• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — He суй сваю шчотку ў маю шклянку!!! Дура!
    Стасункі Соні і Максіма пасля эстафеты можна было абазначыць як халодны мір. Высяляць Соню з Верасовай браты Статкевічы больш не спрабавалі, але, як і тата Віця дом, пастаянна трымалі Соню на васямнаццаці градусах. Каб не расслаблялася. Ну, а паколькі Соня і Максім свята датрымліваліся прынцыпу «не-размаўляй-са-мной-у-школе», пляткарыць і жартаваць іхнім аднакласнікам больш не было пра што. Хіба што мама Юля пару разоў заруліла, падмяняючы Пятра Сінічку, на бацькоўскі сход «Д» класа. Але ад гэтага «ашкі» (а зрэшты і «дэшкі») толькі сталі ўспрымаць Соню як пацешную малодшую сястрычку Максіма. Раўнаваць да якой смешна і недарэчна.
    Да таго ж на навагодняй дыскатэцы Ваня Каланіцкі прызнаўся ў каханні Лене Каньковай, і пра Соню з Максімам канчаткова забыліся.
    — Што, Максік, загледзеўся? Праўда, Соні пасуе новая стрыжка?
    — Ды не, мама. Акурат разважаў пра тое, што галоўная аздоба жанчыны — доўгія валасы.
    Гэта ўжо за сняданкам.
    — Мама, ты пасля абеду выпадкова не едзеш у горад?
    — А што?
    — Мне трэба ў цэнтр, на курсы па інглішы перад рэспубліканскай алімпіядай.
    — Ты ж ніколі на іх не хадзіў.
    — Я еду на першы занятак сказаць, каб мяне выкраслілі. У мінулым годзе ў школу тэлефанавалі, скардзіліся, бо я там не з’явіўся.
    — Я паеду, але вечарам. Павязу Вадзіка на прэзентацыю чарговай кнігі пра мумітроляў
    — Мама, я не хачу!
    — Сынок, табе ж спадабаліся папярэднія кнігі пра мумітроляў...
    — Але я вырас! Цяпер я аддаю перавагу навуковай літаратуры.
    — Размаўляй як нармальнае дзіця.
    — Але Максім так заўсёды кажа!
    — Максіму можна, ён дарослы.
    — Дык што, мама?
    — Слухай, пад’едзь сам. Мне яшчэ да доктара сёння... Зірні расклад аўтобуса, у мяне на працоўным стале захаваны. Усё, Вадзік, абувайся.
    — Мама, я цябе прасіў, прыбяры гэтую фотку!!!
    Соня ажно здрыганулася. Максім вывеў хатні камп’ютар з соннага рэжыму, і на маніторы высвеціўся фотаздымак. На фоне жоўтай трыбуны хлопец прыціскаў Соню да грудзей, трымаючы на руках. Гэты здымак з лістапада ўпрыгожваў працоўны стол мамы Юлі.
    — I не падумаю, — сказала мама Юля, высоўваючыся з вітальні. — Гэта мой найлепшы рэпартажны кадр!
    — Ты ж ведаеш, мяне раздражняе. Я прыбяру.
    — Але ты ж ведаеш, я вярну. Мы паехалі. Змагайцеся тут, дзеці.
    Словам, звычайны ранак у сям’і Статкевічаў.
    Соня мыла свой кубак, калі ейны мабільны каротка пілікнуў. Вася. Пусціў званок, каб Соня выходзіла.
    — Ізноў ты? I не абрыдла сюды цягацца? — пачула Соня, запакоўваючыся ў куртку, Максімаў голас знадворку.
    — Ды вось. Пільную, каб геній раптам не абярнуўся зверам, — пратрубіў Вася аднекуль з-за веснічак. — А то знаеш, як яно бывае... Жыве сабе батанік, на алімпіяды ходзіць,
    а потым бярэ драбавік і расстрэльвае палову школы. Так што мне неспакойна, пакуль побач з табой Сініца.
    — Ну, пільнуй, пільнуй, пільны ты наш, — зноў загаварыў Максім. — Слухай, а вы з ёй адно аднаго вартыя...
    — Вось бачыш, нарэшце ты прызнаў гэта!
    — Абодва цягаецеся за чалавекам, якому да вас няма справы.
    — Паўтары, што ты сказаў?!!
    Але адказу не было. Мусіць, Максім ужо завярнуў за рог дома, каб ісці ў школу напрасткі.
    Соня расчыніла дзверы. У твар сыпанула снегам.
    — Сініца, ты зноў без шапкі? Ты што, пастрыглася?!
    А табе да твару.
    Была сярэдзіна трэцяй чвэрці.
    Раздзел II
    KIM БЫЦЬ
    Была сярэдзіна трэцяй чвэрці, і 11 «Д» пачынаў хаатычна брацца за розум. He было ўжо як адкручвацца: навучальны год ляцеў з гары, і наперадзе праглядаўся канец школы і яно — няўмольнае і непазбежнае Паступленне.
    Галоўнае — зрабіцца студэнтам і яшчэ пяць гадоў ні пра што не парыцца. Такі быў агульны настрой. Так разважалі Соня, Галя і Снежка яшчэ перад новым годам, калі млява, паміж пераказам школьных плётак і спісваннем адна ў адной дамашкі, гутарылі пра будучыню.
    Але ў трэцяй чвэрці тройца раптам усвядоміла, што яны адзіныя ў класе не тое што не выбралі ўніверсітэта, але ў прынцыпе не ведаюць, кім быць.
    Між тым градус паступляжу нарастаў. Усё часцей заміж пытанняў «Ці не саскочыць нам з белліту?» і «Што будзем рабіць пасля ўрокаў?» «дэшкі» адрасавалі адно аднаму сакраментальнае «А куды ты паступаеш?»
    Яшчэ і Ніначка падлівала алею ў агонь:
    — Выпускны вы клас або дзе?—грымела яна на ўроках. — У сакавіку, максімум у пачатку красавіка я мушу ведаць, якія іспыты вы здаяце ў школе! Але, як відаць, вам па барабане! Вышэйшая адукацыя нікому, бачу, не патрэбная. Вы нават не чухаецеся! Што, усе хочуць на рынку гандляваць? Падумайце
    пра будучыню! Вось «А» клас — такія разумнічкі — кожны з пялюшак ведае свой універсітэт! Вось гэта мэтанакіраванасць! А вы што? Ганьбіце мяне, спіце ў шапку...
    Гэта была не зусім праўда. «Д» клас у шапку не спаў. Раптам выявілася, што той ці гэтая занятыя на нейкіх курсах і запісаныя да кучы рэпетытараў. He ўсе, зразумела. Дубовік з Лысым, важна цвіркаючы слінай, расказвалі, што пасля школы будуць чакаць прызыву, бо сапраўдны пацан мусіць адслужыць. Пералічвалі вайсковыя гарнізоны, у якія мараць трапіць, і спрачаліся міжсобку, які круцейшы. Пра «пасля арміі» хлопцы не асабліва задумваліся, але пераконвалі, што, дэмбельнуўшыся, лёгка ўладкуюцца на службу ў прыватную ахову ці нават АМАП.
    Амаль усе іншыя хлопцы ў класе і нават пара дзяўчат трызнілі камп’ютарамі. Большасць збіралася вучыцца на праграмістаў. Пра заробкі ў IT «дэшкі» гаварылі часта і са смакам. Трэба прарывацца ў тэхнічныя ўніверы, на факультэты, куды лягчэй паступіць, пагаджаліся ў 11 «Д». А там паглядзім.
    Аліна Макей збіралася ў медвучэльню і паралельна на курсы касметолага-візажыста, каб пайсці ў які спа-салон або прыватны медцэнтр. Дзяніс Лінькоў надумаў у эканамічны, вывучаць лагістыку.
    Карацей, большасць «дэшак» цвёрда стаяла на зямлі і ведала, чаго хоча ад жыцця. Слухаючы аднакласнікаў, Соня і ейныя сяброўкі пачыналі ўсур’ёз пераймацца. Дакладней, пераймаліся толькі Соня і Снежка. Галя акурат ведала, чаго хоча ад жыцця. У яе была іншая праблема.
    — Я пасля школы адразу магу ісці ў швачкі, — уздыхала яна. — Але мама... Кажа, не для таго яны з татам у сталіцу з вёскі прабіліся, каб дзеці без вышэйшай адукацыі засталіся. Я кажу, што ўладкуюся для пачатку на які «Серж», а потым паступлю на тэхнолага завочна, а яна заладзіла: непрэстыжна, катарга. Сказала, ідзі куды хочаш, толькі на дзённае,
    вывучым, аплацім. А што мне іхнія грошы... Я і сама на вучобу зарабіць магу!
    На перапынку Соня пазычыла ў Сняжаны «Даведнік абітурыента» і гартала яго ў спадзеве наткнуцца на прафесію мары. Загадвала лічбу і разгортвала на пэўнай старонцы. Спрабавала свой дзень народзінаў, а таксама мамы і таты. Нічога не ляжала да сэрца.
    Першай справай, калі Снежка прытарабаніла ў школу даведнік, Соня адшукала раздзел «Эканамічны ўніверсітэт, Вышэйшая школа турызму». «Спецыяльнасць: менеджмент сферы турызму. Іспыты: матэматыка, руская/беларуская, замежная — ЦТ». Матэматыка! Не-е-е-е.
    Але справа была не толькі ў матэматыцы. Тата хацеў, каб яна паступіла менавіта сюды. Хацеў, каб Соня аднойчы пераняла ў яго рэстарацыю. Соня заплюшчвала вочы і згадвала, як дапамагае яму на кухні ў святы або калі нехта з персаналу не выходзіць на працу. Прадымлены каўтух, дзе заўсёды пара і мітусня. За сценкаю — цемнаватая зала з масіўнымі драўлянымі сталамі, напоўненая хамаватымі наведнікамі, якія рэдка скажуць «дзякуй» за смачную ежу, але абавязкова абураюцца і патрабуюць кнігу скаргаў калі нешта не так. Бачыла, як у калідорчыку плачуць ад крыўды і стомы татавы афіцыянткі.
    Яна бачыла, як цяжка працуе бацька, і не хацела сабе такога ж.
    Але потым яна бачыла прасторную залу і столікі, засланыя бялюткімі абрусамі. На венскіх крэслах сядзіць добра ўбраная публіка, а яна ў бездакорнай сукенцы ідзе паўз іх, правяраючы, ці ўсе ў парадку, ці завіхаецца персанал... Ці ўдалася цяляціна па-бургундску, ці шампанскае ў срэбных вядзерцах як след ахаладзілася... Максім завітвае на вячэру — найлепшы столік зарэзерваваны для іх. Ён — уладальнік гэтай фешэнебельнай рэстарацыі, а Соня — адміністратарка. Шэф-повар выходзіць да іх, каб прыняць замову...
    Вася?!! Ну чаму ён вечна ўсплывае ў яе ружовай мары ў гэты момант!
    — Васілеўскі, а ты што будзеш рабіць пасля школы?
    — Што за пытанні, пацаны! Ажанюся з Сініцай!
    — He, ну гэта ясна. А па жыцці? Так і будзеш пельмені смажыць у «Сайгоне»?
    — Спакуха! У мяне будзе свая рэстарацыя. Я там буду шэф-повар, а Соня — адміністратар. Скажы, Сініца?
    За праваленую эстафету Вася злаваўся на Соню доўга — ажно тры дні. Пасля гэтага ён зноў нагадаў усім, што ён — Сонін жаніх.
    У дзявятым класе з Васі страшна кпілі, калі ён абраў сабе «бабскі занятак» — вытворчую практыку па кулінарыі. Вася, аднак, зусім не камплексаваў і практыку, у адрозненне ад школы, наведваў спраўна. У дадатак да падпрацоўкі ў «Сайгоне» ён праз настаўніц кулінарыі, з якімі пяшчотна пасябраваў, перыядычна ўладкоўваўся кухарыць на розных банкетах-фуршэтах і, па чутках, няблага зарабляў. Ды і гатаваў ён крута — «дэшкі» аднойчы каштавалі на школьным «салодкім стале». Ён сапраўды меў усе шанцы стаць выбітным кухарам.
    He, рэстаранная сфера — не для Соні.
    Можа, у турфірму? Сядзець у офісе, прадаваць пуцёўкі, адкрываць візы... Ганяць турыстаў па антычных развалінах... Аб’ездзіць свет... Вось яна і Максім каля егіпецкіх пірамід. Соня з ног да галавы захутаная ў белыя шаты — ад сонца і таму, што навокал мусульмане. Максім падсаджвае яе на вярблюда...
    Але навошта ім турфірма, каб вандраваць? Яна і Максім — на возеры Байкал, з вялікімі заплечнікамі за спінай ловяць спадарожную машыну, каб ехаць далей, на ўсход. Разам яны пройдуць увесь свет...
    — He, турызм — адстой, — запэўніла Снежка, звяраючыся з экранам смартфона. — Вось нейкая «Dolly, 25 гадоў»,
    піша: «Вучылася на турызме ў наргасе, працую па спецыяльнасці. Працы шмат, заробак маленькі, кліенты сволачы, за тры гады толькі аднойчы сама была ў адпачынку. А самае крыўднае — я адна ў нашым офісе заканчвала турызм!!!»
    Снежка стварыла тэму пад назвай «Кім быць?» на жаночым форуме, дзе тусавалася. Тэма нечакана выявілася папулярнай, і Снежка цэлы тыдзень зачытвала сяброўкам самае цікавае з расповедаў дарослых карыстальніц.