Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Ура-а-а!!!
He лёс. На пачатку пятага ўрока ўвайшоў хмуры гісторык і абвясціў, што 11 «Д» здымаюць з заняткаў. Аканом павядзе іх на школьны двор прыбіраць лісце.
— Спадзяюся, да пункта прызначэння дойдзе хоць бы частка калектыву, — развітаўся настаўнік, скептычна акінуўшы позіркам галёрку, дзе разваліліся Вася, Дубовік і Лысы.
He прадчуваючы нічога добрага, Соня пацягнулася на падворак за аднакласнікамі. I Вася за ёю. Дзіўна, што настаўнікі лічылі яго вялікім ахвотнікам прагуляць. Наадварот — усе заняткі, дзеля якіх не трэба было чытаць падручнікаў, ён успрымаў з радасцю і энтузіязмам. У малодшых класах, бывала, аж са штаноў выскокваў, калі настаўніца прасіла раздаць сшыткі — вельмі яму падабалася быць карысным для людзей хоць нечым. Староннім гэта было невідавочна, але ў «Д» класе ён быў душой кампаніі.
Вось і цяпер Вася загарлаў, што дзяўчаты могуць расслабіцца, а яны з хлопцамі хуценька ўсё прыбяруць.
Толькі пакурыць збегаюць.
— Слухай, Сонька, што там з тваім пераездам? — схамянулася Галя.
Менавіта блізкае наваселле мусіла стаць навіной дня, калі б не адчайны Сонін выбрык.
— Дык заўтра і пераязджаем. 3 інтэрната выпісаліся. I ўжо амаль усе рэчы спакавалі. Мэблі трэба будзе дакупіць, але на першы час нармальна.
— Свой дом — гэта проста выдатна!
— Ага. Толькі ён у нас зусім маленькі. Да хаты вясковай падобны. I, ведаеш, тата рабіў усё сам — на свой густ. А густ у яго — ну, вы ведаеце... Вагонка ды фоташпалеры. I — галоўны прынцып — каб патанней. I так на будоўлю ішлі ўсе грошы.
— Густ, густ — галоўнае, каб смакавала! А гатуе твой татусь на «выдатна», — запэўніла Сняжана.
— Ну, проста калі новы дом, дык хай нешта прасторнае, мегасучаснае. Без катушкоў гэтых, перагародак, — летуценіла Соня. — Або наадварот — стрыманае, шляхетнае, у англійскім стылі. Вось бы жыць у светлым пакоі з белай мэбляй і карункавымі фіранкамі...
Ізноў палюе на жорава ў небе.
— He плач, красуня! — Вася лагодна паляпаў Соню па пакатых плячах. — Скончым школу, ажэнімся, возьмем ільготны крэдыт маладой сям’і — і я пабудую табе такую хату, якую захочаш!
— Наўпроставае ўключэнне «Дому-2», — фыркнула Галя.
— Усё будзе! Галоўнае — вер мне! Хадзем, рэбза, — і, звабліва патросшы перад носам Лысага і Дубовіка пачкам цыгарэт, Соніна светлая будучыня знікла за рагом школы.
— Нам сёння падключаюць ваду і газ, а ўчора пасля школы мы куплялі шпалеры, — працягвала асвятляць уласнае кватэрнае пытанне Соня. — Ну, хоць шпалеры сабе ў пакой я сама выбірала... Вой! Дзевачкі! Я толькі што асэнсавала! У мяне ж будзе асобны пакой!!! Мансардавы!
— Здорава!!! Будзе куды паставіць твой лялечны дом!
— А яшчэ можна купіць вялікі мяккі кілім, накідаць на падлогу падушак і варажыць са свечкамі!..
— А яшчэ!..
— А яшчэ!..
— Давай мы заўтра прыедзем да вас, дапаможам абжыцца!
— А потым хай твой тата забацае вячэру!
Сяброўкі ўзяліся за рукі і пачалі кружляць, смяяцца і падскокваць.
Соніна ранішняе ачмурэнне як ветрам знесла. Толькі вось раптам...
— Макс, гэта што, тая самая дзяўчына?
Дзяўчаты замёрлі, як у зямлю ўкапаныя.
Соня азірнулася і тут жа перапужана схавалася за спінамі Галі ды Снежкі.
Па школьным парку з садовымі граблямі ў руках ішоў Максім Статкевіч у кампаніі аднакласніка — кудлатага акулярыстага бландзінчыка. Нават з граблямі наперавес Статкевіч выглядаў арыстакратам.
11 «А» прыбіраў лісце на папярэднім уроку. Як жа без гэтага.
— А яна нават сімпотная. Толькі інфантыльная нейкая.
— Хадзем. Тут нічога цікавага.
I нават не паглядзеў у бок беднай Соні.
Так бы і завяршылася гэтая няёмкая сцэна, але тут на падворку пачуўся конскі тупат. 3-за рага школы вылецеў раз’ятраны Вася, абапал якога, як прыпражныя ў тройцы, несліся Лысы і Дубовік.
Соня закрыла вочы рукамі, бо спужалася, што Вася адразу пачне біць. Толькі гэтага ёй сёння не хапала. Але пацанскі этыкет, відаць, вымагаў нейкіх цёрак перад крывавай бойкай. Рэзка затармазіўшы пад носам хлопцаў з «А» класа, Вася аддыхаўся і зароў:
— А ну, стаяць, ыліта!
Хлопцы спыніліся, але ніякай іншай рэакцыі Вася не дачакаўся.
— Думаеш, калі ты завісаеш з дзірыкам, табе ўсё можна? — грозна працягнуў ён.
Маўчанне.
— Дзяўчына хацела адкрыць табе пачуцці, а ты яе пры ўсіх прынізіў. Ты перакананы, што ты мужык?
Вакол галоўных герояў сцэны ўжо сабралася масоўка з вучняў «А» і «Д» класаў. Стаіўшы дыханне, хлопцы і дзяўчаты чакалі, што адкажа Максім.
Вытрымаўшы паўзу, падчас якой ён змерыў Соню халодным позіркам, гэтак жа грэбліва, як зранку, Максім Статкевіч прамовіў:
— Ненавіджу тупых жанчын.
Соню як сцюдзёнай вадой з вядра абдалі. Калі б ён замест гэтых словаў выцяў яе граблямі, было б менш балюча.
«Дэшкі» застагналі ад абурэння, «ашкі» — ад смеху. Акулярысты таварыш Статкевіча рэзка перамяніўся ў твары. Відаць, зразумеў, што біць усё-ткі будуць. Хлопцы з «А» класа пачалі шыхтавацца за Статкевічам няроўным клінам. Іх у лінгвістычным было няшмат, але амаль уся моцная палова «Д» класа, як і прадказваў гісторык, зваліла дадому. Перавага была на баку батанікаў. Таму Лысы з Дубовікам асадзілі назад, абмежаваўшыся пагрозамі на словах:
— Калі мы ў простым класе — гэта не значыць, што мы тупыя!
— Зараз так увалім — касцей не збераце!
I толькі Вася быў настроены рашуча. Ён пачаў паволі падкасваць рукавы швэдра.
«А» і «Д» пайшлі сценка на сценку праз Соню Сінічку. Выдатная навіна для школьнага пабліку.
Першымі апамяталіся Галя і Снежка. Яны павіслі на Васілеўскім, галосячы на ўвесь падворак:
— Вася, не трэба! Ты са школы вылеціш!
— Ну і што? Затое ўвалю гэтаму ўроду! Кавалёва, адпусці руку! Адпусці руку, я сказаў!!!
Але дзяўчаты ўчапіліся ў Васю проста намёртва:
— Дурань! Пра маму падумай!!!
Максім Статкевіч, які дагэтуль са здзеклівай цікаўнасцю назіраў за валтузнёй «дэшак», моўчкі падышоў да зваленых на падворку садовых прыладаў і, не згінаючыся, дакладным жэстам кінуў граблі паўзверх кучы. Гэтак савецкія салдаты на старой кінахроніцы зрыналі нацысцкія штандары пад муры маўзалея:
— Спадарства, мы на інгліш спазняемся.
I пайшоў сабе, а яго фанабэрыстыя аднакласнікі — следам.
— Што, засцаў, Статкевіч? Батон недарэзаны!!! — не сунімаўся Вася.
Калі «А» клас знік у школьным пад’ездзе і дзяўчаты нарэшце адпусцілі Васілеўскага, той ужо спакойным голасам звярнуўся да Соні:
— Слухай, Сініца. Вы ж пераязджаеце. Бацьку скажы, каб грузчыкаў не наймаў, а толькі машыну. Я заўтра выхадны вазьму. Лысы з Дубовікам таксама дапамогуць. Праўда, пацаны?
I, падхапіўшы граблі, якія хвіліну таму кінуў Статкевіч, пашыбаваў да дрэваў, донкіхот.
— Ну што, пераканалася, які ён падонак? — кіўнула Галя ў бок школы.
— Я два гады ўяўляла сабе зусім іншага чалавека, — уздыхнула Соня. — Я так кахала яго, а ён... Я ніколі яму гэтага не дарую. Заўтра — новы дом і новае жыццё без недарэчнага кахання, — ваяўніча трасянула яна аброслай грыўкай. — А гэты свой ідыёцкі ліст... Спалю яго сёння з лісцем.
Так вырашыла Соня Сінічка.
Але ліста не спаліла.
Раздзел II
ЯШЧЭ АДНА КАТАСТРОФА
— У сапраўднай хаце мусіць стаяць водар сасновых дошак!
Соня прынюхалася. У нос шыбануў рэзкі пах марылкі, якой тата цягам апошніх месяцаў апантана абмазваў вагонку ўсярэдзіне і знадворку. Жоўтая падлога, жоўтыя сцены, жоўтая столь, самаробная жоўтая мэбля на кухні... Толькі пластыкавыя вокны былі белыя. I дах — чырвоны.
Колькі сябе памятала, Соня жыла ў маласямейным інтэрнаце пры нейкім чагосьці там будаўнічым заводзе. Мама з татам пасяліліся ў ім, як толькі ажаніліся, дый так і засталіся — хоць і завода таго ўжо не было, і тата даўным-даўно перакваліфікаваўся ў прадпрымальніка. Зрэшты, апошнія пару гадоў адміністрацыя вельмі празрыста намякала Сінічкам на высяленне. Яны ўжо даўно б маглі перабрацца ў якую двухпакаёўку ў Зялёным Лузе, але бацька смяротна баяўся ўлазіць у крэдыты. 3 ягоным бізнесам — рэстарацыя блізу Камароўкі — прагназаваць прыбыткі было складана. Пятру Сінічку не хацелася перадаваць дачцэ ў спадчыну адны пазыкі. Таму ён паціху-патроху, на жывыя грошы паставіў сабе катэджык не так далёка ад Мінска, фактычна пад кальцавою.
— Тата, у нас проста цудоўны дом!.. Шкада толькі, мама не бачыць...
Тата з мамай заўсёды марылі пра катэдж.
Мама Соні загінула, калі Соня была зусім маленькай.
Яшчэ не стары, але ўжо крыху ссівелы мужчына з прыгожым стомленым тварам, Пётр Сінічка пагладзіў дачку па валасах:
— Даруй, родная... Табе столькі давялося вытрываць за апошнія гады... Адмаўлялі сабе ўва ўсім, затое сумленнай працай прыдбалі свой кут. Дзякуй, што ты цэніш гэта. Абяцаю, цяпер усё будзе іначай.
Соня, колькі сябе памятала, насіла чорны скураны абутак. Узімку і ўлетку — адна пара на сезон, а калі пашанцуе, то і на два.
Таму што чорнае — практычна. I да ўсяго пасуе.
Былі і іншыя чыста дзявочыя крыўды на бацьку, які зранку да ночы бавіў час то на працы, то на будоўлі. Але Соня не лічыла патрэбным іх агучваць. Дый што гэта за крыўды? Мабільнік без наваротаў? Джынсы з сэканд-хэнда? Яна не такая спешчаная, як некаторыя паненкі! I ніхто ў 234-й школе не мог упікнуць іх, што яны бедныя. Тата спраўна фінансаваў усе рамонты, абеды, экскурсіі, культпаходы ды падарункі настаўнікам і нават ахвяраваў нешта ў фонд школы. Жыццёвым прынцыпам Сінічак было: «Нічога лішняга».
Бацька схадзіў да машыны, занёс у навюткую гасцёўню першую скрыню з хатняй драбязой. Пакорпаўся ў ёй. Выцягнуў старую фотарамку з партрэтам прыгожай шэравокай жанчыны. Красуня мякка ўсміхалася і глядзела кудысьці ўдалеч. Паставіў партрэт на падлогу пасярод пакоя. He вытрымаў і расплакаўся.
— Вось, Алена. Усё, як мы планавалі. Праўда, прыгожа?..
Соня села побач з бацькам, абняла яго за плечы.
Мамы не стала ў канцы дзевяностых, калі Соня яшчэ не хадзіла ў школу. Тата часта браў дзяўчынку ў кавярню, і яна ціха гулялася з лялькай у кутку павільёнчыка, а тата за стойкай сварыўся з нейкімі людзьмі. Тыя крычалі на яго,
пагражалі, але ён іх не баяўся і заўсёды праганяў. Калі яны сыходзілі, Соня пачынала плакаць, а тата супакойваў яе і казаў, што гэта «нехарошыя дзядзькі» прыходзілі да яго «аджаць бізнес», але плакаць не трэба, бо ўсё будзе добра. Тых, хто ведаў уладальніка рэстарацыі «Пан Сцяпан» па працы, вельмі здзівіла б, наколькі ён можа быць сентыментальным.