• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — Вось што, — абвясціла гаспадыня. — Вы, хлопцы, ідзіце выгружайце багаж, а потым адразу будзем вячэраць. A то зусім дзіця голадам заморанае. Максім! Тата Віця!..
    Зрабіўшы некалькі імклівых па вакол пліты, жанчына ў бэжавай сукенцы зноў апусцілася на канапу поруч з Соняй і горача паціснула ёй руку:
    — Будзем знаёмыя. Мама Юля.
    У яе былі вельмі прыгожыя цёмныя вочы. Максім, без сумневу, удаўся ў маму. Толькі вось ейныя вочы, у адрозненне ад сынавых, гледзячы на Соню, прамянілі непадробную радасць і захапленне.
    — Ах! У нашай сям’і будзе жыць дзяўчынка! — узбуджана сакатала мама Юля. — У мяне адны хлопчыкі, а я заўсёды так марыла пра дачку! Пячы з ёй пячэнькі, хадзіць па крамах, дзяліцца рознымі дзявочымі сакрэтамі! Соня, дарагая, пачувайся як дома! О, а вы ўвогуле знаёмыя з Максікам? Сустракаліся ў школе? Вы ж абое ў адзінаццатым, так?
    Соня толькі адкрыла рот, каб прамямліць нешта абцякальнае, але яе апярэдзіў кплівы голас:
    — Паміж нашымі класамі, мама, існуе, скажам так, пэўная акадэмічная адлегласць, — прамовіў Максім, ставячы каля сходаў валізу. — Але мы моцна зблізіліся апошнім часам. Праўда, Сонья?
    Чаму ён яе так назваў? He... Божа!..
    Яна рэзка пачырванела.
    — Ты...
    — У мяне фатаграфічная памяць. Калі я нешта прачытаў, ужо не забуду. Як бы мне гэтага ні хацелася.
    Ён такі мілы ў гэтай блакітнай байцы. За што ёй гэта?
    — Ну вось і слаўненька, дзеці, што вы так добра ладзіце. А, шчочкі паружаве-е-е-лі. Табе ўжо лепей? Сядайце за стол.
    Раптам тэлевізар пераключыўся з навінаў на нейкі агрэсіўны мульцік. Усе ажно здрыгануліся ад нечаканасці, але твар мамы Юлі тут жа расквеціўся хітрай усмешкай. Яна
    зазірнула пад журнальны столік і выцягнула за нагу таўставатага хлопчыка гадоў пяці-шасці ў джынсавым камбінезончыку і з пультам у руках.
    — Мама, пусці! Я ў засадзе!
    — I як даўно ты тут сядзіш? Вадзік, павітайся са сваёй новай суседкай!
    Перад Соняй на падлозе сядзела пухленькая копія Максіма Статкевіча. Што з твару, што ў манерах. Састроіўшы ёй незадаволеную міну, малы прабуркатаў: «Я зараз», — і паляцеў уверх па сходах.
    — Гэта табе! — Сонін тата ўручыў маме Юлі букет чырвоных руж, пацалаваўшы яе ў шчаку. — He паспеў сказаць, што ты шыкоўна выглядаеш, Юлька! А гэта гаспадару — ён працягнуў тату Віцю нейкую дарагую з выгляду пляшку віскі. — Ад майго аптавіка. Проста з рыжскай партовай мытні. Віцёк, адзначым як след!
    — У мяне тост! — абвясціў тата Віця, калі Статкевічы і Сінічкі селі за стол. — Прапаную выпіць за двух дзетдомаўскіх пацаноў, што не спасавалі перад цяжкасцямі, якія прызначыў ім лёс, не адчаяліся, не апусціліся, а выбіліся ў людзі, знайшлі сябе ў жыцці і заслужылі павагу сваімі талентамі і працай! За тое, што яны нарэшце разам, як у былыя часы! За тое, што ў іх, няхай і праз невясёлыя акалічнасці, цяпер зноў адзін дом! За нас з Пецькам!
    Над сталом сутыкнуліся шклянкі з кампотам і віскі.
    — Праз колькі прыблізна, па вашых прагнозах, мы пачнём вам назаляць? — асцярожна спытаўся Сонін тата, калі ўзяліся за ежу. — А то на першы дзень госці — золата, на другі — срэбра, а на трэці — як кажуць, медзь, хоць дадому едзь...
    — Праз дванаццаць гадоў, — мякка ўсміхнулася мама Юля. — Менавіта столькі мы цябе не бачылі.
    — Пятруха, што за пытанне! Жывіце, колькі трэба, пакуль з вашым домам не наладзіцца. Хоць год, хоць два — я не жартую! — загарлаў тата Віця.
    Соня сядзела, уткнуўшыся носам у талерку. Сказала, што згаладала, дык трэба было намагацца есці, але кавалак у горла катэгарычна не лез. А ад толькі што пачутага не тое што есці — жыць не хацелася.
    Хлопец, па якім яна сохла з дзявятага класа, — яе сусед па доме на год, а то і на болей.
    Хлопец, якому яна зранку нагаварыла гадасцей, дзеліць з ёй вячэру.
    Ведала б — нізашто не панесла б яму гэты ідыёцкі ліст, за які ён цяпер так няшчадна яе троліць.
    Вось бы адкруціць усё назад...
    Та-дам! «Я Соня Сінічка, дачка найлепшага сябра твайго бацькі. Мы будзем жыць у вашым доме». — «Рады пазнаёміцца з табой, Соня».
    ...Але, можа, яшчэ можна нешта паправіць? У яго такая прыветная маці! Здаецца, Соню тут палюбяць...
    Яе развагі перапыніў імклівы тупат. Па сходах уніз каціўся Вадзік са сшыткам у руках.
    — А ну, за стол! — строга скамандавала мама Юля.
    — He! Я тут дарабляю дамашку. Я хачу, каб мая новая суседка Соня дапамагла.
    — Соня вельмі стамілася. Папрасі Максіма.
    — He, я хачу, каб Соня!
    — Дапамагу, вядома, — зычліва схілілася над малым Сінічка. — Што там у цябе?
    Трэба паладзіць хоць з малодшым, калі са старэйшым нявыкрут.
    Сшытак па англійскай мове вучня 1-га класа Прыватнай гімназіі імя Альберта Эйнштэйна Вадзіма Статкевіча
    — Вось, зірні. Мы праходзім розную гародніну. Якое тут апошняе слова?
    Ну, з заданнем для першага класа яна неяк дасць рады.
    У сшытку было старанна накрэмзана:
    tomato — памідор
    beet — бурак cabbage — капуста carrot — морква onion — цыбуля garlic — часнок cucumber —...
    Ну ў іх і словы першым класе.
    — Ку-кум-бэр!.. He ведаю, можа... кабачок?
    Максім Статкевіч ледзь не падавіўся кампотам.
    — Дурніца, гэта гурок! — пераможна заверашчаў Вадзік. — Ты ў адзінаццатым класе не ведаеш такіх рэчаў??? Яна мне не падабаецца! Бэ-э-э-э!
    Што гэта было? Яе толькі што аблажаў першакласнік!
    — Вадзік!!! А ну, папрасі прабачэння! — рыкнуў тата Віця.
    Але малпяня, схапіўшы са стала банан, ужо знікала на другім паверсе.
    — Даруй, Сонечка, такі ў нас нявыхаваны гэты Вадзік. Зусім разбэсціўся, — расхвалявалася мама Юля.
    — Я хачу падняць тост! — пастараўся выправіць няёмкасць Пётр Сінічка. — За нашых цудоўных дзяцей. Максім, я ведаю цябе ўсяго якую гадзіну, але ўжо магу ацаніць тваю мужнасць і самаадданасць...
    Мужнасць і самаадданасць? Адкуль ты гэта ўзяў, тата? Ведаў бы ты, як ён прынізіў тваю дачку, не распінаўся б так перад гэтым нягоднікам.
    — ...спадзяюся, ты станеш добрым таварышам маёй Соні!
    — Ну што, — скамандавала мама Юля пасля гарбаты. — Пара паказаць новым жыхарам іх пакоі. Ты, Пеця, будзеш жыць у гасцявым. Баўцеся тут, Віця цябе потым завядзе.
    — Ты хацела сказаць, занясе, — удакладніў старэйшы Статкевіч і падміргнуў сябру.
    — А я, — тут яна аж засвяцілася, — пакажу Соні яе спаленьку... Хадзем, Сонечка, табе варта сёння адпачыць. Максім, ты падымеш наверх яе рэчы?
    — Вядома, мама. Калі толькі яна... прыме маю дапамогу...
    — Чаго ж не прыме? Прыме, вядома!
    — He трэба, я сама! — падарвалася з крэсла Соня, але тут жа села, бо пакой зноў паплыў у яе перад вачыма.
    — Нават не думай! Хадзем, дзяўчыначка мая. Пара вучыцца выкарыстоўваць хлопцаў па прызначэнні...
    ххх
    — Твой арыенцір — гэты зайчык. Гатовая?
    — Ах! Мама Юля...
    Дзверы з павешанай на іх драўлянай фігуркай велікоднага трусіка расчыніліся і адкрылі Соні пакой яе мары. Усю прастору выцягнутага мансардавага пакоя запаўнялі міленькія цацкі, таршэрчыкі ды статуэткі. Белыя драўляныя ложак, туалетны столік, шафу і камодку аздаблялі ружовыя сурвэткі, накрыўкі ды падушачкі.
    На абодвух вокнах пакоя віселі чароўныя карункавыя фіранкі.
    Мама Юля пралезла Соні ў галаву.
    — Ну як, падабаецца?
    Як гэта магло не падабацца?!!
    — Некалькі гадоў скупляла ўвесь гэты цуд па лонданскіх распродажах, — пахвалілася мама Юля. Але ў мяне поўны дом мужыкоў, дзе тут гэта павесіш? Затое цяпер ёсць каму раздзяліць са мной радасць! Карыстайся, Соня!
    — Дзякуй вам, цётачка Юля! Вы такая добрая! Гэта проста казка!
    — Ружовае пекла.
    Соня падскочыла. Яна, відаць, ніколі не прызвычаіцца. Максім зацягваў у пакой ейныя набіткаваныя валізы.
    — Ну, вы тут баўцеся, дзеці, а я пабягу посуд прыбраць.
    I знікла, добрая фея.
    А Соня і Максім засталіся сам-насам.
    — Далей сама, — Максім зваліў Соніна майно каля ўвахода і развярнуўся, каб выйсці.
    — Ну, а малы твой чаго на мяне ўз’еўся? — нечакана пачула Соня свой голас.
    Максім абярнуўся.
    — Бо ты заняла ягоны пакой. Вадзіка, дарэчы, падсялілі да мяне. Мне там усё перагарадзіў ягоны стол, сам я буду спаць на канапе, а ўсе свабодныя паверхні цяпер застаўленыя робатамі-шпіёнамі. Як ты разумееш, я таксама не ў захапленні. Так што пастарайся сядзець ціха і не лезці ў маё жыццё. Ёсць ты тут ці цябе тут няма, ты для мяне — пустое месца.
    Дзверы за ім зачыніліся, але праз хвіліну зноў адчыніліся. Па пакоі бесцырымонна прашлёпаў Вадзік. Пагрымеўшы шуфлядкамі камоды, ён нарэшце выцягнуў адтуль фламастары і, паказаўшы Соні язык, выбег, з усяго размаху бразнуўшы дзвярыма.
    Неверагодны збег акалічнасцей прывёў Соню ў апошняе месца на зямлі, дзе ёй варта было апынуцца.
    Раздзел IV
    ДЗЯВОЧЫЯ САКРЭТЫ
    — Я кахаю цябе, Соня, — Максім далікатна прыўзняў ейнае падбароддзе, правёў вялікім пальцам па яе анямелых вуснах і пяшчотна іх пацалаваў. Яго вусны былі мяккія і пухнатыя, як...
    Плюшавы мядзведзік?!!
    Соня расплюшчыла вочы. У пакоі было цёмна. Носам яна ўтыкалася ў адну з мяккіх цацак, якімі шчодра быў абкладзены ложак. Ну вядома! «Лялечны дом».
    Значыць, усё астатняе, акрамя пацалунка, ёй не прыснілася.
    Пазяхнуўшы, Соня намацала каля падушкі мабільнік. Да сігналу будзільніка заставалася сорак пяць хвілін, але спаць зусім не хацелася. Звычайна яе зранку і гарматамі не падняць, але пасля ўсіх хваляванняў вечаровага пераезду яна так рана завалілася спаць, што цяпер пачувалася свежай і бадзёрай. У пакоі было прахалодна. Соня зладзіла пацягушкі, занурылася з галавой пад цёплую коўдру і стала летуценіць ужо наяве.
    Спадзяюся, ніхто з вас не сумняваецца, што Соніны зарокі адмовіцца ад Максіма Статкевіча з яе русявай галованькі як выветрыла. Бо адна справа — марыць пра недасягальнага прынца, з ва ўсіх сэнсах паралельнага твайму класа, і зусім
    іншая — скарыць сэрца блізкага суседа. Больш не трэба завучваць на памяць расклад 11 «А» і пракладаць свае школьныя маршруты так, каб прамільгнуць паўз яго на калідоры. Цяпер зранку і ўвечары і — страшна падумаць! — у суботу з нядзеляй ёй нават не трэба будзе выдумляць прычыны, каб звярнуцца да яго. Сямейныя абеды і пыласос з пральнай машынай — агульны дом поўніўся агульнымі тэмамі! Побыт звычайна забівае каханне; Соня спадзявалася, што ў яе выпадку побыт падзейнічае з дакладнасцю да наадварот.
    Напрыклад, неабходнасць чысціць зубы сама сабой ператваралася ў рамантычную прыгоду. Учора перад сном мама Юля выдала ручнікі і паказала хлапечую купальню на другім паверсе, куды Соня, крыху ніякавеючы, перанесла пакунак з усімі сваімі шампунямі. Умываючыся, паненка гіпнатызавала позіркам чорна-белую шчотку ў шклянцы пад люстэркам. Ягоную шчотку. Зялёная, у форме цмока, яўна належала малому Вадзіку. Падумаць толькі — памыць галаву і, завярнуўшы валасы ў какетлівы турбан, размінуцца з ім у дзвярным прахоне, зачапіўшы яго рукавом начнушкі...