Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
Менш чым праз дзве гадзіны цягнік стартуе на Мінск. Але яшчэ трэба ўсім разам дабрацца да вакзала, забраць рэчы з камер захоўвання, купіць ежы ў дарогу ў прывакзальных забягалаўках... Соня прыйшла на месца збору крыху раней і цяпер расслаблена чакала групу.
Цікава, Максім таксама прыйдзе сюды або прыедзе адразу на вакзал?
Са смакам дахрумсцеўшы вафельку, Соня азірнулася. Дзіўна: да часу ікс пяць хвілін — а нідзе нікога. Было ўжо пасля сёмай вечара.
Яна двойчы абышла помнік старарускага дойлідства. Пуста.
Соня аббегла плошчу, праверыла ўсе ўваходы і выхады з метро — і не пабачыла знаёмых твараў. Яе агарнула паніка.
Яна спынілася пасярод сквера і роспачна азірнулася. Атмасфера навокал заўважна змянілася. Людзей усё прыбывала. Многія неслі ў руках скручаныя сцягі і транспаранты. Выходзілі з метро, спыняліся, стэлефаноўваліся з кімсьці, пераступалі з нагі на нагу, нібы кагосьці чакаючы.
— Прабачце, што тут адбываецца? — торгнула яна за рукаво пажылога дзядзечку побач з сабою. На ягоныя плечы, нібы ручнік, быў накінуты жоўта-блакітны сцяг.
— А ты што, не з Кіева?
— Я і не з Украіны.
— Ох, дывчынко, біда тут адбываецца, — уздыхнуў пенсіянер. — Нашая Рада, каб яе, не ратыфікавала закон...
I дзядзечка прачытаў Соні цэлую лекцыю пра бягучую сітуацыю ва ўкраінскай палітыцы.
— Гэта супярэчыць волі народа! Усе сумленныя людзі ідуць на Майдан, каб заявіць пра гэта!
Соня слухала, але амаль не ўнікала ў сутнасць. Ясна было толькі, што ў Кіеве збіраецца мітынг, а ў іх — цягнік.
Можа, таму настаўнікі зноў памянялі месца сустрэчы? He маглі ж Віка з Крысцінай так тупа з яе прыкалоцца. Або ўсе з’ехалі на вакзал раней?
Дзе цяпер шукаць сваіх?
Трэба было тэрмінова пісаць эсэмэску Ніне Віталеўне. Соня схапіла мабілку і раптам пахаладзела.
У ейнай мабілцы быў працоўны нумар Ніначкі, які тая завяла ў Беларусі для кантакту з вучнямі. У роўмінгу яна мела іншы нумар.
Гэты іншы нумар Соня запісала ў нататнік, які цяпер мірна ляжаў у ейным заплечніку ў камеры захоўвання. I ні з кім — увогуле ні з кім у групе сувязі ў яе не было.
Ну і ў каго яна такая разява?
Дзядзечка са сцягам на плячах прыступіў да ёмкай характарыстыкі ўкраінскіх палітыкаў, тлумачачы, чаму асабіста ён — на баку Стасюка, а не Пракапенкі. Ці наадварот — Пракапенкі, а не Стасюка. Соня ліхаманкава варушыла звілінамі.
Што рабіць? Каму пісаць? Тату? Чым тата дапаможа? Максім! Халера, чаму яна ўвесь час думае пра Максіма... Мама Юля!!!
Мама Юля запісала сабе тэлефоны Ніначкі, Іванавіча, Віялеты Максімаўны, а таксама амбасады Беларусі ў Кіеве і Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях.
У гэтую хвіліну да ўхутанага сцягам дзядзечкі далучылася кабета. Пад расшпіленым паліто ў яе стракацела вышыванка. Пара развіталася і сышла, але Соня гэтага нават не заўважыла. Неслухмянымі ад панікі пальцамі яна набірала на тэлефоне:
«Я заблукала. Напішыце Ніне В., што я каля ст. м. „Залатыя вароты“ або дашліце яе нумар».
Заплюшчыўшы вочы, націснула «адправіць».
Хоць бы мама Юля пачула тэлефон, хоць бы мама Юля пачула тэлефон...
На гадзінніку была сёмая трыццаць. Паўгадзіны, як мусілі сабрацца. Толькі вось дзе? Соня цалкам дэзарыентавалася. Але дзе б ні была група, Соню, мабыць, ужо шукаюць.
Пацягнуліся хвіліны. А сёмай сорак пяць тэлефон нарэшце забібікаў:
«СІНІЧКА ТЫ ЗВАР’ЯЦЕЛА МЫ СПАЗНЯЕМСЯ НА ЦЯГНІК Я HE ВЕДАЮ ШТО ТАБЕ ЗРАБЛЮ».
Незнаёмы нумар, але тон паведамлення і яго малазмястоўнасць выдавалі Ніначку. Толькі яна, калі яе вучаніца заблукала ў чужым горадзе, магла траціць каштоўныя секунды на словы кшталту «звар’яцела».
«Я ля Залатых варот ля фантана. Куды мне ісці?» — адпісала Соня.
Зноў чаканне. Сёмая пяцьдзясят.
«СТОЙ ДЗЕ СТАІШ ЦЯБЕ ЗАБЯРУЦЬ».
Соня паслухмяна стала каля круглага фантана, які ўжо не працаваў. Які-ніякі, але арыенцір для настаўнікаў. Калі, каго з іх і адкуль чакаць?
Сёмая пяцьдзясят пяць.
Здавалася, яшчэ крыху — і яна знепрытомнее ад хвалявання. Пачынаў балець жывот.
Пікнула эсэмэска. Гэта была мама Юля:
«Соня, ты нрм? Як ты магла згубіцца? М. што, не з табою?»
Ну вось што ёй на гэта адказаць?
Восьмая вечара.
Пік. Новая эсэмэска:
«У Кіеве зноў Майдан. У цябе ўсё нрм? Адгукніся».
Восьмая нуль пяць.
Людзей усё прыбывала. Узбуджана гамонячы, яны выходзілі з метро і, зліваючыся ў суцэльную плынь, кіраваліся кудысьці ўніз.
Восьмая дзесяць.
— Опа, чыкса! Такая малая, а ўжо майданутая!
Толькі гэтага ёй бракавала. Побач з Соняй матэрыялізаваліся два няголеныя хлопцы бамжаватага выгляду. Ад абодвух смярдзела перагарам. Той, які звярнуўся да Соні, ледзь
трымаўся на нагах. За ім стаяў яго крыху больш адэкватны таварыш.
— Серы, хадзем, яна ж малалетка.
— А мне шо? Мне пазваніць трэ. Малая, дай пазваніць! — гопнік на імя Серы ўпэўнена цягнуўся да мабілкі ў Сінічкінай руцэ.
Соня інстынктыўна прыціснула да грудзей тэлефон з напаўнабраным адказам для мамы Юлі. Калі яе зараз абрабуюць, усялякая сувязь са светам будзе страчаная.
— He забірайце, калі ласка, я не адсюль, я на цягнік спазняюся... — замармытала Соня, прымружыўшы вочы. — Калі ласка.
— Ты шо? He з Кіева? Шо, данецкая?
— He, не данецкая... Калі ласка...
— Серы, пакінь яе.
Пах перагару ўзмацніўся, звястуючы набліжэнне Серага.
— He данецкая? Тады скажы, за каго ты! За Стасюка ці за Пракапенку? Ну?
Божухна, і каго тут выбраць? Стасюка ці Пракапенку? Якая хоць паміж імі розніца? Гэта табе не булава або трызуб — правільны адказ толькі адзін, а няправільны яўна абыдзецца Соні даражэй за ўсе набытыя ў Кіеве сувеніры...
— Серы, кораш дзела гаворыць. Пакінь дзяўчыну. А не тое міліцыі здам абодвух.
Соня расплюшчыла вочы. Працягваючы выкрыкваць нейкія абразы, ейны агрэсар няцвёрда целяпаўся прэчкі следам за сваім таварышам.
Яна абярнулася, каб зірнуць на свайго збаўцу.
За ёй стаяў высокі хлопец гадоў сямнаццаці ў байцы, пад якой рэльефна праступалі мускулы. Сімпатычная стрыжка абрамляла яго загарэлы твар рванымі пасмамі.
— Я мяркую, Сафі? — злёгку пакланіўся ён. — Прынамсі, апісанне супадае. Маленькая, перапужаная і ўжо ўляпалася ў нейкую гісторыю.
Р л з д з е л X
Сінічка раскрыла рот.
— А... Ты хто?
— Я звідсі. А ты пойдзеш са мною.
— Нікуды я, Звідсі, з табой не пайду! Я цябе не ведаю! — ледзь не заплакала Сінічка. На сёння для яе было занадта.
— Цябе хіба не папярэдзілі?
— Пра што?
Тут у незнаёмца зазвінеў мабільны. Зірнуўшы на экран, ён прыняў званок і з усмешкай працягнуў Соні тэлефон.
На экранчыку пагрозліва міргаў беларускі мабільны нумар.
— Алё, — машынальна прамовіла Соня.
— СІНІЧКА, ТЫ МЯНЕ Ў МАГІЛУ ЗВЕСЦІ НАДУМАЛА?!! КАБ ПРАЗ ПАЎГАДЗІНЫ БЫЛА Ў ВАГОНЕ!!! ІНАКШ У ШКОЛУ МОЖАШ HE ПРЫХОДЗІЦЬ!!!
Соня націснула адбой. Восьмая дваццаць. Да адыходу цягніка — трыццаць пяць хвілін.
— Ну што, цяпер ты пойдзеш са мною?
— Цяпер пайду, — агаломшана пагадзілася Соня.
— Ну то слухай. У нас тут соцыум штарміць, шмат людзей у цэнтры, усе перасадачныя станцыі перакрытыя, — незнаёмец кіўнуў на ўваход у метро, які і сапраўды ачапляў спецназ. — Я сюды з вакзала ледзьве дабраўся.
— Можа, на таксі?
Хлопец засмяяўся:
— Мы ў заторах да наступнага вашага цягніка стаяць будзем. Калі хочаш дадому, выйсце адно, донька. Трэба бігты.
— Як бігты?
— Ножкамі, Сафі, ножкамі. Як у цябе з фізкультурай? За мною!
Сказаўшы гэта, загадкавы незнаёмец схапіў Соню за руку і пацягнуў па вуліцы.
XXX
Гэта быў крос, які б высока ацаніла фізручка Ала Юр’еўна, Сонін начны кашмар, вычварэнка ад лёгкай атлетыкі. Яны несліся па вуліцах ды завулках, абмінаючы густа напаркаваныя машыны, праразаючыся скрозь чалавечы тлум. Хлопец і сапраўды быў тутэйшы, бо ведаў, як бегаць па Кіеве напрасткі: у пары месцаў яны вельмі ўдала зрэзалі па дварах, а адзін раз ён нават правёў яе скрозь будынак, у якім было два ўваходы. Бегчы было нескладана, толькі торбачка на баку крыху замінала. А яшчэ Соня не ведала, колькі засталося бегчы — цяжка было разлічваць сілы.
Нарэшце яны вылецелі на шырокі праспект. Гэта быў бульвар Шаўчэнкі — Соня пазнала яго з аўтобуснай экскурсіі. Яна з палёгкай пабачыла наперадзе чырвоную літару М і надпіс «Універснтет», але радасць яе была нядоўгай — гэтую станцыю таксама перакрылі.
Калі яны, ігнаруючы зебры і святлафоры, пераляцелі праезную частку, хлопец затармазіў. Яны некалькі хвілін стаялі і, гледзячы адно на аднаго, сінхронна ўзнаўлялі дыханне.
— А ты стаерка, — аддыхаўшыся, сказаў хлопец.
— Чаго?
— Я кажу, бегаеш добра.
Соня кіўнула.
— У вашай групе, — хлопец дыхаў ужо амаль нармальна. — Чарнявенькая такая дзяўчына ў сінім палітончыку...
— Гэта Лена Канькова, — адказала Соня, усё яшчэ задыхана. — Яна падабаецца Ваню Каланіцкаму.
— Восем сорак. Адсюль паўдарогі. Сілы яшчэ засталіся?
Соня кіўнула.
— Тады ляцім!
Яны прыпусцілі па бульвары. Неўзабаве на нейкім нечаканым павароце ўнізе перад імі адкрыўся будынак вакзала. Яны выйшлі на фінішную прамую.
Калі бачыш мэту, лягчэй бегчы. У Соні як крылы выраслі.
Дзякуй табе, Божанька, за тое, што я ў кедах.
Праз нейкія восем хвілін яны ўжо ўзляталі па эскалатары ў цэнтральным холе Кіеўскага вакзала.
Толькі б паспець... Зусім крыху...
Наперадзе ўжо гарэў надпіс «Кіеў — Мінск, 20:55». Гэта быў спуск на платформу.
Каля яго, абапёршыся на парапет, стаяў Максім.
Соня ўжо ледзьве перастаўляла ногі. Загадкавы праважаты фактычна цягнуў яе за руку.
Яны затармазілі каля Статкевіча.
— Дзякуй, Дэн, — сказаў Максім хлопцу і, схапіўшы Соню за другую руку, пацягнуў яе на сходы.
— Няма за што, Макс! — пракрычаў той ім услед, адпускаючы Соню. — Гарачыя вітанні Лене Каньковай!
ххх
I нават стоп-кран зрываць не давялося. Пасля таго як Соня з Максімам заскочылі ў вагон, цягнік яшчэ цэлыя дзве хвіліны стаяў каля платформы.
Ужо ў тамбуры іх перахапіла зялёная ад злосці Ніначка.
— Сінічка, гэта як называецца?!! Ды я ледзь не пасівела! Ты ведаеш, колькі грошай я прагаварыла ў роўмінгу? Ты думаеш, нехта дадасць мне іх да заробку? Што, так цяжка было знайсці «Тэатральную»? Усе чамусьці знайшлі, і толькі ты як заўсёды! Ды я табе ўласнаручна крыжык на мапе паставіла!!!
Соні было што на гэта адказаць, але гаварыць яна не магла. Яна аддыхвалася, прытуліўшыся да сценкі вагона.