Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
Раптам у дзверы настойліва пастукалі.
Зашпіліўшы слонікаў на ўсе гузікі, Соня спаўзла з ложка і незадаволена адчыніла дзверы. На парозе стаяў Максім.
— Ты? — разявіла яна рот.
— Ты што, не снедаеш? — нецярпліва сказаў ён. — Колькі цябе можна чакаць?
— Ты? Чакаеш мяне? 3 якой радасці?..
— Ты ж адна па лесе не ходзіш, — хмыкнуў хлопец. — А мне акурат не зашкодзіць танная працоўная сіла. Трэба зайсці ва ўніверсам, купіць для класа чатыры торцікі. Праставіцца за ад’езд. А рукі ў мяне ўсяго дзве. Баюся скамячыць па дарозе. Апранайся давай. Сорак пяць секунд на зборы.
...Праз дзесяць хвілін Соня і Максім ужо прабіраліся па золкім казачным лесе, які аддзяляў катэджны пасёлак ад мікрараёна. Як і ў самы першы дзень, Соня ледзьве паспявала за хлопцам. Але не таму, што захаплялася прыгажосцю травеньскага ранку і наваколлем з яго гонкімі хвоямі і звонкімі птушкамі. Гэтым разам яе хвалявала тое, што ўнутры. Жывот проста разрывала. Яна баялася, яе вось-вось званітуе...
Максім загаварыў першы:
— Хацеў сказаць табе на развітанне, што тэст па англійскай быў самым вялікім пападалавам у маім жыцці.
Соня хіснулася і схапілася за хвою, але сабралася з сіламі і пайшла далей.
— I ведаеш, дзякуй табе за гэта, — Максім не спыняўся і не паварочваўся, гаварыў нядбала, як бы пра надвор’е, але тым не менш гаварыў з ёю, гэта ўжо было нешта. — Я ніколі ў жыцці так не хваляваўся, пакуль чакаў вынікаў, як хвалююся цяпер. Такі адрэналінчык нават спортам не заробіш... I ведаеш, падумалася, што ты ператварыла ў кашмар увесь мой апошні год. Усе мае непрыемнасці сёлета былі праз цябе. Ты і ўявіць не можаш, як мяне гэта злавала. Але адначасова гэта было самым крутым, што са мною здарылася. Ну, з часу, калі я трапіў на фестываль для фанатаў гульні «Раскрадальнікі склепаў». Мне тады было дванаццаць. Бо да таго як ты пачала блытацца ў мяне пад нагамі, перашкоды я сустракаў толькі ў камп’ютарных гульках. Я не хачу з’язджаць, не сказаўшы табе гэтага.
Камплімент быў сумнеўны, але Соні чамусьці зрабілася цёпла ўнутры. Яна збіралася нешта адказаць на гэтае развітанне, але раскрыла рот і зразумела, што не можа. Зямля сышла ў яе з-пад ног. Яна адчула сябе бязважкай пушынкай, якая ўзлятае ў неба, а жывот нарэшце адпусціла.
ххх
Калі ў галаве перастала гудзець і Соня змагла сфакусаваць зрок, то пабачыла перад сабой сцяну, свежа памаляваную зыркай ружовай фарбай. Яна ляжала, дакладней, паўсядзела на белым ложку, а з рукі ў яе вытыркаўся катэтар, груба залеплены пластырам. Зверху злева над ёй было акно, справа — кропельніца. Жывот не балеў — балела рука. На жываце ляжаў гумавы блін, які апякаў холадам. Яшчэ на Соні была рабая фланелевая начнушка, што ёй не належала.
Першы раз яна прыйшла ў прытомнасць у машыне хуткай дапамогі, але болын нічога не памятала. Яна паварушылася і застагнала.
— Сястра! Кропельніца скончылася, і яна ачуняла! — закрычала, вызірнуўшы на калідор, паненка гадоў пятнаццаці ў сінім халаціку, якая сядзела на ложку ля дзвярэй. Пасля гэтага паненка вярнулася на ложак і, засунуўшы ў вушы слухаўкі, уперылася ў экран ноўтбука. У палаце былі яшчэ белая металічная шафа, такія ж тумбачкі, стол, крэсла, рукамыйнік з люстэркам і трэці — незаняты — ложак.
Разам з цётачкай у блакітнай уніформе ў палату ўварвалася цэлая дэлегацыя. Першым ляцеў кругленькі тата Віця, ад якога не адставалі мама Юля і Пётр Сінічка. Усе яны шамацелі па чысцюткім лінолеуме рознакаляровымі шпітальнымі бахіламі, а занепакоенасць Сонінай хваробай мяшалася на іхніх тварах з радасцю ад таго, што дзяўчына нарэшце апрытомнела.
— Вы разумееце, што праз пяць хвілін вас тут не павінна быць? — незадаволена сказала медсястра, адшпільваючы шланг ад катэтара. Але па тым, што яна не прагнала ўсю групоўку дарослых з палаты, было ясна: сваю шакаладку яна ўжо атрымала.
— Як ты пачуваешся, дарагая? — кінулася да дзяўчыны мама Юля. — Ведала б ты, як мы ўсе перапужаліся, калі Пецю патэлефанавалі...
— Мне няёмка ў такі момант з такімі пытаннямі, — перапыніў жонку тата Віця, — але Соня, ці не ведаеш ты выпадкам, дзе зараз Максім?
Соня адмоўна паківала галавою.
— Віця, яна ж непрытомная ляжала, — раздражнёна сказаў Сонін тата. У руцэ ён сціскаў кніжачку з цыркавымі зайчыкамі — у такой вокладцы Соня трымала пашпарт.
— Мне, Пеця, праўда няёмка, але праз тры гадзіны самалёт, а нам яшчэ ў аэрапорт ехаць. Рэчы ўжо ў багажніку. А Макса нідзе няма. Мне толькі сказалі, што нейкі хлопец прыехаў з Соняй на хуткай, але ў прыёмны пакой яго не пусцілі.
— Чатыры хвіліны, — сказала медсястра і, сцягнуўшы гумавы блін з Сонінага жывата, выйшла, штурхаючы перад сабою стойку з кропельніцай.
Сонін тата прысеў на край даччынага ложка і, акуратна паклаўшы пашпарт на падаконне, пачаў гладзіць дачку па валасах, у той час як папа Віця і мама Юля бегалі па калідоры: ён — у пошуках сына, яна — у пошуках доктара.
— Знайшла! — радасна зазірнула ў палату мама Юля. — Загадчыцу аддзялення. Пеця, выходзь, яна хоча гаварыць толькі з «сапраўдным сваяком»!
Дзверы засталіся адкрытымі, і Соня пачула нізкі жаночы голас:
— Стан стабільны, прыйшлі аналізы, і ўжо можна сказаць, што гэта не апендыцыт. Вельмі падобна да язвы, але дакладней можна сказаць толькі пасля ФГДС... Скажыце, ці правільна яна харчуецца?..
— О, і цябе зонд глытаць павядуць, — сказала дзяўчынка ў сінім халаціку, якая, вызваліўшы адно вуха, таксама прыслухвалася да размовы на калідоры. — Гэта жасткач. Мяне ледзь не разарвала.
— Максіма нідзе не бачна, — змрочна прамовіў тата Віця, уваходзячы ў палату. — I дзе ён мог падзецца?
— Максім — гэта такі сімпотны пацанчык, падобны да ўсіх салістаў «One Direction» адначасова? — спыталася CoHina суседка. — Дык ён тут быў. Як яе прывезлі, увайшоў у палату і сядзеў каля яе, а калі яго медсястра пагнала, сеў на калідоры. Сказаў, што ейны брат... Дык вось жа, ён заплечнік пакінуў.
Дзяўчына паказала пальцам кудысьці пад Сонін ложак, але тут дзверы палаты раскрыліся, і ўвайшоў Максім з пустым папяровым кубачкам у руках. За ім ішлі мама Юля і Сонін тата.
— Дзе ты ходзіш?! — ускрыкнуў тата Віця. — Нам трэба ў аэрапорт!
— Аўтамат на каву быў толькі ў суседнім корпусе, — адказаў Максім. — А яшчэ — я нікуды не еду.
— Што-о-о? — ускрыкнулі ў адзін голас ягоныя бацькі. Праўда, эмоцыі ў гэты выгук яны ўклалі супрацьлеглыя.
— Спакойна, — сказаў хлопец. — Сядайце. Я буду гаварыць, — і ён паказаў маме і тату на пусты ложак, на які па ўзмаху яго рукі ўселіся не толькі ягоныя бацькі, але і Сонін тата. Максім паўхвіліны збіраўся з думкамі, круцячы ў руках папяровы кубачак, але нарэшце прамовіў, гледзячы проста перад сабою: — Я, пакуль вас чакаў, добра ўсё абдумаў і вось што вырашыў... 3 гэтымі вечнымі пераездамі дзеля вашай кампаніі развальваліся ўсе мае — дзіцячыя — кампаніі, і я страчваў сяброў. I вось я зноў мушу ехаць туды, дзе амаль нікога не ведаю, і ўсё пачынаць спачатку. Мама, тата, мне падабаецца жыць у Мінску, і я хачу застацца тут. Прынамсі, пакуль што. Спакойна скончыць школу і мець выпускны, як усе нармальныя людзі. Ды-джэі, шампусік з чырвонай ікрою і што там яшчэ... Світанак хачу сустрэць, урэшце! Потым я атрымаю за мяжой MBA, якое захоча TaTa, і буду працаваць там, дзе тата скажа, але пакуль я хачу вучыцца ў БДУ і калі стажыравацца, то ў мінскім офісе. Усё самае важнае, што варта ведаць пра татаў бізнес, адбываецца тут, а не ў Лондане ці на Кіпры. He трэба высылаць мяне «па навуку ў Еўропу», нібы я нейкі зулускі прынц, які дома нічому не навучыцца. Магчыма, я раблю памылку, але гэта мая памылка і толькі мая, а не ваша. Бо вам я, калі што, дакладна ніколі не дарую, а з сабой як-небудзь разбяруся... Ну ладна, мне пара. Я яшчэ паспяваю ў школу на фізіку, у нас кантрольная, пайду напішу па прыколе, — і, падчапіўшы рукой заплечнік, хлопец выйшаў з палаты, пакінуўшы за сабой нямую сцэну.
— Вы яшчэ тут?!! — узвілася медсястра, зазірнуўшы з калідора. — Пачаўся абход! 3 прафесарам! Каб праз секунду было пуста!!!
Калі ў палаце засталіся толькі пацыенткі, дзяўчынка ў сінім халаціку нарэшце закрыла рот, каб праз секунду адкрыць яго зноў:
— Ваў, — сказала яна Соні, — ну і сямейка ў цябе. Зацягвае круцей ад серыяла.
Соня, якая за ўвесь час у палаце не сказала і паўслова, павярнулася на бок і ўпершыню за некалькі тыдняў спакойна заснула.
ххх
Трэцяга памеру ў прыродзе не бывае. Яго прыдумалі маркетолагі, каб пластычным хірургам было за што купляць яхты і вілы. Так думала Соня Сінічка, круцячы ў руках белы карункавы станік, падораны ёй сяброўкамі на дзень нараджэння.
Побач на ложку ляжала адпрасаваная белая блузка і чырвоная стужка з надпісам «Выпускніца». «Не забудзь: чорна-белая гама!» — радасна прасакатала мама Юля, выбягаючы з дому на паўгадзіны раней за ўсіх астатніх. Зусім хутка пачыналася лінейка і апошні званок Соні і Максіма. У дзень, калі яе сын адмовіўся ехаць вучыцца за мяжу, да мамы Юлі вярнуліся заўсёдны імпэт і жвавасць. «Як добра, — паўтарала яна, — што і Соня так хутка акрыяла, і Максік застаўся дома. Бо, хто ведае, калі б не Соня...» Соню гэта моцна напружвала. У школьным пабліку нехта адразу напісаў нібыта Статкевіч не паехаў здаваць іспыты ў Лондан, бо спазніўся на самалёт, адвозячы Сінічку ў больніцу. Гэта была няпраўда, але Соня не мела ні часу, ні сіл аднаўляць справядлівасць.
3 люстэрка на Соню глядзеў выцягнуты змучаны тварык у чырвоных крапінках. Тры дні таму яна зноў глытала зонд, і на твары палопаліся капіляры. Выдатны падарунак на KaHep школы. Да вяселля, можа, і загоіцца — а вось да выпускнога?
Гэты паўторны зонд нічога страшнага не паказаў. Зрэшты, і першы не паказаў ніякай язвы, таму, як сказала загадчыца аддзялення, Соню можна было выпісваць у той жа дзень, каб не займаць месца, але палатная доктарка — маладая і адказная — дыягнаставала галоднае знясіленне і трымала Соню на кропельніцах і аўсянцы амаль тыдзень. Прапісала Соні дыету для хворых на гастрыт, якую трэба было заядаць гарой неапетытных бурых пігулак, а таксама правяла грунтоўную гутарку, спрабуючы выявіць, ці не хварэе Соня на анарэксію. Соня, аднак, супакоіла пільную лекарку, што яе хвароба называецца «паступленне», а анарэксія ёй не пагражае хоць бы таму, што Соня добра ведае: ад дыет першымі знікаюць грудзі, а яе самая галоўная мара -— каб яны ў яе, наадварот, з’явіліся. Доктарка пасмяялася і нарэшце аформіла выпіску, але некаторы час яе яшчэ «назіралі» — амбулаторна.