Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
ххх
Пакуль «Д» клас адносна ціха «займаецца сваімі справамі», Наста Ракавец збірае кантрольныя, скатаныя з падручніка, Галя і Снежка выслізнулі з кабінета «папудрыць носікі», а Соня бязрадна паклалася тулавам на сваю апошнюю парту каля акна, падмяўшы пад сябе атлас зорнага неба, я раскажу вам, дарагія чытачы, чаму пасля ўсяго, што адбылося за прамінулыя два тыдні, вучаніцы с/ш № 234 Соні Сінічцы варта пашукаць сабе нейкія недарагія курсы па выжыванні ў адкрытым космасе.
Прытым што, нагадаю, у адкрытым космасе ўвогуле немагчыма выжыць.
Максім Статкевіч падабаўся абсалютнай большасці дзяўчат, якія яго атачалі, і ладная частка з іх была закаханая ў яго без памяці. Такі ўжо быў закон сусветнага прыцягнення.
Што ў полацкай гімназіі, што ў міжнароднай школе Лондана — паўсюль было адно і тое ж.
I самае паганае, што праз прыгажосць і абаянне пагалоска аўтаматычна запісвала Максіма ў злосныя бабнікі. Шчодрая прырода, аднак, надзяліла хлопца яшчэ і не абы-якімі мазгамі, таму той быў цвёрда перакананы: быць бабнікам — гэта поўны адстой. I таму ўсё свядомае жыццё цураўся дзяўчат.
Тыя ж хадзілі за ім натоўпам, пераконваючы навакольных, што наш Максім — форменны казанова.
Таму, паступіўшы ў 234-ю школу, геній пачаў дзейнічаць на апярэджанне. Скарыстаўшыся пляткаркамі з «А» класа як піяр-агенцыяй, Статкевіч давёў да ўсеагульнага ведама, што ў Брытаніі ён прызвычаіўся да сапраўдных лэдзі. А сапраўдная лэдзі ніколі не будзе назаляць джэнтльмену. Навязвацца, вешацца на шыю ці неяк прыцягваць да сябе ўвагу. Бо гэта вульгарна і пошла. «Так і сказаў! Вульгарна і пошла», — паўтарала Ліза Паўзункова ўсім, каго гэта магло зацікавіць.
Так што мне, як і вам, чытачы, не вельмі зразумела, чым думала Соня Сінічка, калі складала свой мілосны ліст. Бо яна была адзінай, хто за два гады наважыўся парушыць негалосную забарону лезці да Максіма Статкевіча з каханнем. Многія ў школе рашуча асуджалі яе за гэта, але былі сярод дзяўчат і тыя, што зайздросцілі Сонінай адвазе.
Далей — болей. Статкевіч жыў мерным жыццём самотнага вундэркінда і, здаецца, быў з гэтага абсалютна задаволены. He насмельваючыся набліжацца да светача, сонм школьніц ад сёмай да адзінаццатай паралелі кружляў вакол яго на паважнай адлегласці, утвараючы арбіты самых разнастайных формаў і дыяметраў. Можна было нават сказаць, што ў космасе 234-й школы існавала нешта накшталт нашай Сонечнай сістэмы. Сонцам якой быў Максім Статкевіч.
Па рэакцыі, напрыклад, Васі вы можаце меркаваць, як да гэтага ставіліся хлопцы 234-й школы. Хадзілі чуткі, што перад утварэннем кожнай новай школьнай парачкі хлопец
нязменна браў з дзяўчыны слова, што Максім Статкевіч ёй ані крышачку не падабаецца.
I амаль кожная дзяўчына, кленучыся, крышачку крывіла душою.
Нябесныя целы, якія круціліся вакол Максіма, мелі строгую іерархію, якой пазайздросціў бы і Міжнародны астранамічны звяз, чые чальцы не перастаюць спрачацца, якія аб’екты ў нашай галактыцы важныя, а якія —не вельмі.
Найперш існавала некалькі планет зямной групы — самыя набліжаныя да Сонца — такія як Зямля, Марс або Венера з Меркурыем. Гэта былі дзяўчаты 11 «А» класа, якія ўваходзілі ў адну са Статкевічам групу па англійскай мове. Стасункі ў дзяўчат з геніем маглі быць толькі дзелавыя — і гэтыя шчаслівіцы мелі найчасцейшы і найшчыльнейшы доступ да зорнага цела. Яны маглі хоць штодня размаўляць з Максімам на побытавыя тэмы: выбіраць ежу ў рэстарацыі, школу для будучых дзяцей, запаўняць мытную дэкларацыю або засяляцца ў гатэль. Зразумела, усяго толькі ў межах моўнай практыкі — але гэта ўжо было нешта.
Далей ішлі планеты-гіганты — такія як Сатурн, Уран, Нептун або Юпітар. Гэта былі ўсе астатнія дзяўчаты «А» класа, якія маглі дачыняцца з богам на ўсіх астатніх занятках — няхай і без той душэўнай блізкасці, на якую часам правакуе вывучэнне замежнай мовы. Юпітарам — самым гіганцкім гігантам — тут, несумненна, была Ліза Паўзункова (вы не падумайце, зусім не праз яе ўнушальныя габарыты). Паўзункова як стараста — то бок фармальны лідар — ува ўсім абапіралася на нефармальнага лідара — Статкевіча. Ніводнае важнае рашэнне не заставалася без ягонай парады. Узважаныя, дзелавыя стасункі дарослых людзей — вось як называла гэта Паўзункова.
Усе гэтыя планеты ганарліва і ўпэўнена рассякалі вакол Сонца па сваіх эліптычных арбітах, а паміж імі круціўся хаатычны і разнатраўны пояс астэроідаў, які складаўся
з запісных школьных прыгажунь і выключных разумніц. I калі прыгажуня ды разумніца супадалі ў адной асобе, то гэта цягнула на цэлую малую планету. Такой Цэрэрай была, напрыклад, алімпіядніца Наташа Цапко з дзявятага матэматычнага. Або ўладальніца джазавага голасу Каця Арыстава з 10 «А», якую багатыя бацькі акурат выводзілі на эстраду пад псеўданімам Arizona.
I была ў 234-й школе яшчэ адна бязрадасная група. Ёй у нашай Сонечнай сістэме адпавядае пояс Койпэра, гэтак званыя транснептунавыя аб’екты. Змрочныя кавалкі лёду і скал, якія таксама прыцягваюцца Сонцам, але амаль не маюць шанцу не проста наблізіцца да яго, але хоць бы адлюстраваць праменьчык яго асляпляльнага святла.
У школьны пояс Койпэра ўваходзілі таўстухі і анарэксічкі, карліцы і дылды, прышчавыя і акулярыстыя, сэкс-бомбы і шэрыя мышкі, троечніцы і харашысткі. Усе тыя, хто, на агульнае перакананне, ні ў якім разе не мог прывабіць такога хлопца, як Максім Статкевіч. To бок звычайныя дзяўчаты — а такіх у 234-й была большасць. У гэтай групе астэроідаў-няўдачніц круцілася і Соня Сінічка.
Тым не менш усе выхадныя школьныя форумы напаўняліся домысламі пра ейны раман з Максімам. I калі палова карыстальнікаў пераконвала іншых, што «гэтага не можа быць, бо гэтага не можа быць у прынцыпе», другая палова вельмі актыўна даводзіла, што «дзівосы здараюцца». Але ўсе ўдзельнікі дыскусіі пагаджаліся ў адным: Сінічка — выскачка.
I тут я мушу апярэдзіць Камету, дзеці, і расказаць вам неверагодную гісторыю малой планеты Плутон, якая таксама круціцца вакол нашага Сонца.
А было так. У XIX стагоддзі астраномы, якія назіралі за планетай Уран, правялі разлікі і выявілі, што на яе арбіту нешта ўплывае. I тады яны прыпусцілі, што побач з Уранам вакол Сонца круціцца невядомая планета. Астраномы пача-
лі шукаць і ў 1846 годзе сапраўды знайшлі такую планету, якую назвалі Нептунам.
Астраномы, аднак, не ўтаймаваліся і, правёўшы новыя разлікі, выявілі, што на арбіту Урана ўплывае яшчэ нешта.
Так з’явілася гіпотэза пра існаванне загадкавай Планеты X — дзявятай у Сонечнай сістэме.
Планету X шукалі амаль стагоддзе. Яна нібы гулялася ў хованкі з астраномамі, упарта ўнікаючы тэлескопаў.
I вось зімой 1930 года 24-гадовы астраном-самавук з Канзаса Клайд Томбаў, фоталабарант Абсерваторыі Лоўэла, назіраў за небам вакол сузор’я Блізнят. Тут ён і заўважыў, што за пэўны час адна з зорак ледзь прыкметна перамясцілася.
— Здарова, малая, — стомлена ўсміхаючыся, пастукаў Клайд пальцам па астранамічным здымку. Я ўпэўненая, што менавіта так ён і зрабіў.
Гэта была планета, не падобная да астатніх. Маленькая, цёмная, аточаная такімі ж нягеглымі астэроідамі, як сама, яна, тым не менш, упарта мігцела, заяўляючы пра сваё існаванне. Яна вельмі павольна рухалася вакол Сонца па вельмі дзіўнай арбіце. To набліжалася да яго, абганяючы Нептун, a то так аддалялася, што, здавалася, яшчэ крыху — і яе зусім адарве, і яна пачне насіцца ў бяскрайнім космасе, як некаторыя іншыя беспрытулызыя планеты. Было ў ёй нешта хімернае і адначасова кранальнае.
Імя для новай планеты прыдумала адзінаццацігадовая англійская дзяўчынка Вэнэцыя Бэрні. Гэта было ўдалае імя: Плутон — бог падземнага царства, а за Нептунам яно менавіта так: халодна, цёмна і глуха.
Астраномы з самага пачатку сумняваліся, ці паўнавартасная гэта планета. А ў 1986 годзе каля Урана прайшоў амерыканскі касмічны апарат «Вояджэр-ІІ». Ён скарэктаваў некаторыя зямныя разлікі, і выявілася, што ніякіх невядомых цел на арбіту Урана не ўплывае. Дзявятай планеты не існавала. Але толькі ў 2006 годзе астраномы прызналі Плутон
малой планетай. Большай за розныя там астэроіды, але зусім не ўнікальнай. Да таго часу з дапамогаю новых крутых тэлескопаў такіх міні-планет у нашай сістэме выявілі вагон і маленькую цялежку.
Выглядае, што людзі знайшлі Планету X таму, што вельмі хацелі яе знайсці.
Пытанне, хто стане дамай сэрца Максіма Статкевіча, даўно не давала спакою 234-й школе. I вось нарэшце школьныя астраномы засеклі ў ягоным гравітацыйным полі Соню Сінічку і вырашылі, што дзявятая планета — гэта яна. I няхай не існавала ніякіх доказаў, што нешта ёсць паміж Соняй і Максімам, — каго гэта цяпер хвалявала?
Добрая парада для малых планет і вялікіх астэроідаў: калі побач з вамі круціцца планета-гігант, не стойце ў яе на арбіце. He трэба было ўмець чытаць па зорах, каб зразумець, што Соню чакаюць вялікія непрыемнасці.
I яны неадкладна пачаліся.
ххх
Дзверы дваццаць першага кабінета шырока раскрыліся. Пакінуты без нагляду «Д» клас на секунду прыціх, але тут жа выбухнуў рогатам і свістам. Бо на парозе стаяў не завуч ці дырэктар, які прагнуў прыспець на гарачым прыпанкаваную астранаміцу, а...
Ну, вы здагадаліся.
— Сінічка!!! — зароў Максім Статкевіч з парога, пабачыўшы, што ў класе няма настаўніка. У руцэ ён сціскаў мокрую анучу.
Соня тут жа падхапілася, вачам не верачы. Максім! Сволач і падонак, сноб няшчасны... Сонейка, зайка, рыбка... Чаго яму зноў трэба? А яна ж сёння нават у школу раней выйшла, абы з ім не звязвацца...
— Статкевіч, нешта ты зачасціў!
— Можа, ужо перавядзешся да нас?
Максім імкліва зайшоў у кабінет і, схапіўшы Соню за запясце, пацягнуў да выхаду.
— Пойдзеш са мною.
— Здурэў? Чаго табе знову? Адпусці, нікуды я з табой не пайду!
Але Статкевіч моўчкі цягнуў яе па калідоры на сходы. Спыніўся ён толькі каля раскладу на трэцім паверсе.
— Вось, палюбуйся. Выйшаў, блін, анучку памачыць.
Соня разявіла рот. На раскладзе вісеў калаж, змайстраваны з іх скандальнай фоткі. Іх выявы з заплюшчанымі вачыма былі ўклееныя фоташопам на панараму кіеўскага Майдана Незалежнасці. Пад імі быў рознакаляровы надпіс: «Соня Сінічка і Максім Статкевіч. Вясельнае падарожжа ў Кіеў».
На дах аднаго з будынкаў Майдана гора-дызайнер начапіў неонавую шыльду з надпісам «Ноппеу Мооп».