• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    Паклаўшы птушку на вялікі спод, Соня пакінула яе размарожвацца і пачала збіраць рэшту харчоў.
    Кіслая капуста, якую выдатна гатуе полацкая бабуля Статкевічаў стаіць у каморцы пад сходамі... Трохлітровы слоік вокамгненна апынуўся на стале. Так, што там яшчэ?
    Цёмнае піва... Соня кінулася ў гаспадарчы пакой. Там у куце знайшоўся блок «Гэйнэкена». Соня радасна выкалупала адну бляшанку з цыраты. Піва, мусіць, можна і светлае. Адкаркаваўшы бляшанку, яна адліла ад яе роўна палову шклянкі.
    Прыправы ў асобнай шафцы... Усё неабходнае на месцы. Апроч ядлоўцу. Яго ўвогуле прадаюць? Як ён хоць выглядае?
    Соня кінулася да камп’ютара і загугліла ядловец. Пошукавік выдаў набор карцінак, і Соня ажно запляскала ў ладкі. Акурат такі хмыз расце на падворку ў іх суседзяў! Проста каля агароджы! Яшчэ ўчора, вяртаючыся са школы, яна прыкмеціла, як вераб’і дзяўбуць чорна-сінія ягады на зялёным дрэўцы.
    ...Праз пяць хвілін яна зноў стаяла на кухні, прыцярушаная снегам, і пераможна сціскала ў руцэ галінку ядлоўцу. Раз, два, тры... Сем прамерзлых ягад. На дварэ ўсё яшчэ заходзілася суседская аўчарка, якая цапнула Соню за рукаво курткі, калі тая здзяйсняла свой кулінарны вандалізм.
    Яблыкі? Чорт. Няўжо патрэбная менавіта антонаўка? У скрынцы з фруктамі Соня адшукала вялікі ананасны яблык — мама Юля клала такія Вадзіку ў гімназію. Хай так.
    Можна было брацца за гатаванне.
    Курыца, аднак, і не падумала размарозіцца, хоць прайшло ўжо паўгадзіны. Вось няпруха... Што б у такім выпадку зрабіла мама Юля?
    Ну вядома! Размарозіць можна ў мікрахвалёўцы! Соня засунула спод у печку і выставіла паўгадзіны.
    Пакуль трывае размарозка, варта заняцца найважнейшым: пошукам святочнага абруса, свечак, а таксама прасаваннем сукенкі для рамантычнай вячэры...
    Праз колькі хвілін Соню вярнуў на кухню нечуваны смурод. Яна спыніла мікрахвалёўку і, разганяючы клубы гідкай пары, тарганула дзверцы. Скурка курыцы пабялела і размякла, хоць нутро няшчаснай па-ранейшаму было скутае лёдам. На стол і падлогу лінула каламутная жыжа.
    Тут Соня з жахам заўважыла на панэлі сняжынку. Каб размарозіць мяса, трэба было выбраць іншы рэжым.
    Яна загрылявала замарожаную курыцу.
    Нічога не паробіш. Іншай у яе не было. Выцершы рукі, Соня ўзяла кулінарную кнігу, каб прачытаць рэцэпт цалкам.
    «Вытапіце з гусі тлушч і пару разоў абдайце птушку кіпнем. Добра пасушыце скурку, нашмаруйце сумессю перцу, солі, кмену і маярану, загарніце ў льняную сурвэтку і...»
    Пакладзіце ў лядоўню на два дні?!!
    Ну, дапусцім, тлушч ужо вытапіўся ў печцы. Але два дні?!! Гэта ж да панядзелка!
    Хопіць і пятнаццаці хвілін.
    ...Абцёршы курыцу ручніком, Соня пачала пасыпаць яе прыправамі. Пасля ўзяла іншы ручнік і, захутаўшы тушку, запхнула яе ў лядоўню. Пакуль курыца настойвалася, пачала наразаць салатку. 3 гародніны ў лядоўні знайшліся толькі цыбуля і памідоры... Рыдаючы над цыбуляй, Сінічка праклінала сваю жаночую долю.
    «Адцісніце кіслую капусту, перамяшайце яе з нарэзанымі яблыкамі і спецыямі, нашпігуйце птушку на % аб'ёму. Абдайце гусь півам і пакладзіце ў духоўку, нагрэтую да 250 градусаў, грудкай уніз на 15 хвілін. Наліце дзве шклянкі вады. Потым перавярніце птушку і запякайце...»
    Ну вядома. Дзве гадзіны.
    Але Максім вось-вось вернецца!
    Соня ўключыла духоўку, выплюхнула на бляху дзве шклянкі вады. Потым вываліла крыху капусты ў місу, кінула туды ядлоўцавыя ягады і пачала крышыць яблык. Калі начынне было гатовае, яна горка ўздыхнула і выцягнула з лядоўні курыцу.
    Як яе ўвогуле шпігуюць?
    Агледзеўшы тушку, гаротніца знайшла ў ёй толькі адну адтуліну. Рабіць не было чаго. Соня загрэбла з місы капусты і, прымружыўшыся, стала пхаць яе проста між тлустых ножак...
    •— А-а-а-а!
    Тры пальцы зашчаміла паміж костак. Руку звяло сутаргай ад холаду: нягледзячы на гвалтоўнае размарожванне, нутро тушкі было яшчэ ў лёдзе. Пазногаць паказніка нібы заціснула абцугамі, любы рух цяпер прыносіў страшны боль. Соня з жахам усвядоміла, што захрасла.
    ххх
    Максім Статкевіч спыніўся на парозе гасцёўні. Абедзенны стол, накрыты бялюткім абрусам, быў старанна сервіраваны на дваіх. Паміж талерак высіліся грацыёзныя свечкі. На спінцы канапы ляжала акуратна распраўленая блакітная сукенка ў белыя кветачкі...
    Але не гэта адразу прыцягнула яго ўвагу. У кухоннай зоне з духавой шафы валіў дым. Падлога была мокрай і ільснілася ад тлушчу. Па стале былі рассыпаныя памідоры і цыбуля. Але самае галоўнае, пасярод кухні з ускудлачанымі валасамі і ў мокрай футболцы скакала, выючы, Соня, на руку якой, як лялька ў батлейцы, быў насаджаны бройлер.
    Пабачыўшы Максіма, дзяўчына тут жа заціхла.
    — Трэба крыху пачакаць. Вячэра яшчэ не гатовая, — сказала яна, захлопаўшы вейкамі.
    Даляцеўшы да пліты ў два скокі, Максім павярнуў выключальнік, нацягнуў кухонныя рукавічкі, выцягнуў бляху і асцярожна, каб не абварыцца, выліў з яе ваду ў мыйку. Пасля гэтага, склаўшы рукі ў кухонных рукавічках на грудзях, паглядзеў на Сінічку. Ён стараўся выглядаць сярдзіта, хоць ледзьве стрымліваўся ад смеху.
    — Гэта што такое?
    — Гу-гусь... За-запечаная з капустай... — прамямліла Соня.
    — Гусь? — такі разрагатаўся Максім. — Калі гэта гусь, то я Марыя Шарапава. Што ў цябе па біялогіі? Блін, ды што гэта я... Дурное пытанне. Сінічка, скажы мне толькі адно: як ты
    ўвогуле ўмудрылася засунуць туды руку? На вегетарыянскім судзе ты села б пажыццёва за здзек з трупа...
    Ён узяў са стала шклянку з півам і прынюхаўся.
    — Бухала? — кпліва спытаўся ён. — Тады ўсё зразумела.
    — Я не... He... — часта заміргала вачыма Соня, бязрадна матлянуўшы курыцай.
    — Стой спакойна, — сказаў Максім, выцягнуўшы з шуфлядкі цясак.
    ххх
    Яны сядзелі за барнай стойкай і елі смачны амлет, які прыгатаваў Максім. Стомлены хлопец кінуў на патэльню ўсё недарэзанае Соняй, а таксама марынаваныя шампіньёны, адшуканыя ў лядоўні, заліў збоўтанымі з малаком яйкамі і засмажыў пад накрыўкай. Падчас сваіх кулінарных экзерсісаў Соня паспела добра так згаладацца. Яна намінала амлет, шмыгаючы носам. Яе правае запясце было густа аблеплена пластырам.
    — Ты мне ледзь пясць не адсек! — прабурчэла яна, скончыўшы есці.
    — Ага, трэба было пакінуць як было. Эдвард-рука-курыца, — Максім выбіраў з міскі кіслую капусту, грэбліва выкідваючы з яе відэльцам яблыкі і ядловец. — Мда, Сінічка... папярэдзіла б, што ўсё так безнадзейна. Я б у горадзе павячэраў. Што ні кажы, не быць табе зоркай тэлеканала «Кухня». Хоць калі падумаць... Гэты нумар з бройлерам...
    Шматпакутная птушка ляжала на кухонным стале з успоратым жыватом, залітая Сонінай крывёю.
    Вячэра і блізка не нагадвала рамантычную. Тую, пасля якой Ён падхоплівае Яе на рукі і яны перамяшчаюцца на KaHany... Трасянуўшы грыўкай, Соня прамовіла:
    — Дзякуй за амлет. Смачна... Табе б кухарам працаваць. Слухай, — Соню раптам асяніла думка, — дай спісаць інгліш.
    — Яшчэ чаго захацела, — хмыкнуў Максім.
    — Ну калі ласка!..
    — Сінічка, каго ты гэтым падманеш? Дзе я, а дзе ты? А пагатоў інгліш! Ты ж, нагадаю, кабачок ад гурка адрозніць не можаш!
    — Я толькі абароты зірну, — хуценька ўдакладніла яна. — Мне ж усяго адну тэму... «Му Future Profession».
    — Дык вось ты з якога боку зайшла, значыць? — нахмурыўся Статкевіч. — Трасцы табе, а не «Му Profession».
    Хлопец саслізнуў з барнага зэдліка:
    — Посуд закідай у пасудамыйку. I ўвогуле, прыбярыся тут, — скамандаваў ён і знік на другім паверсе.
    ххх
    Соня круцілася ў ложку. Ніяк не магла заснуць. Замінала месяцавае святло, ледзьве чутны пошум хвой у лесе — усё на свеце. Галінку ядлоўцу яна ўторкнула над узгалоўем і цяпер удыхала яго супакаяльны водар.
    He дапамагала. 3 галавы не ішла навязлівая думка.
    Толькі сёння яна сцяміла, што адказ на пытанне, кім хоча стаць Максім, зусім блізка. Праз калідор. Тэчка з тэмамі па інглішы, пра якую расказвала Ротмістрава, ляжыць дзесьці там, у Максіма.
    I яна можа зараз пайсці і здабыць яе.
    Ёй ужо проста з прынцыпу карцела ведаць, кім ён хоча стаць. Што за таямніцу ад яе хавае.
    Пэўны час Соня змагалася з непераадольным жаданнем, але ўрэшце здалася. Яна ўзнялася з ложка, замест шлёпанцаў апранула мяккія бязгучныя шкарпэткі з воўны і на дыбачках выйшла з пакоя...
    ...Максім мірна спаў на канапе. Соня пракралася да ягонага стала і пачала перабіраць раскладзеныя стосікамі сшыткі.
    Ніякай тэчкі нідзе не было. I канспекты трапляліся якія заўгодна, але не па інглішы.
    Няма рады. Соня сабралася сыходзіць, але, не ўтрымаўшыся, загледзелася на мірны твар Максіма, асветлены поўняй...
    Раптам адразу над ім, на стэлажы, які аддзяляў канапу ад стала, яна згледзела кардонную тэчку, пакладзеную зверху на кнігі. Маркерам на ёй было тлуста выведзена: «Topics».
    Во яно што. Соня чакала пабачыць такую ж тэчку, як у Машы. А Максім, выходзіць, запісваў тэмы на аркушы для прынтара.
    Прытрымліваючы кнігі, Соня выцягнула тое, што шукала, і развярнулася, каб уцякаць.
    I тут яе моцна ўхапілі за параненае запясце. Дзяўчына ўскрыкнула ад болю і выраніла тэчку.
    — Навошта прыйшла? — сонна прамуркатаў Максім.
    He паспела Соня апамятацца, як хлопец паваліў яе на KaHany побач з сабою і схіліўся над ёю, трымаючы рукамі за плечы. Яна адчула, як Максім рассоўвае ёй ногі каленкам. Ад яго патыхала зубной пастай і мылам.
    — Добра, пераканала. Давай зробім гэта хутка, — хрыпла прамовіў ён.
    Чытачы жаночых раманаў выдатна ведаюць, што бывае з гераіняй пасля таго, як мужчына загаворыць з ёй хрыплым голасам. Ведала гэта і гераіня майго рамана. Вось толькі падчас чытання гэткія ўявы выклікалі ў Соні салодкія дрыжыкі, а ў рэчаіснасці яна да смерці перапужалася.
    — Гэта не тое, што ты думаеш... — узмалілася Соня.
    — А што я мушу думаць? Мы адны ў доме. Нам ніхто не замінае. Зусім ніхто. Бо ўсім вядома, што мне патрэбна... Усім навокал лепей за мяне вядома, што мне патрэбна, — паўтарыў ён, захіхікаўшы. — Нават гэтаму твайму Васю. Як ён там сказаў? У кожным геніі тоіцца звер? Так што давай, Сінічка...
    I Максім тузануў за каўнер шэрых слонікаў.
    Соня з усяе моцы ўчапілася яму ў руку.
    — Максім, я кахаю цябе, праўда, — залапатала яна, — але ўсё гэта занадта хутка. Нам трэба пачаць сустракацца, лепей пазнаць адно аднаго, а ўжо потым...
    Раптам яна адчула, што Максім адпусціў яе. Прыхінуўшыся да сценкі, ён зайшоўся бязгучным смехам.