Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Дарэчы, бабло даюць, — далажыў Дубовік і патрос урнай, у якой сапраўды нешта зашамацела.
— Васілеўскі, я цябе як чалавека прашу! Годзе выстаўляць мяне на пасмешышча!
У сваёй беспаспяховай спробе суняць Васю Соня незнарок перагарадзіла ўваход у школу. I раптам сэрца абарвалася:
— Можа, пасунешся? — прагучаў над ёй незадаволены голас.
На школьным ганку стаяў Максім Статкевіч.
— А ну, стаяначка! — цяпер дарогу адстаўному Сонінаму ідэалу заступаў ужо Васілеўскі. — А бабкі здаць? Ты хоць ведаеш, хто вінаваты ў тым, што Соня засталася без дома?
— П’яны зваршчык, — спакойна прамовіў Статкевіч.
— 3 Соняй здарылася бяда, бо ты павёўся з ёй, як падонак! — выпаліў Васілеўскі ў мегафон.
«Божа, што ён вярзе?» — схапіўшыся за галаву, Соня прыхінулася да вушака. Болып за ўсё ёй хацелася ператварыцца ў невідзімку.
— 3 логікай у цябе яўна праблемы, — хмыкнуў Статкевіч. — Але калі ты настойваеш... Даруй, няма беларускіх.
I, засунуўшы руку пад лацкан пінжака, ён раскрыў гаманец і паклаў Соні на плячо дзесяцідоларавую купюру.
Некалькі імгненняў Соня не магла паварушыцца, але потым, апамятаўшыся, сарвала з пляча паперку і рынулася следам за Статкевічам у вестыбюль.
— Гэй ты!!!
Ён удала абярнуўся, бо скамечаныя дзесяць баксаў пстрыкнулі яму проста ў жывот.
Яны стаялі на тым жа пятачку, дзе пару дзён таму сустрэліся ўпершыню.
I куды толькі падзелася тадышняя Сінічкіна сарамлівасць і нерашучасць?
— Забірай сваю падачку, урод! Сорамна падумаць, што я два гады марыла пра цябе! Я лепш памру, чым прыму ад цябе дапамогу!!!
Статкевіч абыякава сузіраў яе істэрыку, але, пачуўшы апошнюю фразу, злацешна ўсміхнуўся.
— Ну глядзі. Ты сама гэта сказала. Запомні свае словы.
I пайшоў уверх па сходах.
— I запомню! Годзе ўдаваць з сябе генія і глядзець на ўсіх, як на кампост! Валі давай! — крычала Соня наўздагон.
— Народ, там зноў Сінічка і Статкевіч!
— Што гэтая парачка не падзяліла?..
«Парачка»? He, яе больш не будуць асацыяваць з гэтым бяздушным балванам. Іхнія дарожкі канчаткова разышліся.
— Ты, маці, руліш! — Галя і Снежка аж заходзіліся ў экстазе, бо гэтым разам назіралі ўсё на свае вочы. — Здорава ты яго... Так яму!..
— Калі табе не трэба, я вазьму працэнт з дабрачыннасці, — Вася старанна разгладжваў пакамечаную інвалюту. — 3 паршывай «ашкі», як той казаў хоць воўны жмут.
Да дошкі аб’яў купкамі падыходзілі школьнікі. Рагаталі і адыходзіліся.
— Што там? — спахмурнела Соня.
— He трэба, не хадзі!!! — у адзін голас завішчэлі Галя са Снежкай.
Але Соня пайшла.
Нехта павялічыў яе мурзатую выяву на папялішчы, раздрукаваў і прычапіў на дошку. У раёне джынсаў асадкай дамалявалі выхлап і падпісалі: «Газ».
Гэта быў фініш.
ххх
— Калі разабрацца, татусь, то, можа, яно і да лепшага. He газ, дык ураган. Раней ці пазней гэта адбылося б. Ты ж сам прызнаўся, што сцены былі хліпкія...
— Ды нармальныя былі сцены, Соня. He забывай, што твой тата ўсё-ткі інжынер па адукацыі. Гэта ўсё Антонавіч. Загнаў мне гнілыя бэлькі. Усё ад іх.
— А я казала, што не трэба будаваць з усякага ламачча.
— Усё, давай закрыем тэму.
Надвячоркам таго ж дня бацька падабраў Сінічку на прыпынку непадалёк школы. Вызваліўся так рана, як змог, але ўрокі ў Соні скончыліся яшчэ да абеду. Каб не туляцца пад гідкай імжой па гразкім мікрараёне, дзяўчына некалькі гадзін прасядзела з кніжкай за пластыкавым сталом у кафетэрыі ўніверсама. Ёй не было больш куды ісці. Патрыманая «Таёта Карола», да самых пярэдніх седалаў наладаваная скрынкамі, скруткамі ды валізамі, была цяпер іх адзіным домам. Зрэшты, яны акурат кіраваліся ў свой новы прытулак.
— Тата, дык у каго мы будзем жыць?
— У майго блізкага сябра. Мы разам былі ў інтэрнаце.
Сонін тата вырас у барысаўскім дзетдоме, так што ягонай адзінай сям’ёй былі равеснікі — такія ж сіроты, як ён сам.
— У нас з Віцьком была неразлітая вада. Мы і ў вучэльню разам пайшлі, потым у палітэх разам паступілі. Я яго і з Юляй, ну, жонкай ягонай, пазнаёміў. Яны цудоўныя людзі,
вось пабачыш... Дарэчы, у іх сын прыкладна твайго веку. Віця казаў, што той ходзіць з табой у адну школу. I ён цябе ведае.
Яшчэ б. Цягам дзесяці гадоў у 234-й школе Соні ўдавалася заставацца нікім. Але за апошнія дні адбылося столькі ўсяго, што цяпер яе пазнаваў у твар кожны вучань ад сёмага да адзінаццатага класа. Асабліва пасля выбуху. Сам дырэктар спыніў Соню на калідоры і спытаўся, чым школа можа дапамагчы.
Дзякуй, але ёй нічога не трэба. Нават ад дробязі, сабранай Васем, яна адмовілася. Той не знайшоў нічога лепшага, як здаць гэтыя грошы за Соню старасце на школьныя абеды.
— Калі ён такі блізкі твой сябар, чаму я яго не ведаю?
— Мы пасля інстытута разам яшчэ трымаліся, у дзевяностыя, а пасля ў яго свой бізнес, у мяне свой, жытка закруціла... Мы яшчэ сяк-так перасякаліся, але потым Статкевіч з сям’ёй з’ехаў за мяжу, я думаў, з канцамі. Але вось, аказваецца, ён тут, у Мінску...
Статкевіч?!!
У Соні ўжо амаль алергія на гэтае прозвішча.
— А дзе іхні дом?
— Тут зусім блізка, у элітным пасёлку. Віця апошнім часам вельмі падняўся. Ведаеш «Стар сістэмз»?
— He.
— Гэта ягоная кампанія. Ён уладальнік. Сказаў, што адгакаў сабе даміну, а цяпер не ведае, што з такой плошчай рабіць. Фармальна мы будзем здымаць у яго два пакоі. Так што не трэба пачувацца там беднай сваячкай, як ты часам любіш...
Уздоўж кальцавой замільгалі маркотныя крыжы Курапатаў. Неўзабаве бацька збавіў хуткасць і стаў прымаць управа.
— Тата, чакай, мы што, на Цну з’язджаем?
— Ага. Вуліца Верасовая. Чытай шыльды. Тут трэба ўважліва. Статкевіч тлумачыў, але першы раз, баюся, давядзецца пакруціцца...
Дарога нырнула пад МКАД, і ўваччу ў Соні на міг пацямнела.
Дзяўчына не магла не звязаць разам усе відавочныя факты. Яна не надта добра вучылася ў школе, але ў яе было здольнае сэрца. I цяпер яно шалёна тахкала, поўнае прадчуванняў.
— Я спадзяюся, ты і Віцькаў сын паладзіце. Толькі я цябе вельмі прашу — паасцярожней. Гармоны — такая штука, што ў любым, нават самым выхаваным сямнаццацігадовым хлопцы тоіцца звер. Па сабе ведаю.
Колькі Статкевічаў вучыцца ў іх школе? He такое ўжо і рэдкае прозвішча.
Ай, супадзенне.
Улетку яны з Галяй і Снежкай часта бегалі купацца на Цнянку. Часам, ад няма чаго рабіць, завітвалі «ў катэджы», разглядаючы рознакаліберныя палацы, шчыльна натыканыя мінскімі багацеямі ці не ў ахоўнай зоне. Летуценілі, якая ў якім хацела б жыць. Але даходзіць да гэтага глухога кута, з трох бакоў аточанага сасоннікам, не даводзілася.
Хоць не: глухі — не адпаведнае слова. Хутчэй зацішны. На фоне бору няроўнай лініяй мірна расцягнулася стракатая чарада ўтульных віл. I не скажаш, што зусім блізка — лічы, за лесам — двухмільённы горад.
Дом быў не такі ўжо і круты, як апісваў бацька. Побач стаялі больш самавітыя. Але, божухна, якім цудоўным быў гэты дом! Ахайная белая камяніца з паўкруглым гаўбцом, двухпавярховая, пад высокім светла-карычневым дахам, што блішчэў ад ліхтароў і імжы, як луска гіганцкай рыбіны. У абрамленні дахоўкі прыветнымі агеньчыкамі свяціліся паўкруглыя мансардавыя вокны. Такія ж вокны беглі па фасадзе на першым паверсе. На высокіх драўляных дзвярах з паўкруглым жа навершам вісеў малаточак. За ажурнай агароджай з падмуркам з натуральнага каменю да самага ганка раскінуўся густы траўнік з кветнікам: сям-там яшчэ дацвіталі
астры. Сонін лялечны дамок не меў фасада, але калі б меў, ён быў бы рыхтык такім. Верасовая, 77.
— Пятруха!!!
На гук матора з дома выкаціўся пацешны нізенькі дзядзька, пузаты і з залысінамі. У расцягнутым швэдры і хатніх сланцах. У Соні адлягло ад сэрца: зусім непадобны. Гэта дакладна не тыя Статкевічы.
— Віцёк! Брат!!!
Калі радасць ад доўгачаканай сустрэчы аціхла, згадалі пра Соню:
— Вось, Віцёк. Знаёмся. Мая дачушка.
— Дык гэта Соня? Якая прыгажуня! Уся ў маму! Ласкава запрашаю ў ваш новы дом. Пеця, куды ты? Потым разгрузімся. Спярша я вас хачу з маімі пазнаёміць.
Яны пакінулі абутак у светлай вітальні, і гаспадар правёў іх у памяшканне, якому і назву падабраць было цяжка. Усярэдзіне дом быў значна прасторнейшым, чым здавалася. Яны стаялі пасярод вялізнага хола, застаўленага канапамі, кніжнымі стэлажамі, рознакаляровымі фатэлікамі і размаітымі столікамі. У супрацьлеглым канцы ад увахода, перад шырачэзным французскім акном, за якім сцяной калыхаўся лес, стаяў трохметровы абедзенны стол. На сцяне справа вісеў здаровы пляскаты тэлевізар. Салідная барная стойка адгароджвала раскошную кухню са светлага дрэва. Злева ад уваходных дзвярэй на другі паверх вялі масіўныя сходы.
— Максім, хадзі сюды, з сябрамі пазнаёмлю!..
Яна пачула і пабачыла адначасова. 3 канапы перад тэлевізарам узняўся не хто іншы, як Максім Статкевіч:
— Ну што ж, прывітанне. Даўно не бачыліся.
Соня магла нема закрычаць, уцячы на вуліцу ці праваліцца скрозь зямлю. Яна выбрала самы энергазберагальны варыянт і самлела.
XXX
Соня паволі расплюшчыла вочы. Яна ляжала на чорнай скураной канапе, пад галавой у яе была салонная падушка. Перад ёй з занепакоеным тварам сядзела зграбная дагледжаная жанчына ў бэжавай ваўнянай сукенцы і абмахвала яе ручніком:
— Ну вось і слаўна! Ачуняла.
— Як ты пачуваешся, золатка? — на тату не было твару.
— Галава крыху круціцца.
— Можа, у больніцу? — занепакоена спытаўся Віктар Статкевіч.
— Што вы, не трэба! — спужалася Соня. — Проста мяне ў цяпле размарыла. I гэта... я ў абед не ела нічога.
— Божухна, беднае дзяўчо! Табе ж столькі давялося перажыць! Максім, падай вады, калі ласка!
3 незадаволеным выглядам — ягоная канапа занятая! — хлопец стаяў, прыхінуўшыся спінай да калоны каля барнай стойкі і, як нічога ніякага, працягваў глядзець тэлек. Гэта быў нейкі навінны канал накшталт «Еўраньюзу». Відавочна, дзеянні палестынскіх тэрарыстаў цікавілі яго значна болыл за тое, што адбывалася проста ў яго пад носам. На вокліч маці ён неахвотна адарваўся ад экрана і, наліўшы вады з графіну, перадаў Соні шклянку. Пасля чаго зноў уперыўся ў экран. Падчас усіх гэтых маніпуляцый ягоны твар не скаланула ні адна хоць колькі пазітыўная эмоцыя.
Соня адчула сябе пачаткоўкай-геймеркай, якая і дэма-версію крутой стралялкі прайсці не ў стане, а тут раптам глюк праграмы закідвае яе адразу на дзясяты ўзровень. I яна, не ведаючы на што націскаць, роспачна глядзіць, як выбухаюць касмічныя караблі, сусветы і цывілізацыі. Бо гэта быў новы, палепшаны, можна сказаць, інтымны Максім Статкевіч у хатніх тапачках, чорных джынсах і мяккай байцы прыглушана-блакітнага колеру. Шчасце, якое не магло зваліцца на яе ніколі, ні за што і ні пры якіх умовах.