Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
ххх
Ранкам наступнага дня ў доме Статкевічаў панавала ўрачыстае напружанне. Нават Сонін тата ўзняўся раней, каб пажадаць дачцэ ўдачы.
Усе ведалі: Соня ідзе здаваць супертэст. Максім, які таксама ішоў яго здаваць, чамусьці нікога не цікавіў.
— Трымайся, дзяўчыначка мая, — абняла мама Юля Соню. — Вось, амулет на ўдачу, — яна працягнула ёй невялічкі канверцік. Раскрыеш, калі ўсё напішаш!
Па дарозе праз казачны лес Максім паўтараў з Соняй няправільныя дзеясловы англійскай мовы. Нават гэтыя хвіліны яны выкарыстоўвалі для вучобы.
На ўзлеску Статкевіч спыніўся і замаўчаў. Адсюль, па дамоўленасці, яны ішлі асобна. Соня адчувала, што мусіць нешта сказаць.
— Дзякуй табе, — нарэшце вымавіла яна. — У любым выпадку дзякуй.
— А табе — удачы, — кінуў ён цераз плячо і збег па схіле.
XXX
Для тэстаў дзявятыя-адзінаццатыя класы рассадзілі па кабінетах на трэцім і чацвёртым паверсе. Да кожнага класа прыставілі настаўніка-наглядчыка — прычым стараліся, каб той не быў знаёмы з вучнямі. Некалькі настаўнікаў дзяжурылі на калідорах. Першай здавалі матэматыку, потым — інгліш, фізіку, русбел і, нарэшце, гісторыю. Па ўроку на тэст, але дазвалялася пісаць на перапынку, да званка на наступны ўрок.
«Дэшкі» былі яўна не ў захапленні ад неабходнасці столькі думаць цягам аднаго дня. У класе панавала шушуканне і пераміргванне, і наглядчыца — матэматыца малодшых класаў — штохвіліны сканфіскоўвала шпаргалкі.
Затое ў Соні адкрылася другое дыханне. Яна радасна ўскрыкнула, пабачыўшы матэматыку ды фізіку: амаль усё яна разбірала са Статкевічам. На аўтамаце зрабіла інгліш, рускую/беларускую мовы. Так распісалася, што з паловы на дзявятую ўздымалася з-за парты, толькі каб папрастаць ногі. А калі прыйшла чарга гісторыі, Соня вачам сваім не паверыла: «Якія важныя падзеі адбываліся ў свеце ў 1962 годзе?», «Назавіце прычыны ўзвядзення Берлінскага муру»...
— «Ашкі» ў суседнім кабінеце зубараць што дурныя. Падручнікамі абклаліся, — далажылі Галя са Снежкай, схадзіўшы на перапынак. — I толькі твайму Статкевічу хоць бы хны. Сядзіць, часопіс чытае.
— Ніякі ён не мой, — абрубіла сябровак Соня, а самой аж цёпла стала. Значыць, ён тут, за сценкай...
Калі празвінеў званок з пятага ўрока, да Соні падляцеў Вася.
— Сініца, харэ пісаць! Здавай хутчэй — затусім у макдоне!
— Чакай, я яшчэ не ўсё!
— Ды колькі можна страчыць? Чатыры старонкі ўжо дробным почыркам. Усё, яна здае! — і вырваўшы ў Соні тэст, аднёс яго на настаўніцкі стол.
— Ты хворы? Я не дапісала!!! — зараўла Соня. — Што ты нарабіў?
— Перш папрацуй, пасля — патанцуй! — павучальна прамовіў Вася, згроб Соніны асадкі ў ейны ж заплечнік, закінуў яго сабе на спіну, падхапіў Соню на рукі і вынес з кабінета.
— Адпусці мяне, каму я сказала! — верашчала Соня, але магутныя Васевы абдоймы не дазвалялі ёй вырвацца.
3 суседняга кабінета выходзіў Максім у кампаніі акулярыстага бландзіна.
— Глядзі, Макс, — дык гэта ўсё-ткі ейны бойфрэнд? Ну, той дзяўчыны? — пачула за спінай Соня.
— Табе справа да плебсу? — грэбліва адказаў Статкевіч.
— Адчапіся, ідыёт! Нікуды я з табой не пайду, бо ты запароў мне кантрольную! Я дадому — спаць!
Соня хуценька саскочыла на падлогу, але на калідоры ўжо было пуста.
ххх
Гэтым разам Вася не спрабаваў праводзіць Соню дадому легальна. Ён вырашыў незаўважна прасачыць за ёю. I правільна зрабіў. Соня, пабачыўшы, што няма чаго хавацца, пайшла пешкі. Прайшла ўніверсам, будоўлю, абмінула лес і выйшла да вадасховішча. Вася асцярожна шыбаваў следам па ўзлеску. Але Соня, відаць, надта стамілася, каб заўважыць пераследніка. Калі праз нейкі час дзяўчына выйшла на шырокую паляну, аточаную шыкоўнымі маёнткамі, ён ужо не мог ісці за ёю. I толькі здалёк яму ўдалося пабачыць, як яна падышла да аднаго з дамоў і адкрыла ключамі веснічкі.
ххх
— Вывесілі! Вынікі тэстаў вывесілі!!!
Адбылося гэта ў чацвер пасля трэцяга ўрока. Усе старэйшыя класы навыперадкі сыпанулі ў вестыбюль, да запаветнага слупа, які густа аблеплівала скотчам намесніца дырэктара. Топ-45 для трох паралелей раздрукавалі буйным шрыфтам, па 15 прозвішчаў на аркушы і вывесілі на слуп трыма белымі кілбасамі.
Соня таксама пайшла. Праўду кажучы, яна ні на што не спадзявалася. Калі эйфарыя мінула, яна зразумела, што нарабіла ва ўсіх пяці тэстах процьму памылак.
Адзінае, пра што яна цяпер хвалявалася, — вынік Статкевіча. Як ён даў рады пасля такога недасыпу?
Хвалявалася яна, аднак, дарма. Падышоўшы да калоны, яна пабачыла па-над галовамі вучняў першыя радкі спіса:
ВЫНІКІ ТЭСТАЎ (11 КЛАС)
1. Максім Статкевіч —11 «А» — 498 балаў.
Як заўсёды, з адрывам балаў пяцьдзясят ад другога месца. Камень з душы зваліўся.
У гэты момант у вестыбюлі з’явіўся Максім. He падыходзіць да яго ў школе, не падыходзіць да яго ў школе... Але, можа, сёння яна мае права павіншаваць яго?
Так падумала Соня, але адышлася пад лесвіцу, ад граху падалей.
— Статкевіч, што ты тут забыў? Чаго ты яшчэ пра сябе не ведаеш?
Але «кароль школы» паводзіўся неяк не па-манаршы. Ён паспрабаваў уплішчыцца ў натоўп, які густа абляпіў слуп з вынікамі.
—Табе што, адсюль не бачна? Чатырыста дзевяноста восем!
— Каланіцкі, прысядзь! — раптам скамандаваў Статкевіч.
Каланіцкі здзіўлена загігікаў, але паслухаўся.
— Ніжэй, яшчэ крыху... А ты, Канькова, адыдзіся ўправа. Так... Можаш уставаць, Каланіцкі.
Невядома, ці хто заўважыў гэта, але твар Максіма Статкевіча на момант кранула шчырая ўсмешка.
Ён азірнуўся і раптам сустрэўся позіркамі з Соняй. Вачыма паказаў ёй на бакавы выхад з вестыбюля.
Соня тут жа пабегла туды.
За дзвярыма ў вузкім калідорчыку размяшчаліся кабінет псіхолага, каморкі аканома, бухгалтара і выхад на пажарную лесвіцу. Паколькі ўся школа сабралася ў вестыбюлі, тут было пуста.
— Віншую! — сказала Соня Максіму, калі той падышоў. — Ты зноў лепшы за ўсіх! Радая за цябе!
— Толькі за мяне? А сябе ты не хочаш павіншаваць?
— У сэнсе?
Максім кіўнуў галавой у бок слупа.
Соня кінулася туды з усіх ног. Прабілася да спіса, з’ехала па ім вачыма і нарэшце, у самым нізе, нахіліўшыся, прачытала:
45. Соф ’я Сінічка —11 «Д» — 343 балы.
— А-а-а-а! Я ў спісе! — заенчыла Соня на ўсю школу. — Я ў спісе!!!
Калі, сама не свая ад радасці, яна вылецела ў калідорчык, Статкевіч працягнуў ёй руку.
— Дзякуй табе, Максім! Дзякуй! Калі б не ты... — яна горача сціснула яго правіцу ў сваіх далонях.
— Ты з дубу ляснула? — Максім абурана вырваў руку. — Фотку давай.
— А, так... Вядома, — Соня агаломшана выцягнула з кішэні здымак «сняжынкі» і перадала яго Максіму.
— He размаўляй са мной у школе! — рыкнуў Статкевіч і знік на пажарнай лесвіцы.
45 1 = 44. Гэта адлегласць паміж Максімам Статкевічам і Соняй Сінічкай. Аднак няхай іх прамыя па-ранейшаму паралельныя, цяпер яны прынамсі ляжаць у адной плашчыні.
Раздзед VI
У СКУРЫ БАТАНІКА
— Глядзіце, вунь Соня Сінічка з «Д» класа!
— Учора яна трапіла ў спіс найлепшых вучняў школы!
— Выходзіць, «дэшкі» не такія тупыя?
— А яна сімпатычная!
Роўна два тыдні прайшло з той чорнай пятніцы, калі Соня наважылася ўручыць ліст з прызнаннем Максіму Статкевічу, — і вось пра яе зноў загаварылі. Толькі гэтым разам у шушуканні на калідорах пераважалі не злыя кпіны, а павага і захапленне. Гэта была ненармальная школа, дзе твой статус наўпрост залежаў ад сярэдняга бала ў чвэрці.
Упершыню ў жыцці Соня атрымлівала столькі кампліментаў. Аказваецца, быць батанічкай не так і адстойна.
Калі яна зранку ўвайшла на хімію, клас сустрэў яе авацыямі. I гэта пры тым, што яшчэ ў чацвер з Васевай ініцыятывы хлопцы хвілін пяць яе падкідалі, а потым пасадзілі на крэсла і хацелі так пранесці па калідоры. «Кожны тэст CoHi Сінічкі праверылі чатыры розныя настаўнікі, — абвясціла на ўроку матэматыца, — спісванне выключаецца». Трэба думаць, яна расказала гэта ўсім астатнім паралелям — калі Соня спусцілася на фізру, «гэшкі» сустрэлі яе засяроджаным маўчаннем. Ніхто з «Г» класа сёлета ў топ-45 не прабіўся.
Перад гісторыяй Соню знайшла Ніначка.
— Дзякуй табе, Сінічка, — сказала яна сваім заўсёдным пакрыўджана-абураным тонам. — Праз твой нечалавечы рывок дырэктар не толькі адкамандзіраваў мяне везці адзінаццатыя класы ў Кіеў, але і павесіў на мяне ўсю арганізацыю паездкі! А яна ўжо праз тыдзень! На грамадскіх пачатках, Сінічка! Толькі гэтага мне не хапала! 3 кім я на два дні пакіну ўласных дзяцей? Ты пра гэта падумала?!!
Пахваліць, падбадзёрыць, натхніць на новыя поспехі — усяго гэтага сярод Ніначкіных педагагічных прыёмаў не значылася. Так што гэтую яе эскападу можна было лічыць афіцыйным прызнаннем Соніных заслуг. Цяжка было не заўважыць, у якую эйфарыю прывёў Ніначку поспех адной з вучаніц — той, ад якой ужо ніколі нічога талковага не чакалі.
— I праўда! Ты ж паедзеш на экскурсію з усімі гэтымі зазнайкамі! — аж падскочыла Снежка, калі Ніначка развярнулася і зацокала ад іх абцасікамі па калідоры. Ужо вывесілі на дошцы аб’яў. Дзявятыя класы — Піцер, дзясятыя — Львоў, адзінаццатыя — Кіеў!
— Вы чулі? У сталоўцы нехта пажартаваў: «Сінічка — гэта Статкевіч 11 „Д“ класа», — дагнала дзяўчат запыханая Галя. — Соня, я думаю, гэта трыумф!
Максім! Ізноў школьныя зубаскалы спалучаюць іхнія імёны. Але новы кантэкст падабаўся Соні значна больш.
Але галоўнае —• вельмі хутка яна паедзе з ім у Кіеў.
Дзяўчаты ўжо рассаджваліся за партамі перад урокам.
— Сініца, дай перапішу, што па інглішы задавалі — папрасіла Галя. — Ты ж у нас цяпер батанік. Яўна ўсё канспектуеш — не тое што я.
Перш чым Соня кіўнула галавой на знак згоды, Вайтовіч цапнула са стала ейны дзённік. Адтуль вываліўся канверцік.
— Што гэта? «Соні — амулет на ўдачу. Адкрыць, калі абвесцяць вынікі тэстаў», — прачытала Снежка, падняўшы канверцік з падлогі.
— А, гэта... Мне далі... Я і забыла зусім... — рассеяна адказала Соня.
— Ну, вынікі абвясцілі, значыць, можна адкрыць, — сказала Снежка і спрытна разарвала лінейкай край канверціка.
Адтуль вывалілася паперка. Снежка і Галя з цікаўнасцю ўперыліся ў яе і раптам перамяніліся ў твары.
— Соня? Гэта што?!!
Але зірнуць на паперку Соня не паспела. У кабінет рашуча ўвайшоў Васілеўскі.
У яго быў такі спакойны твар, што зрабілася нават страшна. Зноў адпрасіўся з рынку. Халодны як мярцвяк, ён з парога пасунуўся да Сінічкінай парты.