• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    Пётр Сінічка, сустрэўшыся поглядамі з дачкою, прыўзняў бровы, паказваючы на расцяжку, і вінавата ўсміхнуўся. Маўляў, прабач дачушка, нічога не мог зрабіць. Хоць, ведаючы яго, Соня была перакананая: дзеля гэтай чарговай непрыемнасці на ейную галаву бацька дысцыплінавана скінуўся з мамай Юляй грашыма.
    — Ніяк не магла выбраць, каго мне падтрымліваць! Як шкада, што вы ў розных камандах, — заспявала мама Юля, калі Соня падышла аддаць ім паліто. Адпаведна сітуацыі, Максімава матуля была ўбраная ў джынсы і чырвоную спартыўную куртачку. На ейнай шыі вісела саліднага выгляду фотакамера, якую яна тут жа навяла на Соню.
    — Я за Максіма! — абвясціў малы Вадзік у куртачцы Ta­ro ж колеру і фасону, што маміна. Гэтым разам ён быў узброены біноклем, хоць трыбуны былі зусім невысокія: можна было разгледзець бегуноў і так.
    — Даруй, дачушка. Я, мусіць, не дабуду да канца. Ну, субота ж, — пачаў, як заўсёды, апраўдвацца бацька. — Удачы табе!
    — Сініца, дзе цябе носіць? — загарлаў на ўвесь стадыён Вася, махаючы знізу. Соня спусцілася да бегавых дарожак, і сябрук, скамандаваўшы: «Хэндэ хох!» — пачаў чапляць ёй
    на байку белыя суконныя квадрацікі з літарай Д, хітра сплеценыя матузкамі. Побач стаялі падпісаныя такім чынам эстафетнікі з іншых класаў. Аліна Макей ужо трымала ў руцэ жоўтую палачку.
    — Давайце ўсе сюды, — Вася па-капітанску згроб за плечы Дубовіка і Соню. 3 іншага боку іх абняла Аліна. — Адразу скажу: мы іх усіх парвём. Але для гэтага нам трэба ўявіць, што мы — адзін арганізм — магутны і вельмі — Жэка, асабліва цябе датычыць, — вельмі хуткі арганізм! Давайце пакажам ім усім...
    Соня адчула незвычайнае цяпло, якое падымалася да твару. Толькі не гэта... Няўжо зноў тэмпература?..
    «Дэшкі» разамкнулі абдымкі. Рэшта бегуноў глядзела на іх, як на клоўнаў. Іншыя каманды стаялі адасоблена, нібы не знаёмыя міжсобку, так, нібы іх гвалтам прымусілі бегчы. Толькі «бэшкі» сабраліся купкай і, як заўжды, смяяліся і абмяркоўвалі нейкае мудрагелістае заданне па фізіцы.
    Тая ж карціна панавала на трыбунах. Імпэт Васілеўскага і Сінічкі перадаўся ўсяму класу. Ніначцы нават не спатрэбілася намаўляць кагосьці прыходзіць на стадыён. Дзевяць «дэшак» трымалі аркушы ватману з надпісам: «Наперад!». Усе літары былі чорныя, і толькі «Д» вылучылі чырвоным. Усе, у каго былі свабодныя рукі, звінелі бразготкамі, дудзелі ў дудкі, прызапашаныя з колішніх паходаў на хакей ці футбол. «Д» клас свістаў, гарлаў і пляскаў, размінаючыся, нібы сапраўдныя фанаты.
    Вучні іншых класаў, многіх з якіх загналі на стадыён сілай, трымалі перад сабою па дзяжурным плакаціку. Фізікі напісалі балончыкам на кавалку тканіны: «11 „Б“: толькі паскарэнне», і нават праскандавалі нейкую крычалку, але перагарлаць «дэшак» усё адно не здолелі. Соня рассмяялася, пабачыўшы ватман з лаканічным надпісам «11 А». Яго трымала мажная жанчына ў дарагім паліто і з пышнай хімічнай завіўкай. Тая самая, што праводзіла Паўзункову ў Кіеў.
    Мама, значыцца. Стараста Ліза ўмудрылася паактыўнічаць адначасова і на стадыёне, і на трыбунах.
    Але нікога з «ашак» і блізка не было каля плаката. Хоць амаль усе іх дзяўчаты заявіліся на эстафету, паселі маленькімі купкамі ў розных канцах трыбун. Была тут нават Ротмістрава, якая заняла месца каля Галі і Сняжаны.
    Трыбуны былі забіткаваныя. Мусіць, спрацавалі сродкі масавай інфармацыі (афіша на дошцы ў вестыбюлі), адміністратыўны рэсурс (абвесткі на ўроках, зробленыя дзяжурным класам) і вірусная рэклама (чуткі, што ў пятніцу ў сталоўку на бусіку падвезлі торцікі, колу і сокі). Гледачы млява пляскалі дзяўчатам, якія танцавалі з бумбонамі пасярод футбольнага поля пад стары хіт гурта «Тату» «Нас не дагоняць».
    — Ён тут! — сказала задыханая завуч дырэктару, які нервова перамаўляўся з фізручкай, — намміністра тут!
    — Прыехаў? — замітусіўся дырэктар. — Усё, Алачка. Праз пяць хвілін пачынаем цырымонію. Пасадзіце ўсю эстафету на першы шэраг...
    — Скажыце, а хутка дзеці пабягуць? — спыталася, падышоўшы, маладая нахабнаватая дзяўчына з мікрафонам сталічнага тэлебачання. Непадалёк ужо ўсталёўваў камеру аператар.
    — Хвілін дваццаць. У нас прывітальныя словы, потым сам намеснік міністра адкрые стадыён, а тады старт, — павярнуўся да журналісткі Лабановіч.
    — А нельга неяк хутчэй? Мы спазняемся на наступны аб’ект, а нам трэба зняць, як дзеці бягуць, для карцінкі... Слухайце, а вы не можаце іх папрасіць, каб яны зараз крыху пабегалі?
    Дырэктар разявіў рот ад нечаканасці.
    — Што, Ліпніцкая, зноў прымушаеш свет круціцца вакол свайго мікрафона? — кпліва сказаў падыходзячы, дробненькі хлопец у дзьмутай ярка-сіняй камізэльцы паўзверх ваўнянага швэдра. — Адчапіся ад людзей і працуй, як усе. He звяртайце ўвагі, Андрэй Васілевіч.
    — Зміцер! — узрадавана ўскрыкнуў дырэктар і, паціснуўшы хлопцу руку, павярнуўся да Алы Юр’еўны. — Зміцер Перчыкаў. Мой вучань з пятай гімназіі. Цяпер — рэдактар папулярнага спартыўнага парталу zauziatar.by! Дзякуй, што пагадзіўся прыйсці. Разумею, гэта не зусім ваш узровень...
    — Рэпартаж з адкрыцця стадыёна ў школе на ўскраіне Мінска, дзе бягуць эстафету нікому не вядомыя юніёры? Дык у нас увесь спорт такі. Так што галоўнае — цікава падаць. Менавіта таму нас чытаюць.
    — Ты толькі скажы, што трэба. Дамо любую інфармацыю. Напэўна, ты хочаш пагаварыць з удзельнікамі... Вось вучні 11 «А»... Гонар школы — Максім Статкевіч, Марк Бергер. Можа, паклікаць для інтэрв’ю?.. Дзе твой дыктафон?
    —Дыктафон — не мой метад, — з апломбам прамовіў Перчыкаў. — Ды і што яны мне скажуць? Што вельмі хвалююцца перад забегам і хочуць перамагчы? Усё, што мне трэба, — спіс удзельнікаў па класах. Дайце я на мабілку сфатаграфую.
    Ала Юр’еўна працягнула журналісту тэчку. У сваім парадным жоўтым спартыўным гарнітуры яна выглядала, як Ума Турман з фільма «Kill Bill». Толькі замест шаблі ў свабоднай руцэ яна трымала стартавы пісталет.
    — Усё, пайшоў працаваць, — кіўнуў Перчыкаў, хаваючы тэлефон. — У мяне накладка. Усе мае фотакоры, як адзін, занятыя: здымаюць вяселлі. Але нічога: я, калі ішоў, бачыў на трыбунах мамашу з прафесійным аб’ектывам...
    Соня спрабавала сканцэнтравацца. Туман даўно развеяўся над раёнам і школай, але перад ейнымі вачыма ўсё нібы зацягнула смугою.
    — Вядома ж, я вельмі хвалююся перад забегам. Але як стараста 11 «А» магу запэўніць: мы рашуча настроеныя на перамогу, — вяшчала Паўзункова перад камерай сталічнага тэлебачання.
    Хутчэй бы старт.
    XXX
    Бабах!!!
    Ад стрэлу стартавага пісталета ў Соні заклала вушы. Заціснуўшы іх рукамі, яна віскатала — ад пераляку і ад радасці.
    — Сініца, гэта перамога! Мы перамаглі! — пракрычаў, падбягаючы да яе, Васілеўскі. — Ты гэта бачыш?
    Соня яшчэ як бачыла. Яна не ўтрымалася і, адшукаўшы вачыма каманду «ашак», трыумфальна паглядзела на Статкевіча. Той нахмурыўся і адвёў позірк.
    Мала хто яшчэ на стадыёне зразумеў у чым прыкол. Але Максіму гэта было больш як відавочна.
    — Паўзункова, што за фокусы? Чаму стартавала Крылова?!! — імпульсіўна махаў рукамі Бергер. — Чаму нейкія змены, а каманда не ў курсе?
    — А якая розніца, хто за кім? У Вікі бацькі сёння не змаглі прыйсці. А ў мяне тата з камерай на трыбуне — і я бягу ўсяго чатырыста метраў? Вось мы і памяняліся.
    «Ага. Расказвай. Палачку Максіму ты ўласнаручна перадаць захацела», — злацешна падумала Соня.
    — Ты з глузду з’ехала? Ты сябе на дарожцы бачыла? Ты хоць эстафету прымеш нармальна? Толькі паспрабуй упусціць! — не сунімаўся Бергер.
    — Марка, давай на старт, — паклікаў яго Статкевіч. Твар ён меў ускрай азадачаны.
    Яшчэ б. Цяпер Паўзунковай давядзецца спаборнічаць з Соняй. А гэта значыць, у «ашак» няма шанцаў. Перад чацвёртым этапам у «Д» класа будзе такая фора, што Васю можна будзе крокам ісці на фініш.
    На дарожках ужо стаялі бегуны другога этапу. Аліна Макей першай перадала палачку Жэку Дубовіку, Віка Крылова дабегла да Марка Бергера другой, Іра Жданок была трэцяй. I вось тут у Соні пачаўся сапраўдны мандраж. Яна наступная...
    ...Калі Дубовіку заставалася да яе пяць метраў, Соня пачала разганяцца, трымаючы напагатове левую руку. «Гоп!» — нарэшце пачула яна за спінай. Адточаны рух рукой — і палачка ў яе. Цяпер тры колы — толькі наперад.
    — Сі-ніч-ка! Сі-ніч-ка! — заходзіліся аднакласнікі на трыбунах.
    На першым коле Соня лёгка абагнала Лену Канькову з зялёнай палачкай і Паўзункову з чырвонай. Дубовік за свае восемсот метраў прапусціў наперад дзве каманды. Аднак фізікам «дэшкі» саступілі ўсяго нічога, а ў Паўзунковай з эстафетай адразу не заладзілася: палачкі яна не ўхапіла, і раззлаванаму Бергеру давялося падымаць чырвоны цыліндр з дарожкі і перадаваць зноў: абодва спыніліся. Ды і запыхалася ружовая бягуння ўжо на палове кола. Пакрысе разрыў паміж Соняй і рэштай дзяўчат павялічваўся.
    Соня выйшла на трэці віраж. Заставалася чатырыста метраў. Як заўсёды, бліжэй да канца адкрылася другое дыханне. Наперадзе пашыхтавалася пяцёрка хлопцаў чацвёртага этапу. Яны маляўніча стаялі па дыяганалі на высокім старце, выцягнуўшы назад руку з адстаўленым вялікім пальцам і гледзячы цераз левае плячо. «Д» класу вылучылі другую дарожку, але на трэцім этапе, паводле правілаў, бегуны Mar­ni займаць тую, якая зручней. Толькі трэба было вярнуцца «на радзіму» да ўваходу ў калідор перадавання...
    На першай дарожцы, бліжэй да цэнтра стадыёна, перад Васілеўскім стаяў Максім. Неверагодна прыгожы, у майцы з кароткім рукавом, ён працягваў да Соні мускулістую руку і ўсміхаўся ёй цераз плячо самай асляпляльнай усмешкай, якую дзяўчына калі бачыла. Яго вусны злёгку варушыліся. «Соня, давай сюды. Хутчэй перадай мне палачку», — нібы казалі яны. He, дакладна гэтак яны і казалі...
    — У-у-у!!!
    Чаму завылі трыбуны? Чаму Максім не пачынае бегчы? Соня ўжо ў калідоры перадавання... Ну ж, Максім, мы перамагаем!..
    Тут Соня рэзка затармазіла і ледзь не ўпячаталася ў Статкевіча. Да яе пачало даходзіць.
    — Сініца, ты што? Ты дзе? Давай сюды!!! — крычаў Вася. Ён стаяў крыху наперадзе, круцячы галавою. Падбегчы да Соні ён не мог, бо гэта б азначала дысквал. Зрэшты, іх і так дыскваліфікуюць.
    — Гоп... гоп... — бяздумна прамовіла задыханая Соня. Яна ўсё яшчэ працягвала Максіму жоўтую палачку.
    — Дурніца! — сказаў Статкевіч, смеючыся. I раптам, хітра прымружыўшыся, вычапіў палачку з Сонінай рукі і панёсся па дарожцы.