Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
— Ну нішто сабе! — выдыхнулі дзяўчаты. — Як гэта — табе?
— У мяне было тое ж пытанне. А ён загнуў нешта пра заблудную авечку. Маўляў, я — сімвал ягоных педагагічных
дасягненняў, бо паддаўся перавыхаванню. Ну, можа, вы заўважылі, я ў гэтай чвэрці гарбаціўся за партай, як апошні батан...
Дзяўчаты згодна заківалі. У апошняй чвэрці хлопец звольніўся з «Сайгону» і пачаў спраўна хадзіць на ўрокі, чым усіх шакаваў.
Вася зноў хмыкнуў і выцягнуў з кішэні цыгарэтны пачак.
— I ты нам нічога не сказаў?
— Я нікому не сказаў. Толькі маці. Хацеў усім сюрпрыз зрабіць... Ведаеце, мы з гэтай маляўкай нават рэпетавалі ў спартзале пасля ўрокаў. Яна пужлівая вельмі, баялася на карак лезці.
— Але ж...
— Сёння я, як дэбіл, прыйшоў за паўгадзіны да лінейкі ў настаўніцкую... I мама прыйшла... А Лабановіч спачатку вочкі адводзіў, хаваўся, а потым сказаў, што я магу ісці да класа, бо ён тады думаў, што гэты лонданскі баклажан звальвае ў свой Лондан... Маўляў, завучы яго, Лабановіча, некалькі дзён даконвалі і нарэшце даканалі.
Галя і Снежка моўчкі пераглянуліся.
— Павар’яцелі ўсе ад гэтага Статкевіча. Вось і Сініцы гэты баклажан вочы засціць. I праўда, куды мне да яго?
— Ох... Скажы яму нарэшце, Галюня.
Галя ўзнялася і ўстала побач са Снежкай:
— Лёша, даражэнькі... Ты што, праўда думаеш, дзеўкі вішчаць ад Статкевіча, бо ён нейкі Апалон? Ды калі цябе прычасаць і сфоткаць і фотку тваю побач з ягонай у інтэрнэт павесіць, трэба яшчэ паспрачацца, хто больш лайкаў збярэ. Але ты ходзіш як афэлак, і паводзішся як крэтын. I каб жа толькі ты — многія хлопцы так. А Статкевіч умее падаць сябе. Шармам бярэ.
— Менавіта. Часам зірнеш на якога пацана на калідоры — аж дух займае. Але тут ён раскручвае асадку і пачынае
плявацца паперкамі... У галаве не ўкладаецца — біцэпсы во, а мазгі, як у дзетсадаўца! — абурана паказала на сабе Снежка.
— Мы лічым, — працягнула Галюня, — што табе яшчэ не позна змагацца за Сініцу. Пагатоў мы зразумелі з ейных слоў, што «лонданскі баклажан» даўно забыты.
— Праўда? Тады я з ёй сёння ж пагавару, — прыўзняў брыво Васілеўскі.
— Ч-ш-ш, не смей, — зашыпела Снежка. — Зноў усё сапсуеш.
— Самы прыдатны момант — выпускны, — павучальна сказала Галя. — Там ты мусіш яе ўразіць раз і назаўсёды.
— Менавіта! — падхапіла Снежка. — Многія шчаслівыя стасункі пачыналіся з выпускнога!
— Па-першае, табе трэба час, каб прывесці сябе ў парадак. Купіць нарэшце прыстойны гарнітур і чаравікі. Нармальна пастрыгчыся. Бо пры якім парадзе здольны прыйсці Статкевіч, ты неаднаразова бачыў. Сініцы падабаюцца дагледжаныя хлопцы, і я яе разумею...
— Я не даганяю, Вайтовіч: ты за мяне ці за баклажана?
— Я — за справядлівыя і дэмакратычныя выбары. Але пакуль ты рассякаеш па школе з гальштукам-селядцом на шыі, выбіраць Сініцы, па шчырасці, няма з чаго. Так што ў пятніцу знайдзі час, мы зранку едзем у ЦУМ купляць тканіну. Заадно дапаможам табе з гарнітурам.
— Але гэта яшчэ не ўсё, — працягнула Снежка. — Ты мусіш скарыць Соню чымсьці незвычайным. Навучыцца танцаваць вальс, напрыклад. Або зладзіць рамантычнае спатканне на даху...
— У мяне іншая ідэя! — ускочыў на ногі Вася. Да яго імкліва вярталася бадзёрасць духу. — Але вам я не раскажу. Гэта будзе неспадзяванка для ўсіх, але пасля такога Сініца гарантавана мне не адмовіць...
— Вось і слаўна!
— Усё, едзем фоткацца. Трэба дагнаць астатніх.
— Вы ідзіце, я пінжак у настаўніцкай пакінуў. Я сам звяжуся з пацанамі.
— I калі мы толькі ўсё паспеем, — паківала галавой Снежка, калі дзяўчаты засталіся адны. — Ты выпадкова не ведаеш сайт, дзе можна дакупіць пару лішніх гадзін на суткі?
ххх
У траўні, калі заканчвалася школа, у доме Статкевічаў выкідалі макулатуру. У Лондане дзеля гэтага ставілі спецыяльныя кантэйнеры на вуліцах, але ў Мінску ў той час, каб утылізаваць старую паперу, трэба было ехаць к чорту ў балота. Адказваў за гэта Максім, але паколькі макулатуры заўсёды былі горы — мама выносіла ў гараж кожную скрыначку ад калготак ці парфумы, — ехаць трэба было на машыне, з бацькамі. Таму зранку Максім быў не ў гуморы. Хутчэй бы дажыць да васямнаццаці, каб атрымаць правы і рабіць усё самому. Давялося тройчы нагадаць маме пра сямейны дзень экалогіі, які яна сама ж калісьці прыдумала.
Да выпускнога заставаўся тыдзень, і ў гасцёўні «лялечнага дома» ўжо трэція содні працаваў пашывачны цэх. Зранку да ночы там сноўдалі дзяўчаты з «Д» класа, збольшага гэтая кудлатая таўстушка, лёталі стужкі сантыметраў і ашмёткі тканіны, пераважна нейкі чорны шыфон. Уразнабой стракаталі ажно дзве швейныя машынкі, а калі Максім саркастычна пытаўся, калі пахаванне, яму адказвалі цытатамі з нейкіх жаночых камедый, нешта накшталт таго, што чорны — гэта новы ружовы. У паўзах паміж стракатаннем машынак шыпела кававарка і выбухалі смехам дзявочыя галасы. Самыя гідкія «хі-хі-хі» было чуваць чамусьці тады, калі Максім спускаўся ўніз з нейкай патрэбы. I ягоная родная мама была часткай усяго гэтага. Жыць у доме было рашуча немагчыма.
Максім увайшоў у гараж і пачаў згружаць макулатуру ў багажнік матчынай машыны. Смецце з кухні... Потым
газеты і часопісы... Кардонка ад кава-апарата... Нарэшце падчапіў пару сваіх скрынак і дробны пакуначак Вадзіка. Малы з характару выявіўся яшчэ тым плюшкіным і з маленства змагаўся за малюнак або сшытак з крамзолямі, заяўляючы, што «гэта для алхіву». Пераязджаючы з Лондана, нават давялося выслаць у Мінск пасылку з ягонай дзетсадаўскай лепкай з пластыліну.
У куце заставалася яшчэ адна кардонка. Сіняя скрынка з ружовага пекла. Максім паставіў яе ў багажнік і па даўняй завядзёнцы пачаў перабіраць змесціва, правяраючы, ці не замяшаўся ў паперу цэлафан і ці не пакінуў хто фольгу ў абгортцы ад шакаладкі.
Сшыткі, сшыткі, сшыткі... Скрыначкі ад касметыкі і батарэек. Аркушы з тэстамі... Карыбскі крызіс і парабалы... Рэцэпт крэм-бруле... Гараскопы, крыжаванкі, сячэнні конусаў, нататнікі з прынцэсамі... Раптам позірк вычапіў нешта знаёмае.
Гэта быў канверт у ружачкі з надпісам «For Maxim from Sonya with Love». Сонья... Ну-ну. Ён выцягнуў з кішэні ключ і акуратна надарваў канверт збоку. Здабыў такі самы — у ружачкі — аркуш паштовай паперы, спісаны стараннымі фіялетавымі літарамі. Падышоў да дзвярэй гаража, на святло. Уважліва прачытаў.
Потым акуратна склаў напалам канверт з аркушам, запхаў паміж сшыткаў і зачыніў багажнік.
ххх
Прывітанне, Максім!
Я — Соня Сінічка з 11 «Д». Мы не знаёмыя, хоць вучымся ў адной школе, і наўрад ці калі пазнаёмімся. Як сказалі б брытанскія арыстакраты, нас няма каму прадставіць. Таму я наважылася напісаць гэты ліст, у якім хачу сказаць вельмі важную для мяне рэч. Я цябе кахаю.
Яўсім сэрцам пакахала цябе, як толькі пабачыла два гады таму на лінейцы ў дзявятым класе. 3 таго часу ты надаеій сэнс майму жыццю. Са мной такое здарылася ўпершыню. Спачатку я спадзявалася, што гэта проста завіхрэнні ўмаёй галаве (бо як можна па-сапраўднаму кахаць кагосьці, з кім нават не размаўляў?), але цяпер разумею, штоўсё сапраўды сур’ёзна. I лепш напісаць пра гэта, каб не трымаць у сабе. Гэта самы надзейны спосаб «выпусціць пару».
Чаму я цябе кахаю? Дзіўнае пытанне, бо калі кахаюць — то гэта нібыта зніадкуль, проста так. Але мне здаецца, я маю адну важную прычыну.
Я кахаю цябе, бо ты прыклад для мяне. Прыклад чалавека, якім я хачу аднойчы стаць: адукаванай, упэўненайу сабе, спартыўнай дзяўчынай, што без акцэнту размаўляе па-англійску... Магчыма, я сапраўды зраблюся такою і мы сустрэнемся, калі скончым школу... Нібыта ўпершыню. Але гэта адно мары.
Ведаеш, я зусім не спадзяюся на ўзаемнасць. Разумею, што гэта недарэчна. Усё, што мне трэба, — каб ты прачытаў гэты ліст. Каб ты проста ведаў. Тады мне сапраўды палягчэе.
На гэтым застаюся адданая табе,
Соня Сінічка
Раздзел XII
МАЛЕНЬКІ ЧОРНЫ ВЫПУСКНЫ
Мама Юля пацягнула на сябе вузкую аканіцу, і ейны твар абдало свежым паветрам. Павярнулася спінай да акна, уздыхнула на поўныя грудзі і задаволена абвяла вачыма плён сваёй справы.
Прасторная актавая зала 234-й школы была пад завязку напоўненая народам — толькі першыя чатыры шэрагі пакуль пуставалі. Гэтыя першыя шэрагі былі драпіраваныя белай тканінай і ўпрыгожаныя чырвонымі і срэбнымі стужкамі. Ніз сцэны, чырвоныя кулісы паабапал яе і доўгі грувасткі стол, на якім стосікамі высіліся атэстаты і граматы, пакрывала гэткая ж белая драпіроўка, а па ёй зіхцелі кветкі з пурпуровай і срэбнай паперы. 3-пад ламбрэкена кулісы над сцэнай звісалі шнуркі, на якія былі рэдка нанізаныя гіганцкія папяровыя пумпоны, падобныя да хрызантэм — срэбныя, пурпуровыя і яшчэ белыя. Паўкруглая, спавітая гірляндай з кветак такіх самых колераў арка абрамляла ўваход у залу. Такія аркі стаялі яшчэ і ў двух праходах у першым шэрагу. Усе, хто сёння перасоўваўся па зале, мусілі прайсці праз кветкавы порцік — гэта надавала дзеі яшчэ болынай урачыстасці. Госці вечара ўжо фатаграфаваліся, пазіруючы ў гэтых арках.
Сёння ўжо ні ў кога з бацькоў язык не павернецца сказаць, што выпускны ў мурах школы — гэта «не па-багатаму».
А ўсё дзякуючы ёй — маме Юлі.
Хіба яна не малайчынка? Яшчэ зімою, калі бацькоўскі камітэт збіраўся першы раз, яна лоўка пераканала ўсіх мам і татаў, што варта адзначаць выпускны менавіта туг. А ўсё ж магло скласціся іначай! У самым пачатку таго сходу слова ўзяла (а дакладней, захапіла), гэтая непрыемная дама. Мама Юля ў думках называла яе «мадам Паўзункова». Напорыстая кабета з грубымі манерамі і няправільнымі націскамі, але чамусьці менавіта такім людзі ў нас вераць і такім рахмана падпарадкоўваюцца. Мадам Паўзункова заявіла, што школа проста абавязаная прыняць прапанову ейнага мужа і «дастойна атмеціць» выпускны ў адной з рэстарацый Беларускай чыгункі. Грошы за арэнду, з ейных слоў, выходзілі «проста смяшныя». Мадам Паўзункова пусціла па шэрагах фота банкетнай залы. Інтэр’ер адрозніваўся ад школьнай сталоўкі хіба што аксамітнымі шторамі колеру бардо, разлапістымі жырандолямі і люстрамі ў залачоных рамах.
Бацькі разгубіліся ад такога наскоку актыўнай мамы з 11 «А» і ўжо збіраліся галасаваць «за».
Юлія Статкевіч, якая часта дапамагала тату Віцю ладзіць прыёмы для партнёраў, вокамгненна калькулявала ў галаве «смешныя грошы». Ёй адразу зрабілася нясмешна. Рэстарацыя таго не каштавала — нехта яўна збіраўся зарабіць на школьніках. Але мама Юля была мудрай жанчынай, таму скандалу падымаць не стала, а замест гэтага какетліва падняла руку і з усім абаяннем, на якое была здольная, нагадала дарослым, як незабыўна весела прайшлі іх выпускныя ў звычайных школьных сталоўках. Як радасна было ў той апошні вечар дзяцінства, як шмат усе смяяліся і танцавалі, а потым беглі сустракаць світанак... Напрыклад, яны з аднакласнікамі ўсю ноч гойсалі над Дзвіною ў родным Полацку.