• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — Сядзі, я сам, — сказаў Максім, калі яна пачала абувацца, каб ісці да машыны.
    Праз пяць хвілін ён зацягнуў на кухню апошнюю скрыню. Даўшы зразумець, што мужчынская праца скончаная, а таму час ужыць жаночую дробную маторыку, Максім вярнуўся да шахматнай дошкі, дзе патрабаваў увагі настырны Вадзік.
    Соня пачала млява разбіраць харчы, мімаволі прыслухоўваючыся да таго, што адбывалася па той бок барнай стойкі, ля тэлевізара. Максім быў строгім, але цярплівым братам. Гуляў з малым на роўных, але ў той жа час навучаючы. Мог вярнуць фігуру саперніка назад, калі лічыў, што той пахадзіў неразумна.
    — Кўо Вадзік? — раптам ускрыкнуў Максім, калі Соня адкрыла маразілку, каб скласці туды латочкі з фаршам. — Я ж з’ядаю тваю ладдзю!
    Ад нечаканасці дзяўчына рассмяялася. Ды так звонка і весела, што па той бок барнай стойкі перасталі размаўляць.
    — Ты чаго там? — зазірнуў за калону Максім. — Здурэла?
    — Ну, проста смешна. Кўо Вадзік і «Quo vadis» — «Куды ідзеш».
    — Ну, я, дапусцім, у курсе. А вось адкуль гэта ведаеш ты?
    Тут ужо і малы Вадзік вытыркнуў свой цікаўны носік над барнай стойкай, ускараскаўшыся з нагамі на канапу.
    — Гэта раман Генрыка Сянкевіча, — чамусьці пачала апраўдвацца Соня. — Мне неяк далі «Крыжакоў». Вельмі спадабалася. I тады я прачытала ўсё гэтага аўтара.
    Гэтае тлумачэнне мела эфект разарванай бомбы.
    — He смей смяяцца! Гэта наш сямейны жарт! — урэшце прамовіў Максім, апамятаўшыся, а Вадзік каторы раз прадэманстраваў Соні, які доўгі мае язык.
    Соня паціснула плячыма і вярнулася да лядоўні.
    XXX
    Хіба я не згадвала, дарагія чытачы, што Соня была не зусім нармальным падлеткам? Ну, у тым сэнсе, што (як і вы, спадзяюся) любіла кнігі? Няўжо не згадвала? Значыць, да слова не прыйшлося. Пагатоў сама мая гераіня гэтую сваю слабасць ад людзей надзейна хавала.
    Адзін з самых ранніх Соніных успамінаў — тата трымае яе на каленях, паказвае літары, пішучы іх у альбоме фламастарам. «Кінь дурное! Яна малая зусім яшчэ!» — смяецца мама. Соня таксама смяецца і запамінае: М-А-М-А. Т-АТ-А. C-O-H-R... He — усё-ткі Я. To бок — я, Соня.
    Потым Соня пасялілася з бабуляй. Калі яна плакала, просячыся да мамы, бабуля, каб супакоіць малую, чытала казкі. Соні было чатыры з паловай, яна ўжо ўмела разбіраць словы па складах, але бабулі сябе не выдавала. Баялася: калі тая зразумее, што Соня можа сама, перастане чытаць ёй перад сном. Але заўсёды зазірала бабулі цераз плячо. Тая думала, карцінкі дзяўчо разглядае.
    Аднойчы, калі Соні было восем, бабулю звезлі ў больніцу. Дадому яна болыл не вярнулася. Соня, якая сама выклікала хуткую, пазваніла яшчэ і тату. I сядзела да вечара на канапе каля няскончанага бабуляй вязання, гартаючы «Казкі братоў Грым», пакуль бацька, збялелы, не прыляцеў у бабуліну кватэру. Было страшна. Страшныя ў братоў Грым казкі.
    У той жа вечар тата забраў Соню ў маласямейны інтэрнат, дзе жыў. Бабулю дзяўчынка пабачыла толькі на пахаванні. Яна ўжо збольшага ведала пра смерць. Пра гэта пішуць у дзіцячых кніжках. На могілках яна рыдала рыдма. «Якая жаласлівая ўнучка ў Фёдараўны», — уздыхалі суседзі з пад’езда. Але Соня плакала па дваіх — і па маме таксама. Цьмяна згадвала першую труну — і рыдала, бо нарэшце перастала адмаўляць, што мама сапраўды не жыве і, апроч таты, у яе больш нікога няма.
    — Што мне рабіць? — пыталася Соня ў бацькі, калі той, прывёзшы яе з прадоўжанкі (ён часта спазняўся, і настаўніца злавалася), заводзіў яе ў пакойчык і, хапатліва прыгатаваўшы вячэру, уцякаў у рэстаран.
    — Ну ты гэта... 3 дзеткамі пагуляй... Пачытай штонебудзь.
    Потым тата прыдумаў лялечны дамок. Тэлевізара без яго ўключаць не дазваляў і нават штосьці там падкручваў, каб сама не направіла. 3 дзяцей, блізкіх ёй узростам, у інтэрнаце былі толькі два васьмігадовыя хлопчыкі з трэцяга паверха. Гуляць з імі было нецікава, да таго ж яны ўвесь час біліся. Таму Соня чытала.
    Старыя кніжкі — іх у дзвюх скрынках прывезлі ў інтэрнат сваякі, якія ўспадчынілі бабуліну кватэру, — Соня перачытала тройчы і занудзілася. Часам кнігі купляў тата, але з «нармальных» — тоўстых кніжак — Соня мела толькі «Гары Потэра». Астатняе тата зрэдку — калі меў час заскочыць у кнігарню — набываў на свой розум і густ. Яны хутка канчаліся, і Соня зноў нудзілася. Ледзьве перажыла лета пасля чацвёртага класа — увесь «Гары Потэр» быў вывучаны на памяць і канчаткова абрыд.
    У пятым класе Соня здагадалася браць кнігі ў школьнай бібліятэцы.
    Спачатку яна не рабіла са свайго занятку таямніцы. Нават магла адстаць ад аднакласніц і, несучыся па калідоры, кінуць: «Я ў бібліятэку!» Але аднойчы здарылася страшная прыкрасць. Бібліятэкарка параіла ёй кнігу аб прыгодах Солнышкіна — вельмі смешную і захапляльную. Соня разгарнула яе на перапынку, прачытала першую старонку — і ўжо не змагла адарвацца. Чытала на матэматыцы, трымаючы пад сшыткам. Ужо тады яна сядзела за апошняй партай.
    На перапынку яна радасна адсунула сшытак, мяркуючы атрымаць асалоду ад дзесяці хвілін легітымнага чытання. I тут да яе падляцеў Славік Шыла.
    — Рэбза, зырце, што яна робіць! Яна чы-та-е!!! — зароў Славік. — Сінічка-батанічка! Перад русіцай выпендрыцца вырашыла? Самая вумная?!
    I пад гігіканне хлопцаў ды спужанае (а сям-там і злацешнае) маўчанне дзяўчат Славік вырваў у Сінічкі бібліятэчную кніжку і пачаў гуляцца ў «сабачку Соню». Так яе дражнілі ў школе — з усіх Сонь у паралелі яна была самая маленькая. «Аддайце!» — крычала яна, пацешна падскокваючы і спрабуючы перапыніць імклівы палёт «Солнышкіна».
    Урэшце кніга асела на падлозе: вокладка ў адным куце класа, старонкі — у іншым, каля сметніцы.
    Бібліятэкарка страшна аблаяла Соню за сапсаваную кнігу і нават выпісала штраф. Але самым жахлівым было не гэта. Было крыўдна, што гэтыя подзеўбні дражнілі яе батанічкай і рагаталі. Быць пасмешышчам Соня вельмі баялася. Ёй і так каштавала вялікіх высілкаў выглядаць, як усе: апранацца і прычэсвацца, як іншыя дзяўчаты, якім валасы запляталі мамы, а не сонны пасля паўночнай працы бацька.
    3 таго дня Соня дала сабе слова ніколі не чытаць у школе і ўвогуле ўдаваць з сябе форменнага Нязнайку на Месяцы (прачытана чатыры разы ў другім класе), якому кнігі рукі пякуць. I нават на ўроках літаратуры часам прыкідвалася, што не ведае зместу, атрымліваючы васьмёркі і сямёркі, — для праўдападобнасці. «Ты што, адкуль я ведаю, я ж па кароткім чытала», — магла зухавата кінуць яна сваім «дэшкам» пра якія-небудзь «Каласы пад сярпом...» Караткевіча, хоць насамрэч праглынула таўсценную кнігу за пару дзён і начэй.
    Тады на кухні, каля маразілкі, Соня ўпершыню за шмат гадоў сябе выдала. I з непрывычкі спужалася.
    ххх
    Падпольнае Соніна чытанне доўжылася ўвесь пяты клас, і яна яшчэ выпрасіла ў бібліятэцы некалькі кніжак на лета.
    Лётала на Цнянку з аднакласніцамі, гойсала па лесе, як усе нармальныя дзеці, але калі тата браў яе ў «Пана Сцяпана» ці з сябрамі на рыбалку, цягнула з сабой кнігі і чытала ў падсобцы рэстарацыі, на беразе возера ці ў намёце. Чытала, расцягваючы прыемнасць. Здаецца, гэта былі кнігі пра Смарагдавы горад.
    — Якая разумная, — дзівіліся афіцыянткі або татавы сябрукі-рыбакі.
    — Ага, разумная, — уздыхаў тата. — Толькі штосьці розум на адзнаках не адбіваецца.
    А чаго яму адбівацца? Соня і ўявіць не магла, як веда пра драўляных жаўнераў і сем падземных каралёў можа спатрэбіцца на ўроках.
    У шостым класе, аднак, пачаліся непрыемныя сюрпрызы. Змянілася бібліятэкарка — ранейшая сышла на пенсію. Цяпер за стойкай працавала маладая дзяўчына, якая Соню адразу не залюбіла. Папярэдняя бібліятэкарка пасля інцыдэнту з Солнышкіным напісала Соні ў абанеменце за пяты клас: «Пільна правяраць пасля яе кнігі», — і новая працаўніца, калі Соня здавала прачытанае, ладзіла татальны кантроль, чапляючыся да кожнага загібу старонкі. А ў сярэдзіне другой чвэрці раптам заявіла, што кніжак для Соні больш няма.
    — Як гэта? — не зразумела Соня.
    — Кнігі ідуць па гадах. Рэкамендуюцца для пэўнага школьнага веку. Ты прачытала ўжо ўсё, што ў нас ёсць для шостага класа.
    — Дык дайце мне за сёмы, — папрасіла дзяўчынка.
    —Табе яшчэ рана. He рэкамендуецца, — адрэзала бібліятэкарка.
    3 таго часу Соня стала здабываць чытанкі дзе давядзецца. Прыходзіла дадому, абедала, левай пяткай рабіла дамашку, а потым выпраўлялася ў абход па даўжэзным калідоры. Зазірала да суседзяў з інтэрната, якія днём былі дома. Увечары, калі ўсе жыхары вярталіся з працы, у вузкіх пакоях было
    і сваім не прапхнуцца. Удзень жа гаспадыні, шкадуючы сіротку, дазвалялі ёй пасядзець з імі. Соня забіралася ў фатэлі, з цяжкасцю ўвапхнутыя паміж сталамі, ложкамі і камодамі, і яе частавалі чым-небудзь смачным і смажаным: аладкамі з сочывам ці бананамі ў цесце, салодкі пах якіх, перамяшаны з ёлкім смуродам алею, разносіўся па ўсім паверсе — каб не хадзіць на агульную кухню, электрапліткі ставілі проста ў пакоях. Глядзела тэлевізар з гаспадынямі — серыялы або тэлешоу, якія потым з імі, як умела, абмяркоўвала.
    У суседскіх катушках Соня аглядалася і неўпрыкмет абмацвала вокам кніжныя паліцы, калі яны былі. Папрасіць кнігі ўголас яна не наважвалася. Зрэшты, кніг амаль ні ў кога не вадзілася. А калі кнігі і вадзіліся, то былі спрэс непрывабныя: шэрыя, бурыя, пажоўклыя і яўна без карцінак. У Веры Аркадзеўны яна паціху гартала часопіс «Ліза»; цётка Каця аднойчы пазычыла амерыканскі дэтэктыў. Соня пачала чытаць, але адразу занудзілася.
    Сапраўдным «кландайкам» выявіўся пакойчык цёткі Ані, якая акурат тады сядзела з двухгадовым Дзяніскам. Тая сама часта запрашала Соню да сябе, пакідаючы на гадзінку-другую з малым, пакуль хадзіла ў краму ці цырульню. За паслугу яна расплачвалася раманамі на шэрай паперы з зыркімі мяккімі вокладкамі. Раманы стосікамі ляжалі пад Дзяніскіным ложкам.
    — Вельмі добрая кніжка, можаш не вяртаць, — казала цётка Аня, выцягнуўшы чарговы «пэйпэрбэк» і абцёршы яго ад пылу аб ружовы махровы халацік.
    Гэта былі неверагодныя кнігі пра Каханне, якія адкрылі нашай гераіні свет Сапраўдных Пачуццяў і Неўтаймоўнай Жарсці.
    Нічога падобнага раней Соня не чытала. Толькі ў кіно бачыла, але хіба можна было параўнаць фільмы з тым буяннем фантазіі, якім вылучалася Барбара Картлэнд або Джаўгэна Ліндзі? Гераіні іхніх кніг запраўлялі карпарацыямі, былі