Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Дырэктар папрасіў нас сесці менавіта сюды. Або вы хочаце ўвесь вечар размаўляць па-англійску з замежнымі гасцямі?
Па Сонях было відаць, што яны вельмі хацелі, але наўрад ці здолелі б. 3 кіслымі мінамі паненкі адступіліся на менш прэстыжныя пазіцыі.
— Яшчэ мне, Гары Потэр! — сказала Галя на вуха Сінічцы. — Па мне дык форменны Драка Малфой.
Соня, Галя і Снежка стаялі ў радок уздоўж сценкі, заклаўшы рукі за спіну, побач з сервіравальнымі вазкамі, якіх у сталоўцы знайшлося ажно два. На тварах дзяўчат застылі ветлівыя маскі. Ад перапрацаваных рук тхнула цыбуляй — смурод ніяк не вымываўся. Ледзьве ўправіліся да пачатку вячэры.
3 самага ранку ў харчаблоку 234-й школы панаваў вэрхал. На бляшаных сталах мяшаліся крэветкі і сасіскі. У пах грэчкі ўпляталіся водары спецый. Кухня, як і штодня, была загружаная, і для калег цёткі Тоні выявілася поўнай неспадзяванкай, што нехта будзе рыхтаваць тут яшчэ і банкет. На дзяўчат, якія з восьмай на Васеву каманду кроілі гародніну ў так званым «халодным цэху», увесь час шыкалі школьныя кухаркі, незадаволена адбіраючы ў «верціхвостак» нажы, якіх не хапала, таму пасля абеду Галя збегала дадому па набор нажоў, а Дубовік і Лысы прыцягнулі з лёхаў высокую шырму
для лялечнага тэатра. Шырму ўсталявалі проста ў сталоўцы і завіхаліся ўжо за ёй, паставіўшы Васевых сябрукоў па баках адганяць цікаўную малышню з другой змены.
Цяпер шырма, драпіраваная беласнежнымі абрусамі, стаяла збоку, каля ўвахода ў кухню. За ёй чакалі свайго часу Hanoi і закускі.
Перад новаспечанымі кельнеркамі быў разгорнуты фронт іхняй працы: раскошны, убраны белым атласам даўжэзны стол на трыццаць персон з бела-залатым парадным сервізам і дыхтоўнымі, шляхетнымі фужэрамі ды прыборамі. Атрымалася з понтам, як у фільме «Тытанік», — два відэльцы, тры нажы ды яшчэ дэсертная лыжачка. Сервіроўку перараблялі некалькі разоў. Раз-пораз Вася выходзіў у залу, крытычна аглядаў стол, пасля чаго сварліва тыцкаў Галі і Снежцы пад нос карцінку з выведзенай на прынтар фоткай.
— Ты што, не бачыш, як відэльцы ляжаць?
— Я так і паклала...
— Дагары зубкамі, Кавалёва! Дагары! I, халера, як вы скруцілі сурвэткі?!!
Васю было не пазнаць. Увайшоўшы зранку на кухню, дзяўчаты абамлелі. Іх сустракаў высокі зграбны ніндзя ў бліскучым чорным кімано. На галаве ў сябра красавала чорная шапачка з чырвонай вышыўкай. Валасы ён прычасаў і нават прылізаў гелем.
— Гэта што? — спужаліся дзяўчаты.
— Мая ўніформа шэф-повара, — адказаў Вася, стараючыся гучаць абыякава. — Надзяваю ў выключных выпадках.
— I як часта?
— Ну... сёння ўпершыню. Яна новая.
— А чаму чорная?
— А хто сказаў, што яна мусіць быць белая?
Адным словам, выглядаў Васілеўскі вельмі крута.
Але вернемся да параднага стала. Звычайныя металічныя крэслы з дэрмацінавымі сядушкамі былі зацягнутыя
ў шэрыя атласныя чахлы з белымі бантамі на спінках. Усю тэкстыльна-парцалянавую феерыю разам з прыборамі яшчэ ўчора позна ўвечары перавезлі ў школу з «Пана Сцяпана» на «таёце» Сінічак. Перад кожнай талеркай стаяў кілішак з малюпасенькім букецікам белых хрызантэмак — два мяхі так званага «кветкавага смецця» разам з харчамі прывёз з «Экспабелу» Вася — знаёмыя гандляры падкінулі. Наста Ракавец і яшчэ дзве аднакласніцы, дазнаўшыся пра Васеву бяду, пасля ўрокаў прыйшлі дапамагчы і некалькі гадзін складалі гэтую ікебану. Атрымалася вельмі святочна. Так, нібы гэта была банкетная зала школы Хогвартс і чараўнікі толькі што змянілі яе да непазнавальнасці ўзмахам палачкі.
Ежы на сталах не было. Учора Вася з запалам тлумачыў што яны рыхтуюць не нейкае там вяселле, а самы сапраўдны банкет на манер дыпламатычнага. Дзяўчаты будуць развозіць стравы ў вялізных сподах на сервіравальных вазках, калі госці рассядуцца, і накладаць лапаткамі на талеркі. Так ежа даўжэй застанецца гарачай.
Гэтага манеўру Соня баялася найболей. He хапала яшчэ абліць соусам якую чыноўніцу з міністэрства. У гэтую хвіліну цэлы цуг такіх салідных дам хадзіў за дырэктарам па замеценых дарожках школьнага стадыёна. У сталоўцы пакуль збіраліся адборныя вучні ды іхнія заслужаныя настаўнікі, запрошаныя на банкет дырэктарам. Чакалі галоўных гасцей.
На ўваходзе ў «банкетную залу» стаялі ў белых кашулях ды чорных нагавіцах Дубовік і Лысы. 3 дыскатэчнымі бэджыкамі «Ахова», начэпленымі для саліднасці. Брыгада афіцыянтак таксама апранулася па схеме «белы верх, чорны ніз». Такое проста камбінуецца са школьнай формы. Соня ці не ўпершыню за доўгі час зняла свой прасторны шэры пінжачок і таму пачувалася, нібы яе выкалупалі з футарала. Хацелася дастаць рукі з-за спіны, абцягнуць сваю караткаватую ўжо спаднічку, паправіць кашулю, якая задзерлася на спіне. Хацелася пачухаць нос урэшце.
Але гэта ўсё да часу, калі ў залу ўвайшоў Максім. У той момант Соня забылася пра сваё існаванне.
Ён быў проста бездакорны. Пудры на ягоным твары дзякуючы шчыраванням мамы Юлі было больш, чым на Галі і Снежцы разам узятых — таму гузака пад вокам не засталося і следу. Ён быў апрануты ў прыталены шэры гарнітур з камізэлькай — такі ж, у якім Соня пабачыла яго ўпершыню на лінейцы. I так — сёння на ім быў гальштук!
Максім прайшоў паўз Соню, нават не павярнуўшыся ў ейны бок — і ўсё адно ўсе лямпы і свяцільнікі школьнай сталоўкі ззялі тысячай урачыстых агеньчыкаў. Ёй было дастаткова таго, што ён — такі гожы і такі родны — побач, за два крокі...
Але вось усе лямпы і свяцільнікі адразу згаслі. У сталоўку, следам за Ленай Каньковай і Ванем Каланіцкім, увайшла Маша Ротмістрава.
На Ротмістравай была простая, але вельмі ладна скроеная чорная сукенка, якая надзейна закрывала каленкі і дэкальтэ, але рашуча агаляла плечы, і такія ж простыя чорныя туфлі на невысокім абцасе. Валасы былі ўкладзеныя ў бабульчын вузел на патыліцы. На шыі на срэбным ланцужку блішчэў крышталік «Свароўскі» ў форме сэрца. Вось і ўсе аздобы.
Пабачыўшы Машу, Статкевіч прыязна памахаў рукой, паказваючы на крэсла побач з сабою. Соні нясцерпна захацелася стаць вядзьмаркай з кніг пра Гары Потэра і трансгрэсаваць са школьнай сталоўкі ў самы далёкі кут планеты Зямля.
Бо, вядома ж, гэта няпраўда, што яна не хацела дапамагаць Васю. Яна проста не хацела цэлы вечар назіраць Статкевіча і Ротмістраву разам. Сачыць, як яны глядзяць адно на аднаго, перамаўляюцца, смяюцца, як ён адстаўляе крэсла, дапамагаючы ёй сесці за стол... Сэрца разрывалася на кавалачкі.
Аддаўшыся рэўнасці, Соня нават не заўважыла, як Дубовік з Лысым раскрылі палоўкі дзвярэй і ў залу ўвайшлі госці.
Дырэктар, апрануты ў ільсняны светла-шэры гарнітур, вёў за сабою грамаду, болыпую частку якой складалі жанчыны ў дзелавых строях, аздобленых стракатымі шалікамі і зіхоткімі брошкамі. Аксесуары, відаць, меліся надаць святочнасці штодзённым вобразам чыноўніц. Поруч з дырэктарам крочылі двое мужчын. Адзін з іх — высокі, гадоў пяцідзесяці — нібы выйшаў з савецкага фільма пра Мэры Попінз ці Шэрлака Холмса: клятчасты пінжак, нагавіцы-дудачкі, лакаваныя чаравікі — зусім не на беларускія маразы, — вязаная камізэлька і пацешны гальштук-матылёк. Круглыя акуляры, кіёчак. Так, нібы гэты спадар усім сваім відам спрабаваў падкрэсліць, што прыбыў сюды наўпрост з Лондана.
Побач з ім ішоў старэйшы джэнтльмен — паўнаваты, з раскосымі ўсходнімі вачыма пад сівымі ўжо бровамі, у някідкім цёмна-шэрым гарнітуры з шыйнай хусткай замест гальштука.
Усе запрошаныя на банкет расселіся на месцы. Школьнікі ціха шушукаліся. Здаецца, іх перапужала колькасць прыбораў. Ніхто не ведаў, навошта столькі відэльцаў, у якім парадку імі карыстацца і, галоўнае, дзе ежа.
— Соня, салат! — зашыпела Снежка. Галя, прызначаная Васем афіцыянткай ад напояў, ужо выкочвала на стартавую лінію столік з шампанскім, колай і мінералкай. Пекла пачалося...
Клац! Клац! — жвавы хлопец у джынсах і спартыўнай байцы, з капюшонам на галаве і чамусьці ў сонечных акулярах спрытна адфоткаў першы тост, узняты Лабановічам «за адзінства адукацыі і бізнесу». Соня ўзлавана прымружылася: яе асляпіў фотавыбліск. Асцярожна нахіляючыся, яна брала са стала талеркі і накладала вялізнай лыжкай салатку з авакада, памаранчамі ды крэветкамі. Снежка рабіла тое самае з іншага боку даўгога стала — ёй дасталіся дарослыя: чыноўнікі, настаўнікі ды брытанскія госці. Соня абслугоўвала вучняў. Пыталася, ці вялікую порцыю, усміхалася і жадала смачна есці... Яна пачала з дальняга ад дырэктара краю — адтуль, дзе прытуліліся чатыры збянтэ-
жаныя алімпіяднікі з дзясятага класа: іх запрасілі ў апошні момант. Салаткі на сподзе, аднак, усё менела — Сінічка няўмольна набліжалася туды, дзе леваруч ад дырэктара сядзелі Ротмістрава і Статкевіч. Стараючыся стрымаць дрыготку, дзяўчына ўзяла талерку каханага і... рука ўсё-ткі задрыжэла, а крэветкі цудам не апынуліся на плітах падлогі і Соніных стаптаных балетках.
— Мда, Сінічка, мудра ты ніколі не здымаеш пінжака, — пачула яна, нахіліўшыся да стала, кплівы шэпт Статкевіча, які толькі ейнае вуха магло вычапіць з гулу галасоў, што панаваў над ежаю. — Паказваць абсалютна няма чаго. Хіба што на конкурсе прасавальных дошак.
Кроў прыліла да Соніных шчок. Першай рэакцыяй было ўзняць талерку з салаткай і бахнуць ёй падонка па макаўцы. Спыніла толькі тое, што магла пацярпець талерка. Яна ж з татавай рэстарацыі. Фамільны, можна сказаць, сервіз. Таму Сінічка глыбока ўздыхнула, палічыла да пяці і расцягнула вусны ў ветлівую грымасу. Так вучылі татавы афіцыянткі. Калі кліент хаміць, трэба перавесці дыханне, палічыць хоць бы да трох і ўсміхнуцца.
— Прабачце, якое ў вас пытанне? He, паводле рэцэпта мы не перчым гэтую салатку. Госці дадаюць спецыі самастойна, на свой смак. Дазвольце вам дапамагчы, — і, схапіўшы са стала перачніцу, Соня адкалупнула пазногцем донца і высыпала ўсё яе змесціва ў талерку Максіма.
— What’s going on?* — вырачыў вочы англічанін, які сядзеў роўненька насупраць Ротмістравай і ажыўлена штосьці з ёй абмяркоўваў.
— Local food habits. Some like it hot, you know", — адказала Ротмістрава.
* Што адбываецца? (англ.)
** Асаблівасці нацыянальнай кухні. Разумееце, некаторыя любяць пагарачэй (англ.).
— Oh, I see”, — заківаў галавой брытанец і інстынктыўна пасунуў талерку бліжэй да сябе.
Максім між тым спакойна зняў відэльцам перац з салаткі і як нічога-ніякага пачаў есці.