• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    Калі пасля новага года ў бляшанай скрынцы храбусцела запаветная тысяча, Вася пачаў урачысты абход мінскіх мотасалонаў.
    I вось тыдзень таму на Лагойскім тракце ў секцыі навінак яму спакусліва падміргнуў фарамі двухмясцовы кітайскі скутар «Самурай». Вася адчуў ціск у дыяфрагме — так, нібы Соня ўжо абдымала яго сваімі пяшчотнымі абцужкамі.
    Яму бракавала дзве сотні. Палову ён пазычыў у хлопцаў на рынку, палову — у «Сайгоне» за кошт будучага заробку. Нарэшце — тыдзень таму — скутар быў перавезены грузавым таксі ў дзядзькаў гараж у Лошыцы. 3 таго часу Вася ездзіў туды штодня. Заліваў паліва. Праціраў і без таго бліскучыя паверхні. Спрабаваў ганяць паміж гаражамі. На дарогах па-здрадніцку ляжаў снег, і ён ніяк не наважваўся выправіць «Самурая» на вуліцу. Ён пхаў скамянелыя бурыя гурбы ботам і шалеў — так яму хацелася зрабіць Соні сюрпрыз да канца вакацый!
    Нарэшце ў чацвер усё пацякло, снег пачаў знікаць — і кітайскі самурай вырушыў у сваё першае падарожжа.
    — Ваў, — толькі і здолела сказаць Соня, калі выйшла на ганак.
    Яна зразумела ўсё без слоў. Кінулася да Васі, спрытна ўскараскалася на задняе сядзенне. Адразу паспрабавала ўхапіцца за Васеву талію, але зашкодзіў заплечнік. Соня сцягнула лейкі з ягоных плячэй і моўчкі перакінула брудны мех сабе за спіну. I ўжо тады сціснула яму дыяфрагму абцужкамі і застыла ў чаканні.
    — Куды паедзем? — спытаўся Вася, робячы выгляд, нібы нічога не сталася і ён штодня возіць яе на скутары.
    — Адвязі мяне дамоў, — сказала Соня, крыху падумаўшы.
    Вася інстынктыўна павярнуў галаву ў бок катэджа Статкевічаў, але тут жа ўсё зразумеў, кіўнуў і, завёўшы рухавік, накіраваў «Самурая» на кальцавую.
    ххх
    Ад дамка Сінічак застаўся адзін падмурак. Снег, які ляжаў на ім брудна-белым футрам, прасеў і зрабіўся рыхлым,
    як пена. Тата ўласнаручна заліў шыкоўны лёх і вельмі ім ганарыўся. Соня ўцягнула носам паветра — паленым больш не пахла. Увосень гаркавы смурод пажарышча прасякаў усё навокал. Ля агароджы з сеткі-рабіцы (яе тата з часам збіраўся замяніць на нешта прыстойнейшае) пад імправізаванай паветкай грувасціліся рэшткі будоўлі: лісты бляхадахоўкі, ацалелая шалёўка, бэлькі, якія не прагарэлі. Тата завіхаўся тут да самых маразоў, спрабуючы ўратаваць хоць нешта.
    У Соні зашчаміла сэрца. Ёй, вядома, вельмі падабаўся дом Максіма і яго сям’і, але гэтае папялішча было ейным, родным. Няхай і выглядала цяпер так мізэрна.
    Дзяўчына стала прабірацца да мураванага ганка, правальваючыся ў рыхлым снезе. I раптам зразумела: штосьці не так. Сляды ад ейных боцікаў не былі адзінымі на падворку. Тут хадзілі іншыя людзі. I хадзіла іх шмат.
    Гэта было незразумела і падазрона.
    — Сініца, пікнік! — закрычаў Вася, вызіраючы з-за паветкі з будаўнічым ламаччам. Хадзем гарбаты налію.
    Вельмі ўчасна, бо Соня паспела змерзнуць.
    Яны стаялі каля неахайнага штабеля, выступ якога ператварыўся ў фуршэтны столік, і па чарзе адпівалі салодкую гарбату з накрыўкі алюмініевага тэрмаса. Язда па трасе і небяспека, якая чакала іх, калі міма па кальцавой праносіліся фуры, зрабілі сваю справу: расслабіўшыся, Соня адчула ваўчыны голад. Яна пашнарыла ў Васевым заплечніку і адкапала там ладны пакунак з канапкамі. 3 густым слоем масла, сырам і доктарскай кілбасою.
    — Мама спакавала, — патлумачыў Вася, надкусіўшы паўмесяц доктарскай.
    Холад, які пранізваў Соню да костак, ненадоўга адступіў. Імправізаваны пікнік з Васем нават пачынаў быць рамантычным.
    — Сініца... — раптам сказаў Вася, калі яны дажавалі буцікі і спустошылі тэрмас.
    — Ara? — рассеяна азвалася дзяўчына.
    — Можна... я зараз... цябе пацалую?
    Хлопец стаяў, апусціўшы вочы, і круціў накрыўку тэрмаса ў руках.
    Больш за ўсё яна баялася гэткага пытання, зададзенага гэткім тонам. Раней Вася падкочваў да яе жартам — так, што можна было аджартавацца ў адказ. Цяпер жа ён задаў пытанне наўпрост і ўпершыню сам-насам.
    У Соні зашчаміла сэрца.
    Вася быў вельмі добрым таварышам, але не падабаўся ёй як хлопец. Ані кропелькі.
    3 іншага боку, ёй толькі што прапанавалі пацалунак у вусны. Такі, якіх у Соні ніколі не было. I было страшна цікава даведацца, як гэта — цалавацца з хлопцам па-сапраўднаму.
    3 іншага боку, калі ты цалуеш кагосьці, асабліва ўпершыню, гэта мусіць быць той, хто табе сапраўды падабаецца. Інакш гэта будзе нейкі спорт. А першы пацалунак — магія. Соня гэта дакладна ведала.
    3 іншага боку, пацалунак — гэта яшчэ і тэхналогія. Як яна пацалуе каханага, калі не будзе ведаць, як гэта робіцца? Што той пра яе падумае? I чаму нельга папрактыкавацца з Васем? He чужы ж чалавек. Паставіцца з разуменнем, даруе любую лажу.
    3 іншага боку, менавіта што Вася — не чужы чалавек. I хоча пацалаваць Соню не са спартыўнага інтарэсу, а таму, што яўна нешта адчувае. I калі раней яна магла ад яго адбівацца і аджартоўвацца, то пасля пацалунка ўсё зменіцца. Вася захоча большага. I Соні не будзе як адкручвацца.
    3 іншага боку, што ён сабе думае? Пакатаў на скутары — і адразу цалаваць? Ці не абражае гэта яе годнасць?
    Вось колькі думак можа прамільгнуць у галаве за 5 секунд.
    — Ну што, Сініца? — сказаў Вася надзіва мяккім голасам. У чаканні ён заплюшчыў вочы і пацешна склаў вусны трубачкай.
    Першы пацалунак быў так блізка — колькі праблем і комплексаў здымецца адным махам! Ён не будзе нічога значыць, але затое можна будзе падтрымліваць размову на гэтую тэму ўжо не на ўзроўні тэорыі. Цяпер не трэба будзе «адседжваць» карты для варажбы, таму што «нецалаваная».
    Снежка, напрыклад, даўно «цалаваная». Пасмакталася ў трынаццаць гадоў з нейкім сувораўцам на навагодняй дыскатэцы ў Палацы моладзі. Нават твару не памятае, бо ніколі яго пры дзённым святле не бачыла — затое мае досвед.
    Дый Галя мінулым летам цалавалася ў вёсцы з суседскім хлопцам.
    Соня ўздыхнула і пацягнулася да Васілеўскага.
    Ад Васі пахла варанай кілбасой. Максім таксама любіць такія буцікі. Часам робіць сабе сам на сняданак да кавы, калі мама Юля не накроіла...
    Соня згадала Максімаву ўсмешку, калі ён аддаваў ёй «кіндл».
    Яна зразумела, што не можа. Яна ўскладняе сабе жыццё — але яна проста не можа.
    — He, Лёша, нельга. Прабач, — сказала яна вінавата.
    — Ну, я ведаў, што нічога не атрымаецца. Але паспрабаваць было варта, — засмяяўся хлопец як нічога ніякага. Расплюшчыў вочы і стаў шукаць тэрмас, каб закруціць накрыўку.
    Зноў ператварыў усё ў жарт. Вось і слаўненька.
    — Ты мне ўсю куртку заляпаў, пакуль ехалі, — пачала буркатаць Соня, каб схаваць няёмкасць. — Глядзі, пырскі. А шапка дык зусім новая. Калі ты мне шапку заляпаў...
    Яе перапыніў шум з дарогі. Каля ўчастка затармазіла машына.
    Соня і Вася вызірнулі з-за штабеля і пабачылі дзіўную тройцу, якая дэсантавалася з маленькага сіняга «Пежо» і, як да сябе дадому, заруліла на падворак.
    Наперадзе скакала па лунках ад Соніных ботаў маладая, гадоў дваццаці пяці, дзяўчына. Яна была добра апра-
    нутая і дагледжаная: дарагі паўкажушок, вузкія левайсы, запраўленыя ў угі. Раскошныя кудзеры, фарбаваныя ў блонд, спадалі на плечы з-пад яўна брэндавай шапачкі. У руках яна нязмушана несла шуфлік і венік.
    За ёй прабіралася па снезе пажылая пара — з усяго відаць, муж і жонка. Абодва гадоў пяцідзесяці, вельмі падобныя адзін да аднаго: поўныя, чырванашчокія. На жанчыне было кудлатае чорнае футра і фіялетавы цёплы капялюшык з брылікам, на мужчыну — руды кажух і футравая шапка. Яны маглі б быць бацькамі дзяўчыны — але тая трымалася з імі зусім не як з роднымі.
    — Праходзьце смялей, узбірайцеся, — паслужліва сакатала паненка з венікам. — Фундамент вельмі трывалы... Гаспадар будаваў для сябе. Снег яшчэ не сышоў, але я пачышчу кавалачак, каб вы зірнулі на якасць бетону.
    — Сколька метраў падвал? — дзелавіта пацікавіўся дзядзька.
    — Амаль сорак квадратаў, — адказала дзяўчына, саскрабаючы снег шуфлікам з ганка. — Вы ж ведаеце: падмурак — палова будоўлі...
    Соня разявіла рот ад абурэння.
    — Што вы тут робіце? — выскачыла яна з-за паветкі і пабегла ў бок дзіўнай кампаніі. — Гэта мой дом!
    Тройца агаломшана ўставілася на дзяўчыну і Васю, які маячыў у яе за спінай.
    — Гэта, мусіць, дачка ўладальніка, — апамяталася першай дзяўчына з венікам.
    — А эта, відна, зяць, — іранічна прамовіла сталая жанчына, кіўнуўшы ў бок Васілеўскага.
    — Зяць любіт взяць, — дадаў яе спадарожнік, і пара гучна разрагаталася, паказваючы залатыя зубы.
    — Я на хвіліначку, — сказала паненка з венікам і спрытна саскочыла з ганка.
    Падышоўшы да Соні, яна ўсміхнулася так непадробнашчыра, нібы пабачыла найлепшую сяброўку. Ейныя словы,
    нячутныя яе спадарожнікам, аднак, зусім не спалучаліся з прыязнай усмешкай:
    — Як там цябе... Света? — засіпела золатавалоска.
    — Мяне?.. Соня.
    — Што ты сабе дазваляеш?
    — Гэта ў вас трэба спытацца...
    — Ты хоць ведаеш, які гэта квэст — прадаць попелішча? У вас жа, калі снег сыдзе, уся праўда на Божы свет вылезе. А яшчэ інтэрнэт! Людзі правяраюць такія рэчы. Гэтыя хоць інтэрнэтам не карыстаюцца. Рэальны шанц на ўгоду — а тут ты скачаш.
    — Прадаць?.. Гэта ж наш дом! Ён не прадаецца!
    — Прадаецца — і яшчэ як. Ужо трэці месяц.
    — Можа, вы памыліліся?
    — Ну зараз — памылілася, — хмыкнула дзяўчына. — Я з другога курса ў прафесіі... Табе CV паказаць? Тваё прозвішча ж Сінічка?
    Соня кіўнула. Яна, праўда, так і не зразумела, што гэта за паненка і што яна збіраецца паказаць.
    — Спадар Пётр казаў пра непаўналетнюю дачку... Ён звярнуўся ў нашу фірму пасля Новага года. 3 таго часу спрабуем прадаць ваш надзел. Але, відаць, давядзецца зніжаць цану.
    — Тата не можа прадаваць дом! — вылупіла Соня вочы. — Гэтага не можа быць...
    — He, ну ты з ім сама неяк разбярыся. А я тут скончу, — рыэлтарка развярнулася і пайшла да сямейнай пары, якая тым часам дзелавіта аглядала падворак.
    Падлеткі выйшлі на вуліцу і яшчэ крыху патапталіся каля скутара. Вася праціраў свайго «Самурая» анучкай, а Соня прытулілася да халоднай сеткі-рабіцы, як сіротка, якую выкінулі з дому. Рыэлтарка паказвала кліентам, дзе падведзеныя газ і каналізацыя. Азяблымі пальцамі Соня колькі разоў запар набрала бацьку. Той не азываўся.
    — Твой продак няхіла праганяе, — сказаў Вася, калі яны ўселіся на скутар. — Я б на тваім месцы запатрабаваў долю.
    — Адвязі мяне дамоў, — сказала Соня, і Вася зноў зразумеў яе, як мае быць.