Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Няма павідла! Па рэцэпце паложана смятана! — пачула Соня сярдзіты голас цёткі Тоні. Паўзункова з эскортам дастаяліся да раздачы.
— Ну можна хоць бы сярэдзінку? Тут край падгарэлы — капрызна прагундосіла Ліза.
— Бяры што даюць і не затрымлівай чаргі!
— Цёця, паветлівей! Ты як бы з будучай элітай размаўляеш, — гаркнула адна з Сонь.
— Эліта — хата бляхай крыта! Талеркі навучыся прыбіраць за сабою, эліта. A то пасля вашага класа няясна, ці то свінні паелі, ці то шляхта паабедала...
Вымова ў цёткі Тоні была мяккая, вясковая. I сама яна была мяккая, пульхная. I характар мела мяккі, дабрадушны. Калі яе, вядома, не даводзілі.
Сінічку яна, зрэшты, любіла.
— Сонечка, дабрыдзень, золатка! Даўно ж цябе тут не было! Дай жа на цябе паглядзець! Але ж вырасла! Зусім ужо нявеста! Па запяканачку прыйшла?
Магчыма, нават занадта любіла.
— Вой, я столькі не з’ем! — замахала рукамі Соня, калі Васева мама паклала на талерку вялізны кавалак запяканкі: духмяны, паркі, з самага сэрца бляхі.
— Еж, папраўляйся! A то зусім змарнела з гэтай вучобай! Табе чым паліць: смятанай ці павідлам?
— Дык няма ж павідла?
— Для Лёшкавых сяброў ёсць усё. Во, трымай... Ну як вы там з маім аболтусам? Ладзіце? He сварыцеся? — цётка Тоня перахілілася цераз раздачу, шматзначна падміргнуўшы. Замест адказу Соня хуценька падзякавала, сунула касірцы грошы і, схапіўшы са стойкі шклянку з гарбатай, пайшла шукаць столік...
...Сцерва часта прачынаецца ў дзяўчыне адначасова з жанчынай. Пабачыўшы на сваім шляху Паўзункову, Соня не стала, як зазвычай, шукаць спосабу абмінуць яе, а, зрабіўшы самы анёльскі тварык, на які была здатная, паволі і ўрачыста (як у зачараваным сне) пранесла пад носам гадаўкі талерку з палітай павідлам запяканкай. Адышоўшыся, прыслухалася. Пачула тое, што хацела. Паўзункова за ейнай спінай ціха, але са злосцю вылаялася. Прычым даволі брудна.
«Хо-хо, якія мы словы ведаем!» — у думках парадавалася Соня і села за свой улюбёны столік каля акна, што выходзіла ў школьны сквер.
Яна ведала: калі нейкі чараўнік узмахам палачкі выключыць гук у сталоўцы, можна будзе пачуць, як цвіркаюць сініцы. Яны спявалі ёй сёння па дарозе ў школу. Соня з дзяцінства пяшчотна ставілася да гэтых пацешных жоўтых птушак. «Наша татэмная жывёла, — смяяўся тата, калі яны падвязвалі ім узімку сала да фрамугі ў інтэрнаце, — у мяне ж у дзетдоме іншае прозвішча было. А Сінічкай мяне выхавальніцы называлі. Казалі, бо вяртлявы і шмат чырыкаю».
I так тата прырос да сваёй мянушкі, што, атрымліваючы пашпарт, не захацеў быць Пятром Пятровым.
Сініцы заўсёды пачыналі свае нясмелыя песенькі бліжэй да сярэдзіны лютага, калі яшчэ трывалі маразы, але ўжо ўваходзіла ў свае правы сонейка. Дзень, калі пачыналі спяваць сініцы, Соня лічыла першым днём вясны і адзначала як асабістае свята.
Промні зыркага сонца слізганулі па стальніцы і праламаліся ў гранёнай шклянцы з гарбатай. Соня прасачыла танец промняў — і раптам пабачыла ўсё нібы ўпершыню. Нібы яе закінула сюды з іншага кантынента. Персікавыя сцены, бэзавыя жалюзі на вокнах, белыя сталы з мармуровымі разводамі. Нейкія падлеткі ў шэра-бура-малінавых гарнітурчыках схіліліся над талеркамі, жуюць, гудуць як вулей... Школа. Яшчэ некалькі месяцаў — і ўсё гэта застанецца ў мінулым. Ці будзе яна сумаваць па тым, да чаго так прызвычаілася?
Раптам Соня зразумела, што яна пранізліва шчаслівая. Нягледзячы на Максіма, але і дзякуючы яму. Дзякуючы тату і маме Юлі. Дзякуючы Снежцы і Галі. Урэшце дзякуючы Васю. Дзякуючы запяканцы і сініцам.
Напяваючы сабе пад нос песеньку, Соня выбегла са сталоўкі і ўзляцела па прыступках на другі паверх. I раптам замёрла на месцы. Сэрца яе абарвалася, а да горла падкаціў камок. Прыватнай вясны ў душы як не бывала.
На другім паверсе ў гэтым крыле школы змяшчаўся квадратны хол, завешаны насценгазетамі, плакатамі пра здаровы лад жыцця і іншай школьнай атрыбутыкай. Сюды выходзілі актавая зала, бібліятэка, настаўніцкая і кабінет дырэктара. Уздоўж сцен стаялі банкеткі, абцягнутыя чырвоным дэрмацінам. Гэта было адзінае месца ў школе, дзе на перапынку можна было цывілізавана прысесці — на падаконні ў 234-й не дазвалялася ставіць нават сумак. Пятачок гэты дзеці трапна назвалі «біржай». Тут вучні розных класаў сустракаліся, каб абмяняцца сшыткамі і плёткамі. Тут старэйшыя браты і сёстры падлоўлівалі малодшых, бо сюды прыводзіў пераход з корпуса пачатковай школы. Тут прадаваліся і купляліся
кантрольныя і дамашкі. Дык вось, у самым утульным кутку «біржы», на банкетцы каля акна, у поўнай самоце сядзела Маша Ротмістрава.
Безліч эмоцый апошнім часам скаланала душу Соні, калі яна бачыла Машу. А сутыкацца даводзілася часта — як-ніяк, тая вадзілася з дзвюма Сонінымі найлепшымі сяброўкамі. 3 аднаго боку, Соня заўсёды завочна захаплялася Ротмістравай, пра якую чула толькі харошае. Да таго ж паненка заступілася за Соню пасля экскурсіі ў Кіеў. Соня гэтага, вядома ж, не забыла.
3 іншага боку, наша гераіня не ведала, як успрымаць тое, што Ротмістрава амаль цалкам ігнаруе яе існаванне. He нагэтулькі, каб Галя і Снежка нешта заўважылі, але ўсё-ткі для Сінічкі даволі адчувальна.
Гэта не было звычайнай «ашкінай» фанабэрыяй. Тут было нешта іншае. I аднядаўна Соні стала мроіцца, нібы яна разгадала, што менавіта.
Гэта адбылося ў снежні. На тым тыдні, калі 11 «Д» заступіў на школьнае дзяжурства. Соня, Галя і Снежка прыйшлі ў школу раней, бо ў той дзень Ніначка паставіла іх дружную тройцу на фэйс-кантроль. Вучняў, якія прыходзілі ў школу ў фрывольным або неахайным выглядзе, належала выпраўляць дадому пераапранацца.
Фэйс-кантроль у школе люта ненавідзелі пагалоўна ўсе, асабліва дзяўчаты, многія з якіх бачылі сэнсам свайго жыцця яго абысці. Бо выглядаць адначасова прывабна і прыстойна для многіх паненак — несумяшчальныя рэчы.
Прагнучы падмануць няўмольную вахту, школьныя модніцы вынаходзілі рэвалюцыйны фасоны. Спадніцы на гумках, якія падцягваліся-абцягваліся на дваццаць, a то і трыццаць сантыметраў; разрэзы, якія зашпільваліся на маланку, але ў класе расшпільваліся, прыадкрываючы ляжкі, абцягнутыя карункавымі панчохамі; шорты-трансформеры — усё гэта крытыкі моды маглі б знайсці ў гардэробе вучаніц 234-й.
Але на два тыдні за год, выходзячы на школьнае дзяжурства, кожная бунтаўніца ператваралася ў няўмольную цэнзарку. Навукоўцы добра апісалі гэтую дзіўную з’яву. I нават фільм пра яе знялі. «Эксперымент» называецца.
У фэйс-кантролі штодня ўдзельнічала тры-чатыры дзяжурныя. Часам да іх далучаўся дырэктар. Калі яго не было, школьны вестыбюль патруляваў дзяжурны класны кіраўнік.
Напярэдадні рэзка пахаладала, і дзяўчатам дазволілі прыходзіць у нагавіцах. Толькі ў джынсах не прапускайце, сказала Ніначка.
Маша Ротмістрава ўвайшла ў школу, як у вершы Блока, — з марозу, расчырванелая. У аблямаваным мехам доўгім кажушку, які адразу пачала расшпільваць. Гузікаў было шмат — яна на момант спынілася ў дзвярах, вожкаючыся з кожным. Такая была завядзёнка — расхінаць перад дзяжурнымі вопратку. Спачатку гэтае патрабаванне ўсіх раздражняла, але пакрысе да яго прызвычаіліся — Соня лавіла сябе на тым, што, уваходзячы ў іншыя памяшканні, пачынае машынальна расшпільваць куртку ўжо на парозе.
Выблытаўшыся з кажушка, Ротмістрава эфектна яго раскрыла і, усміхнуўшыся, падміргнула Галі. Снежка з Соняй ахнулі. На Ротмістравай быў кароткі прыталены сіні пінжачок, з-пад якога складкамі спадала раскошная спадніца ў мудрагелістыя краткі, сінія з карычневым. Спадніца даходзіла Машы да сярэдзіны галёнкі. Пад ёй дзяўчаты пабачылі какетлівыя паўбоцікі на абцасіку, уцепленыя беласнежнымі гетрамі.
— Мая праца, — з гонарам сказала Галя. — У сэнсе, толькі спадніца. Складаны матэрыял. Надта ўжо сыпкі. Але затое ніякай сінтэтыкі — і вельмі цёплы. Акурат на зіму. Я...
Галя не дагаварыла, таму што ў вестыбюлі рэхам разнеслася істэрычнае:
— Ротмістрава!!! Гэта што такое?
Нязграбна слізгаючы стаптанымі лодачкамі па бетонных плітах, да іх перабірала нагамі Ніначка.
— Піпец Машцы, — ціха сказала Снежка.
Ротмістраву класная «дэшак» на дух не пераносіла. I гэта было ўзаемна. Як расказвалі дзяўчаты, недалюблівалі яны адна адну яшчэ з сёмага класа — Маша заўсёды шмат чытала, у тым ліку з рускай літаратуры, і не праходзіла ўрока, каб яна не задала русіцы пытання, на якое тая не магла адказаць, не паправіла яе або іншым якім чынам не пасадзіла ў лужыну. Так што торф доўга тлеў на асушаным балоце, пакуль усё ўадначассе не палыхнула.
У дзясятым класе Ротмістрава, якая славілася сваімі сачыненнямі, напісала цэлы трактат пра сямейныя каштоўнасці, што фармальна быў водгукам на раман Льва Талстога «Ганна Карэніна». I, між іншага, укруціла туды думку, маўляў да Талстога варта было б прыслухацца і сучасным сем’ям. Слухалі б — не мелі б мы столькі гаротных развядзёнак з маленькімі дзецьмі.
Як на тое, Ніначка акурат афармляла развод. Таму сачыненне Ротмістравай успрыняла як асабістую абразу, уляпіўшы круглай выдатніцы чацвёрку за змест. (Па дзесяцібальнай сістэме, зразумела.)
Ротмістрава страшэнна абразілася і ў пошуках праўды дайшла да дырэктара. Той, аднак, не стаў падрываць аўтарытэту педагога, сказаўшы, маўляў, адзнаку вы, Марыя, заслужылі, але — я прасачу! — на бал у чвэрці яна не паўплывае.
Ротмістравай былі патрэбныя не балы, а справядлівасць. У абыход Ніначкі, праз школьную метадыстку, яна, не змяніўшы ані слова, падала сачыненне на гарадскі конкурс, атрымаўшы ў выніку галоўны дыплом. Са словамі: «Я рады, што ўсё так слаўна развязалася», — дырэктар адшпіліў Ніначцы прэмію. Што для той было раўназначна поўсе.
Русіца паспрабавала ў пачатку года адмовіцца ад 11 «А», спасылаючыся на перанагрузку, але ёй не дазволілі. I Ротмістрава працягнула сваю страшную помсту. 3 дапамогаю той
жа метадысткі пратачылася на алімпіяду па рускай мове і заняла першае месца ў раёне, а потым і ў горадзе.
Звонку нібы ўсё было ціха і мірна, але далучаныя ведалі: знойдзе за што — русіца Ротмістраву ўрые.
— Гэта што такое? — паўтарыла Ніначка, затармазіўшы перад Машай і двума пальцамі прыўзняўшы кратчастую матэрыю.
— Як што? Спадніца, — з лёгкім здзіўленнем адказала Ротмістрава.
— Зараз жа дадому! Прывядзі сябе ў чалавечы выгляд — і тады ўжо на ўрок, — скамандавала настаўніца. — А вы куды гледзіце? — накінулася яна на Сінічку, якая стаяла найбліжэй.