Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— А раптам тут сапраўды маньякі?
— He смяшы, Сінічка. Ты сябе ў люстэрка бачыла? Хто на цябе паквапіцца?
— Ты казёл, Статкевіч.
— Сінічка, тут першаклашкі самі ходзяць. Каб заўтра я цябе за сабой не бачыў. Усё. Стой тут. I...
— He размаўляць з табой у школе?
— Малайчынка. Падлягаеш дрэсіроўцы.
Соня глядзела ў спіну Максіму, які разганяўся ўніз па схіле. Быў першы дзень другой чвэрці.
Палітона ён, дарэчы, так і не надзеў. У Мінску было анамальна цёпла для лістапада.
Пасля вяртання Соні і Максіма з Кіева на Верасовай вуліцы прадказальна выбухнуў скандал. Падчас эвакуацыі
Соні ад Залатых варот усхваляваная Юлія Статкевіч датэлефанавалася Ніначцы, якая, плачучы, апісала гэтую эвакуацыю ўва ўсіх падрабязнасцях. Так мама Юля дазналася, што ейны сын не быў на экскурсіях, а тусаваўся з кіеўскім сябрам. Гэты хлопец, прыйшоўшы з Максімам на вакзал і даведаўшыся, што недзе пасярод Кіева засталася маленькая беларуска, тут жа выклікаўся дапамагчы. Так што дзякуючы Соніным непрыемнасцям маці цяпер была ў курсе Максімавай «самаволкі».
Зранку ў Мінску яны пабачылі маму Юлю з белым ад гневу тварам у натоўпе бацькоў, што сустракалі дзяцей на пероне. Мікалай Іванавіч, нутром адчуўшы нядобрае, віртуозна ўнік сустрэчы з раз’юшанай ільвіцай, таму асноўны ўдар прыняла на сябе Ніначка.
Але і Ніначка ў даўгу не засталася.
«Вы, Ніна, э-э-э, Віталеўна, вядома, не яго класная кіраўніца, але раз вы неслі адказнасць за паездку...» — «Вы, Юлія, э-э-э, Барысаўна, вядома, не Соніна маці, але раз вы ўжо ёй апякуецеся...» — «Як вы, педагог, маглі яго адпусціць, нягледзячы...» — «А як вы, маці, маглі не ведаць, што ён...»
Дарога дадому прайшла ў магільнай цішы.
He трэба думаць, што вас прынялі ў сям’ю, калі вы — удзельнікі ўсіх сямейных свят. Першая сямейная сварка — вось абрад пасвячэння.
Што праўда, наўпрост перад Соняй мама Юля скандаліць не стала. Але дзяўчына ўсё адно чула ўсё да апошняга слова. Бо Максім і мама сварыліся ў калідоры на другім паверсе, насупраць ейнага пакоя.
— Як ты мог пакінуць Соню адну?!! — грымела мама Юля. — Чужы горад, чужая краіна! Ды яшчэ і Майдан гэты! Калі б, крый божа, нешта з ёй здарылася, як бы ты ейнаму бацьку ў вочы глядзеў?
— Ды калі б не я... Дакладней, калі б не Дэн...
— Твой Дэн — асобная размова! Што ён увогуле рабіў у Кіеве? Яго бацькі ў Кітаі! Чаму ты мне не сказаў, што Даніла ва Украіне?!
— Каб ты на мяне «джыпіэс» павесіла?!
— Ты думаеш, я маці-монстр, думаеш, я цябе не адпусціла б? Чаму ты так паводзішся са мною?..
— Таму, што ты мяне ўвесь час кантралюеш! Лезеш у маё жыццё! Гэтае тваё «хадзі паўсюль з Соняй» мяне ўвогуле выбесіла. He табе вырашаць, што мне рабіць і чым з кім займацца!
— Значыць, твой выбар — цягацца з гэтым тваім Дэнам, у якога вецер у галаве?! Дзе ты начаваў?! Што вы там елі?!
— He твая справа!
— He мая справа?!! Вось выгадавала сыночка! Сабе на гора!!!
Соня пачула здушаныя рыданні. Амаль сінхронна бразнулі дзверы розных пакояў.
Дзяўчына сядзела на падлозе, абхапіўшы калені рукамі. Праз колькі хвілін пачуліся крокі. Соня вызірнула ў калідор.
— Толькі ты не лезь, — адрэзаў Максім. — Ад цябе і так адны непрыемнасці.
— Нельга так з мамай.
— Можа, я сам вырашу, як з ёй можна, а як нельга? Бо гэта мая мама.
— Так, гэта твая мама. А яшчэ... Яна ў цябе заўсёды была.
Максім уважліва паглядзеў на дзяўчыну і пайшоў уніз па сходах.
Соня пагрукалася ў дзверы дарослай спальні Статкевічаў. Зарумзаная мама Юля сядзела з нагамі на сафе перад ложкам. На каленях яна трымала ноўтбук.
— Заходзь, Соня.
— Даруйце мне, калі ласка, — сказала Соня, прысеўшы перад сафою на кіліме. — Я вам няпраўду пісала ў эсэмэсках. Мне вельмі прыкра.
— Ды што ты, сонейка. Пры чым тут ты? Ён жа цябе прымусіў, так? Што я, сына свайго не ведаю...
Жанчына сумна зірнула ў акно, выцершы чарговую слязінку.
— Мама Юля, я хацела спытацца. Што гэта быў за хлопец? Дэн, які мне дапамог...
I, каб падняць гаспадыні дома настрой, Соня пераказала ёй гісторыю пра іх кіеўскі крос. Па магчымасці з гумарам, апускаючы розныя стрэмныя дэталі кшталту п’яных гопнікаў. Спрацавала — мама Юля заўсміхалася.
Толькі пра тое, чаму яна станцыю «пераблытала», Соня змаўчала. Няма чаго ўмешваць дарослых у вайну з Паўзунковай.
— Пазнаю Данілу, — усміхнулася мама Юля скрозь слёзы. — Пяць хвілін на вакзале — і ўжо нагледзеў дзяўчыну.
— Як яны пасябравалі з Максімам?
— О, гэта былі выдатныя часы. Яны разам у школу ў Лондане хадзілі.
I мама Юля з настальгічнай усмешкай адкрыла перад Соняй на ноўтбуку фота чатырох падлеткаў у брытанскай школьнай форме.
Гэтых фота Соня яшчэ не бачыла. У разгляданні бясконцых Статкевічавых альбомаў яна прасунулася толькі да першых крокаў Вадзіка.
Каля лаўкі перад цагляным мурам, на якой былі зваленыя партфелі, стаяў Максім, але гады на чатыры малодшы. У прыгажунчыку побач з ім Соня пазнала свайго кіеўскага правадніка, але таксама зусім яшчэ малога. Далей абапіралася каленам на лаўку стройная дзяўчына, вельмі падобная да ўкраінца і таксама вельмі прыгожая. Чацвёртым у кампаніі быў скуласты азіяцкі хлопчык.
Усе яны з чагосьці весела смяяліся.
— У гэтую школу прымаюць дзяцей замежнікаў, якія часова жывуць у Брытаніі. Поўны інтэрнацыянал. Але мне ўсё
адно дзіўна, што іх усіх звяло разам. Ну вось Даніла Бандарчук — абсалютная Максімава супрацьлегласць. Жыўчык і язык без касцей. I Ксеня, ягоная сястра. Яны з Данілам двайняты. Таксама балбатушка. Але тут яшчэ можна патлумачыць: братні народ, мова ўрэшце... А вось Коджы як да іх прыбіўся...
— Коджы?
— Садзукі Коджы. Таксама з айцішнай сям’і. Яны з бацькамі стала ў Нью-Ёрку жывуць, але на некалькі гадоў, як і мы, па працы ў Брытанію пераехалі. I вось гэтая чацвёрка паўсюль была разам. У класе разам, пасля школы — разам. Яны і на тэніс разам хадзілі.
— Яны, мусіць, усе такія ж разумныя, як Максім?
— Коджы вельмі старанны хлопец, выдатнік. А Даніла з Ксеняй... У іх здольнасці іншага характару. Зорныя дзеці. Вельмі інтэлігентная сям’я: бацька — дыпламат, маці — з кансерваторскай адукацыяй... А вось Даніла — прафесійны тэнісіст.
— Як Максім?
— He. Максім непрафесійна гуляе. А гэты — у нацыянальнай зборнай Украіны. А Ксеня — творчая натура...
У Соні заварушылася нехарошае падазрэнне.
— Яна... Таксама была ў Кіеве?
— He думаю. Акурат яе лёгка адсочваць, — усміхнулася мама Юля. — Цяпер праходзіць тыдзень моды ў Маскве. Ксеня — топ-мадэлька.
Мама Юля хуценька набрала ў гугле «Ксенія Бандарчук» і адкрыла відэаролік. На Соню па подыуме ляцела незямная красуня ў смелай вечаровай сукенцы.
— Што, раўнуеш? — хітра зазірнула Соні ў вочы мама Юля. — He варта. Ксеня не Максімаў тып.
— Але яна такая прыгожая!
— Прыгожая, не прыгожая... Я мама, я ведаю. He такія дзяўчаты яго вабяць.
Соня прашчоўкала іншыя лонданскія фота Максіма і ягоных сяброў. Адна рэч падалася ёй вельмі дзіўнай.
— Яны ніколі не глядзяць у камеру. Так, нібы...
— He ведаюць, што іх здымаюць? Гэта мой фірмовы стыль! — сказала мама Юля. — Ненавіджу, калі пазіруюць. Апроч таго, Максім, калі падрос, вельмі не залюбіў фатаграфавацца. Я часам незаўважна хадзіла за імі. Таму яны тут гарантавана такія, якімі ёсць насамрэч. А не такія, якімі хочуць здавацца дарослым.
— Вы што, і ў нашу школу так хадзілі?
— Хадзіла. Спачатку, — мама Юля адкрыла іншую тэчку, і Соня з хваляваннем пабачыла Максімаў здымак з той самай лінейкі ў дзявятым класе. Той самы момант, калі яна ў яго закахалася. — Але ў вашай школе — ніякай пажывы. Поўная статыка. Ён амаль увесь час адзін. А калі нешта цікавае для аб’ектыва адбываецца, ён хіба раскажа? Напрыклад, вельмі зайздрошчу табе як фатограф наконт іхніх вайсковых збораў.
— Я ўвогуле не магла ўявіць, што ў Максіма могуць быць сябры, — Соня вярнулася да фота шчаслівай чацвёркі.
— Разумееш, ён ніколі не зробіць першы крок. Але і да яго наблізіцца цяжка. Бо на ім панцыр, які трэба ўхітрыцца прабіць. I вось гэтым траім тое ўдалося. Ён вельмі сумаваў па іх, калі мы вярнуліся ў Беларусь. Можа, ад таго яшчэ больш замкнуўся...
У дзверы пагрукалі.
— Мама, прабач, калі ласка, — пачаў Максім з парога. — Так супала, што Даніла на тыдзень прыляцеў у Кіеў на перамовы з Федэрацыяй тэніса. Ён думае зусім вярнуцца на радзіму. Мы гулялі па горадзе, потым схадзілі на канцэрт ягонага ўлюбёнага гурта, а яшчэ Дэн вазіў мяне на корт, дзе будзе трэнавацца. Жылі мы ў ягонай бабулі. Яны перавезлі яе ў Кіеў з-пад Львова. Пані Стэфанія да адвалу карміла нас баршчом і пампушкамі. Вось, табе гарачыя вітанні ад яе, — і ён паклаў на камоду скрынку цукерак і плеценую сур-
вэтку. — Ну, я яшчэ пазней зайду, — сказаў ён, хутка зіркнуўшы на Соню, і выйшаў.
— Так хутка перапрасіў. I што на яго найшло? — мама Юля выцерла апошнія слязінкі.
А Соня сама сабе ўсміхнулася. Здаецца, цяпер яна крышачку лепей разумела Максіма.
...Соня стаяла на пагорку, пакуль Статкевіч не знік за будынкамі. Яна знойдзе, як іначай заваяваць ягонае сэрца. 3 сёння яна не будзе за ім бегаць.
Так падумала Соня Сінічка, але пагарачылася.
Раздзел XII
ШВЕДСШ ЭСТАФЕТА
Андрэй Васілевіч Лабановіч з дзяцінства ведаў, што будзе працаваць у школе.
Толькі вось, скончыўшы біяфак і пераступіўшы парог кабінета, дзе ў куце з фікусавых зараснікаў вытыркаў чалавечы шкілет, а на сценах выцвіталі фоташпалеры з белавежскім зубром, ён зразумеў, што памыліўся з пакліканнем. Сеяць разумнае, добрае, вечнае яму зусім не падабалася. Думаў, апетыт прыйдзе ў час яды — але пацягнуліся гады, вырваныя з жыцця. Ён уладкоўваўся ў модныя школы, прэстыжныя гімназіі і ліцэі, думаючы, што ў ягоным дыскамфорце вінаватыя «не тыя» дзеці або «не той» педкалектыў, але паўсюль паўтаралася адно і тое ж. Трэба нешта мяняць, пакуль не позна, падумаў ён і завочна паступіў у эканамічны на менеджмент.
I вось на сорак другім годзе жыцця, калі ён быў гатовы кінуць працу настаўніка і сысці ў бізнес, яму зрабілі прапанову, ад якой ён не змог адмовіцца.
Дырэктарка 234-й школы ў -скім раёне сышла на не надта ёю заслужаны адпачынак, пакінуўшы пасля сябе руіны — як у простым, так і ў пераносным сэнсе. Уратаваць сітуацыю мог толькі энергічны адміністратар на пару з інспектарам па справах непаўналетніх. Калі Лабановіча, простага настаўніка, няхай і вышэйшай катэгорыі, запрасілі ажно ў Мінадука-