Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
А восьмай вечара дзяўчына спусцілася ў гасцёўню Статкевічаў, дзе ўжо засядаў на канапе тата Віця. Ён таксама выявіўся заўзятарам «Манчэстара» і вярнуўся з працы раней, чым звычайна. Неўзабаве знадворку загуў, спыняючыся, матор — і Сонін тата ўляцеў у дом:
— Ледзьве паспеў! He ведаю, як мяне ДАІ не спыніла з такою яздою! — узрадавана закрычаў ён. — Ну што, пачынаецца?
Соня сядзела ў фатэлі і праглядала фотаальбомы мамы Юлі з паездак па Еўропе. Яе і Максімаў тата зліліся ў футбольным экстазе з тэлевізарам. Здаецца, яны ўпершыню разам глядзелі футбол пасля таго, як уз’ядналіся.
— А я ж, Пятруха, на іхнім стадыёне быў, калі яны гралі. У Трэфардзе! 3 «Ліверпулем», чатыры гады таму!.. Го-о-ол!
Здаецца, «Манчэстар» забіў камусьці два галы да перапынку. Тата выглядаў абсалютна шчаслівым.
Рыпнулі масніцы на сходах. У гасцёўню спусціўся Максім. Ён падышоў да лядоўні наліць сабе соку.
— А ты, Максім, не цікавішся футболам? — спытаўся Сонін тата. Акурат ішла рэклама паміж таймамі.
— Не-а. Забава для пралетарыяту. Я гляджу біятлон. Ну і, само сабой, тэніс.
— Зразумеў, Пятруха, хто мы з табою? Пралетарыят! — засмяяўся тата Віця.
— Дык ясна, што тэніс, — заківаў Сонін тата.— Дарэчы, я чуў, ты на вакацыях у турніры перамог.
— Ну, гэта быў несур’ёзны турнір. Можна сказаць, міжсабойчык. На прызы спонсара.
— Але ўсё адно! Гэта ж не першая твая перамога. Дзіўна, што ты не захацеў займацца прафесійна.
— Навошта? — паціснуў плячыма Статкевіч. — Я гуляю для сябе. Апроч таго, у гэтым спорце трэба з чатырох гадоў пачынаць, каб выбіцца. А прысвячаць жыццё таму, каб быць васьмісотай ракеткай свету, неяк па-дурному.
— Я часам здзіўляюся, як яму ўдаецца перамагаць, калі ён так мала займаецца, — з гонарам сказаў тата Віця.
— Я проста прыкмячаю слабыя бакі саперніка і паварочваю іх на сваю карысць, — стрымана прамовіў Максім.
— А мы Соню таксама ў вялікі тэніс аддавалі, — сказаў Сінічка, — у шэсць гадоў. Толькі нічога з гэтага не выйшла.
Вядома ж, не выйшла. Соня добра памятала, як аднойчы бабуля завяла яе ў вялікі ангар, прапахлы потам. Упоперак ангара былі ў радочак нацягнутыя бурыя ад бруду сеткі, на якіх сям-там перацерліся канацікі. Соню адзелі ў шорты ды футболачку і ўручылі ёй аблупленую драўляную ракетку. Гэтую ракетку ім бясплатна аддалі знаёмыя. Бабуля і тата падумалі: няхай дзіця паспрабуе. Калі ў дзяўчынцы нешта ёсць, варта будзе ўкласціся ў прафесійны рыштунак.
Вось толькі трэнер быў з вялізнай кагорты тых, хто не верыў у Соню Сінічку. «Забярыце ад мяне гэтае непаразуменне! — нязменна казаў ён бабулі, калі тая прыходзіла па ўнучку пасля занятку. — Або купіце ёй нармальную ракетку».
Прыстойна адбіваць мяч не тое што злева — справа — Соня так і не навучылася. I праз год тэніс занядбала.
На фігурным катанні, куды яе аддалі ў другім класе, паўтарылася гэткая ж гісторыя.
А потым бабуля памерла, і вадзіць яе ў спартыўныя секцыі больш не было каму.
— Тата, у суботу зранку я бягу эстафету на новым школьным стадыёне, — сказала Соня, каб памяняць тэму. — Прыходзь паглядзець, добра? I Максім таксама пабяжыць, — сказала яна, хутка зірнуўшы на хлопца.
— Соня, вы з Максімам бяжыце эстафету? Што ж вы маўчалі? — мама Юля высунула з гаспадарчага пакоя свой курносы носік. — Божухна, які цудоўны месяц! Спачатку тэнісны турнір, а цяпер гэта! Столькі пажывы для маёй камеры! Вядома ж, Соня, твой тата будзе. Мы ўсе будзем на трыбунах! Трэба надрукаваць расцяжку!
— Я не буду ўдзелызічаць, — раптам сказаў Максім.
— Сына, ты чаго? Ты абавязкова мусіш! Ты ж падвядзеш Сонечку!
— Пры чым тут яна? — раздражніўся хлопец. — Я не Mary яе падвесці, бо мы ў розных класах. Я проста не хачу мець нічога агульнага з гэтай паказухай. Спачатку на каленях упрошваюць бегчы, а потым выстаўляюць нейкія прэтэнзіі, нібы я ім штосьці вінны. Надрывацца дзеля галачкі? Заўтра папрашу, каб мяне выкраслілі.
Хлопец паставіў пустую шклянку ў пасудамыйку і пайшоў наверх, засунуўшы рукі ў кішэні джынсаў.
...Соня, не міргаючы, глядзела на здымак рымскага Калізея ў альбоме, што ляжаў у яе на каленях. Мужчыны зноў засяродзіліся на тэлевізары, бо пачаўся другі тайм. Мама Юля
сядзела ў інтэрнэце за хатнім камп’ютарам. Соня згадвала, як Вася апошнімі словамі лаяў Максіма, калі яны вучыліся перадаваць палачку. Як ён старанна капіяваў усе пазіцыі, якія паказвала ім фізручка, як потым яны яшчэ на паўгадзіны затрымаліся на стадыёне, паўтараючы рухі. Трэба было пачынаць разгон, калі папярэдні бягун амаль да цябе наблізіўся, і пры гэтым забраць палачку, не дабягаючы да жоўтай рысы. Рысу на просьбу фізручкі накрэсліў упоперак дарожак школьны аканом. Гэта ў Сонінай каманды яшчэ не надта выходзіла, таму яны дамовіліся папрактыкавацца заўтра.
I вось калі Васілеўскі даведаецца, што Статкевіч саскочыў, у яго знікне ўвесь імпэт. Сыдзе ён, за ім Дубовік, які і так не надта гарыць жаданнем, — і бывай грамата за ўдзел у эстафеце. А яна абараніла б Васю ад выключэння, што цяпер над ім павісла.
А ў «Д» класа ёсць усе шанцы перамагчы — Соня бачыла, як бегаюць іншыя. Так што Максім усё-ткі падвядзе іх, калі адмовіцца.
Яна незаўважна адклала альбом убок і пайшла на другі паверх.
ххх
— Можна да цябе?
— Зусім страх згубіла? Я забараняў табе сюды ўваходзіць!
Соня стаяла на парозе Максімава пакоя ўпершыню з часу, як пераехала ў «лялечны дом». Гэтак дысцыплінаваны вернік з усіх сіл трымаецца падалей ад святыні іншай канфесіі, але аднойчы ўсё-ткі наважваецца і ўваходзіць. Бо жах як цікава, што там за дзвярыма.
Што?!! Яму цесна з малым Вадзікам?! Максімаў пакой быў не проста большы за той, у якім цяпер жыла Соня, — ён быў прасторнейшы за іх з татам катух у маласямейцы. 3 вы-
гляду гэта быў звычайны хлапечы пакой, хоць Соня не асабліва мела з чым параўноўваць. Аскетычны, у светла-шэрых і балотных колерах. Ведаючы маму Юлю, можна было зрабіць выснову, што панавалі тут зусім не ейныя густы.
У глыбіні пакоя злева, пад мансардавым акном з рымскай шторай, стаяў белы пісьмовы стол. Мяркуючы па знаёмых Соні падручніках за 11 клас, што ляжалі на ім ахайнымі стосікамі, Максімаў працоўны кут. Справа, пад другім мансардавым акном, адгароджаная ад стала стэлажом, тулілася раскладзеная канапа, засцеленая шатландскім кратчастым пледам. Ад яе да дзвярэй цягнулася шчыльна замкнёная шафа-купэ; на адной са створак вісеў брытанскі сцяг, на другой — постар гурта «Placebo».
Адразу каля дзвярэй злева высіўся метровы ложак-подыум; з прачыненых шуфлядак вытыркаліся скамечаныя шмоткі. Мудрагелістыя дэвайсы ў гэтым куце мала што не звісалі са столі. Тут жа, паралельна ложку, стаяў яшчэ адзін працоўны стол, таксама белы. На ім, пад ім і вакол яго на стэлажах грувасціліся рознакаляровыя пластыкавыя кошыкі, набіткаваныя зашмальцаванымі кнігамі, сшыткамі, паперамі, рассыпанымі канструктарамі і такой колькасцю бластарападобных цацак, што імі можна было ўзброіць цэлую флатылію прышэльцаў з космасу. Усё гэта сігналізавала пра вялікае перасяленне сюды малога Вадзіка.
Паміж сталамі на сцяне быў замацаваны невялікі тэлевізар. На ім ішоў баявік з Брусам Уілісам. Максім, які сядзеў перад тэлекам у камп’ютарным крэсле, клацнуў пультам, калі Соня ўвайшла, і на экране застыў твар актора, перакошаны ад болю і напругі.
Пакой тут жа напоўніўся плачам пратэсту. Соня не адразу яго заўважыла, але на падлозе каля Максіма перад брустверам з канапных валікаў і падушак ляжаў Вадзік, цаляючы ў тэлевізар з аднаго са сваіх бластараў. Мусіць, прыкрываў Бруса. Хоць гэты д’яблік мог атаясамліваць сябе і з кепскімі хлопцамі.
Пабачыўшы Соню, Вадзік рашуча наставіў на яе зброю.
— Колькі разоў табе казаў: не тыцкаць руляй у жывых людзей! Нават калі гэта Сінічка... Што там у цябе? — Максім крутануўся на крэсле тварам да Соні. — Толькі хутка.
— Хачу папрасіць цябе пра адну рэч.
— Ну, паспрабуй.
— Калі ласка, не адмаўляйся ўдзельнічаць у эстафеце.
— Яшчэ адна настаўніца адшукалася... Чаму ўсе лічаць, што могуць загадваць мне, што рабіць?
— Я не загадваю, я прашу. Вельмі важна, каб ты там быў.
— Што, зусім без мяне не можаш? — здзекліва спытаўся Статкевіч, адкінуўшыся на крэсле. — Хочаш пабегаць за мной на законных падставах?
— Гэта не для мяне. Гэта для Васі... Разумееш, ён зацяўся ўва ўсім з табой супернічаць. Ён так захапіўся гэтай эстафетай толькі таму, што ў ёй ты. Калі ты адмовішся, ён адмовіцца таксама. А мы вельмі хочам, каб ён паказаў сябе з найлепшага боку хоць бы ў спорце. Тады, можа, дзірык яго не будзе чапаць да выпуску.
— Дык значыць, для жанішка свайго шчыруеш? — паморшчыўся Максім.
— Вася мне не жанішок! — выпаліла Соня. — Але... Вася мой сябар. I я перажываю за яго. He ведаю, ці ведаеш ты... Дакладней, я спадзяюся, ты ведаеш, што такое сябры.
— Добра, — Максім паволі круціўся на крэсле з боку ў бок, закінуўшы нагу на нагу і паставіўшы пальцы дамком, як вярхоўны злодзей у галівудскім фільме, — я пабягу. Але што мне за гэта будзе?
— У сэнсе?
— Ну, мушу ж я таксама мець нейкі інтарэс. Раз усім навокал карціць, каб я наняўся акрабатам у гэты цырк. Вось што, Сінічка. Давай так. Я пабягу. Але калі «А» клас пераможа ў эстафеце, ты пераканаеш свайго бацьку, каб вы з’ехалі з нашага дому.
— Але гэта пакуль немагчыма...
— Выбірай, Сінічка. Я за сценкай, або Вася ў класе, — кпліва прамовіў Максім, склаўшы на грудзях рукі.
— А што тут выбіраць? Мы пераможам. 3 вашымі-та атлеткамі...
— Але не забывай, што яны пабягуць са мною. А твой Вася здохне на трохстах метрах. Ён жа, мусіць, з ясельнай групы садка дыміць як паравоз. Ці я не маю рацыі?
— Гэта мы яшчэ паглядзім, хто каго... Добра, Статкевіч. Я згодная.
— Ну і слаўна! — сказаў Максім і вярнуў да жыцця Бруса Уіліса, даўшы зразумець, што размова скончаная.
— Дура! — пачула Соня за спінай Вадзікаў голас, калі зачыняла за сабой дзверы.
ххх
У сераду Соня куляй уляцела на першы ўрок і з парога кінулася да Васілеўскага.
— Вася, давай сюды руку, — загадала яна, пасля чаго бесцырымонна сцягнула з таварыша пінжак і пачала закасваць яму рукаво кашулі.
— О-о-о, Сініца, ты распранаеш мяне проста пры людзях? — узрадаваўся Вася.
— 3 сёння да суботы ты ані цыгарэты ў рот не возьмеш! — сказала Соня, налепліваючы хлопцу на жылу нікацінавы пластыр. — Усё: здаровы лад жыцця да самай эстафеты. Ta66 трэба берагчы дыхалку.