• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    Цяпер вы разумееце, дарагія чытачы, на якім грунце расцвіло Соніна бязмежнае каханне? Здавалася, ёй наканавана вечна палаць у агні ілюзій, які раздзьмула ў ёй рамантычная літаратура, рэкамендаваная летуценнай сяброўкай — але цынічная рэчаіснасць даволі хутка абрынула на зямлю нават Соню. Чым больш яна жыла поруч са Статкевічамі, тым
    больш разумела: вобраз Максіма, які яна калісьці прымроіла на школьнай лінейцы, — адно плён яе фантазіі. Сапраўдны Максім быў звычайным хлопцам. 3 мілым тварыкам, вострым розумам, але ж і паскудным характарам, праз які з ім амаль немагчыма было зблізіцца такой дзяўчыне, як Соня, хоць чым далей, тым больш хацелася. Чорт з ім, з каханнем, — Соня прагнула аднойчы зрабіцца яму проста добрай сяброўкай. Як Маша Ротмістрава...
    Вось пра што думала Соня Сінічка, седзячы на падлозе паміж кухонным востравам і маразілкай.
    ххх
    Раптам у Соні за спінай захрабусцеў поліэтылен. Яна спужана абярнулася. Максім разарваў блок з апельсінавым сокам, выкалупваючы адзін з пакетаў.
    — Я вазьму, — сказаў ён.
    Соня кіўнула.
    Максім наліў дзве шклянкі соку, выклаў на талерку печыва, выцягнуў з шафкі шакаладную пасту.
    — Дык ты, выходзіць, і сапраўдныя кнігі чытаеш? — раптам прамовіў ён задзірліва. — А па табе і не скажаш.
    — А што, пісьменнікі толькі для цябе пішуць? Можна падумаць, табе ў Польскай амбасадзе патэнт выдалі на чытанне Сянкевіча.
    Жарцікі наконт ейнай тупасці Соні парадкам надакучылі.
    Максім загрузіў ежу на паднос і, выносячы яго з кухні, прамовіў цераз плячо:
    — Я Сянкевіча не чытаў. Вось у чым прыкол.
    Соня вылупіла яму ўслед вочы. Няўжо знайшлася рэч, у якой Максім быў не самым дасканалым чалавекам у радыусе ста кіламетраў? Беднае, няшчаснае эга! Няхутка, мусіць, адновіцца пасля такога ўдару.
    — Мы былі ў царкве «Домінэ Кўо Вадыс», — загарлаў са свайго месца Вадзік. — I тата тады прыдумаў пра «Кўо Вадзік»!
    Ад такой класавай несправядлівасці Соня ціха засычэла. Рымам і Апіевай дарогай яна трызніла ўжо трэці год, з часу, як прачытала «Quo Vadis». I вось нават гэтая казюрка саплівая была ў знакамітай «царкве Сянкевіча», на якую яна магла толькі аблізвацца, гартаючы ў сеціве блогі падарожнікаў. Ну што за жыццё!
    Дзяўчына вырашыла, што ёй таксама пара перакусіць. Наліла сабе соку з таго ж пакета і выцягнула рэшту пячэнек. Ускараскалася за барную стойку. Адсюль добра было відаць гульцоў за журнальным столікам. Браты густа намазвалі шакалад ножыкамі на квадратныя крэкеры, складаючы іх у сэндвічы.
    Надзея Барысаўна падсунула Соні «Крыжакоў» у той жа вечар, калі дзяўчына расказала ёй пра навічка на лінейцы. Соня літаральна за верасень прачытала ўсяго Сянкевіча, наяўнага ў «бібліятэцы», таму ёй наканавана было бачыць загадкавага хлопчыка з 9 «А» ўва ўсіх галоўных героях Сянкевічавых твораў — і ў слаўным рыцару Збышку, і ў шляхціцу Яну Скшэтускім, і ў статным трыбуну Марку Вініцыі. Сябе яна, адпаведна, асацыявала з іхнімі прыўкраснымі нявестамі. Так што ўсе цноты, якія Соня наіўна прыпісвала Максіму, датычылі хутчэй гэтай фікцыйнай групы таварышаў. Ну ці не дурнічка? Соня паспрабавала ўявіць Максіма ў рымскай тозе і пырснула смехам.
    Хлопец панура зіркнуў у ейны бок, зразумеўшы, што смяюцца з яго, але моўчкі працягваў займацца сваім няхітрым дэсертам.
    Раптам Соня зразумела, што таксама хоча шакаладнай пасты. Але слоік быў толькі адзін. Яна спаўзла з барнага зэдліка і самавіта пакрочыла да тэлевізара.
    — Вам ужо не трэба? Я вазьму, — сказала яна як мага больш абыякава і, схапіўшы слоік, вярнулася на сваё месца.
    Браты ажно раты параскрывалі. Гэта было дзёрзкае ўварванне на іхную тэрыторыю.
    Соня ляпала пасту на пячэньку лыжачкай і тут жа запускала ў рот, гучна чвякаючы. Раптам ёй зрабілася ўсё адно, што скажуць або падумаюць пра яе манеры малы ці большы Статкевіч. Так працягвалася некалькі хвілін.
    — Як так магло атрымацца, што ты не чытаў Сянкевіча? — спыталася Соня нарэшце, нагбом выпіўшы сок. — Што за збоі ў праграмаванні?
    — Нецікава было. Пачынаў «Патоп» — не спадабалася. Нічога агульнага з гісторыяй! Буду я чытаць усякую рамантычную лухту, — адказаў Максім, пражаваўшы пячэньку. На свеце яшчэ многа харошых кніжак. На ўсё часу не хопіць.
    — Дзіўна, а я падручнік спецыяльна потым чытала — усё там з гісторыяй нармальна, — запярэчыла Соня. — Я ўвогуле, калі нейкая кніжка спадабалася, не магу спыніцца, пакуль не прачытаю ўсё таго ж аўтара і ўсё, што звязана з яго кнігамі.
    — Болей за мяне ты па-любому не чытала. Я малы чытаў вельмі шмат і нармальныя кніжкі па гісторыі таксама!
    — Ну ладна, можа, я і неразумныя кніжкі чытала, але дакладна не меней за цябе. Я — чэмпіёнка па чытанні на доўгіх дыстанцыях!
    Максім хмыкнуў.
    — He верыш? — разахвоцілася Соня. — Давай праверым.
    — Якім чынам?
    — Ну, можам у тэніс згуляць.
    — Ува што?!!
    Соня ўзяла апельсін з вазы, якая стаяла на барнай стойцы.
    — Гэта наша з бабуляй гульня. Як у гарады, толькі паводле правілаў тэніса. Калі я малая была, мы прыдумалі, каб я лепей правілы запомніла. Што ты так глядзіш? Я гуляла ў тэніс.
    — Я помню.
    — Карацей, трэба па чарзе называць нейкія рэчы з аднаго ланцужка. Напрыклад, кнігі аднаго аўтара. Калі нехта не можа працягнуць, ён прагульвае. Адзін ланцужок — гейм. Гуляем адзін сэт. Да шасці. Ну ці да сямі — ты ў курсе. Называем толькі тыя кнігі, якія чыталі. He падманваць!
    I перш чым Максім паспеў апамятацца, яна кінула яму апельсін:
    — Падавай першы!
    Максім узняўся ад шахматнай дошкі і падышоў да канапы. Барная стойка цяпер раздзяляла іх з Соняй на манер сеткі на корце.
    — Аўтар... Аўтар... — Максім на хвіліну задумаўся (яму так пасуе, калі ён думае, адзначыла пра сябе Соня). — Ну добра. Роберт Хайнлайн, «Зорны дэсант».
    Соня злавіла апельсін і завісла.
    — Гэта што, пра космас? He, давай фантастыку не трэба. Я яе трываць не магу.
    Максім іранічна прыўзняў брыво:
    — Згода. Ну тады і без гэтай вашай дзявочай лабудзені кшталту «Дзённікаў Брыджыт Джоўнз» ці «Д’ябал носіць Прада». Я такое ўвогуле не пераношу.
    Соня кіўнула і перакінула яму апельсін.
    — Чарльз Дыкенс, «Олівер Твіст», — пачаў Максім.
    Ён, відаць, спадзяваўся ўсё скончыць хутка. Але не на тую натрапіў. Дыкенса Соня багоміла. Хоць ён і асацыяваўся ў яе з той страшнай ангінай у восьмым класе, калі месяц не ўставала з ложка і Надзея Барысаўна сама насіла ёй кнігі. Дыкенса жанчына выбрала, бо ягоны збор твораў быў бясконцы.
    — «Домбі і сын», — тут жа згадала Соня самы любімы свой раман Дыкенса.
    — Што, праўда, Сінічка?.. «Дэвід Коперфілд».
    — А поўную назву слабо? «Жыццё і неверагодныя прыгоды...»
    — Гуляй давай!
    — «Малютка Дорыт»!
    — Ты гэта вось цяпер прыдумала? Няма такой кнігі!
    — He, ёсць! — крыкнуў Вадзік. Ён ужо раскрыў Вікіпедыю на хатнім камп’ютары.
    — Ах так? — Максіма пачынаў браць азарт. — «Пасмяротныя нататкі Піквікскага клуба»!
    — «Антыкварная лаўка!»
    Максім злавіў апельсін і замаўчаў. Па твары было бачна, што ён злівае.
    — «Калядны харал», — урэшце адбіў мяч ён.
    — «Барнэбі Радж»! — вокамгненна зрэагавала Сінічка.
    Апельсін праляцеў міма Максіма і ледзь не бомкнуўся ў тэлевізар. Максім знайшоў яго на падлозе і перакінуў Соні.
    — Я больш не чытаў нічога з Дыкенса.
    Соня не верыла сваім вушам. 1:0 на яе карысць. Цяпер задумалася яна. Хацелася доўгага ланцужка. Прымружыўшы вочы, яна згадвала самы працяглы шэраг на паліцах Надзеі Барысаўны.
    — Джэралд Дарэл, «Мая сям’я і іншыя звяры».
    Дарэл напісаў блізу трыццаці кніг. Недзе дваццаць з іх Соня чытала. Як выявілася, Максім таксама. Гэты гейм Соня прайграла проста таму, што заблыталася ў такой колькасці раманаў і не прыгадала наступнай назвы да моманту, калі Вадзік крыкнуў: «...чатыры... пяць!» Лік зраўняўся. Максім задумаўся і раптам, хітра ўсміхнуўшыся, зрабіў падачу, прамовіўшы:
    — Фенімар Купер, «Следапыт»!
    — «Піянеры»!
    — «Апошні з магікан»!
    — «Прэрыі»!
    — «Зверабой»!
    Шпурнуўшы «мячык», Максім радасна захіхікаў, але Соня ўжо вяртала яго назад:
    — «Шпіён»!
    — Які такі «Шпіён»? Усяго пяць раманаў пра Чынгачгука!
    — А гэта не пра Чынгачгука. Але таксама Купер.
    Максім павярнуў галаву да Вадзіка, але той толькі змрочна кіўнуў.
    — He пра Чынгачгука не лічыцца! — паспрабаваў бараніцца Максім.
    — Правілы падчас гульні не мяняюць! 2:1, Статкевіч!.. — крыкнула Соня з запалам. — Волкаў, «Чараўнік Смарагдавага горада»! — звонка абвясціла яна, атрымаўшы ад Максіма апельсін, бо прыйшла ейная чарга падаваць.
    — «Урфін Джус», — тут жа адказаў Максім.
    Пакуль апельсін ляцеў да яе, Соня зразумела, што зрабіла дурасць. Раманаў у Волкава было ўсяго шэсць, а паколькі яна падавала, гэты гейм яна прайграе.
    — «Сем падземных каралёў», — бязрадасна працягнула яна.
    Але Максім, да яе здзіўлення, вымавіў:
    — 3:1. Я далей не чытаў. I, крыху падумаўшы, зрабіў новую падачу:
    — Альфрэд Шклярскі, «Томэк на сцяжыне вайны».
    Соня злавіла апельсін і разгублена паглядзела на хлопца.
    — Я пра такую не чула нават.
    Вадзік пераможна загігікаў.
    — Ды ладна! Мая любімая кніга, — задаволена прамовіў Максім. — I не пра космас. Гейм, Сінічка!
    Лік цяпер быў 3:2. Барацьба зрабілася напружанай. Далей Соня прапанавала Жуля Верна, Максім — Аляксандра Дзюма, абодва геймы наша гераіня выгуляла, другі, праўда, са скандалам, настаяўшы на тэхнічнай паразе саперніка за «Даму з камеліямі», якую напісаў іншы Дзюма — сын, а не бацька. 5:2, яшчэ адзін рывок — і яна разграміць зазнайку. Напаследак яна вырашыла пасмакаваць прыемнае:
    — Джордж Марцін, «Гульня тронаў»!
    Яна чытала ўсе сем кніжак, якія былі ў інтэрнэце паруску. Максім, відаць, таксама. Аднак, да ейнага здзіўлення, пасля апошняй, сёмай, пазіцыі Максім спакойна адпасаваў:
    — «Таямнічы рыцар».
    — Ты што, яе ж яшчэ не пераклалі...
    — А ты думаеш, мне трэба чакаць перакладу? 5:3!
    Гэтага Соня не ўлічыла. Ну ўсё, зараз ён зразумее яе слабасць — і пачне бамбіць усякімі амерыканскімі навінкамі... Але Максім павёўся па-джэнтльменску:
    — Янка Маўр, «Палескія рабінзоны».
    Тут іх шанцы былі роўныя, але Соня ўсё адно, апроч «рабінзонаў», чытала толькі «Чалавек ідзе». I калі яна ад бяды спрабавала ўпарыць суперніку «Слёзы Тубі», той грэбліва сказаў, што на апавяданні, ды яшчэ з хрэстаматыі, яны не дамаўляліся. 5:4. Трэба было тэрмінова перамагаць, іначай, калі дацягнуць да 5:5, давядзецца гуляць яшчэ два геймы.