Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
спадчынніцамі вялізных маёнткаў або наадварот — беднымі дзяўчатамі без роду-племені. Але кожнай з іх — без выключэння кожнай — трапляўся персанальны прынц на белым KaHi, «кадылаку» ці аэраплане. У найгоршым выпадку — баварскі герцаг або просты амерыканскі мільярдэр, які бліжэй да апошніх старонак абавязкова нёс Яе на руках да алтара. Або прынамсі дэклараваў такі намер.
Было ў кнігах і тое, што надзвычай Соню бянтэжыла, хоць і прымушала ейныя шчокі гарэць, сэрца — калаціцца, а жывот — трымцець нейкім незнаёмым трымценнем. Гэта былі сцэны, якія нязменна мелі месца на сотай старонцы, а потым паўтараліся прыкладна на сто васьмідзясятай. Соня, вядома ж, бачыла такое ў тэлевізары — калі тата не паспяваў учасна шчоўкнуць пультам, але толькі ў кнігах пісалася, што адчувала ў такія моманты гераіня.
Соня стала задаваць пытанні цётцы Ані. Тая, відаць, прысаромленая непедагагічнасцю таго, што нарабіла, сказала: «Соня, няхай табе ма...» — але тут жа асеклася, сабралася з думкамі і прамовіла даволі доўгі ды заблытаны маналог. У ім яна спачатку на прыкладзе сабачак і котачак, а потым — сябе і дзядзькі Жэні патлумачыла, што і навошта адбываецца на сотай старонцы, аргументуючы неабходнасць усяго там апісанага існаваннем малога Дзяніскі.
Соня, аднак, спакойна зазначыла, што ўжо не такая маленькая і ведае, адкуль бяруцца дзеці. Пагатоў у раманах падобныя наступствы сотай старонкі таксама апісваліся — часам жаданыя, часам не, але ёй вядзецца зусім не пра гэта. Ёй цікава, ці сапраўды жанчына можа адчуваць такое? Цётка Аня пачырванела, сказала, што гэта вельмі складана патлумачыць, і больш кніжак Соні не давала. А той ужо і не вельмі карцела — усе кнігі цёткі Ані былі падобныя адна да адной, толькі імёны герояў мяняліся, і яшчэ эпохі, гарады і краіны, а гісторыі кахання былі як пад капірку пісаныя. Апошнія асобнікі Соня, не ўчытваючыся, адразу спрактыка-
вана разгортвала на сотай старонцы. Але і гэта ёй урэшце надакучыла.
I вось аднойчы, калі Вера Аркадзеўна выйшла на калідор, Соня, дажаваўшы перасмажаны сырнік, адважылася залезці з нагамі на канапу, каб зблізку разгледзець ейную паліцу з шэра-бурымі кнігамі, разабраць хоць бы назвы на карэньчыках. Кніжкі былі спрэс старыя, яшчэ савецкія. Гайдара Соня ўжо чытала — прывітанне школьнай бібліятэцы, — а астатнія яе не зацікавілі. Калі Вера Аркадзеўна вярнулася, дзяўчынка спалохана адскочыла. «Прабачце, калі ласка», — зашаптала яна. Але Вера Аркадзеўна не раззлавалася.
— Э-э, мая дзяўчыначка. Дык гэта ж табе да Надзенькі трэба, — паківала галавой пенсіянерка і, узяўшы за руку, адвезла на ліфце на сёмы паверх інтэрната.
Так у Соні з’явіўся новы таемны сябар. Чаму таемны? А хіба можна камусьці расказаць, што ты сябруеш са старой цёткай?
ххх
Надзея Барысаўна была нізенькай таўставатай кабетай гадоў шасцідзесяці. Яна насіла тоўстыя акуляры, а ахайнае карэ асвятляла да саламянага колеру. Твар у яе быў лагодны і летуценны, ад чаго яна была падобная да маршчыністай дзяўчынкі, якую замкнулі ў пакойчыку і не выпускаюць гуляць, таму яна паціху ссыхаецца ад нястачы кіслароду.
— Вось, Надзя, чытачку табе прывяла. Выдай ёй штонебудзь на абанемент, — адрэкамендавала Соню Вера Аркадзеўна і сышла.
Пераступіўшы парог Надзеі Барысаўны, Соня абамлела. Са звычайнай, чалавечай мэблі ў пакойчыку-пенальчыку былі толькі канапа пад акном, столік перад ёй, венскае крэсла і лядоўня ў куце пры ўваходзе. Усю іншую прастору скрадалі дзве масіўныя савецкія сценкі, да столі набіткаваныя
кнігамі. Каб зручней было да іх дабірацца, з шаф паскручвалі дзверцы. Толькі знізу сценкі былі закрытыя паліраванымі фасадамі, там захоўваліся іншыя — бездухоўныя — рэчы, але, як пазней пераканалася Соня, гаспадыня дзівоснага пакоя складала кнігі і туды таксама.
Надзея Барысаўна калісьці даўно была бібліятэкаркай пры Доме творчасці завода, дзе працаваў ейны муж, дзесяць гадоў як нябожчык. Калі, скарачаючы прадпрыемства, бібліятэку зліквідавалі, Надзея Барысаўна самаахвярна перацягнула дадому спісаныя кніжкі.
— Тут сканцэнтраваная вечнасць. Класіка на ўсе часы, — узнёсла сказала яна, праводзячы рукой па паліцах.
Вось тут для Соні пачалася сапраўдная чытанка. Жуль Верн — усё тое, чаго не давалі ў школе. Абодва Дзюма — бацька і сын. Праклятыя каралі. Марк Твэн, аказваецца, напісаў не толькі Тома Соера. Майн Рыд. Эдгар По. Конан Дойл. Фенімар Купер!!!
Лета перад сёмым класам было самым запамарочным у жыцці Сінічкі. На Цнянку яна ні разу не схадзіла.
Венскае крэсла выконвала ролю драбінкі — на яго Надзея Барысаўна залазіла, каб дацягнуцца да паліц пад столлю. Кнігі стаялі ў два шэрагі —і гаспадыня амаль беспамылкова ведала, якую трэба пацягнуць за карэньчык, каб адшукаць патрэбную, схаваную. Соня чытала хутка, бегала на сёмы паверх раз, a то і двойчы на тыдзень, і кніжкі ў ейнай памяці нанізваліся адна на адну, як пацеркі — адна цягнула за сабой іншую, і далей, і далей... I гэтак да пачатку восьмага класа чытачка падабралася да галоўнага — Залатога фонду кніг пра каханне.
Першай, здаецца, была Джэйн Эйр. Агаломшаная да глыбіні душы, Соня дні два не магла апамятацца ад прачытанага і папрасіла ў Ніны Барысаўны «ўсё гэтай аўтаркі».
Падобнае прыцягнула падобнае — і вось ужо за плячыма ўсе шэсць раманаў Джэйн Остэн, два — Уілкі Колінза
і эпапея пра Скарлет О’Гару. Усё гэта, зрэшты, выявілася падрыхтоўкай да вышэйшай матэматыкі Кахання — бясконцай Анжалікі і іншых спеваў у цярноўніку.
Але самае галоўнае — што напачатку вельмі дзівіла Соню, — Надзея Барысаўна, забіраючы кнігі, прапаноўвала Соні гарбаты і гутарыла з ёй аб прачытаным. Да гэтага Соня сама б ніколі не дадумалася. Яна так прызвычаілася перажываць любыя кнігі сам-насам, што спачатку нават не ведала, што гаварыць. Але пакрысе думкі рабіліся ўсё больш уцямнымі, гутаркі — жывейшымі, а гарбата — працяглейшай. Соня нават падазравала, што Надзея Барысаўна харчуецца выключна пячэнькамі і зефірам — яна ніколі не бачыла ў яе іншай ежы. Пасядзелкі на сёмым паверсе сталі для CoHi ўцёкамі ў вышэйшы, ідэальны свет, у якім паслясмак ад толькі што скончанай кнігі трываў яшчэ крыху, пакуль эмоцыі не аціхалі і космас, створаны пісьменнікам, не адпускаў канчаткова. I чым больш сталела Соня, чым болын брыняла кніжкамі — тым больш драбнела ўзроставая прорва паміж ёй і Надзеяй Барысаўнай.
Так, аднойчы Соня заўважыла, як у старой кабеты разгладжваюцца зморшчкі, як маладзеюць вочы за тоўстымі акулярамі. Гэта здарылася адразу пасля Джэн Эйр. Ужо не бібліятэкарка выцягвала з Соні меркаванне аб прачытаным, а сама Соня захацела пагаварыць. Але нічога, апроч «ах!» і «ух!», напачатку вымавіць не змагла.
I тады Надзея Барысаўна расказала ёй пра сваё Каханне.
He пра мужа — інжынер завода з’явіўся нашмат пазней, — а пра Сапраўднае Каханне. Ён быў афіцэр артылерыі, яго адкамандзіравалі ў вайсковую частку пад Лепелем, дзе маладзенькая Надзея Барысаўна — толькі з педінстытута — працавала настаўніцай рускай мовы ў гарнізоннай школе. Ён выступаў перад вучнямі на школьнай лінейцы першага верасня. Яго звалі Уладзімір. Надзея Барысаўна — Надзенька — умомант страціла галаву.
Пазней, прыгадваючы гэтую шматкроць чутую гісторыю, Соня вылічыла, што раман доўжыўся ўсяго год, прычым навучальны: у траўні афіцэра адкамандзіравалі назад, кудысьці ў бок Урала. У пераказе ж Надзеі Барысаўны гэта была бясконцая вясна чыстай любові і незямной пяшчоты. Пачуццё разгарэлася вокамгненна і палала ярка, хоць і не склалася ні ў які развіты сюжэт. Меў месца хіба шэраг аднастайна жарсных эпізодаў у лесе, на КПП ракетнага палігона ці ў нядзельным кафэ-марожаным у Віцебску. Рамантычныя дэталі кожнага спаткання Надзея Барысаўна і праз трыццаць гадоў памятала ўва ўсіх узрушальных падрабязнасцях. Каханкі гойдаліся ў аблоках, пакуль рэчаіснасць не абрынула іх на цвёрдую зямлю Лепельшчыны. Развітанне было нечаканым, як супрацьпаветраная трывога: Надзенька некалькі гадоў не магла апамятацца, жыла як у тумане.
Дамаўляліся, што яна будзе пісаць Уладзіміру, што прыедзе да яго, калі ён уладкуецца на новым месцы — але лісты вярталіся назад, дамоўленых тэлеграм з-за Урала не прыходзіла. Соня здагадалася, што афіцэр, мусіць, быў жанаты, але Надзеі Барысаўне пра гэта не сказала. Тая, відаць, і сама ўсё выдатна разумела. Але ж і гісторыя была пра іншае. He пра вайскоўца-здрадніка і жонку за Уралам, а пра тое незямное шчасце, якое тады адчувала закаханая Надзенька.
Сотая старонка там, безумоўна, таксама была, але гэтую тэму Надзея Барысаўна далікатна абмінала. Хоць Соня потым вылічыла, што інжынер жаніўся з Надзенькай, калі тая ўжо мела дзіця. Сын яе цяпер быў зусім дарослым і жыў у Нямеччыне.
Галоўнымі былі Пачуцці. Соня і Надзея Барысаўна разбіралі душэўныя пакуты літаратурных гераінь і параўноўвалі са сваімі. Дакладней, з Пакутамі Надзеі Барысаўны — у CoHi ніякіх Вялікіх Пакутаў пакуль не мелася, было толькі іх Прадчуванне. Яе ж сяброўка-пенсіянерка, хоць і перажыла ў жыцці адзіную мілосную прыгоду (мужа, як выглядала,
яна не надта кахала), але мела з гэтай прыгоды столькі Досведу, што яго з лішкам хапіла б на ўсіх гувернантак віктарыянскай Англіі.
— Як зразумець, што ты пакахала? — аднойчы спыталася Соня.
— Ніяк. Ты проста зразумееш — і ўсё, — мройліва адказала Надзея Барысаўна, і тоўстыя шкельцы акуляраў нібы зацягнуліся ружовай смугою.
На першай лінейцы ў дзявятым класе так і адбылося. Comb пабачыла Максіма — і адразу ўсё зразумела. А галоўнае — адчула. Адчула першую, другую, дзясятую і сотую старонку і многа чаго іншага адначасова, чаго ўвогуле ніякая кніга апісаць не можа. Надзея Барысаўна была першай, каму яна расказала пра святы момант пралёту скрозь яе сэрца Стралы Амура. Цяпер іх збліжала яшчэ больш рэчаў. Яны маглі параўноўваць афіцэра Уладзіміра і Максіма з героямі прачытаных раманаў — і гадзінамі гаварыць пра агульнае і адрознае ў абодвух. Хоць што адзін, што другі вобраз, які яны яскрава адна адной вымалёўвалі, меў столькі ж агульнага з рэчаіснасцю, як Рэт Батлер або містар Дарсі.
У дзясятым класе Соня захапілася кнігамі, якіх у Надзеі Барысаўны не было і быць не магло. Тата купіў сабе лэптоп і перацягнуў дадому з рэстарацыі вялікі камп’ютар. Соня прылаўчылася чытаць з манітора і ўжо не так часта зазірала да сяброўкі — хіба здабыць сёе-тое са школьнай праграмы. Гэта было зручней, чым хадзіць у бібліятэку. А выселіўшыся з інтэрната, Соня пра цётухну ў вэрхале пераезду зусім забылася.