Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
Соня толькі што перадала эстафету суперніку. Ногі ў яе падкасіліся. Яна павалілася проста на фінішную рысу.
ххх
— Ты наўмысна гэта зрабіў.
Соня сядзела з краю трыбуны на першым шэрагу, захутаўшыся ў паліто і нацягнуўшы на вочы шапку, калі да яе паволі падышоў Максім. На стадыёне ўжо амаль нікога не засталося. Гледачы перамясціліся ў сталоўку, на пачастунак. Уваччу было цёмна. Круцілася галава. Было вельмі балюча глытаць і гаварыць. Хацелася пад коўдру. Хацелася цішыні.
— Я ж казаў, што прыкмячаю слабыя бакі саперніка і паварочваю на сваю карысць. Але я проста хацеў цябе дэмаралізаваць. Я не думаў, што ты мне палачку ў зубах прынясеш.
— Гэта было несумленна.
— О так. Раскажы гэта людзям. «А» клас выйграў эстафету, бо я табе ўсміхнуўся...
Соня сціснула кулакі. Які ён усё-ткі падонак! I якая яна ўсё-ткі дурніца! Яны так рыхтаваліся да спаборніцтва — і Соня адным махам перакрэсліла ўсе намаганні проста таму, што закаханая ў Статкевіча, як котка, і нічога не можа
парабіць з сабою. Яна ўмее кантраляваць дыханне, але хто б навучыў яе кантраляваць пачуцці?
Найболып няёмка было перад Васем. Той паспрабаваў выправіць сітуацыю, але што ён мог зрабіць? Бег, як мустанг, і нават на апошнім коле абагнаў Каланіцкага, але ўсё адно фінішаваў другім. Ляснуў аб зямлю чырвоную палачку, якую з боем вырваў у Паўзунковай, і пайшоў дадому адразу з фінішу, ні з кім не размаўляючы. Такой крыўды ён не заслужыў. Соня была перад ім моцна вінаватая.
— Ну што, Сінічка, табе дваццаць чатыры гадзіны на зборы. Круціся як хочаш. Мы дамаўляліся.
— Я помню.
— Пайшлі ў сталоўку. Нам прыз будуць уручаць. Хоць той факт, што ты прыбярэшся з майго дому, — найлепшая ўзнагарода. Ну, давай, уздымайся.
— He магу.
— Як не можаш?
— Я не магу ісці.
— He выдумляй. Толькі што лётала як апечаная — і раптам ісці не можаш?
— Сонейка, ну як ты? Галава круціцца? — мама Юля падляцела да Соні і адразу пачала мацаць ёй лоб. — А божухна! Максім, у яе тэмпература! Яна зноў страчвала прытомнасць. Трэба адвезці яе дадому і тэрмінова выклікаць доктара! Тата Віця пабег на Верасовую па машыну!
— Ясна. Я пайшоў.
— I куды ты сабраўся? — уперла рукі ў бакі мама Юля.
— На ўзнагароджанне пераможцаў, — здзіўлена адказаў Максім.
— Ага. Бачыла я тую «перамогу». Маўчаў бы ўжо... Чакай, — мама Юля выцягнула з куртачкі мабільнік. — Алё... Ага... Ага... Вадзік з табою?.. Праз колькі?.. Вось што, «пераможца», — кабета сувора паглядзела на сына. — Зараз жа бяры Соню і нясі да машыны. Тата запаркуецца каля вунь таго дома.
— Але...
— Ніякіх але. Што, мне яе несці? He бачыш, яна ледзь у крэсле трымаецца. Заварыў кашу — разграбай...
ххх
— Рох... Рох...
Соня душылася смехам, уткнуўшыся носам у мяккую байку, якую Статкевіч нацягнуў пасля эстафеты паўзверх вільготнай футболкі. Байка пахла потам, байка пахла Максімам.
— Вельмі смешна, Сінічка. Колькі ты хоць важыш?
— Пяцьдзясят два кілаграмы.
— Ашалець! Больш за паўцэнтнера. На цяжкую атлетыку я сёння не падпісваўся.
— Рох... Рох...
— Ды што ты ўсё рохкаеш?
— Ты зноў нясеш мяне на руках, але гэтым разам я ў прытомнасці. Гэта мне дасталася самая крутая ўзнагарода...
Так сказала б Соня Сінічка, але адразу за стадыёнам яна адрубілася.
ххх
HE КАЖЫ «ГОП!»
Zauziatar.by наведаў шведскую эстафету ў адной з мінскіх школ і паўплываў на вынік
Тэкст: Зміцер Перчыкаў
Фота: Юлія Арцёмава
Як многа ў Беларусі — ладна, у Мінску — якасных школьных стадыёнаў? «Заўзятар» налічыў сем. Добра, восем, калі ўмоўна ўключыць Астрашыцкі Гарадок у рысу сталіцы. Беларускія чыноўнікі ад спорту і адукацыі шмат і ў адзін
голас кажуць аб прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод падлеткаў. Але, як правіла, далей за лозунгі справа не ідзе.
На мінулым тыдні, аднак, у гэтага сумнага правіла з’явілася яскравае выключэнне. 11 лістапада галоўны рэдактар «Заўзятара» трапіў на адкрыццё звышсучаснага чатырохсотметровага школьнага стадыёна, якое сталася магчымым дзякуючы падтрымцы буйной кампаніі «Холдынг-Молдынг».
Разынкай мерапрыемства была шведская эстафета сярод вучняў выпускных класаў. Эстафета, у якой было ўсё: страх і нянавісць на трыбунах, каханне і «смерць» на бегавой дарожцы, феерычны абмен эстафетнымі палачкамі перад самым фінішам, а таксама цыганачка з выхадам нашага галаўрэда на цырымоніі ўручэння прызоў і патрасанне ім правіламі Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый дзеля таго, каб у асобна ўзятай школе перамог алімпійскі прынцып. Чытайцеў нашым рэпартажы...
ххх
...Вася бег па Андрэеўскім спуску, цягнучы Соню за руку. Раптам перад імі разліўся Дняпро. На трапе белага парахода стаяў Максім, які асляпляльна ўсміхаўся Соні, гатовы прыняць ад Васі ягоную эстафету. На борце парахода сінім маркерам было выведзена... He, толькі не гэта!..
Соня расплюшчыла вочы ў сваім утульным пакойчыку. Мабільнік паказваў поўдзень. Які хоць сёння дзень? Нядзеля. Яна спала без малага содні. Па-ранейшаму балела горла, але тэмпературы яна пакуль не адчувала.
Дзяўчына асцярожна выслізнула з пакоя ў купальню. Потым зазірнула ў бацькаў пакой.
Таты не было. Соня вярнулася да сябе, патэлефанавала. Пераканалася, што тата ў рэстарацыі. Вызірнула ў акно, упэўнілася, што машын каля дома няма. Тата Віця — у ад’ездзе,
мама Юля, мусіць, на рынку. Трэба было хутчэй выходзіць. Дайсці да тралейбуса, пакуль ясная галава.
— I далёка сабралася?
Соня абярнулася. Яна ўжо замыкала веснічкі, калі пачула кплівы Максімаў голас. Хлопец стаяў на ажурным гаўбцы з кубкам у руках.
— Да таты ў «Пан Сцяпан».
— Доктарка сказала табе тыдзень ляжаць, — Максім адпіў з кубка, разглядаючы Соню на падворку, як экзатычную рэптылію ў тэрарыуме.
— Я еду пагаварыць пра тое, што нам трэба адсюль з’ехаць.
— 3 чаго раптам?
— Бо мы з табой дамаўляліся. А я заўсёды трымаю слова.
— А... Я і забыў ужо.
— А я вось выдатна помню. Я не застануся тут, Статкевіч. Вы перамаглі — значыць, я з’язджаю.
— Ты што, не чытала інтэрнэт? — здзіўлена спытаўся Максім. — А, ну так, ты ж у анабіёзе ляжала... Карацей, Сінічка, школы табе было мала — гэтым разам ты мяне на ўсю краіну зняславіла. Але сутнасць не ў гэтым, а ў тым, што і нас, і вас у выніку дысквальнулі.
— Як дысквальнулі?
— Вельмі проста. Калі бягун памылкова перадае палачку саперніку, дыскваліфікуюць абедзве каманды. Так што перамог 11 «Б».
— Дык значыць...
— Значыць, ты можаш заставацца. Ну, вядома, калі хочаш. Бо я таксама заўсёды трымаю слова. Так што не дуры, а ідзі кладзіся ў ложак. Мяне тут да цябе медбратам прыставілі. Але паколькі агоніі я не назіраю, абслужыш сябе сама. Пігулкі на стале ў кухні. Твая ранішняя доза. I не заходзь у мой пакой!!!
— Статкевіч!!!
Максім павярнуўся быў, каб ісці ў дом, калі Соня яго спыніла.
— Чаго табе яшчэ?
— Ты ж чытаў правілы эстафеты?
— Нуі?..
— I ты запамінаеш усё, што калі-кольвек прачытаў?
— Нуі?
— I ты ведаў, што, калі дакранешся да нашай палачкі, 11 «А» дыскваліфікуюць?
— Мучся здагадкамі, — яхідна прамовіў Максім і замкнуў за сабой гаўбец.
Рып, рып... Так рыпелі веснічкі «лялечнага дома», радуючыся, што яшчэ пэўны час ім давядзецца ўпускаць і выпускаць Соню Сінічку.
TOM ДРУГІ
Раздзед I
ВАСЯМНАЦЦАЦЬ ГРАДУСАЎ
Вышчыпаць бровы ці і так нармальна?
Соня Сінічка стаяла ў купальні з зубной шчоткай за шчакой і разглядала сябе ў люстэрку. На ёй была балахонная піжама ў шэрыя слонікі — тата Віця выстаўляў ацяпленне на васямнаццаць градусаў. Так Статкевічы прызвычаіліся ў Лондане. Стаяў люты, трывалі маразы. Вось ужо чатыры месяцы Пётр Сінічка з дачкой жылі ў катэджы сяброў пасля таго, як іхні дом склаўся ад выбуху газу.
Чатыры месяцы — а ўжо столькі змен. Соня пастрайнела, выцягнулася, а шчокі ейныя паружавелі. Калі яны жылі ўдваіх з татам, Соня спажывала пераважна пельмені ды сасіскі (усё, што была ў стане прыгатаваць), разагрэтыя ў мікрахвалёўцы катлеты і адбіўныя з татавай рэстарацыі, але часцей — чызбургеры з «макдональдса» ды піражкі з кулінарыі. Мама Юля ж спраўна ўлівала ў Соню суп, а таксама сачыла, каб дзяўчына штодня піла сокі і ела свежыя салаткі з гародніны. Галава перастала круціцца, і жывот цяпер балеў зусім рэдка. He сказаўшы «гуд бай», адзін за адным пазнікалі з твару самыя буйнакаліберныя прышчы.
Соня паціху інтэгравалася калі не ў сям’ю Статкевічаў, то, прынамсі, у іхную хатнюю гаспадарку. Па суботах прыбірала свой, татаў пакой і, калі паспявала за ўвішнай мамай
Юляй, яшчэ нейкую частку дому. Мыла кухню і прала свае ды татавы рэчы. Вось толькі пасля таго, як ейная спроба спячы торцік запусціла пажарную сігналізацыю, да пліты Соня не падыходзіла.
Мама Юля па-ранейшаму была на сёмым небе ад таго, што ў ейным доме жыве «самая сапраўдная дзяўчынка». To на шопінг Соню зацягне, то ў модную кавярню, то ў кіно на рамантычную камедыю. Спрабавала нават арганізаваць Соні візу на калядны распродаж у Вільню, але з тэрмінамі не атрымалася. А з новага года ўпісала юную сяброўку на свой абанемент у салон прыгажосці. I вось пакуль маму Юлю стрыгуць, фарбуюць і абгортваюць, Соні прапаноўваюць каву, зялёную гарбату і розныя дробныя касметычныя працэдуры: то грыўку падраўняць, то крэм для твару падабраць. А цырульніца Ляля панадзілася чапляцца да Соніных валасоў. Спачатку спрабавала Соню хной падфарбаваць, але дзяўчо катэгарычна адмовілася. А ўчора Ляля прапанавала якое-небудзь арыгінальнае карэ. Соня ўзяла ды пагадзілася. Варта ўпершыню ў жыцці паспрабаваць, а калі не спадабаецца, «да вяселля адрасце».
I вось дзяўчына, чысцячы зубы, ацэньвала новы вобраз. Ляля ведала сваю справу. Соня... He, не папрыгажэла — такімі словамі я б не раскідвалася. Але «пацікавела» — дакладна. Нават выраз вачэй, здавалася, змяніўся.
Можа, пачаць вейкі падфарбоўваць?
Адным словам, наша гераіня ўвачавідкі мянялася. I не яна адна. Выплюнуўшы пасту, яна з замілаваннем агледзела мужчынскі станок для галення, які ўжо з тыдзень ганарліва красаваўся ў шклянцы на мыйцы.
Паненка з надзеяй абцягнула слонікаў на грудзях. He, мянялася далёка не ўсё.
— Сінічка! Ты вызваліш санвузел ці не? За табой чарга, як у плацкартным вагоне!
Ну вось. Гэта за чатыры месяцы таксама засталося без змен. Уздыхнуўшы, Соня выйшла з купальні насустрач заспанаму Максіму. Збіваючы іх абаіх з ног, туды адразу заскочыў малы Вадзік.