Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Што не так з тваімі сяброўкамі?! — рыкнуў Статкевіч.
— Пры чым тут мае сяброўкі? — абурылася Соня.
— А хто яшчэ гэта мог зрабіць? Па-першае, учора яны былі ў нас і чулі ўсю гэтую лухту пра замуж. Па-другое, я іх пяць хвілін таму бачыў на калідоры. Ну і па-трэцяе, «honey» пішацца з адным «п»! Няцяжка зразумець, адкуль тут ногі!!!
— Дык значыць, пра замуж — гэта для цябе лухта?
— Вядома ж лухта! Я проста так сказаў, каб падражніць твайго кавалера-імбецыла. А ты, бачу, ужо і губу раскатала?
— Яшчэ чаго! Вельмі трэба.
— Слухай уважліва, Сінічка. Такі ж плакат я сарваў каля прыбіральняў. Я так разумею, твае агенткі імі ўсю школу завешалі. Так што мятніся кабанчыкам і здымі ўсё даастаку, пакуль не пачаўся перапынак. Сама сцяміш, куды ісці, ці маршрут падказаць?
Аднекуль знізу пачуўся прыглушаны, але вельмі выразны енк:
— А-а-а-а! Сіні-і-іца!!!
— Думаю, пачну са сталоўкі, — уздыхнула Соня.
— Давай, у тэмпе вальса, — кіўнуў Статкевіч і пайшоў прэч. Вада капала з анучы на падлогу. Соня глядзела яму ўслед, пакуль ён не зайшоў у клас, а потым узнялася на дыбачкі і пацягнула на сябе калажык.
He зважаючы на звесткі крутых тэлескопаў, невялікая група навукоўцаў дагэтуль лічыць Плутон дзявятай планетай Сонечнай сістэмы. I няхай Соні Сінічцы было як ніколі далёка да Сонца, ёй стала крыху цяплей ад таго, што нехта ў яе верыць.
Раздзел IX
АЦЭТОНАВЫЯ ВОЙНЫ
Апошні тыдзень першай чвэрці быў для Сінічкі кашмарам. Што праўда, не зусім праз Максіма. Ён усяго толькі ігнорыў яе — так, нібы яна была пустым месцам. Затое Вадзік няспынна дражніў Соню, ладзіў ёй дурныя дзіцячыя прыколы (кшталту намазаць зубную шчотку мылам) і раз-пораз пужаў яе сваімі робатамі-шпіёнамі.
Але самае непрыемнае было ў школе. Там супраць Соні Сінічкі разгарнулася сапраўдная вайна, ананімная і падступная.
На перадавой гэтай вайны ў іх «Д» класе нечакана апынуліся Аліна Макей і Дзяніс Лінькоў, якія сядзелі за адной партай — чацвёртай у сярэднім шэрагу.
— Тваю ж дывізію! — ускрыкнуў Дзяніс, падышоўшы да свайго месца, калі клас заваліў у сераду на фізіку. — Ну і мярзоцце!
Хлопцы і дзяўчаты згуртаваліся вакол Лінькова. Калі Соня падышла зірнуць, што адбываецца, аднакласнікі моўчкі расступіліся, даючы ёй дарогу.
Цераз усю парту сінім спіртавым маркерам нехта вывеў прозвішча Соні, а побач з ім — брыдкае, абразлівае, а галоўнае — несправядлівае слова.
— Соня, той, хто зрабіў гэта, — апошняя сволач, якая адграбе па поўнай. Ты мусіш ведаць, што клас на тваім баку, — сказаў нехта з хлопцаў. «Дэшкі» загулі ў знак згоды.
— Я толькі аднаго не разумею. Чаму на нашай парце? — пачухаў патыліцу Дзяніс.
Камок падступіў Соні да горла. Яна выдатна ведала чаму. За чацвёртай цэнтральнай партай у 11 «А» сядзеў Максім Статкевіч.
У гэты момант, разносячы вакол сябе смурод нікаціну, у клас увайшоў Вася.
— Стопудова гэта зрабіў лонданскі баклажан! — завёўся ён, як толькі пабачыў надпіс. — Гэтым разам ён нарваўся!
— Максім тут ні пры чым, — раптам вырвалася ў Соні.
— Што, святы анёл, значыцца? Абараняць гэтага казла надумала? — пакрыўджана выгукнуў Васілеўскі.
— Я яго не абараняю. Проста гэта не ён — і ўсё.
Нават у страшным сне яна не магла ўявіць, што Максім напісаў гэта. Але разлік ананіма быў ясны: Максім дакладна гэта прачытаў.
— Можа і не ён, але ўсё гэта дзякуючы яму!
— Трэба разабрацца з «ашкамі». Гэта па-любому нехта з іх!
— «Д» клас мы або хто? Мы гэтага так не пакінем!
— He, пакінем!!! — раптам крыкнула Соня.
«Дэшкі» прыціхлі:
— Ты чаго, Сінічка?
— Мы нічога не будзем высвятляць і нікому не будзем помсціць! Мне ўсё адно. Я не буду звяртаць увагі! Нас і так усе лічаць няздарамі, якія толькі і ўмеюць, што кулакамі размахваць, — выпаліла Соня і зашмыгала носам.
Вася развярнуўся і паляцеў да выхаду.
— Ты куды, Васілеўскі? Я ж сказала, не трэба!
— Я да аканома. Ацэтону ўзяць. Трэба выцерці гэтую гадасць.
Такі самы надпіс на той жа парце знайшоўся ў кабінеце матэматыкі. Як і на фізіцы, Вася выгнаў усіх з класа, раскрыў вокны і доўга шараваў літары ацэтонам — пакуль
цалкам не вынішчыў. Макей і Лінькоў эвакуяваліся з чацвёртай парты. Аліна перасела да Соні.
— Почырк Паўзунковай, — задуменна прамовіла яна.
— Што, праўда? — скасавурылася на суседнюю парту Снежка.
— Ды не, я фігуральна. Вельмі да яе падобна.
— Ну, даруй нам, Сініца. Мы праўда не думалі, што ўсё так абернецца, — кранула Галя Соню за руку.
Але тая не адказала. Яна яшчэ ў панядзелак уваліла сяброўкам за калажыкі. Усе іх яна здзерці не паспела — знятую на мабілку копію такі выклалі ў школьны паблік. Там — пакуль Соня не дамаглася ад мадэратара выпілу фоткі —пра іх з Максімам напісалі яшчэ і не такое.
— Гэта называецца «чорны піяр». Для цябе ж стараліся, Сінічка, — абвясціла тады Галюня. — Акцыя абуджэння сонных пачуццяў Статкевіча.
Вось і дапіярыліся.
Вася цёр парты ўсю сераду і яшчэ чацвер. Той жа надпіс выявілі ў кабінетах біялогіі, геаграфіі і хіміі — праз іх за два дні прайшла палова школы. Пасля ўрокаў Вася зладзіў рэйд і знайшоў яшчэ два надпісы. У пятніцу здарыўся адзін рэцыдыў, але, на шчасце, гэта быў апошні дзень чвэрці. Што праўда, графіці вокамгненна набыло вусную форму і да канца тыдня пераследавала Сінічку на калідорах. Але тая хадзіла па школе як глухая. «Д» клас, трэба аддаць яму належнае, таксама не вёўся на правакацыі. Ад паху ацэтону шмат у Karo балела галава, але ніхто не скардзіўся. А галоўнае, настаўнікі пра гэтую непрыгожую гісторыю так і не дазналіся. Можна было лічыць, што ацэтонавыя войны скончылася маральнай перамогай «дэшак».
Адзіным, што хвалявала ў сувязі з гэтай гісторыяй Соню, былі думкі пра ўсё гэта Максіма. Але той і выгляду не падаваў, што нешта адбываецца. I толькі ў пятніцу...
— Максім, ты захварэў? Заўтра ж паездка!!!
Соня дапамагала маме Юлі мыць посуд, калі Статкевіч разачхаўся перад тэлевізарам.
— Ды не, мама. Гэта ў мяне алергія на ацэтон.
Соня ад нечаканасці бразнула патэльняй аб мыйку.
— Ацэтон? Адкуль у нас ацэтон?!!
— Ды не ў нас, мама. У школе. У мяне ім усе сшыткі прасмярдзелі. I форму трэба здаць у хімчыстку, — Максім падняўся з канапы і паволі зайшоў у кухонную зону.
— Што здарылася? — устрывожылася мама Юля.
— Разумееш, мама, нехта ў школе параспісваў парты абразамі на адрас Сінічкі. А ейны жанішок не прыдумаў нічога лепшага, як змываць гэта ацэтонам. У класы зайсці немагчыма. Вось я і чхаю.
— Божухна, Соня, гэта праўда?
Соня моўчкі кіўнула.
— Жанішок — гэта той хлопец, Лёша? I ён, значыць, змываў абразы? Які годны малады чалавек! Але, Максім, чаму ты не ўступіўся за гонар Соні?
— Бо гэта не мая вайна. Разумееш, мама, нехта змайстраваў пра нас з Сінічкай ідыёцкі калаж і развесіў па ўсёй школе. I цяпер пра нас, натуральна, ходзяць розныя плёткі. Вось ёй і дастаецца. Ты, выпадкам, не ведаеш, адкуль той калаж узяўся?
— Ты што, на мяне намякаеш? Пра той першы здымак мы з табой гаварылі. Я прызналася і перапрасіла. Але калаж? Ты сур’ёзна думаеш, што я буду развешваць у вашай школе нейкія карыкатуры?
— Ну што ты, мама. Я так не думаю. Вось толькі глядзеў я на той калаж і спрабаваў зразумець, адкуль аўтар узяў той самы фотаздымак у добрай якасці? Га?
Мама Юля прыкусіла язык.
— Вось чаму я чхаю, — падсумаваў Статкевіч і, вымоўна зірнуўшы на Соню, пайшоў у свой пакой.
Калі ён сышоў, мама Юля накінулася з роспытамі на Сінічку. Але тая як вады ў рот набрала. Здаецца, да яе пачало даходзіць, што ідэя мамы Юлі звесці іх з Максімам хутчэй ім абаім на шкоду, чым на карысць.
А горш за ўсё было тое, што пакідаць свайго сватаўства Максімава матуля не збіралася. I яна яскрава прадэманстравала гэта, збіраючы дзяцей на экскурсію.
ххх
ДЗЁННІК назіранняў за Соняй Сінічкай
Аўтар — Вадзім Статкевіч
Хутка зіма. Вераніка Андрэеўна сказала выбраць сабе птушку і назіраць за яе павадкамі. Я расказаў гэта Максіму, і Максім сказаў, што акурат ведае адну птушку. I сказаў, што я мог бы назіраць за ёю, бо гэта будзе забаўна. Таму я завёў дзённік. Я буду запісваць сюдыўсё пра Соню Сінічку.
Соня Сінічка вучыцца ў адной школе з Максімам. Але не ў адным класе, бо яна тупая. Максім нядаўна сказаў, што яна не тупая. Але я думаю, ён памыляецца. Соня ўцюхалася ў Максіма. Мне яе шкада, бо яна не толькі тупая, яна яшчэ і страшная. Максім яе не выносіць.
Сёння зранку Соня збіралася на экскурсію. Яна напакавала здаровы пляцак. Забрала ўсе свае цюбікі з купальні і гару адзення. Навошта? Яны едуць толькі на два дні. Потым яна краіла канапкі і парэзала палец. Потым яна гадзіну шукала шапку. Тады я паклаў ёйупляцак гоначку і запусціў пультам. Соня верашчала на ўвесь дом, бо думала, гэта мыш. Было весела.
Цяпер яны з Максімам едуць на вакзал, каб ехаць у Кіеў. Бедны Максім. Соня яго там дастане.
Раздзед X
КІЕЎСКІЯ ВАКАЦЫІ
— Падумаць толькі... Дняпро, Андрэеўскі спуск, Лаўра... Такая рамантыка... Як я вам зайздрошчу!
Шыкоўная машына мамы Юлі выруліла на галоўны праспект Мінска. Быў вечар, і праспект ужо расквеціўся сваімі фірмовымі агнямі. Соня рэдка выбіралася ў цэнтр горада, але ёй заўсёды падабалася шпацыраваць тут, у атачэнні ўсёй гэтай ілюмінацыі. Вось і цяпер ёй вельмі хацелася, каб мама Юля спыніла машыну. Хацелася выйсці, занурыцца ў восеньскі парк, застацца тут, нікуды не ехаць. Чамусьці было адчуванне, што яны з’язджаюць у Кіеў на два гады, а не на два дні.
— Максім, ты шапку ўзяў?
— Мама, там будзе цёпла.
— Нельга давяраць прагнозам надвор’я, асабліва калі едзеш у іншую краіну. А ты, Соня, шапку ўзяла?
— Узяла.
— Максім, усе лекі я запакавала Соні. Калі, крый божа, нешта забаліць, звяртайся да яе. Раней цябе заўсёды загойдвала ў аўтобусе.
— Мама, мы едзем на цягніку!
-— Але мала што можа здарыцца... I яшчэ раз паўтараю: я дазволіла табе ехаць без мабільніка толькі таму, што ў Соні
будзе эсэмэс-роўмінг. Так што, калі ласка, хадзіце паўсюль разам. Мне так спакойней будзе... Соня, уся ваша ссабойка — у заплечніку Максіма... Пашпарты на месцы?
Так працягвалася ўжо дзве гадзіны. Яны выехалі раней, прыхапіўшы з сабой Вадзіка. Мама Юля завезла ўсіх траіх у рэстарацыю на «развітальную вячэру». I толькі цяпер яны кіраваліся на вакзал. Соня сядзела ззаду, адразу за Максімам. Побач з ёй уладкаваўся Вадзік, які засяроджана выводзіў нешта ў тоўстым сшытку.