• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    ...Калі ён падышоў да мікрафона, па шэрагах разнеслася працяглае дзявочае «ох». У Соні дык проста заняло дыханне. Адзеты ў гарнітур-тройку прыгажун трымаў у руцэ паперку з тэкстам, але, прамаўляючы, нават не зазіраў у яе. А гаварыў без запінкі — так, нібы лёгка вывучыў усё на памяць. Напрыканцы, карыстаючыся тым, што выступае ад лінгвістычнага класа, ён да месца ўкруціў нейкую фразу па-англійску, тут жа пераклаўшы яе для прафанаў. Соня чула потым, як настаўніцы англійскай захапляліся ягоным вымаўленнем: Pure British*. Казалі, што ён некалькі гадоў жыў з бацькамі ў Лондане.
    Сузіраючы на школьным ганку гэтага рыцара без страху і папроку, Соня ўпершыню ў сваім бесклапотным жыцці моцна-моцна, да рэзі ў жываце, пра нешта пашкадавала.
    — Ну і дурніца я. Нават не паспрабавала здаць тыя іспыты, — зашаптала яна Галі на вуха. — Толькі падумай: я магла б вучыцца ў адным з ім класе.
    — Ды ладна. Мы паспрабавалі. Скажы, Снежка? А толку? Там быў такі прахадны бал, што мама дарагая. Дый калі падумаць — навошта ён увогуле камусьці ўпаў, гэты спецклас? Восем урокаў інглішу на тыдзень — яно трэба? Хоць калі б перад іспытам нам паказалі такоооое — гэта была б зусім іншая матывацыя!..
    — Я буду добра вучыцца і ў дзясятым абавязкова перавядуся ў «А». Яшчэ не позна! Яшчэ можна нешта зрабіць! Яшчэ будзе магчымасць!..
    Новыя сяброўкі ў адказ толькі хмыкнулі.
    * Бездакорна брытанскае (англ.).
    3 таго часу два гады Соня жыла, нібы ў тумане, які крыху рассейваўся, калі ў калідоры вырастала фігура боства з паралельнага класа. Ён хадзіў па школе ў поўнай самоце, з каменным, нібы вечна нечым незадаволеным тварам брытанскага арыстакрата, гледзячы на іншых вучняў зверху ўніз, а на настаўнікаў — як на роўных, але малапрыемных яму асоб.
    Сноб няшчасны.
    Але ў гэтага сноба і зазнайку Соня з першага погляду закахалася па самыя вушы. I нават пасля таго, што адбылося сёння, кахала яго, нягодніка, аддана і безнадзейна.
    Яна сапраўды спрабавала перавесціся ў лінгвістычны. Пагатоў пасля дзявятага класа частка яго вучняў спакусілася на розныя коледжы ды ліцэі і вызваліла колькі запаветных месцаў. Але, па-першае, у сваёй мілоснай ліхаманцы наша гераіня забылася пра восем урокаў англійскай на тыдзень і тую прорву ў ведах, якая цяпер аддзяляла яе ад «ашак». Самастойныя заняткі не далі плёну, а на рэпетытара грошай у іх з бацькам не было. Настаўніца англійскай толькі цяжка ўздыхнула, аддаючы ёй аркушы выніковага тэста за дзявяты клас, пасля якога перавод мог адбыцца. Па-другое, выявілася, што прэстыж «А» класа затлуміў галаву шмат каму ў раёне, і на вольныя месцы аператыўна прынялі мажораў, чые таткі ахвяравалі школе навюткую аргтэхніку і мэблю.
    Мінуў яшчэ год, і на пачатку адзінаццатага класа Соня Сінічка вырашыла, што неадкладна прызнаецца ў каханні Максіму Статкевічу. Калі памарудзіць яшчэ крыху, яны скончаць школу, і шанцу ўпаляваць свайго жорава ў небе ў яе не будзе.
    Цэлы месяц Соня набіралася адвагі, абдумваючы дэталі. Напісаць мэйл ці эсэмэску, як робяць у такіх выпадках іншыя дзяўчаты? Каб жа — яшчэ адной агульнавядомай прымхай Статкевіча было тое, што ён не меў ані мабільніка, ані старонкі хоць у якой сацыяльнай сетцы.
    Падысці на перапынку і сказаць? Ды яна знепрытомнее, перш чым вымавіць слова!
    Таму паміж асабістым зваротам да аб’екта кахання і поштай Соня выбрала сярэдні варыянт, прадыктаваны абставінамі і асвечаны школьнай праграмай па рускай літаратуры. Перавёўшы гару паперы, у выніку перапісала на чыставік кароткае, але кранальнае прызнанне свайму Анегіну. Дрыготкімі рукамі запакавала ў канверт з ружачкамі, які паўгадзіны выбірала ў аддзяленні «Белсаюздруку». На канверце каляровымі гелевымі асадкамі напісала: «For Maxim from Sonya with Love», на ўсялякі выпадак пераправерыўшы ў слоўніку нават такія простыя словы. Вырашыла, што па-англійску будзе нетрывіяльна і дарэчы. Паклала канверт у патаемнае аддзяленне заплечніка. Млеючы, стала чакаць моманту.
    Спярша яна думала прыйсці ў школу як мага раней перад урокамі і, прабраўшыся ў апранальню 11 «А», пакласці канверт у кішэню ягонай курткі. Але перашкодзіла чарговая асаблівасць Максіма Статкевіча. Амаль да зімы ён не насіў верхняй вопраткі, толькі перад самымі маразамі ўбіраючыся ў піжонскае цёмна-шэрае паліто. Ну, прынамсі такое было на ім вясною. Наконт новага пакуль было няясна, бо восень выдалася надзіва цёплая. Шторанку Соня нецярпліва падбягала да тэрмометра ў кухні інтэрната, але той няўмольна паказваў не ніжэй за плюс дзесяць.
    Сёння, у пятніцу адзінаццатага кастрычніка, Соня не вытрымала і сказала сабе: няхай будзе, што будзе.
    Прыйшла ў школу раней. Села на лаўку пад лесвіцай каля гардэроба. Стала чакаць.
    Нарэшце ён увайшоў у вестыбюль. Спакойны і ўпэўнены, як заўсёды.
    — Максім, чакай, калі ласка!..
    — Хто такая? — хлопец здзіўлена нахмурыўся, хоць Соня і не пабачыла гэтага, баючыся адарваць вочы ад пліт падлогі.
    — Я Соня Сінічка з 11 «Д», — выпаліла яна хуткамоўкай. — Вось, гэта табе. Прачытай, калі ласка.
    I яна падала яму канверт — трымаючы аберуч, сагнуўшы рукі ў локцях — так, нібы запускае паперу ў прынтар.
    Ён на імгненне затрымаў позірк на ружачкавым канверце, нахмурыўся яшчэ болей і ціха, але дастаткова выразна, каб пачулі ўсе выпадковыя сведкі гэтай сцэны, працадзіў кудысьці ўбок:
    — Пашляціна.
    I пайшоў сабе далей.
    Гэта была катастрофа.
    У паўцёмнай шатні спартзалы, у адных шортах і майцы, Соня пачала замярзаць. Жывот і праўда балеў — быццам пасля іспыту, які яна праваліла.
    ххх
    — Ну і скот!!!
    Галя і Снежка толькі што пачулі пра адрынутае прызнанне з першакрыніцы — ад самой Соні. Уцёкшы з фізры яшчэ да званка, яна кароткімі перабежкамі, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі, перамясцілася ў кабінет, дзе мусілі адбыцца белмова з беллітам, а потым яшчэ і гісторыя. Каля кабінета ў тарцы другога паверха была зручная каморка на швабры. Залезшы туды, Соня ўдала размінулася з папярэднім класам — хоць і тут яе сягала няўмольнае: «Пашляціна! Пашляціна!» — якое на розныя лады паўтаралі сёння на ўсіх школьных калідорах. Сказаўшы беларусіцы, што дзяжурыць, яна парасчыняла форткі, выцерла дошку бруднай анучай і хуценька зашылася ў кут, за сваю парту, марачы навекі зліцца з бэжавай алейнай фарбай на сценах кабінета. Тут яе і знайшлі сяброўкі.
    — Ён, вядома, красун, — але характар у яго паскудны, — разважала Снежка. — Ну, напісалі табе ліст. Вазьмі і пачытай. Што, карона ўпадзе?
    — Ён у нашай школе два гады, і нешта незаўважна, каб яго ўвогуле цікавілі дзяўчаты, — як магла суцяшала гаротніцу Галя.
    — Ну што ты так сябе катуеш, Сонька? Хіба мала навокал хлопцаў?
    Нібы на доказ гэтых слоў, калідор скалануў нялюдскі енк:
    — Сініца!!! Сіні-і-іца!!!
    — Прынесла ж нялёгкая, — закаціла вочы Снежка. — Ён, дарэчы, сёння сачкаваць збіраўся.
    — Яму, відаць, Лысы з Дубовікам эсэмэснулі. Экстранны выпуск, — з сарказмам сказала Галя. — Здароў, Вася.
    У кабінет куляй уляцеў высокі плячысты дзяцюк з ускудлачанымі валасамі і праставатым дабрадушным тварам. Па класе адразу разляцеўся пах цыгарэт і падгарэлага тлушчу. Лёша Васілеўскі, якога ўсе ў школе называлі Васем. У вольны час ён падпрацоўваў у в’етнамскай забягалаўцы на рынку і сёння, відаць, прыляцеў у школу проста адтуль — без заплечніка і формы, калі можна было назваць «формай» ягоны бясформенны і зацяганы клятчасты пінжак. Праз бойкі і прагулы ён таксама значыўся ў колішнім дырэктарскім спісе, але яго маці — школьная кухарка, якая гадавала сына адна, — вымаліла ў дырэктара літасці. Вось ужо два гады Вася сяк-так ліпеў у школе, цудам дацягнуўшы да выпускнога класа.
    — Сініца, ты праўда прызналася ў каханні гэтаму дырэктарскаму падбрэхічу?
    Вася быў Соніным аднакласнікам з шостага класа — тады іх літара была «В». Спачатку нічога не звеставала бяды — Вася спраўна лупіў Соню ранцам і цягаў яе за коскі. Як усіх і не звыш нормы. Аднак у дзявятым класе хлопец нечакана разгарэўся да Соні каханнем — гучным, бесцырымонным ды неўтаймоўным. I гарэў ім дагэтуль. Неўзаемна, ясная рэч.
    — Табе што, сапраўды падабаецца Статкевіч? Гэты хлышч і батан? Я думаў, ты несур’ёзна!!!
    — He твая справа.
    — He мая справа?!! А нічога, што я першы цябе заняў?
    — Я што, месца ў электрычцы? Я не твая ўласнасць.
    Адказвала Соня хутчэй аўтаматычна. За два гады на Васю не хапала ўжо ніякіх эмоцый. Хаця сёння ў яе ні на кога і ні на што не хапала эмоцый. А Вася працягваў галасіць:
    — Сініца, разуй вочы! Ты і я — ідэальная пара!!!
    — Вася, супакойся нарэшце. He бачыш, у якім яна стане? Статкевіч абліў яе брудам на вачах ува ўсёй школы. Ёй і без цябе моташна.
    — Гэты падонак адграбе ў мяне па поўнай!!! — зароў Вася. — Ён і так усім нашым як бяльмо на воку, а цяпер яшчэ і гэта! Навешаем яму сёння па дарозе дадому люлей!..
    — Тады цябе стопудова выключаць, — зазначыла Галя. Нагадаю, што ён — першы вучань школы, а ты апошні.
    — Можа, ён і першы ў школе, але дакладна не мужык! Мужык бы так не абразіў дзяўчыну. Пагатоў — Сініцу!
    Вася паспрабаваў абняць Соню за талію, але, на шчасце, увайшла беларусіца, і — кыш адсюль! — Соня выштурхнула яго за суседнюю парту.
    Пакуль беларусіца сабачылася з Васем наконт джынсаў і адсутнага канспекта па літаратуры, пакуль той хадзіў здаваць у гардэроб куртку і мыць анучу ад крэйды, Соня ціха дзялілася з сяброўкамі невясёлымі развагамі. Яна сядзела адна за апошняй партай, а дзяўчаты — перад ёй за чацвёртай, так што выходзіла, нібы сяброўкі сядзелі ўтраіх:
    — Вася мае рацыю, — шаптала Соня, нахіліўшыся наперад. — Калі хлопец не паважае пачуцці дзяўчыны, ён ні разу не мужык. Я паводзілася як немагчымая дурніца. Навошта мне гэты задавака? Карацей, даю слова: завязваю з «каханнем». Больш не буду сохнуць па гэтым паўдурку.
    Але прыняць віншаванняў з нагоды мудрага рашэння Соня не паспела:
    — Сінічка, можа, ты выйдзеш да дошкі і замест мяне раскажаш нам пра «Знак бяды» Васіля Быкава? Я пагляджу, як ты сачыненне напішаш. Хоць акурат з сачыненнямі ў цябе ўсё ў парадку...
    У класе загагаталі. 3 усяго відаць, чуткі дапаўзлі нават да настаўніцкай.
    ххх
    На абед у школьную сталоўку Соня, ясная рэч, не пайшла. Пад’ела халодных смажаных пельменяў, якія прыцягнуў з працы Вася (хоць у нечым ад яго карысць). Дзяўчаты падкінулі пакуначак соку з буфета. Яшчэ ўрок пратрымацца — і дадому. А там і выхадныя. Можа, да панядзелка жарсці ўтаймуюцца...