• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    Цяпер Соня сядзела на ложку і набіралася нахабства. Чырвоныя крапінкі, якія не здолеў схаваць нават танальны крэм, сталіся апошнім аргументам. Бо калі зрабіць гэта, на твар сёння ніхто дакладна глядзець не будзе...
    Соня Сінічка рашуча разарвала папяровы цючок, выцягнуты з тумбачкі, і стала набіваць чашачкі станіка ватай.
    ххх
    Клац! Клац! Клац!
    — Вось гэта кадр! — ускрыкнула мама Юля, і дзяўчаты згрувасціліся вакол фотаапарата. У двары-калодзежы, на ўнутраным ганку школы, зліліся ў жарсным пацалунку Лена Канькова і Ваня Каланіцкі. Строгія пінжачкі і выпускныя стужкі цераз плячо каларытна адцяняліся раскошнымі пучкамі дрэдаў на іх макаўках.
    Усе глядзелі на экран, захапляючыся прыгажосцю моманту, мамай Юляй і ейным спрытам, але раптам, узняўшы
    галовы, пераканаліся, што ў жыцці пацалунак яшчэ трывае. Мама Юля зрабіла яшчэ некалькі кадраў і заскакала на адной назе, як падлетак.
    — Мама Юля! Мама Юля! — «дэшкі», апранутыя ў чорнае, белае і чорна-белае, збіраліся вакол кабеты галаслівай зграяй.
    Калі Соня трапіла ў больніцу, аднакласніцы трымалі сувязь з Максімавай мамай. I, слова за слова, дамовіліся, што кабета бясплатна здыме «Д» класу нефармальны выпускны альбом. Толькі фоткі хай самі друкуюць, каму якія падабаюцца. Бо фармальны — такія строгія твары ў рамачках — ужо быў, і класу гэта зусім не спадабалася. Таму ў траўні мама Юля не вылазіла са школы, здымаючы бясконцыя рэпартажы пра фізру, хімію і нават паяданне сасісак у сталоўцы, а ў адзін сонечны дзень звадзіла «дэшак» у Севастопальскі парк, дзе зрабіла кучу пацешных партрэтаў на фоне графіці. Такі стыль як найлепей перадае дух вашага класа, сказала яна.
    Лінейку, якая скончылася некалькі хвілін таму, мама Юля ўжо адфоткала, і Соня не магла не адзначыць, што Максім трапляе на яе памятныя фота. Бо каму ж яшчэ было насіць на плячы першакласніцу, якая звініць апошнім званком?
    Раптам з вестыбюля пачуўся дзявочы віскат, ды такі, што ўсе, хто стаяў у двары, павярнуліся ў бок школы. Адгадаць прычыну пярэпалаху было няцяжка. Калі стала вядома, што Максім Статкевіч нікуды не з’язджае, у 234-й як дамбу прарвала.
    Максім выйшаў на ганак, тым самым перапыніўшы зацяжны пацалунак фізікаў, а за ім высыпалі школьніцы ўсіх калібраў — дзясятыя, дзявятыя і восьмыя класы — з мабільнікамі напагатове. Для многіх дзяўчатак гэта быў апошні шанц пабачыць небажыхара зблізку.
    Як часам найбольш бессаромныя вераб’і сядаюць проста на булачку, якую ты трымаеш у руцэ, спрабуючы дзяўбці яе, так і самыя адважныя малалеткі, падскокваючы побач
    з кумірам, спрабавалі зрабіць з ім здымак. Гэта выглядала смешна і мізэрна адначасова.
    — Блін, я ўсё разумею, але гэта проста край, — прабурчэла Снежка. — Такое ўражанне, што школу заканчвае не паралель на сотню з гакам чалавек, а адзін Статкевіч. Апошні званок — ён, прамова ад імя выпускнікоў — зноў ён, а цяпер яшчэ і гэта. Дальбог, яму б гітару ў рукі ўзяць і пачаць лабаць нешта, а то ў мяне карцінка са зместам не стасуецца.
    — На гітарах, Снежа, нагадваю, лабаюць нашы пацаны, але нешта гэта не вельмі падымае ім рэйтынг, — адказала Галя.
    — О, Сініца, зірні, твая фанатка Паўзункова, — штурхнула Соню Сняжана.
    Ля адной з калон двара-калодзежа панавала феерыя. Там кучкаваліся рослыя дзявіцы ў экстрэмальна кароткіх карычневых сукенках з белымі фартушкамі і пушыстымі бантамі ў валасах. На нагах ува ўсіх былі нязменныя шпількі. Гэта 11 «Г» апрануўся «тэматычна», і Паўзункова з імі. Школьніцы-пераросткі панура паглядалі на ажыятаж вакол Статкевіча, але ісці фоткацца разам з «малымі», відаць, было для іх несалідна.
    — Ой, дзеванькі, што мне сёння расказалі, — перайшла на шэпт Галя. — Помніце, мы тыдзень таму рагаталі з Паўзунковай, якая спрабавала запусціць дэбільны флэшмоб «Усе мы родам з дзяцінства»?
    — Гэта наконт выпускнога, маўляў, уся паралель мусіць прыйсці ў сукенках а-ля Папялушка? — паморшчылася Соня. Усё, звязанае з Паўзунковай, выклікала ў яе ваніты.
    — Каб жа Папялушка, — гігікнула Галя, — лялька Bap61, але сутнасць тая ж. Дык вось, у яе групу, якую ўсе тут жа перахрысцілі ва «Усе мы ўроды з дзяцінства», па стане на ўчора дадалося чалавек пятнаццаць, прычым палова з іх — хлопцы, што пачалі Паўзункову троліць. Бо насамрэч няма дурных гойсаць па Ждановічах у пошуку кубаметраў
    ружовага цюлю, як дыктуе гэты няўмольны стыль з 1959 ro­fla, калі ў штаце Вісконсін выпусцілі...
    — Давай лекцыю па гісторыі моды апусцім, — нецярпліва сказала Снежка. — Да чаго ты?
    — Да таго, што я сёння ішла на лінейку з Ротмістравай, і тая сказала, што Паўзункова натхніла яе на альтэрнатыўны флэшмоб, які яна ўмоўна назвала «Little Black Prom».
    — Маленькае чорнае што? — недачула Соня.
    — Маленькі чорны выпускны. Сутнасць у тым, каб усім дзяўчатам прыйсці ў маленькіх чорных сукенках а-ля Како Шанэль, тым самым адцяніўшы «незямную прыгажосць» Паўзунковай і яе хабёлак. Ідэя сапраўды прыкольная, бо, па-першае, шмат хто ўжо такую сукенку мае, а калі не мае, то займець не зашкодзіць, па-другое, гэта цытата, даруй Снежа, з гісторыі моды, а па-трэцяе, ашчадзіўшы на сукенцы, можна адарвацца на абутку, укладках і біжутэрыі, так што ніводнай інкубатарскай усё адно не будзе...
    — Па-чацвёртае, калі ідэя Ротмістравай пераможа, яна пакажа Паўзунковай, хто насамрэч у школе ўвесь час была гаспадыня. Гол у шатню, як сказаў бы мой тата, — з’едліва прамовіла Соня.
    — Ладна, Сініца, Ротмістраву ты не любіш, але пагадзіся, ейная ідэя сапраўды крутая.
    — Годзе, дзевачкі, — прымірэнча сказала Снежка. — Ты, Галюнь, лепш скажы, ці не супярэчыць Машкіна ідэя нашаму плану.
    — Hi ў якім разе! Наш план мы проста скарэктуем.
    — Няясна толькі, калі мы ўсё паспеем.
    — А хто сказаў, што будзе лёгка? — нервова засмяялася Галя. — I так ясна, што выспацца ўдасца не хутка.
    Іхнія перашэпты ў баку ад класа перапыніла мама Юля, якая мякка кранула Соню за плячо.
    — Соня, чаму б табе не сфоткацца з Максімам? — хітра прапанавала яна.
    — Мне? Навошта? — вылупіла вочы Сінічка. Дзяўчаты абярнуліся на Статкевіча. Цяпер ён стаяў на двары адзін, засунуўшы рукі ў кішэні. Злева, аднак, да яго няўмольна набліжалася брыгада Паўзунковай. Робячы выгляд, што зацята штосьці абмяркоўваюць, дзяўчаты ў савецкай форме паволі, але верна перабіралі ў бок хлопца шпількамі.
    — Ну як навошта? Бо я так хачу. Сёння скончылі школу два дарагія мне чалавечкі, няўжо я не маю права на іх супольную фотакартку?.. Сынок, хадзі сюды! — памахала мама Юля рукою, і Максім неахвотна, не вымаючы рук з кішэняў, падышоў да мамы, якая стаяла ў атачэнні прыціхлых ад нечаканасці «дэшак». Твар Паўзунковай, якая не чакала такога аблому, перакасіла ад расчаравання.
    — Я хачу сфоткаць цябе і Соню разам, — лагодна прамовіла мама Юля
    Соня аслупянела. Максім уважліва разглядаў яе. Прычым — тут яе разлік быў верны — глядзеў ён ёй зусім не ў вочы.
    — Добра, — нарэшце адказаў хлопец. — Але толькі адзін кадр. Ты ж ведаеш, я гэтага не люблю.
    I ён стаў побач з Соняй і нават прыабняў яе за плечы. Агаломшаная дзяўчына расцягнула твар ва ўсмешцы, спадзяваючыся, што на фотцы гэта будзе выглядаць хутчэй міла, чым тупа.
    — Раз... Два... — пачала камандаваць мама Юля.
    — У цябе вата з левай чашачкі выбілася. Папраў, — ціха сказаў Максім Соні на вуха. Тая разявіла рот, перапужана схапілася рукою за грудзі і паглядзела ўніз.
    — Тры!
    Клац! Клац!
    — Адзін кадр. Я ж сказаў, што толькі адзін, нават не пачынай, — самазадаволена абвясціў Максім, пабачыўшы твар мамы Юлі, калі тая прагарнула фота на хуткім праглядзе, і пайшоў прэч.
    Ніхто з «дэшак» так і не зразумеў, што адбылося. А Максім тым часам далучыўся да таварышаў, якія махалі яму з боку стадыёна. Там было намяшана «ашак» і «бэшак», і Соня тут жа пазнала ў натоўпе тонкі сілуэт Ротмістравай. Відаць, ішлі тусавацца на Цнянку.
    — Ну што, народ, на прыпынак, — скамандавала мама Юля, і «дэшкі» пасунуліся на выхад са школы паўз вестыбюль. Двор-калодзеж імкліва бязлюднеў
    — Ты, Сініца, ідзі, мы дагонім, у нас са Снежкай адна пільная справа, — сказала Галя.
    — Ты дакладна ведаеш, што ён там? — спыталася Сняжана, калі аднакласнікі адышліся. Галя матлянула чорнымі кудзеркамі:
    — А дзе яму яшчэ быць?
    XXX
    Пад дальнім мурам корпуса пачаткоўкі быў глухі кут, які не праглядаўся са школьных вокнаў. У гады кіравання Лабановіча гэты кут стаўся выспачкай свабоды для ўсіх нязгодных з новымі парадкамі — менавіта сюды ў перапынках лёталі на «інгаляцыі» зацятыя курцы. I, пакуль школу не атынкавалі, тут заўсёды можна было пабачыць смелыя графіці з лаканічнай характарыстыкай дырэктара і некаторых настаўнікаў.
    Вася сапраўды быў тут, у адзіноце. Сядзеў на кратцы падвала і курыў, гледзячы пад ногі. Плітка пад ягонымі нагамі была ўсланая недапалкамі — відаць, ён прабавіў тут даволі часу.
    Апрануты Вася быў, як усе «дэшкі» сёння: чорныя нагавіцы і белая кашуля з кароткім рукавом. На грудзях у яго боўтаўся пацешны вузкі гальштук на гумцы, што рабіла яго падобным да кіроўцы аўтобуса. Па вечна растрапаных яго валасах прайшоўся грабянец, а скроні былі прыгладжаныя гелем, як ува ўсіх выпадках, якія Вася лічыў асаблівымі.
    — Што робіш? — спыталася Галя, сядаючы побач.
    — Хіба не відаць? 3 дзяцінствам развітваюся, — панура сказаў Васілеўскі.
    — Тут? I не баішся?
    — А хто мне што цяпер зробіць? — хмыкнуў хлопец і затушыў нагой чарговы недапалак.
    — Хадзем хутчэй, клас у цэнтр паехаў, фоткацца. Цябе ўсе шукалі.
    — Так ужо і шукалі, — зноў хмыкнуў Вася. — Каму я патрэбны?
    — Ну давай, скажы яшчэ, што табе не званілі, не эсэмэсілі...
    — He ведаю, я мабілу адключыў.
    — Лёша, каліся, што здарылася? — строга спыталася Сняжана, складваючы рукі на грудзях. — Цябе ж хлопцы бачылі зранку, усё было нармальна, а з лінейкі ты знік.
    — Хочаш ведаць, што здарылася, Кавалёва? Ладна, я раскажу, — Васілеўскі ўскінуў галаву насустрач сіняму травеньскаму небу, і дзяўчатам нават здалося, што ў ягонае вока закацілася назад самотная слязінка.
    — Мяне колькі тыдняў таму выклікаў да сябе Андрэй Васілевіч.
    — Хто-о-о выклікаў?!! — акругліла вочы Снежка.
    — Ну, дзірык.
    — He, я ведаю, хто такі Андрэй Васілевіч, проста дзіўна чуць гэтае імя ды з тваіх вуснаў.
    — Я ішоў і думаў, ну што яму яшчэ ад мяне трэба, а ён, уяўляеце, гарбаты мне наліў. I кажа: «Аляксей, у мяне для вас важная навіна. Гонар даць апошні званок на лінейцы школа давярае вам».