Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Сініца, я ўсю ноч не спаў. Зараз жа выкладай, што за вафлі. Што за дом на Цнянцы, у якім ты жывеш? Чаму ты нам хлусіш? Навошта шыфруешся? Скажы, яны мучаць цябе?
Вочы ў Снежкі і Галі, і так да краёў поўныя шокам, цяпер сталі зусім па пяць капеек. Снежка бязгучна працягнула Васю змесціва канверта.
Вася акінуў вокам паперку — і ўвесь ягоны спакой як цяля языком злізала:
— Сініца?! Што гэта?! Як ты магла так са мною?!! — заскавытаў ён.
Соня ўрэшце выхапіла загадкавую паперку, перагарнула яе і закрычала з перапуду.
Гэта быў фотаздымак, раздрукаваны на каляровым прынтары. Яна і Максім спалі, як тыя анёлкі, паклаўшыся з двух бакоў на стол, у атачэнні падручнікаў. Фатограф яшчэ ўпрыгожыў здымак, дадаўшы ў спецыяльнай праграме рамачку з чырвоных сэрцаў.
Божа, які жах! Што цяпер будзе?
Зацікаўлены «Д» клас тут жа згрувасціўся ў Соні за спінай. Фотку вырвалі ў яе з рук, і яна пайшла гуляць па класе.
— Ну проста галубкі!!!
— Сінічка, як гэта тлумачыць?
— Ты што, сустракаешся са Статкевічам?
У гэты момант дзверы кабінета расчыніліся. На парозе стаяў Максім з перакошаным ад злосці тварам. У ягонай руцэ быў ружовы смартфон.
— Сінічка, на хвіліначку!
— Максі-і-ім! Аддай! Свайго няма — нефіг чужыя хапаць! — пачулася з калідора. За спінай Статкевіча намалявалася мажная паненка з фарбаванымі ў руды колер кудзерамі, сабранымі ў, наколькі тое было мажліва, строгі пучок. На ёй быў дарагі цвідавы строй у краткі, які шчыльна абцягваў фігуру. Давяршалі вобраз чорныя «офісныя» пантофлі на невысокім тоўстым абцасе.
Гэта была Ліза Паўзункова — стараста 11 «А». Губкі яна склала ў манерны банцік, які сімвалізаваў скрайнюю ступень абурэння. Аднак няўзброеным вокам было відаць, што пасяганне Статкевіча на ейны мабільны сталася захапляльным здарэннем у асабістым жыцці Паўзунковай.
Хлопцы скруцілі Васю яшчэ да таго, як Статкевіч пераступіў парог кабінета. Але Вася і не думаў вырывацца, а толькі цяжка дыхаў, з нянавісцю паглядаючы на саперніка.
— Чаго зноўку прыйшоў? Сам жа казаў, не размаўляй са мной, a то чуткі папаўзуць, — ціха сказала Соня, падышоўшы да дзвярэй.
— Чуткі? Ды яны ўжо ўваўсю поўзаюць! — прагрымеў Статкевіч. Ён сунуў дзяўчыне пад нос экранчык смартфона, на якім свяцілася тая самая фотка, якую Снежка толькі што выцягнула з канверта. «Дэшкі» проста фізічна не маглі паспець заліць яе ў сеціва.
— Я сапраўды не ведаю, адкуль гэта. Клянуся, я тут ні пры чым! — пачала апраўдвацца Соня.
— Hi пры чым?!! Уся школа ўжо гадзіну перапошчвае гэта з тваёй старонкі!
Соня схапілася за свой мабільнік. Інтэрнэт у яе працаваў глючна, але на белмове тэлефон вібраваў ад эсэмэсак.
— Гэта не я! — тыцнула яна пальцам у апавяшчэнне «кантакціка». Гэта нехта запосціў на маёй сцяне! Нейкая... Юля Арцёмава! Я не ведаю, хто гэта! —ледзь не плакала Сінічка.
— Арцёмава? Юля, кажаш? — Статкевіч умомант асадзіў назад. — Усё ясна... Ты задзяўбала мяне за гэтыя два тыдні! — ізноў падвысіў ён голас. — Адны непрыемнасці ад цябе! — і, сунуўшы тэлефон у рукі яго законнай уладальніцы, развярнуўся і выйшаў.
— Соня, ты патлумачыш, што адбываецца, ці як? — пагрозліва спыталася Галя. — Чаму вы разам на фотцы і чаму Статкевіч узяў моду ўвальвацца ў наш клас як дадому?
— Так, вельмі хацелася б ведаць, — азвалася Паўзункова. Яна таксама была ўвайшоўшы ў кабінет, але спынілася адразу пры ўваходзе, збоку ад дошкі, так, нібы перад ёй прасціралася атрутнае мора.
— А, Ліза-Падліза!
— Якія людзі — і без аховы!
— Заходзь, не страмайся, госцяй будзеш!
Ліза Паўзункова заўсёды вучылася ў «А» класе. Толькі калісьці ён быў самым звычайным. Многія яе былыя аднакласнікі — у тым ліку Галя са Снежкай — цяпер былі вучнямі класа «Д». Калі абвясцілі набор у англійскі спецклас, бацькі Паўзунковай мабілізаваліся і нанялі сваёй пасрэднай дачушцы плойму рэпетытараў. Тая зубарыла дзень і ноч і ў выніку паступіла. I з таго часу з былымі сябрамі нават не віталася. Менавіта Паўзункова, як чула Соня, была галоўным ідэолагам «ашкінай» элітарнасці.
— Вось яшчэ. Я тут пастаю. А раптам дэбілізм заразны, — паморшчылася Паўзункова.
— Народ! Усё зусім не так, як вы сабе ўяўляеце, — нясмела пачала Сінічка. — Я зараз усё патлумачу...
XXX
— Сядайце, калі ласка, — сказаў гісторык пасля Taro, як «Д» клас, які не адразу заўважыў ягоную прысутнасць, пашыхтаваўся каля партаў. — Пачну з топ-ньюз. Вынікі тэстаў у вашым класе мяне станоўча шакавалі. Гаворка, вядома ж, пра Сінічку. Ты мяне парадавала, Соня. Я б табе толькі за цытату з прамовы Кенэдзі сто балаў паставіў! I як табе ўдалося?
— А яна жыве з Максімам Статкевічам!
— Іхнія бацькі сябруюць!
— Яе тата папрасіў генія з ёй пазаймацца!
— I ўвогуле, яны спяць разам!
— Сродкі, вядома, пікантныя, але вынік уражвае. Сёння на ўроку мы падрабязна разбяром усе пункты тэста. Сінічка, рыхтуйся на пятае пытанне. Паўторыш свой каронны нумар з Карыбскім крызісам...
ххх
— Шу-шу-шу... Шу-шу-шу...
На вайне як на вайне, у школе — як у школе. Зранку ты кароль гары, але вось апошні званок — і ты па-ранейшаму запісны блазан.
— Вядома ж, дзе ёй самой... 3 такімі мазгамі... Статкевіч сядзеў з ёй удзень і ўночы.
— Што, за так?
— Ды дзе там! Яму за рэпетытарства заплацілі...
— Відаць, шмат заплацілі. Я б і за сто баксаў на дзень не пагадзілася!
— Бедны хлопец! Столькі недасыпаў — і ўсё праз гэтую дурніцу!..
Што ведала Ліза Паўзункова, ведала ўся паралель. I нават болей. «Бізнес-лэдзі» Паўзункова была генератарам школь-
ных плётак. Соня спускалася ў гардэроб, не гледзячы па баках і ўпарта абнаўляючы старонку ў браўзеры мабільніка. Нарэшце, калі яна ўжо забірала паліто, браўзер злітаваўся з яе і выдаў жаданае.
На экранчыку раскрыўся профіль Юлі Арцёмавай. Аніякай інфармацыі, толькі дата нараджэння — 31 ліпеня. Абсалютна пусты, нібы створаны спецыяльна, каб скампраметаваць яе і Максіма. Соня ўглядзелася ў фота карыстальніка. Яно было зробленае ў стылі «фотарасчлянёнкі» — калі на юзэрпік выстаўляўся не твар цалкам, а нейкая яго частка. Як яна раней не здагадалася... На Соню, не міргаючы, глядзела прыгожае цёмнае вока мамы Юлі.
ххх
— Усё болып чым цнатліва, — вынесла канчатковы вердыкт Снежка, кідаючы на столік злашчасную фотку. — Гэтым разам, Сініца, мы табе, так і быць, паверым.
Адданая чытачка ўсіх дамскіх інтэрнэт-парталаў, якія толькі былі ёй даступныя, Снежка лічылася ў іх кампаніі эксперткай па міжполавых зносінах. Адразу пасля ўрокаў дзяўчаты заселі з марозівам у «Макдоналдсе» ў сябе на раёне. Было б наіўна меркаваць, што пасля таго, як столькі ўсяго таемнага сталася яўным, сяброўкі дазволяць Соні ўцячы, не ўзнагародзіўшы іх цікавымі дэталямі.
А Соня была нават радая такому павароту. Пасля двух тыдняў таямніц і недамовак яна нарэшце магла падзяліцца ўсім, што прыгнятала яе апошнім часам.
— Дык значыць, гэта падстроіла ягоная мама? Ну нішто сабе!
— Яна праўда хоча, каб ты сустракалася з яе Максімам?
— Ну, яна так сказала: «Я ў тваёй камандзе, Соня». Вось толькі Статкевічу гэта яўна не будзе даспадобы. Страшна падумаць, што ён цяпер выкіне, пасля гэтай фоткі.
I Соня пераказаяа сяброўкам, колькі здзекаў ёй давялося вытрываць ад нечаканага суседа. I гэта, лічы, на роўным месцы.
— Раней ён мяне проста ігнараваў, а цяпер... Да чаго гэта халодны і калючы чалавек, вы б толькі ведалі...
— Але, Сініца, калі раней усё было вельмі сумна, то цяпер, я сказала б, ты маеш сур’ёзны шанц на ўзаемнасць, — аўтарытэтна заявіла Снежка.
— Што ты! Усё яшчэ горш, чым было, пакуль я была ніхто. Дый увогуле, нешта не надта мне ўсміхаецца карыстацца такім шанцам.
— Ды ладна! Нас хоць не падманвай! Ты ў яго яшчэ сур’ёзней уцюхалася. Бачыла б ты сябе збоку...
— Вош што, Шыніца. Буджэм лічыч, што гэта лёш, — прамовіла Галя, дажоўваючы шакаладны кексік. — Мара плыве табе проста ў рукі. He факт, вядома, што ўсё складзецца, як ты захочаш, але паспрабаваць варта.
— Інакш усё жыццё шкадаваць будзеш, — строга дадала Снежка.
— Ладна, што мы ўсё пра бздуры... У вас што, праўда агульная купальня?
— Сініца, давай інтымныя падрабязнасці... Ты ж ужо яўна бачыла генія ўва ўсёй красе? Ну, аголены торс там, цягліцы?
— Ну не, што вы... — пачырванела Сінічка. — Але так і быць, сёе-тое я вам раскажу. Толькі прысягніце, што — нікому. Іначай гэты параноік нашаму класу шатню падпаліць. Я сур’ёзна.
Дзяўчаты прысягнулі.
— Ну то слухайце... Максім... сам прасуе сабе кашулі!
— А-а-а-а!!!
— Ты гоніш!!!
— Сур’ёзна. У іх ёсць такі гаспадарчы пакой, і вось аднойчы я туды зайшла...
— Божухна, як гэта сімпатычна!
— Называй рэчы сваімі імёнамі, Снеж. Гэта папросту э-ра-тыч-на!
Дзіўныя істоты гэтыя беларускія дзяўчаты. Як мала ім трэба для радасці. Але пазітыўным было, несумненна, тое, што ці не ўпершыню за два тыдні Соня Сінічка бесклапотна смяялася.
Раздзед VII
ЛОГАВІШЧА ЗВЕРА
— Тссс... Сюды! Тут не зачынена.
Вася крануў рукой веснічкі «лялечнага дома».
— Вы як хочаце, а я не пайду, — гучна прашаптала Снежка. Яны з Галяй сядзелі на кукішках за старэнькай «таётай» Сінічак. — Мы і так выглядаем як ідыёты. Тут жа голае поле! Усе гэтыя багачы навокал могуць пабачыць нас з вокнаў і выклікаць міліцыю. Ці якую ахову. У іх жа тут ува ўсіх прыватная ахова!
— Спакуха, Кавалёва. Мы проста пераканаемся, што з Сініцай усё ў парадку, і тут жа звалім.
Апошнія содні Васілеўскі правёў у засадзе, цікуючы за катэджам Статкевічаў. Вывучыў усе хады і выхады і цяпер, позняй нядзельнай раніцай, прывёў дзяўчат у логавішча seepa. Праўда аб новай прапісцы Соні, якая адкрылася ў пятніцу, не толькі не пахіснула ягоных падазрэнняў што да рабства, у якім нібыта трымаюць Сінічку, але яшчэ больш іх умацавала. Хто-хто, а Максім Статкевіч цалкам адпавядаў Васевым уяўленням пра гнюснага эксплуататара.
— Вася, мы пайшлі з табою, проста каб адным вокам зірнуць на дом, — сказала Галя. — Сама Сініца ў госці запрашаць страмаецца, кажа, няёмка ёй. Дык вось, мы зірнулі. Цяпер можам сыходзіць.
— Вам што, нецікава, як там усё ўсярэдзіне? Я тут прыкмеціў акно, можна незаўважна зазірнуць, — спакушальна прамовіў Вася.
— Толькі нядоўга!
— Ледзь што — уцякаем.
I тройца дружна прыліпла да вузкага бакавога акенца, спрабуючы разгледзець хоць нештачка ў шчыліны жалюзі...