Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
XXX
Усё добрае аднойчы заканчваецца — нават кава ў паўлітровым кубку. Або яна астывае, і піць яе ўжо немагчыма.
Максім пазяхнуў і перавёў позірк на барную стойку. Сподкам з фруктамі проста ў яго перад вачыма быў заціснуты нейкі аркуш. Ён ляжаў тут з мінулага тыдня, Соня колькі разоў працірала стойку, але пацікавіцца, што за аркуш, ёй неяк не прыйшло да галавы. Максім жа рассеяна выцягнуў яго з-пад сподка, распрастаў па стале і стаў вывучаць ягоны змест. Соня таксама з цікаўнасцю ўперылася ў паперку. Бо гэта была законная нагода прыціснуцца да Максімавага пляча...
...Калі яна зразумела, што гэта за паперка, яна пабялела. Потым пачырванела. Потым у галаве ейнай пранеслася: гэта канец. Канец усяму.
— Мама! — раз’юшана крыкнуў Максім на ўвесь дом. — Мама!!!
Ён скамячыў аркуш у кулаку і за тры скокі заляцеў на другі паверх. Соня з усіх ног кінулася за ім.
— Што гэта такое?!! — прарыкаў Максім, сунуўшы змяты аркуш проста пад нос спужанай мамы Юлі, якая стаяла на парозе спальні, спешна завязваючы пояс халата. За ейнай спінай, уключыўшы начнікі абапал ложка, выблытваўся з коўдры тата Віця.
— Божухна, навошта так крычаць? — з палёгкай уздыхнула кабета, пабачыўшы аркуш. — Я думала, нешта здарылася.
— Гэта, па-твойму, «нічога не здарылася»?! Ты звар’яцела?!
Аркуш фармату A3 уяўляў з сябе праектную прапанову архітэктурнага бюро. На адной яго палоўцы быў план «лялечнага дома» — першы і другі паверхі. Ён быў абазначаны чорным колерам. Сінім колерам на другой палоўцы аркуша да кожнага паверха была дарысаваная прыбудова. Той, хто калі-кольвек бачыў дом Статкевічаў жыўцом, лёгка зразумеў
бы, што архітэктар прапанаваў даставіць да катэджа яшчэ адно крыло — амаль такі самы дом, толькі крыху меншы, упоперак галоўнага. Новая частка будыніны заняла б увесь траўнік з левага боку, працягнуўшыся амаль да плота, за якім высіўся лес. У выніку дом прыняў бы від літары Г. Прыкладна па гэткай схеме звычайна пашыраліся родавыя маёнткі ў якім-небудзь Хэмпшыры. Агульны выгляд сядзібы можна было ацаніць на трохмернай карцінцы ў ніжнім правым куце аркуша.
Але юных рэцэнзентаў зачапіў не новы выгляд дома, а план, на якім кучаравым почыркам мамы Юлі былі зробленыя пазнакі.
Так, на першым паверсе новага крыла, дзе планаваўся TaKi ж вялікі пакой з аб’яднанай кухняй, як у асноўным доме, была адгароджаная прасторная святліца з асобнай купальняй. У гэтай кратцы было напісана: «Пецькаў пакой».
Але самае цікавае пачыналася на другім паверсе. Там было тры пакоі, якія выходзілі ў агульны калідор, і мама Юля падпісала іх так: «Гасцявы пакой», «Спальня Соні і Максіма» і... «Пакой малой».
У новым крыле меркаваўся асобны ўваход, але гэта маме Юлі не спадабалася, таму яна прамалявала дзверы з адной кухні ў іншую.
— Мама, што гэта такое? Што за хрэнь ты тут панапісвала? — ашалела крычаў Максім, тыцкаючы пальцам у план другога паверха. — Якая яшчэ «малая»?
— А, гэта? — радасна заўсміхалася Юлія Статкевіч. — У вас будзе дзяўчынка.
— Але...
— Гэта не абмяркоўваецца! Дзяўчынка — і ўсё тут!
— Але, мама Юля... Мы з Максімам не збіраемся жаніцца... Мы нават сустракацца не плануем!
— He плануеце цяпер, сплануеце ў чацвер, — хітра паглядзела на дзяцей кабета.
— Мама, ты хоць помніш, колькі мне гадоў? — не сунімаўся Максім.
— Помню, вядома. 3 днём народзінаў, дарэчы. Са згоды бацькоў ужо можна.
Максім адчайна завыў, а потым, злосна паглядзеўшы на Соню, выпаліў:
— А нічога, што Сінічка — апошняя, з кім бы я ажаніўся?
— Што-о-о? Ды гэта ты — апошні, за каго б я... Вельмі ты мне патрэбны, казёл самазакаханы! — выпаліла Соня.
— Віця, ты толькі паслухай — яны нават сварацца, як сямейная пара! — замілавана прасакатала мама Юля. TaTa Віця, аднак, не падзяляў ейнага энтузіязму. Ён крануў яе за плячо, нібы просячы спыніцца.
Соня ліхаманкава пракруціла ў галаве намаляваны мамай Юляй сцэнарый яе шчаслівай будучыні. Выходзіла, што замест універсітэта Соні свеціць вялікае пуза і ружовыя пялюшкі. He, ну вядома ж, аднойчы яна хоча стаць мамай, але ж не адразу пасля выпускнога! Лепш ужо наргас, чым дэкрэт.
— Мама, колькі цябе прасіць — перастань сунуць нос у маё жыццё! — Максім раз’юшана махаў планам. — Я думаў, што да ўсяго прызвычаіўся, але гэта ўжо занадта!
— Мне хіба ўжо і памарыць забаронена? -— какетліва абурылася мама Юля. — Я ж так жартавала... Але сам праект канчатковы. Мы з татам вырашылі пабудаваць супольны дом з Сінічкамі.
— Што-о-о-о? — разявіла рот Соня.
У гэты момант на другі паверх узняўся ейны тата. Ён выглядаў як ніколі змораным. Але, пачуўшы апошнюю фразу і пабачыўшы твар дачкі, спужана ўсміхнуўся і сказаў як мага лагоднейшым голасам:
— А, усе вярнуліся!.. Ну і добранька! Заўтра пагаворым. А то я з ног валюся.
I, хуценька прашмыгнуўшы па калідоры, схаваўся ў сваім пакоі.
— Яны што, вечна будуць жыць тут? — з напорам спытаўся Статкевіч.
— Максім, гэта негасцінна!
Максім развярнуўся і шпарка пайшоў па калідоры. Соня ламанулася за ім, схапіўшы яго за футболку проста на парозе пакоя.
— А ну, стой! Аддай паперку! — загадала яна.
— Ды забірай! — рыкнуў Максім, кінуўшы план на падлогу. — I не размаўляй са мной дома! —дадаў ён, ляснуўшы на развітанне дзвярыма.
«Лялечны дом» гудзеў, як трансфарматар. У хлапечым пакоі незадаволена енчыў абуджаны Вадзік. У дарослай спальні на павышаных тонах перамаўляліся мама Юля і тата Віця. Соня, сама не свая ад злосці, падняўшы з падлогі аркуш, з грукатам расчыніла дзверы татавай спальні.
Той сядзеў на ложку, корпаючыся ў мабільніку.
— Ты мне тэлефанавала, — сказаў ён, узняўшы галаву на дачку. — Я тэлефон дома пакінуў.
— Ты можаш патлумачыць, што гэта такое? — сказала Соня сурова, працягнуўшы тату скамечаны план.
— Гэта? — тата вінавата заўсміхаўся. — Соня, я збіраўся табе сказаць, калі будзе нейкая пэўнасць, але пакуль нічога толкам не вызначылася...
— Праўда? А я так бачу, усё даўно вызначылася. Прычым без мяне і за мяне! — яна ткнула яму пад нос схему. Зірнуўшы, тата нахмурыў лоб і зноў перавёў позірк на дачку:
— Ну, гэтыя надпісы, дапусцім, — Юльчыны фантазіі.
— А тое, што мы прыбудуем свой дом да іхняга, — таксама яе фантазіі? А тое, што ты прадаеш надзел з падмуркам, — чые фантазіі? Мы з Васем туды сёння ездзілі і бачылі рыэлтарку, якую ты наняў, і пакупнікоў!
— Дачка, сядай. Трэба пагаварыць.
— Ды што ты кажаш, татачка? — уключыла Соня іронію. — Чатыры месяцы я ў яго пытаюся, што там з домам, —
і чую адны адгаворкі. А тут нам раптам пагаварыць спатрэбілася. Даўно не бачыліся!
Тата пацягнуў яе за руку і пасадзіў поруч з сабой на ложак.
— Ладна, Соня, не бузі і слухай, — ён уздыхнуў, сабраўшыся з думкамі, і працягнуў:
— 3 домам нашым усё выйшла няпроста. Я доўга раіўся з Віцем, хадзіў да юрыстаў — падаваць у суд на Мінгаз няма сэнсу, працэс зацягнецца на гады, а кампенсацыю мы наўрад ці адсудзім. Збудаваць дом наноў я не пацягну — здароўе не тое, дый імпэту, калі шчыра, паменела. Апроч таго, рэстарацыя займае ўсё больш часу, а прыбытак змяншаецца. Да таго ж цяпер ёсць больш важныя рэчы — тваё паступленне, напрыклад, на вучобу таксама патрэбныя грошы. Так што я думаў-думаў і надумаў надзел з падмуркам прадаць, а замест яго купіць нам кватэру.
— Але тата... Дом — гэта тое, што мы... Што ты абяцаў матулі над магілай, — патухлым голасам сказала Соня, апусціўшы галаву.
— А таксама я абяцаў ёй, што выгадую цябе разумнай адукаванай дзяўчынкай. 3 домам выйшла як выйшла — дык цяпер мне важна не праваліць другую місію... Але даслухай да канца, — тата зноў цяжка ўздыхнуў і паправіў на носе акуляры. — За пятнаццаць гадоў, што мы валодаем гэтым надзелам, ён істотна падаражэў. Нам яго выдавалі ледзь не як дачу, а цяпер гэта амаль горад. Яго можна няблага прадаць, але ёсць нюансы: выбух газу, цяжкасці афармлення... Карацей, выявілася, што за такія грошы мы можам сабе дазволіць тут і цяпер або аднапакаёўку ў нашым раёне, або двушку ў Чыжоўцы. А на гэта я дакладна пайсці не магу, проста таму, што псіхалагічна цяжка — пасля мары пра ўласны дом.
— Тата, але мы столькі гадоў жылі ў інтэрнаце! — перапыніла яго Соня. — Што нам пасля такога аднушка!
— Яно, вядома, так, але ж... Карацей, я падзяліўся нашымі праблемамі з Віцем і Юляй, і яны самі прапанавалі дапамогу.
Соня тарганулася:
— Навошта ім нам дапамагаць?
— Соня, паслухай, гэта сапраўды неблагі варыянт. Будаваць дом з нуля складана, але можна разбудаваць ужо гатовы дом. Гэта будзе танней і хутчэй па дакументах. Па Віцевых падліках, збудавацца можна менш чым за год! I мы зможам дазволіць сабе вялікі мураваны дом за меншыя грошы. Мы ашчадзім на матэрыялах, бо адна сцяна, лічы, ёсць... Апроч таго, калі падзяліць суму ад продажу надзелу на некалькі дэпазітаў то з аднаго можна аплачваць тваю вучобу, з другога — гасіць крэдыт на новую машыну, і на будоўлю застанецца яшчэ прыстойная сума! Фармальна дом будуць будаваць Статкевічы, але ў выніку мы аформім яго на сябе!
— I мы паселімся там, каб я нараджала ўнукаў маме Юлі, а потым перадавала на яе палову праз акенца ў кухні? — саркастычна падсумавала Соня.
— Соня, у Юлькі багатае ўяўленне, але тваё асабістае жыццё — твая справа. Прыводзь у дом каго хочаш, хоць Васю свайго. Я зараз кажу толькі пра саму магчымасць мець прыстойнае жытло ў прыстойным раёне. А са Статкевічамі мы, па-мойму, няблага ладзім. Што нам замінае быць ім добрымі суседзямі?
— Вось што, тата, — сказала Соня, як след паразглядаўшы пумпоны на тапачках. — Уласнік надзелу па дакументах ты. А па сумленні — і я таксама. I мама, хоць яе няма з намі... Ты можаш прадаць дом і ўкласці грошы ў кватэру, або новую будоўлю, або новую машыну, або маю вучобу, але я табе гэтага ніколі не дарую. I мама не даруе. Дабранач.
Калі Соня прымкнула за сабой дзверы ружовага пакойчыка, «лялечны дом» канчаткова аціх. Заснуў спакойным сном рэспектабельнага катэджа ў англійскім стылі, так, нібы ў ім не адбушавалі толькі што лацінаамерыканскія жарсці.
Раздзел X
НІНАЧКА EX MACHINA
Першы ўрок апошняй чвэрці Соня праспала. Яна са здзіўленнем выйшла з пакоя. Раней, калі не спрацоўваў будзільнік, па яе душу абавязкова прыходзіла мама Юля, але выглядала на тое, што сёння пра Соню ўсе забыліся. Тата спаў; больш у доме не было ні душы.