Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Што?!! Ну і лухта, Васілеўскі!
— Так. У рабстве. Толькі ў школу выпускаюць. Утрымліваюць шантажом і пагрозамі... Дарэчы, хто бацьку яе апошнім часам бачыў?
— О, эсэмэска ад Соні, — выцягнула Галя мабільнік, які вібраваў. — «Галя, Снежка, я адпрасілася. Еду дадому вучыцца. Заўтра на вытворчасці скажыце, што я захварэла», — прачытала яна ўголас і абвяла сяброў занепакоеным поглядам.
— Я гэтага так не пакіну! — выгукнуў, стукнуўшы кулаком па падаконні, Васілеўскі.
ххх
«Good evening my fellow citizens...»*
Соня сядзела ў доме на Верасовай вуліцы перад хатнім камп’ютарам Статкевічаў і прашчоўквала відэаролікі на тэму «Cuban Missile Crisis»**.
Toe, што прыдумаў для яе заслужаны настаўнік Беларусі Максім Віктаравіч гэтым разам, было форменным садызмам. Соня мусіла паслухаць у інтэрнэце зварот Джона Кенэдзі да амерыканскага народа 22 кастрычніка 1962 года па-англійску, перакласці ўсе незразумелыя словы, навучыцца правільна іх чытаць, а потым сцісла пераказаць, што менавіта па-
* Добры вечар, мае суайчыннікі (англ.).
** Карыбскі крызіс (англ.).
ведаміў JFK свайму народу. Так, меркаваў Статкевіч, Соня падрыхтуецца адначасова да двух прадметаў.
Сінічка ледзь не плакала. Усё, што яна пакуль магла сказаць, гледзячы рэтравідэа, дык гэта тое, што Джон Кенэдзі быў вельмі прыгожым мужчынам.
Нарэшце яна здагадалася ўвесці ў пошукавік першую фразу звароту, якую добра разабрала. Знайшла тэкст. Справа пайшла весялей.
Апошнія дні былі ці не самымі цяжкімі ў ейным свядомым жыцці. Яна амаль не спала і, нягледзячы на шчыраванні мамы Юлі, амаль не ела, затое выпіла кубалітр кавы, прачытала кіламетр тэкстаў і амаль столькі ж напісала. Час перад тэстам Статкевіч размеркаваў так: дзень на кожны прадмет і два дні на замацаванне пройдзенага. У панядзелак, напрыклад, яны паўтаралі матэматыку і фізіку.
Самымі цяжкімі — але, мусіць, і самымі цікавымі таксама.
Усю нядзелю Соня і Максім займаліся гісторыяй. Статкевіч называў адвольную дату пасля 1945 года, а Соня мусіла пералічыць усе важныя гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў гэтым годзе. Максім прымушаў знаходзіць сувязі між падзеямі ў розных краінах, чым выводзіў яе з раўнавагі. I асабліва даставаў з Карыбскім крызісам. Калі ён запытаўся, як звязанае з Кубінскай рэвалюцыяй будаўніцтва Берлінскага муру, Соня не вытрымала і сказала, што ніяк не звязанае і яна не вельмі разумее, навошта гэта ўсё ведаць беларускаму вучню.
— Навошта ведаць? — абурыўся Статкевіч. — Ды для мяне гэты крызіс — частка сямейнай гісторыі! Мой полацкі дзядуля Барыс быў на адным з тых караблёў. Акурат у 1961 годзе яго прызвалі ў войска. Праз год пасадзілі на крэйсер, павезлі, а куды — не сказалі. Яны ўсе даведаліся, толькі калі выйшлі ў Атлантычны акіян. Душыліся ў трумах пры спёцы 40 градусаў, бо іх днём не пускалі на палубу... Дзед Барыс быў кіроўцам цягача, мусіў вазіць па Кубе
ядзерныя ракеты... Дарэчы, чаму гэтыя ракеты мелі галоўнае значэнне?..
Захапіўшыся, Максім прыцягнуў ноўтбук і тут жа паказаў ёй гістарычную праграму пра 1962 год на Кубе. Соня сама сабе дзівілася: боегалоўкі нейкія лётаюць, самалёты выбухаюць — а не адарвацца. У сваю чаргу Соня расказала, што ейная мама нарадзілася ў Чэхаславаччыне, бо там служыў дзядуля Ягор, афіцэр артылерыі. Яны адразу ж загрузілі фільм пра 1968 год у Празе. А потым панеслася: пераходзячы па спасылках, глядзелі гістарычныя перадачы: і пра Берлінскі мур у выніку паглядзелі, і пра вайну ў В’етнаме, і нават пра забойства Кенэдзі. Усё па-англійску, ясная рэч.
Сядзелі амаль да ранку. Нават мама Юля, ускрай лаяльная да іхніх супольных заняткаў, некалькі разоў падымалася і спрабавала загнаць спаць.
Найцяжэй было ў суботу — у дзень, прызначаны для англійскай мовы. Калі паўтаралі граматыку і лексіку, Соня сяк-так, падглядаючы ў слоўнікі ды канспекты, давала рады, але падчас апошняга практыкавання — скласці тэкст на зададзеную тэму — расплакалася.
Статкевіч, які перад гэтым накрычаў на яе, зніякавеў і не ведаў, што рабіць. Сядзеў і чакаў пакуль яна сама супакоіцца.
— Проста мне сорамна, што я такі адстой, — усхліпвала Соня. — Нават твой малы англійскую мову лепш ведае.
— А, кабачок? — захіхікаў Статкевіч. — Так, гэта было незабыўна. Але наконт Вадзіка ну ўвогуле не заганяйся. Для яго англійская — фактычна родная. Ён жа нарадзіўся ў Лондане.
— Праўда?..
— Праўда. Зрэшты, праўда і тое, што табе насамрэч варта павучыцца ў Вадзіка. Нават я ў яго вучыўся.
— Гэта як?
— Калі Вадзіку было два з паловай, ён ужо балбатаў напоўніцу. У Лондане яго здалі ў яселькі. I малы сутыкнуўся
з тым, што яго ніхто не разумее. Падумаў ён, падумаў і стаў усіх: выхавальніц, нянечак, дзетак у групе — вучыць сваёй мове. «Аўсянка», «суп», «цацка», «гуляць» — праз месяц у яго і брытанцы, і індусы, і кенійцы хадзілі як па струнцы. Але тут мы пераехалі ў іншы раён, і яго аддалі ў новы дзіцячы садок. Прыходзяць яго забіраць — а ён сядзіць і раве: столькі намаганняў, а яго зноўку ніхто не разумее, — аж свяціўся, згадваючы Статкевіч. — I тады ён скеміў, што будзе прасцей самому навучыцца размаўляць па-англійску. I з Taro дня размаўляў. У першы дзень ён ведаў тры словы — і размаўляў трыма словамі. У другі — шэсць, і размаўляў як мог. Праз паўгода балбатаў лепш за Гары Потэра. Але тут мы ў Мінск пераехалі. Цяпер, мусіць, забыў палову без асяроддзя.
— Дарэчы, усё баялася спытацца. А колькі дакладна гадоў Вадзіку?
Максім захіхікаў:
— Шмат хто пытаецца. «Па пашпарце» яму шэсць з паловай. Налета ў траўні сем споўніцца. Але людзі блытаюцца, думаюць, што чатыры-пяць, бо ён, хоць крэпенькі, але нізенькі — у тату пайшоў. I хоць мазгамі развіты на ўсе восем, без задушэўных гутарак, якіх з малазнаёмымі ён не пачынае, гэтага не відаць. А ў паводзінах ён яшчэ зусім дзетсадавец. А што паробіш? Мы хоць браты ад тых самых бацькоў, па-рознаму выхоўваліся. Я ў правінцыйнай беларускай сям’і, з «драўлянымі цацкамі, прыбітымі да падлогі», з дзедам і бабуляй старой загартоўкі. Вадзік прыйшоў у сям’ю англійскіх алігархаў, на ўсё гатовае. Яму ні ў чым не адмаўляюць. Мама, калі ў Мінск пераехалі, вельмі баялася, што яго — такога завумнага інфантыла — будуць цкаваць у простай школе. I аддала ў гэтую наварочаную гімназію з эксперыментальнымі методыкамі ды індывідуальным падыходам. He ведаю... He бачу, што яму гэта на карысць. Зрэшты, можа, проста мы зусім розныя. Ведаеш, Вадзік, як толькі друкаванымі
літарамі пісаць навучыўся, стаў «сачыняць кнігі». Пры тым што прымусіць яго пачытаць нейкую на ягоны век літаратуру амаль немагчыма. «Чукча не чытач, чукча пісьменнік» — анекдот пра нашага Вадзіка.
Максім, здавалася, мог цэлую гадзіну гаварыць пра брата, але раптам схамянуўся. Ён нахіліўся да працоўнага століка і ўзяў Сонін сшытак.
— Твая праблема ў тым, што ты спрабуеш перакласці на англійскую мову свае думкі, сказаць усё, што ты ведаеш па тэме, у свае шаснаццаць. А табе проста трэба прызнаць, што ты ў англійскай мове — пяцігадовае дзіця. I гаварыць, як такое дзіця. I тады ўсё складзецца і памылак будзе меней. Бо ў простым сказе цяжэй наламаць дроў. Так ты зможаш усвядоміць свой узровень і пачаць расці — праз тыдзень станеш шасцігадовым дзіцём... I ў гэтым няма нічога ганебнага. Вось, тэма «Му room»*. Сядзь і апішы, як умееш...
Статкевіч быў прыроджаным настаўнікам. Нельга было не прызнаць гэтага.
Соня так замучылася, што ў аўторак вырашыла сачкануць вытворчую практыку. Узнялася пасля дзявятай — лічы, выспалася. Тут жа пацягнулася ўніз па каву — трэба было займацца.
На кухні яе чакала засада ў асобе мамы Юлі.
Сустрэчы з Максімавай маці сам-насам яна ўдала ўнікала амаль тыдзень з мінулай серады, калі тая пабачыла застаўку на ейным мабільным.
— Адзін кубак — і вельмі слабую, — скамандавала мама Юля. Яшчэ каваманамі станеце з гэтай вучобай. Зусім павар’яцелі.
— Даруйце, праз мяне і Максім не высыпаецца, — сказала Соня.
— Ды што ты, Соня! Наадварот — я радая, што ён табе дапамагае... Усё ніяк не магу табе сказаць, што вы цудоўна
* Мой пакой (англ.).
глядзіцеся разам, — мама Юля сядзела за сталом насупраць Соні, назіраючы, як тая снедае.
— He, мама Юля, вы ўсё не так зразумелі... Паміж намі зусім нічога няма. Мы нават не сябруем...
— Але ж табе падабаецца мой Максім, — лісліва прамовіла кабета. — Я правільна зразумела?
— Гэта было даўно і няпраўда!
— He адкручвайся, Соня! Я ж усё бачу... Паслухай, — нахілілася яна да дзяўчыны і перайшла на шэпт, хоць ніхто не мог іх падслухаць. — Харакгар у Максіка, вядома, не падарунак. Але хлопец ён цудоўны. Я думаю, табе варта за яго пазмагацца.
— Што вы такое кажаце?
— Праўда-праўда. Ты — у ягоным гусце. Гэта я як ягоная маці табе кажу. I вы — пара. Я гэта адразу зразумела, як толькі вас з ім пабачыла. Так што смялей, Соф’я. Я — у тваёй камандзе...
«God willing, that goal will be achieved. Thank you and good night»*.
Гэтую прамову немагчыма вывучыць! Але ладна, колькі паспее. Статкевіч у любым выпадку будзе злавацца.
ххх
— Усё, гатова! — Соня адклала апошні аркуш.
Яна без перапынку пісала пяць спробных тэстаў чатыры гадзіны. Максім склаў іх для яе, пакорпаўшыся ў падручніках ды інтэрнэце. Нават на тэніс не пайшоў. Заўтра — дзень ікс. Соня здала апошні тэст Статкевічу на праверку, а сама выйшла з пакоя. Адкрыўшы шкляныя дзверы, выбралася на ажурны гаўбец — падыхаць свежым паветрам. Наастачу яны яшчэ дамовіліся разабраць яе памылкі ў тэстах. Ну ўсё, мусіць, праверыў. Халодна тут стаяць.
* Дасць Бог, гэтая мэта будзе дасягнутая. Дзякуй і дабранач (ачгл.).
Вярнуўшыся ў пакой, яна пабачыла, што Максім спіць за драўляным столікам, паклаўшы галаву на рукі. Ёй зноў стала няёмка. Зусім замарыла хлопца. А яму ж таксама заўтра пісаць тэсты!
Які ж ён прыгожы, калі спіць! Цяпер гэта проста прывабны хлопец. He зазнайка і сноб, не геній і супермен... Ці праўду сказала мама Юля, што яна, Соня Сінічка, можа падабацца Максіму Статкевічу?..
...Мама Юля ўвайшла ў пакой, несучы талерку з канапкамі. Абодва ейныя дзеці (а Соню яна ўжо лічыла сваім дзіцём) мірна спалі за столікам адно насупраць аднаго, кранальна стуліўшы галовы. Паміж імі ляжаў аркуш, на якім была абведзеная лічба: 325. «Які цуд!» — расчулена прашаптала кабета і хуценька выйшла...