• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    О, трэба ляснуць дзвярыма. Ён лясне дзвярыма — і яна абудзіцца.
    Ён падышоў быў да свайго пакоя, але раптам зноў зазірнуў за кут, у філію ружовага пекла. Шкляны столік перад канапай, на якім стаяў белы ноўтбук, быў засыпаны маркерамі і гелевымі асадкамі, а на падлозе валяўся пульхны агульны сшытак.
    Зусім страх страціла. Урокі пачала на калідор выносіць. Сінічка і ўрокі! Ужо смешна...
    Ён адчыніў быў дзверы ў свой пакой, але не вытрымаў і вярнуўся. Сшытак валяўся на падлозе. Нічога не павінна валяцца на падлозе, мусіць быць парадак, загундосіў педант у ягонай галаве.
    Ён падышоў да канапы, на якой, згарнуўшыся, сапла пад аховай статка шэрых слонікаў абстрыжанае, кірпатае і курносае непаразуменне, і падняў з дывана канспект, да паловы спісаны англійскім тэкстам. «Sophia Sinichka. 11 D. English. Topics» — прачытаў ён на вокладцы.
    Увесь размаляваны кветкамі і сэрцайкамі, абклеены аплікацыямі з падарункавай паперы сшытак больш нагадваў дзявочую анкету, чым зборнік тэм па інглішы. Было відаць, што гаспадыня з вялікім піетэтам ставіцца да таго, што туды запісвае... Перш чым ён зразумеў, што робіць, ён ужо гартаў старонкі.
    ххх
    МАЯ БУДУЧАЯ ПРАФЕСІЯ
    «Вялікае шчасце — дакладна ведаць, дяя чаго жывеш на Зямлі». Гэта праўда. Праўда таксама ў тым, што я яшчэ не вырашыла, кім хачу стаць у будучыні.
    Мой выбар звязаны з тым, кім хоча стаць чаяавек, якога я кахаю. Мой выбар — працаваць побач з ім і дапамагаць яму, што б ён ні рабіўу жыцці.
    Калі ён захоча стаць лётчыкам, я стану сцюардэсай. Буду разносіць напоі і ежу пасажырам у самалёце, які ён будзе весці па небе.
    Калі ён стане хірургам, я стану медсястрой. Буду падаваць яму інструменты і выціраць лоб ад поту, калі ён ратуе людзей.
    Калі ён захоча стаць настаўнікам англійскай мовы, я таксама стану настаўніцай, і мы разам адкрыем дзецям акно ў свет.
    Калі ён стане дырэктарам фірмы, я стану яго сакратаркай і буду варыць яму каву і прымаць важныя званкі, арганізоўваць сустрэчы.
    Калі ён будзе прафесійным тэнісістам, я зраблюся менеджарам тэніснага клуба.
    Галоўнае — быць побач кожную хвіліну. Я лічу, што гэта — маё пакліканне.
    ххх
    Максім згарнуў сшытак, акуратна паклаў яго на столік і, увайшоўшы ў свой пакой, з усяе моцы ляснуў дзвярыма.
    Раздзел III
    АДКУЛЬ УЗЯЛАСЯ РОТМІСТРАВА
    — Ого, Сініца, з якой нагоды прастава? Народзіны ў цябе ў сакавіку... — Галя і Снежка з апетытам сачылі за тым, як сяброўка разгружае паднос, застаўляючы стол філіжанкамі з кавай і вазачкамі з дэсертам.
    Яны сядзелі ў кавярні ў новым гандлёвым цэнтры непадалёк ад школы. Шопінг прапанавала Соня. Як-ніяк, на носе чатырнаццатага лютага, а там і дваццаць трэцяга. Самы час купляць падарункі.
    — Ну хоць пасядзім, як у старыя часы, — прымружылася Галя, аблізваючыся на шакаладны мус. — А то ты зусім адкалолася. Усё мама Юля ды мама Юля...
    — Нічога я не адкалолася, — пакрыўдзілася Соня. — Давайце, налятайце... Толькі гэта не прастава, — працягнула яна, калі ласунні застукалі лыжачкамі. — Гэта плата. За інфармацыю.
    — М-м-м?.. — заківалі галовамі дзяўчаты.
    — Раскажыце мне пра Машу Ротмістраву.
    Галя шматзначна паглядзела на Снежку:
    — Бач ты! Сініца выйшла з астралу. Цяпер яе цікавіць навакольны свет. Падзеі. Людзі.
    — He думаю, Галюнь. Нутром чую, нешта тут нячыста, — саркастычна запярэчыла Снежка.
    — Ну давай, выкладвай. Што менавіта цябе цікавіць? I з чаго раптам такі інтарэс? Табе ж звычайна пофіг на ўсіх і ўся, калі гэта не датычыць твайго ненагляднага.
    — Ну, проста вы з ёй сябруеце, а я пра яе амаль нічога не ведаю... Што яна за чалавек?
    Снежка рассмяялася:
    — Прыко-о-ол, а яна гэтак жа пра цябе пыталася: «Што яна за чалавек?»
    Соня напружылася:
    — I вы што, ёй пра мяне расказвалі?
    — А што тут такога? Расказвалі. Але будзь спок, гэта нікуды далей не пайшло. He пляткарка яна. Проста... Ёй падабаецца назіраць за людзьмі. Аналізаваць іх учынкі. Яна не толькі пра цябе так пыталася.
    — Адкуль яна ўвогуле ўзялася ў нашай школе? Я яе не помню ў малодшых класах.
    — Машка да нас у пятым, здаецца, прыйшла. Калі яны сюды пераехалі. У новыя дамы.
    — Бацькі ў яе нармальна зарабляюць. У іх інтэрнэт-крама нейкая. Ці то з памперсамі, ці то з ксераксамі. I яшчэ ў яе малодшыя браты-блізняты. Вельмі смешныя...
    — I яна адразу з вамі сышлася?
    — He, ты што. Гэта цэлая гісторыя...
    — Яна, як перайшла да нас, адразу затусавалася з нашымі ціпа выдатніцамі.
    — Па-ба-бам, сюрпрыз! Як ты думаеш, з кім яна хадзіла? 3 Паўзунковай!
    — Вы што!
    — Ага. Яна потым расказвала, што не ўмела разбірацца ў людзях, і таму думала, што харошы чалавек — гэта той, хто атрымлівае харошыя адзнакі.
    — У самой яе не тое што васьмёрак — дзявятак у чвэрці ніколі не бывала. Дзясятачніца.
    — Толькі вось Паўзункова ёй нармальна так карысталася. Спісвала напоўніцу. I ўся іхняя шобла таксама.
    — А паколькі мы заўсёды хадзілі ў тупых, то пару гадоў з ёй увогуле не дачыняліся.
    — I што раптам перамянілася?
    — У восьмым класе да нас Алега Сівохіна перавялі з 317-й, — хмура сказала Снежка. — Памятаеш такога?
    Яшчэ б Соня не памятала. Пры адной згадцы пра Сівога па целе прабягалі мурашкі. Гэта быў браток, які трымаў у жаху ўсё наваколле. Пад ім хадзілі ўсе мясцовыя наркадылеры — і ў школе, і на раёне. I ўчастковы, магчыма, таксама, бо доўгі час усё з Сівога было як з гусі вада. Страшна было падумаць, што ў пятнаццаць гадоў гэты дробны чарнявы другагоднік мае ў сваіх руках столькі ўлады.
    — Восьмы клас быў кашмарам. Перш-наперш ён пашыхтаваў усіх нашых хлопцаў і прымусіў прысягнуць яму на вернасць. А тых, хто не пагадзіўся, штодня люта мачылі.
    — Ну і дзеўкі туды ж. Паўзункова — дык першая. Бачыла б ты тады нашу лэдзі Дзі... Макіяж, як у зулуса, скураная спадніца...
    — Паліла ў фортку проста ў класе на перапынку. Спрабавала спадабацца новай уладзе, так бы мовіць.
    — А Ротмістравай гэта ўсё, ясная рэч, было агідна.
    — I яна аднойчы назвала Сівохіна казлом. За тое, што прадае насвай шасціклашкам.
    — Што тут пачалося! Яе чмарылі ўсім класам. Заплечнік з акна выкідвалі, кампотам у сталоўцы аблівалі...
    — А потым паклалі на парту, набралі ў шпрыц вады і сказалі, што гэта гераін. Спрабавалі ўкалоць у жылу.
    — Ara. А «верная сяброўка» Паўзункова перацягвала ёй руку хусткай.
    — У той дзень з Машкай здарылася істэрыка ў прыбіральні. I мы яе тады правялі дадому.
    — I кожны дзень так праводзілі. Паўсюль з ёй хадзілі.
    — I вам ад Сівога нічога не было?
    — А што б ён нам зрабіў? У нас Аркаша.
    Аркадзь Вайтовіч, старэйшы брат Галюні, вядомы на раёне як Войт, быў пазітыўным маладым чалавекам з высокімі маральнымі прынцыпамі і другім разрадам па боксе. Ён і ягоныя сябрукі з секцыі былі ці не адзінымі, каго не наважваўся чапаць лядашчы і баязлівы Сівохін. Так што Галю не тое што пальцам крануць — таўстухай абазваць баяліся. Нават цяпер, калі Аркаша служыў у памежных войсках, дастаткова было адной згадкі пра Войта, каб шантрапа адчапілася.
    Адным словам, файна мець дарослага брата.
    — Але вечна мы яе ахоўваць не маглі. Так што з Ротмістравай тады была поўная жэсць.
    — Ды і нас яна спачатку праганяла. Маўляў, не трэба мяне шкадаваць, я сама... Але мы на простых прыкладах патлумачылі, што тут не да шкадобы, вядзецца пра элементарнае выжыванне.
    — I гэтак мы пакрысе да яе прывязаліся. А яна да нас. 3 таго часу і сябруем.
    — Я не разумею, чаму яна тады ў іншую школу не перавялася, — задуменна сказала Соня. («Падалей ад Максіма», — маладушна падумала яна.)
    — Ты не ведаеш Машкі. Яна сказала, што, калі адступіць, пасля ўсё жыццё не будзе сябе паважаць. Такі яна чалавек.
    — У класе з ёй месяцы чатыры ніхто не размаўляў.
    — 3 намі, зрэшты, таксама.
    — Ага. Помніш яе народзіны ў восьмым класе? Былі толькі я і ты. А мама торцік са свечкамі заносіць, такая: «Машунечка, а што, іншыя аднакласніцы не прыйшлі? А дзе Ліза?»
    — Але ўсё ж неяк вырашылася?
    — Ды неяк само сабой прайшло. Проста ў адзін момант Сівы ад яе рэзка адкалупаўся. Зняў асаду. А потым яго забралі ў дзіцячую калонію.
    — А Машка ў той год у гурток «Што? Дзе? Калі?» запісалася. Хоць недзе прыдалася яе эрудыцыя. А ў канцы восьмага класа яна паступіла ў «А». I ўсё стала зусім зашыбок.
    — To бок хочаце сказаць, раней яна была не такой, як цяпер?
    — Ды не. Яна якой была, такой і засталася. Проста абставіны змяніліся.
    — У нас жа цяпер выдатнікам быць крута. А Ротмістрава вучыцца найлепей за ўсіх у школе. Ой, даруй, дарагая. За ўсіх, апроч Статкевіча.
    Вось не трэба было ім гэтыя два прозвішчы згадваць поруч! Падціснуўшы вусны, Соня працягнула дазнанне.
    — А яна ўжо ведае, куды будзе паступаць?
    — На падрыхтоўчае дык на журфак ходзіць, — паціснула плячыма Галя. — Нават публікацыі мае. На адным студэнцкім партале.
    — Ага, а яшчэ яна на курсы па нямецкай мове запісалася. Проста так прычым. Кажа, для агульнага развіцця.
    «Размаўляе на некалькіх замежных мовах...» — пранеслася ў галаве ў Соні.
    — А хлопец у яе ёсць?— перайшла яна да галоўнага.
    — Няма! — у адзін голас адказалі дзяўчаты. — Увогуле, яна з намі гэтыя тэмы мала абмяркоўвае, — удакладніла Снежка.
    — Машку, пагадзіся, прыгажуняй не назавеш, хоць яна, калі б захацела, магла б выглядаць проста адпадна. Але сама яна кажа, што ёй болып даспадобы хлопцы, якія ў дзяўчатах цэняць інтэлект.
    Усё. Гэта смяротны вырак.
    — Хоць, вядома, мужчынскай увагаю яна не абдзелена, — падала голас Галя.
    — Ага. Калі ў нашай школе каманда «Што? Дзе? Калі?» развалілася, трэнер забраў Машку ў Палац моладзі, у гарадскі клуб. I Машка цяпер гуляе ў вельмі моцнай камандзе. Яна там адзіная дзяўчына, прычым — капітан. Гэта іхняя фішка.
    — Каманда «Карфаген» называецца. Бо Карфаген заснавала царыца Дыдона, якая кіравала мужчынамі.
    -— Хлопцы з каманды яе на руках носяць. Прычым літаральна. Пасля кожнай удалай гульні.
    — Але там усё чыста платанічна.
    — Ну не скажы, Галюнь... — хмыкнула Снежка. Мы ж на выхадных былі ў яе на народзінах...
    Соня прагна падалася наперад. Яна ведала, што дзяўчаты хадзілі ў госці да саперніцы.
    — Карацей, яе каманда напярэдадні заняла другое месца ў гарадскім турніры, а першае месца заняла каманда іх сяброў. I яны ў Машкі сабраліся, каб заадно адзначыць перамогу.
    — Такой колькасці батанікаў у адным памяшканні я ніколі не бачыла, — зарагатала Галя.