Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
тата працягнуў Максіму бліскучую флэшку. — Яе памочнік пераслаў мне патрабаванні, спробныя тэсты і ўсё такое. А заўтра зранку ў нас з ёй прызначаны скайп, дзе яна назаве табе даты іспытаў.
Максім пазяхнуў:
— Гэта ўсё?
— He, не ўсё, — адказаў бацька. — Паколькі ты і так едзеш у Лондан, я хачу, каб ты застаўся там да канца чэрвеня, скажам так, на стажыроўку. У нас рэструктурызацыя замежных аддзелаў. Я хачу, каб ты быў у курсе ўжо цяпер. Ва ўніверсітэце ты б ужо змог пачаць працаваць. Неафіцыйна, вядома.
— А як жа школа... У мяне яшчэ тут іспыты.
— Пра гэта я падбаю. Мяркую, вашаму Лабановічу будзе вельмі даспадобы новы праектар. A то і два... Збяруць камісію раней на пару тыдняў. Або так усё паставяць. У тваім выпадку, я думаю, школьныя іспыты — фармальнасць.
— Віця, выпускны, — палыхнула вачыма мама. Частка плана пра стажыроўку, відаць, была для яе нечаканасцю.
— Перажыве. Жыццё — бясконцыя ахвяры. Усё, што зараз робіцца, робіцца дзеля яго будучыні... Максім, табе ўсё ясна?
— Так, — сказаў хлопец, хаваючы флэшку ў кішэню кашулі. — Можна ўжо ісці спаць?
— Віця, піва, — гучна прашаптала мама.
— Маралі сама яму чытай. Я на працу, — сказаў тата і, з цяжкасцю ўзняўшыся з канапы, выйшаў.
ххх
Дома сумна. Гурткоў няма, бо майскія. Але мама ўсё адно мяне туды даўно не вазіла. Мама занятая. Робіць Максіму візу. Максім паедзе вучыцца ў Лондан. Хутка скончыцца школа. Стане зусім сумна. Мы нікуды не паехалі на святы.
Максім не хоча ў Лондан. Як можна туды не хацець ? Tama кажа, Максім дурань.
Максім дурань і Соня дура. Пачытаў дзённік. I я дурань. Мой настрой зусім паганы. Болый я нічога сюды пісаць не буду.
ххх
Ён з’язджае — гэта канчаткова. Як толькі Соня пачула пра Максімаву высылку ў Лондан, усё ўнутры ў яе абарвалася. Але неўзабаве яна паспытала палёгку. Хто з вачэй — той і з думкі. Прынамсі, Соня на гэта вельмі спадзявалася. Таму два апошнія тыдні красавіка яна прасмуткавала — але гэта быў светлы смутак. Яна ўжо ведала дату вылету — адзінаццатага траўня. I цяпер лічыла гадзіны да расстання. To бок да часу, калі яна нарэшце пачне забываць Максіма.
Тое, што Статкевіч больш не завісаў з Ротмістравай па начах, таксама было як бальзам на раны. Вось толькі раны былі надта глыбокія.
Дый яшчэ гэты ягоны тэст... Соня моцна налажала, і цяпер пачувалася адказнай за наступствы.
Перад іспытам IELTS, які трэба было здаць Максіму, на Соню напалі сантыменты. Яна выпадкова пабачыла ў краме маленькага плюшавага мядзведзіка з матузком, каб вешаць, і надпісам «Good luck» на пузіку. Кіраваная імпульсам, купіла падвеску, каб зрабіць талісман для Максіма.
3 дзяцінства ў яе быў адзін верны спосаб ператварыць у талісман што заўгодна. Трэба было на некалькі дзён пакласці гэтую рэч на падручнік па прадмеце, па якім кантрольная.
Ёй, праўда, рэдка дапамагала.
Соня пасадзіла мядзведзіка на Оксфардскі слоўнік, які знайшла ў Статкевічаў, і пачала абдумваць, як перадаць талісман Максіму.
Сам не возьме — гэта ясна. Заставалася падкінуць. Прычым у апошні момант, каб хлопец ні пра што не здагадаўся.
Тэст прыпаў на суботу другога траўня, заняткаў у школе не было, але мама Юля паднялася рана, каб прыгатаваць Максіму сняданак. Соня таксама ўзнялася параней. Афіцыйна — каб хапануць амлету, але насамрэч — каб падпільнаваць хлопца.
Максім нарэшце з’явіўся ўнізе. Выглядаў ён кепска. Вочы меў чырвоныя, a hoc увесь час выціраў папяровай насоўкай.
— Што, зноў? — устрывожылася мама Юля.
— Нейкая трасца расцвіла. 3 вечара слёзы, нічога не бачу, — Максім чхнуў і пачаў хапаць ротам паветра.
— Трэба адразу было пігулку!
— А ў мяне ёсць? Два гады амаль не было алергіі. Можа, я іх выкінуў... Чхі!
— Божухна, ну чаму сёння? Трэба ў мяне пашукаць... — мама Юля хацела была ісці наверх, але зірнула на патэльню з амлетам, потым на Соню...
— Я збегаю! — з гатоўнасцю выгукнула дзяўчына і паляцела да сходаў...
— Кларытын, такія белыя авальныя пігулкі, у верхняй шуфлядзе камоды, — крыкнула ёй наўздагон мама Юля.
Пакорпаўшыся ў скрынках, Соня адшукала лекі. Год як пратэрмінаваныя... Яна тут жа кінулася ў татаў пакой і асцярожна, каб не абудзіць яго, палезла ў аптэчку. Знайшла супрастын — тата таксама быў алергікам.
Максім закінуў таблетку ў рот і навобмацак пайшоў да абедзеннага стала. Уратаванне не прымусіла чакаць: ужо да канца амлету яму заўважна палягчэла.
— Заплечнік забыў, — сказаў ён і пацягнуўся наверх.
Праз тры хвіліны ён, аднак, звесіўся са сходаў і заенчыў на ўсю Верасовую:
— Сінічка!!! Ты мне што дала?!!
— Лекі... Ад алергіі... — Соня пачала блытана расказваць пра кларытын, які быў пратэрмінаваны.
— Супрастын?!! Мама, яна дала мне супрастын!!!
— Ён таксама ад алергіі.
— А нічога, што ў яго седатыўны эфект? — засычэў Максім.
— Чаго? — захлопала вейкамі Соня.
— Мама, у мяне ўваччу цямнее. Я ж засну! — не сунімаўся Статкевіч.
— Максіму можна не ўсе лекі, — устурбавана сказала мама Юля. — Калі ў нейкіх ёсць у пабочках санлівасць, ён проста ўпадае ў спячку... Выпі яшчэ кавы! — апамяталася яна і кінулася да кава-машыны.
— Якая кава... Я спазняюся! — сказаў хлопец і вылецеў з дому, моцна грукнуўшы дзвярыма.
На ягоным заплечніку нервова торгаўся мядзведзік-талісман. Соня, калі хадзіла наверх, заадно пракралася ў хлапечы пакой і хуценька прычапіла мішутку, што ўвесь ранак сядзеў у яе ў кішэні, да ланцужка. На тым ланцужку ў Максіма вісеў чорны скураны кашалёчак. Вадзік нават не прачнуўся.
Мядзведзік, нікім не заўважаны, паехаў на іспыт разам з новым гаспадаром. Вось толькі пасля Сонінага канфузу хлопцу сапраўды патрабавалася ўдача — і неслабая.
Праз чатыры гадзіны хлопнулі дзверы ўнізе, і Соня з хваляваннем падышла да дзвярэй свайго пакоя. «Ну як?» — пачула яна голас мамы Юлі на калідоры. «Як-як... Фігова, — быў адказ. — Я спаць».
У нядзелю, як яго ні ўпрошвалі, Максім ні слова не сказаў пра тое, як прайшоў тэст, але твар пры гэтым меў вельмі кіслы. Вынікаў трэба было чакаць два тыдні — сертыфікат выдавалі, ужо калі Максім з’едзе.
У панядзелак пасля ўрокаў змучаная сумленнем і бессанню Соня выплыла, як самнамбула, на школьны ганак, каб
ісці дадому. Апошні ўрок адмянілі — і яна спадзявалася, што перад факультатывам па рускай, які стаяў сёмым урокам, паспее нешта з’есці.
Стаяла цеплыня, як улетку, таму на ганку было тлумна — школа радасна грэлася на сонейку ў перапынку перад шостым урокам. Справа ад увахода стаяла кампашка «ашак». Акулярысты бландзін Ягор Залескі са смехам расказваў пра нешта, побач яму ў рот зазірала прышчавая Віткевіч. Марк Бергер адбымаў ззаду Крылову, якая ўсміхалася ўва ўсе брэкеты. Ротмістравай з імі не было. Максіма таксама.
Соня думала спакойна мінуць гэтую чацвёрку, але раптам яе схапілі за рукаво.
— Стой, Сінічка, — сказаў Залескі, — усхліпваючы ад смеху. — Ты мне патрэбная як інсайдар.
— Што?
— Я проста ўчора са Статкевічам ездзіў здаваць IELTS, і там была такая феерыя, што не перадаць, — патлумачыў ён Соні змест папярэдніх серый. — Дык вось, сустракаемся мы на трамвайным прыпынку, а Максім памяты нейкі, соплі жуе, а на заплечніку боўтаецца мі-мі-мішка. Я, вядома ж, адразу пытаюся, што гэта за звер. А ён такі: халера! — раз’юшана зрывае гэтага мішку — і ў сметніцу. Прамазаў, вядома, бо баскетбол — гэта вам не тэніс. «Мішку бросіла хазяйка», адным словам. Заходзім, значыцца, мы ў трамвай, Макс адразу бухаецца лбом да шкла і кажа, маўляў, пабудзі мяне, Ягорка, на Якуба Коласа. I ўмомант адрубаецца! Ну чыста робата выключылі... На Чарнышэўскага заходзяць кантралёры. Я даведку з сумкі выцягваю і пачынаю яго штурхаць, маўляў, даведку давай. Ён уключаецца і пачынае мацаць свой пляцак — і потым літаральна «ізменівшімся ліцом бежіт к пруду». У сэнсе, не бяжыць нікуды, бо і сядзець кепска можа, а б’ецца галавой у трамвайную шыбу. Боўдзіла я, гаворыць, даведка ў гаманцы была. Аказваецца, ён на пляцак чапляе такі скураны кашалёчак са складзенай
даведкай, каб доўга не корпацца, калі аблава. I ён яго разам з мішкам выкінуў.
Ну, ясна — бяруць яго мінсктрансныя цётухны пад белы ручанькі і выводзяць з трамвая, бо школьнай даведкі няма, квітка таксама. Я, натуральна, выходжу за ім — але часу вобмаль, да тэста літаральна дваццаць хвілін. Пачынаю яго адмазваць, паказваю сваю даведку, кажу, мы ў адным класе вучымся. А яны, нешта надта даросла ён выглядае... А ён не пагаліўся чамусьці, у шчэці ўвесь быў. Карацей, прыйшоў наступны трамвай, я яму сказаў, што паеду, бо баяўся спазніцца... Потым, ужо ў трамваі мяне азарыла, хацеў яму эсэмэснуць, маўляў пашпарт пакажы, але ў яго ж мабілкі няма! Добра, што пачатак тэста крыху затрымалі. Ён спазніўся на дзесяць хвілін, але пусцілі. Там адразу аўдзіраванне. Паслухаць даюць адзін раз толькі, вялікі стрэм. Ён нават пытанняў не паспеў прагледзець перад тым, як слухаць. Потым былі яшчэ рыдынг і райтынг... Ведаеце, я ўпершыню бачыў каб Статкевіч апошнім здаваў заданне... Калі ўсё скончылася, можна было яшчэ застацца адказаць т’ютару вусную частку, але Макс сказаў, Ягорка, я не дажыву... Карацей, запісалі нас на вусны іспыт на заўтра... На зваротным шляху Макс ужо з квіточкам ехаў, як пацан, ён толькі сказаў, што штраф заплаціў, каб хутчэй ад цётак адбіцца... I зноў адрубіўся і спаў ужо да Зялёнага Лугу. На прыпынку мі-мімішкі з даведкай ужо не валялася...
— Мда, жэсць, — сказаў Бергер, хмыкаючы. — А мы-та думаем, чаму Статкевіч сёння ні сцяты ні павешаны. — Такі падрыў аўтарытэту, дый яшчэ пры сведку.
— Але гэта яшчэ не ўсё! — радасна абвясціў Залескі. — Вось калі мы зараз выходзілі, я на стале ў вахцёркі пабачыў што б вы думалі? — і ён выцягнуў з кішэні Сонінага мі-мімішку з кашалёчкам на ланцужку.
— Ого, — запішчэлі Крылова з Квіткевіч. Соня ціха скаўтнула.
— Цётка Ядзя сказала, дзяўчына нейкая прынесла, з выгляду студэнтка. I вельмі хацела аддаць гаспадару асабіста. Мусіць, фотка з даведкі спадабалася.
Соня асцярожна тарганула рукою, якую ўсё яшчэ сціскаў у руцэ Залескі.
— А, Сінічка! — схамянуўся ён. — Ты не ведаеш, адкуль уся гэтая жэсць? Чаму Статкевіч з ног валіўся? Так, нібы не спаў усю ноч? Я Ротмістраву пытаўся — яна ўвогуле не ў курсе... I ў чым таямніца мішкі? Можа, ты дома нешта бачыла? A то Статкевіч маўчыць як партызан.