Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
ўсіх дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў пяць аднастайных тэстаў па матэматыцы, фізіцы, англійскай, рускай/ беларускай мовах і гісторыі. Балы, атрыманыя кожным вучнем, падсумоўваліся, і такім чынам складалася тры рэйтынгі для трох паралелей, без падзелу на класы. На загад дырэктара найлепшыя сорак пяць вынікаў выводзілі на прынтары буйным шрыфтам і вывешвалі з трох бакоў на слуп — белую чатырохкутную калону ў вестыбюлі побач з дошкай аб’яў.
Узнагародай для найлепшых была турыстычная паездка на восеньскіх вакацыях за кошт школы. Ці, дакладней, за кошт спонсараў.
Лішне казаць, што больш за палову спіса ў Сонінай паралелі традыцыйна займаў «А» клас амаль у поўным складзе. Лішне таксама казаць, што два гады запар гэты спіс ачольваў Максім Статкевіч.
Спадзявацца на месца ў топ-45 камусьці, хто вучыўся ў 11 «Д», было гэтак жа недарэчна, як марыць пра палёт на Месяц. Зрэшты, «Д» клас гэтая гонка за лідарам не хвалявала. Тры дзясяткі дзяўчат і хлопцаў жылі насычаным жыццём сучасных падлеткаў, пакуль аднагодкі гібелі над падручнікамі ды канспектамі.
— Сініца, хто-хто, а ты ніколі не замарочвалася вучобай, — сказала Галя, нарэшце супакоіўшыся. — Што раптам здарылася?
— Гэты Макс Статкевіч, — насуплена прамовіла Соня, — ён проста не мае права нас абражаць. Я давяду яму, што не тупая. Што «Д» клас чагосьці варты.
— Цьху ты, зноў Статкевіч? — раззлавалася Снежка. — Ты ж учора ўрачыста абяцала забыць гэтага ідыёта.
— He, кахаць — кахай, справа твая. Але так надрывацца праз каханне — Соня, гэта занадта!
— Гэтым разам рэч не ў каханні. Рэч у прынцыпах.
— Ты што, сур’ёзна збіраешся вучыцца? — Галя глядзела на Соню, нібыта ўпершыню яе бачыла. — Тэсты ў сераду.
— Значыць, у запасе цэлы тыдзень. Сёння пачну. Усё, дзяўчаты, абдымаю. Мне пара.
— Стой, куды ты?
— А на чым ты паедзеш?
— А давай мы цябе праводзім!
Ну вось, зноўку. Давялося яшчэ паўгадзіны пазбаўляцца ад «хваста»; саджаць сябровак на тралейбус, а самой ехаць на наступным. Канспірацыя, каб яе.
Дарогаю дадому яна яшчэ трохі паблукала ў пасёлку, шукаючы Верасовую вуліцу. У дзверы пазваніла, калі ўжо бралася на цемру.
ххх
— Соня, золатка, як прайшоў твой дзень? Як вучоба?
Пытанне прыспела Соню знянацку. Так склалася, што ніхто ніколі не цікавіўся ў яе, як прайшоў дзень у школе. Яна сыходзіла з дому, калі тата яшчэ спаў, і засынала, калі ён яшчэ быў на працы. У нячастыя гадзіны разам Соня паспявала паведаміць толькі самае асноўнае са свайго жыцця. Таму цяпер, перад дапытлівым тварам мамы Юлі, яна спачатку няпэўна мэкала, але паціху-патроху разгаварылася.
Найдзіўней было тое, што маме Юлі сапраўды было цікава. Па аўторках яна ездзіць на вытворчую практыку, прызналася Соня і ўцягнула галаву ў плечы. Але, здаецца, маці дваіх геніяў гэтая інфармацыя прывяла ў захапленне. Швачка? Гэта выдатна! I ў жыцці прыдасца. Соня, калі трэба, можа карыстацца швейнай машынкай — яна ў гаспадарчым пакоі. Сама мама Юля ў пачатку дзевяностых на вытворчай практыцы вучылася... кіраваць грузавіком. I дагэтуль мае правы катэгорыі С. Як-небудзь яна пакажа.
Пабачыўшы, што Соня ідзе вячэраць, малы Вадзік аператыўна вылез з-за стала і, ігнаруючы дзяўчыну, знік у невядомым кірунку. Чыста папугай, які ва ўсім капіраваў старэй-
шага брата. Тата Віця быў дома, але, відаць, працаваў, бо засяроджана сядзеў тут жа ў холе пры хатнім камп’ютары, перыядычна аддаючы камусьці кароткія каманды праз мабільны. А Максіма нідзе не было.
— Максік на тэніс пайшоў. Ён тут непадалёк займаецца, на крытым корце, — адказала мама Юля, хоць Соня і не пыталася.
Спрабуючы прагнаць з думак узрушальную выяву Максіма Статкевіча з ракеткай, Соня працягвала балбатаць пра школу. He, тэлевізара глядзець яна не будзе. Ёй трэба многа вывучыць. Расказала пра дырэктарскі супертэст і пра тое, як цяжка да яго падрыхтавацца.
— Як цікава, Соня! I што, гэта такі складаны тэст? Як добра, што цяпер ты жывеш у нас, a то Максік ну нічагуткі пра школу не расказвае. Так, не — абцугамі інфармацыю трэба выцягваць. А ты такая старанная — ну ідзі, займайся. Удачы. Табе трэба камп’ютар для вучобы? Тата Віця, адарвіся на хвіліну, я дзіцяці персанальны профіль ствару. Глядзі, Соня, будзе кветачка на іконцы.
Аказваецца, мама — гэта вось як. Калі пасля вячэры Юлія Статкевіч уручыла ёй ключы на бліскучай бірульцы, Соня ледзь не расплакалася.
ххх
— Што рабіць? Я нічагуткі не разумею! — Соня ў роспачы павалілася на горку падручнікаў. — Я нават не разумею, чаго менавіта я не разумею!
Толькі цяпер яна пачынала ўсведамляць, што падрыхтавацца за тыдзень да пяці тэстаў па шасці прадметах —па-за межамі ейных магчымасцей. Калі б яна прысвяціла гэтаму папярэднія чатыры гады, а не гадзіны — магчыма, быў бы нейкі плён.
Да шостага класа Соня вучылася лёгка і амаль на выдатна. Але ў сёмым нешта пайшло не так — калі ў раскладзе з’явіліся
алгебра, фізіка і хімія, яна рэзка з’ехала і з таго часу перабівалася з пяцёрак на шасцёркі — з рэдкімі ўкрапінамі васьмёрак па гуманітарных прадметах. Што і давяло яе да «Д» класа.
Яна шчыра спрабавала ўчытацца ў параграфы, якія задаў ім паўтараць настаўнік фізікі, але безвынікова.
«А гэты сядзіць, відаць, за сценкай, шчоўкае задачкі як арэшкі, — злосна прабурчэла яна. — Батанік чортавы!»
3 гадзіну таму Максім вярнуўся дадому — Соня чула голас на калідоры.
Раптам пачуўся стук у дзверы.
— Соня, можна? — мама Юля прасунула ў пакой свой курносы носік. — Я табе гарбаты прынесла. 3 канапкамі! Падсілкуйся, зрабі перапынак — нельга займацца запар шмат часу. А можна з табой пасядзець?
Пытанне было рытарычным, бо на вялізным падносе, што яна трымала ў руках, стаяла дзве філіжанкі.
— Я так удзячная табе за магчымасць пагуляцца ў сапраўдную маму, — прасакатала мама Юля, разліваючы гарбату. Калі я вучылася ў школе, мая матуля заўсёды ладзіла мне такія вечаровыя перакусы: я, здаралася, начамі рыхтавалася да кантрольных. I нават падчас сесій у інстытуце, калі прыязджала ў Полацк... Цяпер мне гэтага вельмі не хапае.
— Вы хіба не робіце канапак Максіму, калі ён вучыцца?
— Як табе сказаць... Ніколі не бачыла, каб Максім вучыўся.
— Што?!!
— He, ну нейкія ўрокі робіць. Рэфераты піша і ўнізе раздрукоўвае. Але каб дапазна з падручнікамі...
— Чым жа ён цяпер займаецца?
— Чытаў, калі я зазірала. Можа, фільм глядзіць. Ці з Вадзікам у стралялкі гуляецца. Увогуле, яны ў мяне рана спаць кладуцца. А я сава.
Увесь імпэт Соні як рукой зняло. Статкевіч дакладна геній. I свае дзясяткі з плюсам здабывае, бо разумны, а не таму, што зубрыць дзень і ноч.
Бо гэта няпраўда, маўляў, троечнікі ненавідзяць выдатнікаў. Ненавідзяць зубрылак: калі б зубрылкі не зубрылі, былі б гэткія ж троечнікі, як усе.
А калі чалавек ад прыроды разумны, яму ўсё само сабой даецца. Як можна ненавідзець прыроду? Ёй можна толькі ціха зайздросціць.
— Ты, калі чагосьці не разумееш, у Максіма спытай. Ён патлумачыць. Ён з брацікам часта займаецца. Заўсёды рады дапамагчы.
Гэх, як шмат вы не ведаеце пра свайго сына, мама Юля.
— Соня, што гэта? Які цуд!
Гэта мама Юля зірнула ў кут, туды, дзе Соня пачала парадкаваць самае дарагое, што мела, — свой лялечны дамок.
Некалькі гадоў таму, калі тата толькі заліў падмурак іх будучага былога дома, ён змайстраваў для Соні фанерную скрынку з пераборкамі. Падгледзеў у часопісе аб рамонце заходнюю забаўку — дом для лялек.
— Вось, Сонюшка. Я буду будаваць вялікі дом, а ты — маленькі, — сказаў ён тады.
I Соня спраўна будавала. Фарбавала дах, клеіла на сценкі шпалеры, майстравала мініяцюрныя карціны, на кішэнныя грошы скупляла ў інтэрнэце мэблю ды розныя фінціфлюшкі. Шыла з лапікаў тканіны фіранкі, дыванкі ды пледзікі. За час, пакуль ішла татава будоўля, лялечны дамок зазнаў некалькі рамонтаў, рэдызайнаў і перастановак мэблі. Вось толькі такіх маленькіх лялек, каб пасяліць у доме, Соні не траплялася. Але яна спадзявалася аднойчы іх знайсці.
Учора тата адарваўся ад пасядзелак са Статкевічамі, каб сказаць ёй дабранач. Прыцягнуў і паставіў каля ложка густа аблепленую скотчам кардонку з-пад тэлевізара.
— Хоць твой дом цэлы застаўся, — сумна ўсміхнуўся ён. — Забірай, a то яго ў мой пакой памылкова занеслі.
Сам дамок-скрынку Соня выцягнула, але мэблю расставіць не паспела. Загорнутыя ў газеты шафкі ды камодкі грувасціліся на кіліме.
Мама Юля перабірала прадмецікі і здзіўлена вохала.
— Гэта проста здорава, Соня! Я не думала, што гэта можа быць так здорава! Можна я дапамагу табе тут усё расставіць? Ну калі ласка! Дарэчы, а хочаш зірнуць на маё хобі? Можна паказаць табе? Я хуценька!
Мама Юля знікла і праз пару хвілін вярнулася з абярэмкам фотаальбомаў.
— Я фатаграфую, — з гонарам сказала яна. — Альбомаў у мяне толькі надрукаваных штук трыццаць. Але я табе толькі старыя прынесла. Гэта з часу, калі Максім быў зусім маленькі. Табе ж цікава зірнуць? — хітра спыталася яна.
Соні было страх як цікава.
— Гэта я яшчэ на «Зеніт» здымала, — прамовіла жанчына, любоўна разгладжваючы старонкі. Старыя фота былі перакладзеныя ў новыя дарагія альбомы са скураным пераплётам.
На каляровых здымках з жаўтаватым адлівам былі прыгожыя цэрквы і касцёлы («Полацк», — патлумачыла мама Юля), нейкія дзяўчаты і хлопцы ў джынсавых куртках, між іх — малады тата Віця ў цяльняшцы на фоне возера... Потым, нібы нехта пераключыў канал, пачаліся выявы адна-, двухі трохгадовага шэравокага карапуза ў смешных гарнітурчыках. Маленькі Максім Статкевіч! Гартаючы альбомы, Соня вішчэла ад замілавання.
I раптам яна пабачыла дзяўчыначку гадоў чатырох у мілай ружовай сукенцы. Дзяўчыначка была вельмі прыгожая і так падобная да мамы Юлі...
— У вас... Гэта ваша дачка? — няўпэўнена спыталася Соня.
— Гэта? — задаволена захіхікала жанчына. — Хіба не пазнаеш? Гэта ж Максік!
— Што?!! — Соня пачала хапаць ротам паветра.
I тут мама Юля вываліла на Соню свой галоўны дзявочы сакрэт.
— Калі я была цяжарная першы раз, то вельмі хацела дзяўчынку, — патлумачыла яна. — Але нарадзіўся хлопчык. I вось, пакуль Максік у школу не хадзіў, я часам шыла яму спаднічкі ды сукеначкі. Але толькі каб сфотаць! Вось гэта, — тут яна перагарнула старонку, — мой шэдэўр.
На Соню, міла ўсміхаючыся, глядзеў маленькі Максім Статкевіч у цюлевым строі сняжынкі. Валасы яго былі сабраныя ў пацешныя хвосцікі, упрыгожаныя замест банцікаў срэбнымі гірляндамі. За ім зіхцела навагодняя ялінка. Выглядала, малы на фота і не падазраваў, што нешта не так.