Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— У садочку сказалі пашыць касцюмчык зайчыка... Але я не ўтрымалася. Праўда мілашка? Шкада, нельга было на ранішнік так адвесці.
Мама Юля бестурботна рассмяялася.
— А... Максім увогуле ведае?
— Ведае, а як жа. Толькі вельмі злуецца, калі пра гэта згадваеш. Як падрос, нават папікаць стаў: «Мама, у мяне дзіцячая траўма!», — тут мама Юля смешна перадражніла сына. — Але дурное, якая траўма! У Еўропе да Першай сусветнай маленькіх хлопчыкаў пагалоўна апраналі ў дзяўчатак — традыцыя такая была. I нічога. Але ты глядзі, глядзі. А я пакуль тваім дамком займуся. Гэта ў цябе кухня?.. Мамачкі, якая прыгажосць!
Больш у той вечар Соня не вучылася.
ххх
«Калі кагосьці баішся, уяві яго без штаноў», — раіў адзін пісьменнік. Або ў строі сняжынкі — магла б дадаць цяпер Соня. Пасля дакументальна пацверджаных прызнанняў мамы Юлі думаць пра Максіма Статкевіча без смеху ў яе
не выходзіла. На шчасце, калі наступным ранкам яна спусцілася на сняданак, хлопца за сталом не было.
— Зусім забыла папярэдзіць, — выгукнула мама Юля, пабачыўшы Соню на сходах. — Спускайся і хутчэй еж. У Максіма першым урокам фізкультура, у яго вызваленне. Ён яшчэ спіць. А адну ў лес я не адпушчу. Так што падвязу цябе да школы. Але ты нядоўга, каб Вадзік не спазніўся.
Соня хуценька паснедала, імкліва апранулася і праз пяць хвілін ужо сядзела ў машыне.
Яе высадзілі перад школай хвілін за дваццаць да заняткаў. Амаль ніхто так рана не прыходзіў. Толькі дзяжурны клас размяркоўваўся па вестыбюлі для фэйс-кантролю, чапляючы на форму бэджыкі. Каторая ўвогуле гадзіна? Соня стала корпацца ў кішэнях і заплечніку, але мабілкі нідзе не было.
Ну вось, у спешцы тэлефон дома пакінула.
Соня паднялася ў кабінет рускай мовы і літаратуры. На шчасце, ён быў ужо адчынены. Села за парту, разгарнуўшы падручнік па сусветнай гісторыі. Трэба ж хоць нешта зрабіць для гэтага клятага тэста.
— Сініца, дык дзе ты цяпер жывеш? — Вася ўварваўся ў клас перад самым званком.
Блін, ну калі гэта скончыцца?
— Васілеўскі, не твая справа.
— Як не мая? Мой абавязак — праводзіць цябе штодня дадому. Туды далёка ехаць?
Каб жа гэтага Статкевіча з яго забаронамі пярун ляснуў! Хоць калі б ён і не забараняў, ці прызналася б Соня сябрам, у які нерат трапіла? Тое яшчэ пытанне.
Між тым у кабінет заруліла русіца і, як заўсёды, завялася з паўабароту:
— «Д» клас! Слухайце мяне ўважліва. Я вам гэта першы і апошні раз скажу! Вы — пакаранне, пасланае мне за грахі. Мне не хапіла смеласці адмовіцца ад вас, пакуль было
можна, і вось ужо трэці год працягваюцца мае пакуты! Хіба вы не можаце быць як усе нармальныя людзі?
Гэты спіч, уключна з фразай пра першы і апошні раз, «Д» клас выслухваў ад класнай кіраўніцы рэгулярна. Ніна Віталеўна была маладой настаўніцай з паўтары стаўкамі, двума маленькімі дзецьмі і без мужа. Пра мужа, у сэнсе, былога, «Д» клас таксама рэгулярна ад яе чуў — ці не часцей, чым пра рускіх пісьменнікаў і катэгорыі дзеясловаў.
— Праз тыдзень — усяго праз тыдзень! — тэсты, а вы ў гэтым годзе і не пачыналі вучыцца! Гэта яскрава дэманструюць вынікі дыктанта, — тут Ніначка (так за вочы называлі яе вучні) вымоўна патрэсла стосам сшыткаў. — I не толькі мой прадмет! Мне скардзяцца на вас усе — без вынятку ўсе настаўнікі! Што вы сабе думаеце? Як вы ва ўніверсітэты паступіце з такімі баламі? На рынак гандляваць пойдзеце пасля школы?
— А што, лепш як усе? Спачатку ва ўнівер, а потым на рынак?
— Га-га-га! Малаток, Дзімон!
Русіца цяжка ўздыхнула.
— Мы з Аленай Іванаўнай дамовіліся, што вашы адзнакі ў чвэрці будуць наўпрост залежаць ад тэстаў па рускай і беларускай мовах.
— У-у-У-
— Зразумейце, я не патрабую ад вас трапляць у топ-45, крый божа, я проста прашу адказна паставіцца да тэстаў. Выкласціся напоўніцу. Успрыняць як папярэдняе выпрабаванне перад НЦТ. Як праверку сваіх сіл... Урэшце, зразумейце, што сваімі вынікамі вы ганьбіце мяне перад усім педкалектывам!
— А Сінічка сказала, што сёлета трапіць на слуп! — крыкнуў нехта з хлопцаў.
— Сяброўкі называецца. Растрапалі ўжо, — зашыпела Соня на Галю і Снежку.
— Хто? Сінічка? He смяшыце мяне, — Ніна Віталеўна з недаверам зірнула ў Сонін кут. — Хутчэй Дубовік паступіць у Гарвард. Так, сунялі рогат, разгортваем сшыткі. Праца над памылкамі...
— Ну, і як поспехі? Шмат вывучыла? — пацікавілася Галя ў перапынку. Яны збіралі рэчы, каб пераходзіць на фізіку.
— Ніякіх поспехаў. Толькі галава пухне, — панура адказала Сінічка.
— Я ж кажу, кінь дурное!
— Статкевіч, — агаломшана прашаптала Снежка.
Соня падняла галаву. У дзвярах кабінета ўва ўсёй сваёй красе стаяў Максім.
— Сінічка, на выхад! — скамандаваў ён тонам, які не дапускаў пярэчанняў. — Праз тры хвіліны ў «калодзежы», — дадаў ён, калі Соня падышла.
ххх
Вось-вось мусіў празвінець званок, але ў кабінеце фізікі было пуста. «Д» клас у поўным складзе папрыліпаў да вокнаў калідора, якія выходзілі ў школьны двор-калодзеж.
— Што там? Што яны робяць?
— Няясна. Проста размаўляюць.
— Глядзіце, ён нешта перадаў ёй.
— Што там? Кепска відаць.
— Нахіляецца да яе. Няўжо пацалуе???
— Рэбза, што тут? — Вася актыўна прабіраўся да акна.
— He бачыш хіба? Статкевіч тваёй Соні прызнаецца.
— Што, Васілеўскі, пракурыў сваё шчасце?
— Ну і гад! Замачу баклана!
— Куды ты? Стой ужо. Бачыш, вяртаюцца.
— I што гэта за шоу? — да Сонінага здзіўлення, дзверы, якія вялі ў «калодзеж», зазвычай намёртва перакрытыя дзеля прафілактыкі курэння, цяпер былі адчыненыя. Відаць,
прамяністы Статкевічаў позірк быў здольны растапіць нават сцюдзёнае сэрца цёткі Ядзі, школьнай вахцёркі.
— Ты ж забараніў мне падыходзіць да цябе. А цяпер нас усе бачаць.
— Затое гарантавана не чуюць. У нашым выпадку гэта больш істотна.
— Кажы, чаго табе. Я спяшаюся.
— Вось, трымай. Ты заўсёды такая разява? — прыкрываючы далонню, каб не было бачна з вокнаў, Статкевіч працягнуў Соні яе мабільнік. — I зараз жа прыбяры гэта, — дадаў ён узлавана.
Соня зірнула на экран і зніякавела. На застаўцы ў яе стаяў здымак Максіма ў вайсковай форме і са зброяй.
У траўні хлопцы дзясятых класаў маршыравалі на гэтым самым падворку падчас дапрызыўных збораў, а іхнія аднакласніцы з віскатам і шушуканнем прымалі парад. Калі ваенрук скамандаваў: «Аўтаматы на фронт!», — Максім разам з усімі эфектна прыціснуў да грудзей вучэбны калашнікаў. Гэта было так крута, што Соня не змагла ўтрымацца і сфатаграфавала.
Жах які. Зноў аблажалася.
— Нашто прыносіў? Мода такая — чужыя рэчы цапаць?
— Табе мама ўвесь ранак назвоньвае. Ёй трэба ўсё кантраляваць. Менавіта таму ў мяне няма мабільніка, — адказаў Статкевіч. — Сінічка, ты чула? Зараз жа прыбяры гэтую фотку!
— Гэта мой мабільнік! I мне вырашаць, якія фоткі на ім ставіць. Табе не здаецца?
— He здаецца, бо на гэтай фотцы — я, — рэзка адказаў Статкевіч. — I ты прыбярэш яе, бо яна мяне раздражняе... Фенаменальна, — дадаў ён, памаўчаўшы, — ты ўсяго два дні жывеш у нашым доме, а ад цябе ўжо столькі праблем!
— Што, баішся выпадкова маю спадніцу ў школу апрануць? — зласліва рассмяялася Соня.
Статкевіч паглядзеў на яе, як Хама Брут на Вія.
— Што ты сказала?
— Што чуў. Думаеш, у мяне адна твая фотка? Зірні вось на гэта! — і, пашнарыўшы ў заплечніку, яна выцягнула здымак з вясёлай дзяўчынкай-сняжынкай.
— Адкуль гэта ў цябе??? — Статкевіч таргануўся ў ейны бок, але Соня хуценька схавала фотку ў кішэню пінжачка.
— Ну давай. Аблапай мяне на вачах ува ўсёй школы.
Статкевіч адхіснуўся і абвёў вачыма «калодзеж». Соня не перабольшвала — з усіх вокнаў на ўсіх паверхах, як з ложаў стадыёна для карыды, за імі сачылі прагныя гледачы.
Прычым тарэадорам у іх дуэце быў зусім не Статкевіч.
— Дзе ты гэта ўзяла? — цяпер ён глядзеў на Соню, як бык на чырвоную анучу. — Скрала?
— Усё законна. Выменяла ў тваёй мамы на чыгунную ванначку.
— На што?!
— Няважна. Доўга тлумачыць... Галоўнае, Статкевіч, я знайшла спосаб зняславіць цябе на ўсю школу. Бо гэтая мілая лялечка збярэ рэкордную колькасць лайкаў у інтэрнэце...
— I што ты хочаш узамен?
— У сэнсе?
— Шантаж і вымагальніцтва. Так «Д» клас пракладае сабе дарогу?
Пра што ён увогуле? Шантаж? Яна б ніколі сама не даўмелася. Але ж адна галава добра, а дзве лепей. Дзякуй, Статкевіч. Ты сапраўды геній. Але што б такое ў цябе папрасіць?
— Я аддам табе фотку, калі ты дапаможаш мне трапіць на слуп! — выпаліла яна перш, чым зразумела, што кажа.
— Чаго? Ты з глузду з’ехала?
— Я хачу трапіць у топ. Дапамажы мне падрыхтавацца да тэстаў.
— Застаўся тыдзень. 3 тваім узроўнем гэта тэхнічна немагчыма. Я не гасподзь бог, Сінічка, ты ў курсе?
У Соні на гэты конт былі іншыя звесткі, але яна хітра прымружылася і сказала:
— Так. Ты не бог. Ты — маленькая вясёлая сняжынка! — і яна са смехам папляскала сябе па кішэні.
Твар Статкевіча перакасіўся ад ятрасці. Але ён хутка ўзяў сябе ў рукі і, хвіліну памаўчаўшы, спакойна сказаў:
— Добра. На тыдзень я стану тваім настаўнікам. Але, як ты разумееш, гарантаваць я нічога не магу. Вынік залежыць толькі ад цябе. Пачнём дома пасля абеду. He падыходзь да мяне ў школе!!!
I, рэзка развярнуўшыся, знік у будынку.
— Чаго ён хацеў ад цябе? — пад пералівы званка (які, паміж намі, крыху прыпазніўся, бо цётка Ядзя замыкала дзверы ў «калодзеж») плынь «Д» класа ўнесла Соню на фізіку.
— Нічога асаблівага. Яшчэ раз нагадаў мне, што я тупая, — выкруцілася Соня.
Па сутнасці, так яно і было.
Падчас занятку яна непрыкметна спраўдзіла мабілку. Пабачыла тры прапушчаныя званкі ад мамы Юлі і чатыры эсэмэскі ад яе ж:
«Не адказваеш — ты на ўроку? Пзв пасля шк, кл, патлумачу, як ісці дадому паўз возера».
«Не хадзі адна праз лес!»
«Знайшла твой тэл на стале ўнізе. Перадаю ў шк з М».
«А ў цябе добрае пачуццё кампазіцыі;)».
Цяпер мама Юля ведала, што Соні падабаецца ейны Максік. Абмен дзявочымі сакрэтамі можна было лічыць завершаным.
Раздзед V
УСПОМНІЦЬ УСЁ
Шух-шух-шух-шух...
Соню абудзіў незвычайны шоргат. Яна агледзелася і зразумела, што заснула ў форме на неразабраным ложку. Хацела была ўзняцца, але войкнула і падабрала ногі. Па падлозе проста на яе ехаў пузаты белы агрэгат на колцах. Нешта сярэдняе паміж гуссю і пыласосам — толькі замест галавы ў гэтай нана-гусі была вэб-камера.