Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Але з такімі баламі, як у мяне... — нясмела запярэчыла Соня.
— Спакойна. У цябе яшчэ больш за два месяцы, — дзелавіта сказала Ніначка. — I, ведаеш, гэта самае галоўнае, пра што я з табой хацела пагаварыць... Налета тут будзе гімназія, і з намі перазаключаць кантракты. I нешта мне падказвае, што з кепскімі настаўнікамі Андрэй Васілевіч абыдзецца не лепш, чым з кепскімі вучнямі. А мне як педагогу, калі шчыра, няма чым пахваліцца. I ў мяне, як і ў цябе, таксама ёсць толькі два з паловай месяцы... Таму я прыдумала факультатыў па падрыхтоўцы да НЦТ па рускай мове. Факультатыў пачынаецца мінімум ад дзесяці вучняў. У мяне ўжо ёсць пяцёра з «Г» і двое з «А»... I вось з цябе я пачынаю кропкавую агітацыю ў нашым класе... Заняткі бясплатныя! А ў якасці бонусаў — некалькі ўрокаў з выкладчыкамі ўніверсітэта. Ну як, Соня? Я цябе пераканала? Можна цябе запісваць?
Соня вагалася, і сумневы адбіваліся на яе твары.
— Ну ладна, — засмяялася Ніначка, — раз не разумееш па-новаму, скажу па-старому. Калі ты не запішашся на мой факультатыў, улетку мяне звольняць і мне не будзе чым карміць дзяцей!
Жарт спрацаваў. Соня звонка рассмяялася — і ёлкі пыл неправетранай каморкі трапіў ёй у нос і горла. Яна пачала чхаць і кашляць, а Ніначка замітусілася, адчыняючы дзверы і шукаючы папяровыя насовачкі...
— Алергія на кніжны пыл, — задумліва сказала сама сабе Ніначка, калі Соня, задыхаючыся, пабегла ў прыбіральню. — Трэба тут прыбрацца, — азірнулася яна, рашуча трасянуўшы грыўкай. — Разабраць к чортавай мацеры ўсю гэтую макулатуру!
Раздзел XI
ДЫЯГНАЗ ПАСТУПЛЕННЕ
Апошні аўторак красавіка быў адным з тых дзён у годзе, калі не хацелася прачынацца. Але Соня зрабіла высілкі і разляпіла павекі. Сонца біла ў шыбы, але яна не дала сябе падмануць і, раскрыўшы мансардавае вакно, высунула руку. Інтэрнэт не памыляўся. Было па-травеньску ясна, але дзьмуў моцны, халодны, яшчэ сакавіцкі вецер. Выдатныя ўмовы, каб загарэць і прастудзіцца адначасова.
3 люстэрка над туалетным столікам на яе зіркнулі апухлыя вочы ў сетцы чырвоных пражылак. Апошнія пару тыдняў Соня не засынала, не паглядзеўшы пару-тройку эпізодаў з серыяла пра вампіраў. Дый засынала пасля такога гледзіва неспакойна, трывожна, з адпаведным ікласта-крывавым відэашэрагам замест салодкіх сноў. Напрыклад, сёння Соня сніла, што яе нарэшце пакусала каралева вампіраў і ёй не давядзецца больш прачынацца зранку. Але яна ўсё адно прачнулася.
«Лялечны дом» быў ахутаны магільнай цішай. Сяк-так спарадкаваўшы сябе ў купальні, дзяўчына вярнулася ў пакой і неахвотна расчыніла шафу, адкуль на яе высыпалася гара скамечаных шмотак — цёплых і лёгкіх, старых і новых. Соня не прыбіралася тут з зімы. Папоркаўшыся крыху ў гэтай стракатай куламесе, яна выцягнула мінулагоднія чорныя джынсы
і стары гольф, таксама чорны. Згрэбла астатнюю вопратку і як было — камяком — запхнула назад. Перад люстэркам сцягнула кончыкі адрослага карэ ў два неахайныя вузельчыкі. Фарбавацца не мела сэнсу — усё адно вочы апухлі. Намацала ў шуфлядцы камоды цёмныя акуляры. Адшукала ў куце стаптаныя салатавыя кеды з мінулага лета. У выніку атрымаецца нейкі аграрна-гатычны лук, але сёння гэта тое што трэба.
Есці не хацелася абсалютна. Соня згатавала вады маленькім электронным імбрыкам, які нядаўна пасяліўся на тумбачцы, і запарыла каву з пакеціка. Апякаючыся і дзьмухаючы на кубак, паспешліва выпіла гэтую саладжавую гадасць. Канчаткова прачнулася.
Выйшла на калідор і пагрукалася да таты. Адказу не было. Пачула шум вады ў «дарослай» купальні. Значыць, TaTa таксама ўстаў. Увайшла ў пакой, узяла са століка ключы ад машыны. Праз хвіліну ўжо была на падворку.
Дзе мама Юля ўсё гэта трымае? Гараж! Соня згадала, што ключ ад гаража вісіць у вітальні. У гаражнай паўцемры адшукала патрэбнае — рыдлёвачку, матычку, кавалак старой прасціны на анучы. Спакаваўшы ўвесь рыштунак у ружовае пластыкавае вядро, зачыніла гараж і, на хвілінку забегшыся ў дом, каб павесіць ключ, пашыбавала на вуліцу.
Аднак далёка яна не прасунулася. Проста перад ёю, у прахоне веснічак, вырас Максім. Ад нечаканасці яна замёрла на месцы.
Ужо тры тыдні яны ўзаемна ігнорылі адно аднаго. Соня спынілася, не ведаючы, што рабіць. Але Максім паблажліва ўсміхнуўся і загаварыў першым.
— Ну ты і эма, Сінічка! У пясочніцу сабралася? Або магілкі раскопваць?
— А як жа «не размаўляй са мной дома»? — паморшчылася Соня.
— А я пакуль не дома, — хмыкнуў Максім, правёўшы рабром далоні перад сабою, па лініі агароджы. — Так што
давай, пакуль не ўвайшоў, задавай свае шматлікія пытанні, што накапіліся...
Соня падышла бліжэй, разважаючы, як бы ямчэй абмінуць хлопца, каб трапіць да «таёты». Але Статкевіч перагарадзіў ёй дарогу, моцна ўчапіўшыся ў слупы веснічак і напяўшы рукі так, што пад белай кашуляй праступіла мускулатура. Ягоны швэдар быў накінуты на плечы, падпахі — вільготныя. Відаць, ён хутка ішоў праз лес. Соню абдало знаёмым пахам поту, які мяшаўся з учарашнім водарам дарагога спартыўнага дэзіка ў прапорцыі, якая проста зносіла ёй дах.
— Пусці, — грозна сказала яна, шмыгаючы носам. — A то...
— A то што? Цяпкай мяне вытнеш? Спачатку раскажы, куды ты ў такую рань сунешся? Ува ўсіх нармальных людзей выхадны, — тут ён з асалодаю пазяхнуў, прыкрыўшы рот кулаком.
— Значыць, я ненармальная. I так, я іду раскопваць MariaKi! Бо ўва ўсіх нармальных людзей, калі ты не ў курсе, Радаўніца. I мы з бацькам едзем да мамы і бабулі.
Максім зніякавеў і на момант аслабаніў рукі. Скарыстаўшыся гэтым, Соня хуценька прашмыгнула ў вузкі зазор паміж хлапечым торсам і слупам веснічак, выпадкова заехаўшы Статкевічу локцем па рэбрах. Той войкнуў ад нечаканасці і развярнуўся за ёю, як сланечнік за сонцам.
Соня адчула гэта спінай, спынілася і, зразумеўшы, што мяч на ейным баку, рэзка крутанулася вакол сваёй восі і пафасна прамовіла:
— А ты, відаць, мне моцна зайздросціш, і таму вырашыў уласную маці загнаць у магілу. Ты хоць уяўляеш, што ўчора дома было?
— Я папярэдзіў, што заначую ў гасцях!
— Ага. Эсэмэскай з левага нумара, які выявіўся недаступным.
— Я вінаваты, што ў Ротмістравай мабілка села?
Ад згадкі пра Ротмістраву ў Соні ледзь заўважна таргануліся кончыкі вуснаў. Але Максім заўважыў.
— Што, Сінічка, раўнуеш?
— Яшчэ чаго... Мне на цябе даўно пофіг. I пофіг, дзе ты і з кім валэндаўся. Але ідзі патлумач гэта сваім бацькам. Ім на цябе яўна не пофіг, хоць наўрад ці такі чэрствы батон, як ты, здольны ацаніць гэта.
Максім зноў хмыкнуў, але гэтым разам менш самаўпэўнена. Соня яўна ўзяла гейм. Тут бы ёй і скончыць партыю, але, падышоўшы да машыны, яна зноў павярнулася і спыталася:
— Новы пароль ад вай-фаю які?
Статкевіч радасна рассмяяўся:
— Што, вечаровы серыяльчык накрыўся?.. Пароль дзіцячы: першыя восем знакаў ліку «пі».
— Гэта якія? — раскрыла рот Соня.
— Пагуглі, — кінуў хлопец цераз плячо і, развярнуўшыся, пашыбаваў да дома.
1:1. Гульня працягваецца.
ххх
Апошні раз мы бачыліся з Соняй амаль месяц таму. У момант, калі жыццё (як ёй здавалася) пачало імкліва абрынацца пасля таго, як усё (як ёй зноў жа здавалася) пачало наладжвацца. Шчаслівай яна была або няшчаснай — тады яна, прынамсі, пачувалася жывым чалавекам. Цяпер жа Соня была робатам, якога штодня зранку да вечара загружалі аднастайным алгарытмамі. Зрэшты, ёй гэта нават падабалася. Кожная свабодная хвіліна, што выдавалася апошнімі днямі, вяртала ў сэрца горыч.
Выйшаўшы ад Ніначкі і перастаўшы чхаць, Соня стала абдумваць нечаканую прапанову класнай. На аўтапілоце
заруліла на наступны ўрок. Сяброўкі былі ў кабінеце, Снежка ўжо не плакала, а проста глядзела перад сабою распухлымі вачыма.
— У цябе даведнік з сабой? — спыталася Соня. — Дай, калі ласка.
Снежка кінула кнігу на парту. Соня, прысеўшы на месца Галюні, разгарнула даведнік на «англійскай філалогіі». Снежка абыякава зірнула Соні цераз плячо і раптам балюча схапіла яе за локаць.
— Ай!
— Сініца! Гэта лёс! Гэта лёс, Сініца!
Соня зірнула туды, куды сутаргава тыцкаў Снежкін доўгі палец з накладным пазногцем. Побач з «англійскай філалогіяй» у таблічцы са спецыяльнасцямі значылася «італьянская філалогія». I, што характэрна, іспыты былі адны і тыя ж. Толькі конкурсы асобныя.
— Ты разумееш, што гэта значыць? Сустрэча з Джавані была знакам! Я мушу прысвяціць будучыню Італіі! Што там трэба здаваць?
Пачакаўшы, пакуль Снежка супакоіцца і ўдосталь памацае і без таго абтрапаны даведнік, Соня пераказала сваю размову з Ніначкай.
— Пайшлі хутчэй, трэба запісацца на факультатыў! — падарвалася Снежка.
— Так, але Ніначцы патрэбны яшчэ адзін чалавек... Каб усяго ў групе было дзесяць.
— Галя!!! — закрычала Снежка ў іншы канец класа. — Ідзі сюды, жыва!..
— Ну нафіг, — гігікнула Галя, калі даведалася, навошта патрэбная сяброўкам. Але хіба яна мела выбар?
Так дзяўчаты пачалі двойчы на тыдзень дадаткова займацца рускай мовай пасля ўрокаў. I самі не заўважылі, як ператварыліся ў класічных «паступашак» — абітурыентак, замучаных бясконцымі тэстамі. Снежка знайшла інтэнсіўныя
курсы па інглішы. Моўная школа «Апошні вагон», пакпіла Галюня, але з падводнай лодкі нікуды не падзелася. Яе мама правяла выведку і высветліла, што замежнае аддзяленне філфака — даволі інтэлігентны варыянт для маладой дзяўчыны з добрай сталічнай сям’і, але з кепскім атэстатам. Таму Галя магла кпіць колькі заўгодна, але мусіла вярнуць сваё ненагляднае кравецтва з катэгорыі «future profession» назад у «hobby». Галюніна мама адшукала для дзяўчатак рэпетытара па гісторыі Беларусі, якую ім таксама было наканавана здаваць, — гісторыяй яны цяпер займаліся па некалькі гадзін у суботу і нядзелю. Соня пагутарыла з татам і абвясціла, што англійская мова для яе — гэта ўсур’ёз і надоўга. Паабяцала, што, калі не паступіць сёлета на бюджэт у БДУ, з восені пойдзе працаваць і рыхтавацца да паступлення туды, куды ён толькі захоча, але цяпер яна ўсё-ткі паспрабуе ўчапіцца ў хвост сваёй мары. Гэта было вельмі смелае абяцанне, і Соня не надта задумвалася, што будзе, калі на бюджэт яна ўсё-ткі не паступіць. Ёй здавалася, што размова ў яе з татам выйшла вельмі дарослая.
Так што ўжо хутка месяц, як дзяўчаты вучыліся зранку да вечара, без выхадных. Рабілі хатняе заданне ў тралейбусах, спробныя тэсты — на перапынках, а макіяж — у школьнай прыбіральні пасля першага ўрока. Ледзьве заставаўся час на тое, каб есці, спаць і ўвогуле дыхаць. А восьмай Соня прыходзіла дадому, спусташала лядоўню, глядзела на ноч серыял і адрубалася да наступнага ранку. Але правільна сказана: не наеўшыся — не наліжашся.