларускай і гісторыі. У цябе з імі дакладна менш праблем?
    Соня спалохана праглынула сліну.
    — Ясна, — уздыхнуў Статкевіч. — Усё, алгебра. Пабудуй графік вось гэтай функцыі, — пастукаў ён пальцам па старонцы рашэбніка. А сам выйшаў і, вярнуўшыся з кнігай фантастыкі, паглыбіўся ў чытанне.
    ...Праз дзесяць хвілін хлопец адклаў кнігу.
    — Ну, што там у цябе?.. Сінічка, ты што, здзекуешся?
    За ўвесь час Соня толькі і здолела што накрэсліць дзве восі: гарызантальную і вертыкальную — ды вывесці нуль на іх перакрыжаванні.
    — Я не разумею, куды тут ставіць кропкі, — прабурчэла яна вінавата. — Я сама і не рабіла такое ніколі. Мы ўсім класам у Ракавец гэтыя графікі перамалёўваем.
    — Навошта ты ўвогуле ў школу ходзіш? Глядзі, гэта ж элементарна. Падстаўляеш замест «ікса» любую лічбу, рашаеш ураўненне, здабываеш значэнне «ігрэк». I тактры разы. Атрымліваеш каардынаты, крэсліш парабалу. Што іут складанага?
    — Дарэчы, мяне гэта заўсёды здзіўляла: як можна памнажаць «ікс» на «ігрэк», а на выхадзе атрымліваць лічбы? — задуменна працягнула Максімава вучаніца, гледзячы настаўніку ў рот.
    Статкевіч агаломшана ўперыў у яе вочы. Раптам у іх адлюстравалася страшнае падазрэнне:
    — Сінічка, колькі будзе шэсць на дзевяць? — насцярожана спытаў ён.
    — Сорак восем? — няўпэўнена прамовіла Сінічка і, пабачыўшы рэакцыю Максіма, пацягнулася па калькулятар.
    Hi слова не кажучы, Статкевіч выйшаў з пакоя. Вярнуўся праз колькі хвілін, уручыўшы Соні тонкі блакітны сшытак у клетачку.
    — Назубок, усю табліцу множання! — рыкнуў ён. — Пасля вячэры праверу.
    Ну вось. А Соні здавалася, што пасадзіць яе ў лужыну глыбей, чым яна ўжо сядзіць, немагчыма.
    ххх
    — Куды падзеўся доўгі драўляны столік, хто ведае? — спыталася мама Юля, раскладваючы спагеці па талерках.
    — Я занёс яго наверх, у Сонін пакой, — спакойна адказаў Максім. — Дапамагаю Соні падрыхтавацца да тэстаў.
    — Аёй, як міла! — засакатала мама Юля. — Віця, ты чуў? Наш сын клапоціцца пра кагосьці іншага, апроч сябе і браціка! 3 уласнай ініцыятывы! Чысты цуд! Дзякуй табе, Соня!
    Пры словах «з уласнай ініцыятывы» Соню зноў абдало жарам няёмкасці.
    — А як жа я? Ты казаў, што будзеш займацца са мной! — раптам зароў малы Вадзік. — Ма-а-аксім! Я таксама хачу-у-у-у!
    — Максім заняты. 3 табой тата пазаймаецца, — строга сказала мама Юля.
    — Дура! — піхнуў Вадзік Соню ў бок кулачком. — Гэта ўсё ты вінаватая!
    — Вадзік!!! — крыкнуў тата Віця. — Яшчэ адзін выбрык — пазбаўлю камп’ютарных гулек да канца тыдня!
    — I што вам абаім сёння прыгатаваць для перакусу? — ажыўлена спыталася мама Юля.
    — Мне — тэрмас кавы з малаком, — сказаў Максім.
    — Каву? Нанач? Але згода. Сёння для цябе — што заўгодна.
    — Дарэчы, як наконт купальні? Ты абяцала падумаць.
    — Наконт купальні?.. У вас душавы блок, а я люблю паляжаць у ванне. Так што ўсё застаецца як ёсць, — і, падміргнуўшы Соні, мама Юля завальсавала на кухню.
    Рэшту вечара і частку ночы можна было параўнаць з галівудскім фільмам «Total Recall»*. Спачатку Максім ганяў Соню па табліцы множання. Потым доўга тлумачыў, адкуль пры памнажэнні «ікса» на «ігрэк» бяруцца лічбы. Потым падрабязна рашыў для яе некалькі тыповых заданняў з падручніка і прымусіў яе зрабіць тое ж, прагаворваючы кожнае дзеянне. Калі Соня пачынала кляваць носам, падліваў ёй кавы з тэрмаса.
    Разышліся толькі а трэцяй, пасля таго як Статкевіч надыктаваў ёй фронт працы на заўтра. Засынаючы, Соня бачыла кубічныя карані ў фіялетавых разводах. Столькі часу сам-насам, думала яна. Нават шкада, што яна яго больш не кахае.
    ххх
    — Вам не здаецца, што з Сініцай нешта не так?
    На перапынку Вася выклікаў Галю і Сняжану на пільную нараду. Быў панядзелак, і на Соні пяты дзень як не было твару. Хадзіла з чорнымі колцамі пад вачыма, не раўнуючы мішка-панда. He чула, пра што яе пытаюць, і ўвесь час, нібы апраўдваючы ўласнае імя, цаляла заснуць.
    — Ды ўсё ў парадку. Проста ўбіла сабе ў галаву, што здасць тэсты, вось і вучыцца дзень і ноч, — паціснула плячыма Галя. — 3 намі амаль не размаўляе.
    — Вайтовіч, я ўсё магу зразумець, але яна сёння на хіміі рабіла фізіку! Гэта, па-твойму, нармальна? У чацвер па геаграфіі адхапіла двайбан — двух слоў звязаць не змагла! Я ўжо маўчу пра яе выгляд. Гэта не дзяўчына — гэта жыхар Зомбілэнду! Але тое паўбяды, — Вася працягваў выкладаць аператыўныя звесткі. — Яна не дае праводзіць сябе дадому! Хаваецца ад мяне!
    * Успомніць усё (англ.).
    — Ну, тут нічога дзіўнага, — хмыкнула Сняжана. — Я б таксама ад цябе хавалася. Ты ж яе дастаў ужо сваімі заляцаннямі. Нельга гэтак клеіцца да дзяўчыны. Дзіка раздражняе.
    — Так, але навошта яна хлусіць? Кажа, што яе забіраюць на машыне, а сама сядае ў тралік! А на выхадных у яе ўвогуле быў адключаны тэлефон! Вось што, дзяўчаты... Мне здаецца, што Соню ў новым доме трымаюць у рабстве!