• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — Ягор, — Крылова зрабіла круглыя вочы і пачала вымоўна міргаць імі Залескаму.
    Соня павярнулася. За іх спінамі стаяў Максім.
    — Усё проста, — сказаў ён. — Сінічка падкінула мне «шчаслівага» мядзведзіка, які ў выніку каштаваў мне палову базавай велічыні. А перад гэтым замест нармальных лекаў ад алергіі накачала мяне тымі, ад якіх я вырубаюся. У выніку, калі я набяру мінімальны прахадны бал, гэта будзе вельмі і вельмі добра. Ён узяў з рук таварыша шматпакутнага мядзведзіка і ўпіхнуў яго ў рукі Соні. — Ты, аказваецца, нясеш не проста непрыемнасці. Ты нясеш няшчасці, — і павярнуўся, каб ісці ў школу.
    — Даведка, — разгублена сказала Соня. — Даведку забяры.
    — Навошта яна мне? — засмяяўся Максім. — Я квіточкаў накупляў.
    — Па ёй яшчэ да новага года можна ездзіць... — ляпнула Соня і тут жа прыкусіла язык.
    — Да новага года я тут больш не з’яўлюся, — Максім спыніўся і змрочна акінуў вокам аднакласнікаў. — Тут увогуле ў Беларусі хто-небудзь застаецца? Апроч «дэшак», вядома?
    — Я ў Прагу паступаю, — паціснуў плячыма Залескі.
    — Я ў Тэль-Авіў, — адказаў Бергер.
    — А мы з Вікай у Вільню, — адказала Віткевіч.
    Максім хмыкнуў і зайшоў у школу адначасова са званком.
    Школьнікі магутнай плынню рынуліся ў вестыбюль. Соня стаяла на ганку з мядзведзікам у руках. Статкевіч яе зноў наўмысна апусціў пры сведках, думала яна.
    Яна лёгка прыняла рашэнне, пакуль ішла казачным лесам дадому. Кахаць такога чалавека — прыніжаць сябе. Таму яна проста мусіць даць сабе слова: выкінуць Статкевіча з галавы. Раз і назаўсёды. Раз і назаўсёды.
    У шуфлядцы туалетнага століка, закапаны пад хламам, ляжаў канверт у ружачкі. Той самы. Кіч і аграгламур. Як гэта ўсё падабалася ёй мінулай — але цяпер яна была здольная зірнуць на канверт вачыма Максіма. Пашляціна. Сапраўды — пашляціна. А тое, што ўнутры, нават згадваць не хочацца. Такая дурасць... Трэба зараз жа пазбавіцца гэтага ліста. Бо гэтае недарэчнае каханне ў стылі кніг пра Анжаліку кампраметуе яе нават перад самой сабою. He пакідаць доказаў. Выкінуць з шуфлядкі і з галавы. Вось толькі яна прыйдзе дадому — яна адразу ўсё выкіне.
    Дальбог, так яна і зрабіла.
    ххх
    Але вяртанне шчаслівага мядзведзіка не было апошняй дзіўнай падзеяй дня. Спусціўшыся да абеду, які ёй клапатліва накрыла здзіўленая мама Юля, Соня з не меншым здзіўленнем пабачыла за сталом тату Віцю. На стале стаяла вялікая ваза з пірожнымі.
    — О, Соня, даўно не бачыліся! Як вучоба?
    — А... што вы дома робіце? — спыталася Соня замест адказу.
    Тата Віця ўсміхнуўся:
    — Ды вось, прыехаў у абед, бо са мной звязаўся адзін дзіўны таварыш. Ён зараз заедзе да нас на гарбату.
    — Добра, я паем і пайду ўжо. Мне назад у школу трэба.
    — Ды не, калі ёсць час, заставайся. Магчыма, табе будзе цікава. Ён з універсітэта, — і старэйшы Статкевіч пасунуў да Соні візітоўку, дзе поруч з гербом — залатое пяро на сінім шчыце — значылася: «Раман Дзянісавіч Когут, к.э.н., намеснік дэкана эканамічнага факультэта БДУ».
    I сапраўды — праз чвэрць гадзіны ў дзверы пазванілі, і на парозе матэрыялізаваўся шыракаплечы мужчына ў ідэальным гарнітуры і чаравіках такіх бліскучых, што, здавалася, трэба прыбраць кілім у вітальні, каб ён не запэцкаў гэтых чаравікаў, а не наадварот. Было яму ніяк не больш за трыццаць гадоў. Хоць, магчыма, ён проста так выглядаў — у форме ён быў выдатнай і да таго ж прамяніўся шырокай еўрапейскай усмешкай, якой Соня ўвогуле ніколі не сустракала ў выкладчыкаў.
    Мужчына абышоў пакой, каб парукацца з усімі. Соню яму назвалі як дачку сябра сям’і, і неўзабаве ўся кампанія ўжо сядзела за прыбраным да гарбаты сталом.
    — Віктар Іванавіч, я ведаю, колькі каштуе кожная хвіліна кіраўніка «Стар сістэмз», таму паспрабую патлумачыць усё сцісла. Максім казаў вам, чаму я тут?
    — He.
    — Вось жа, Віктар, Юлія... — візіцёр далікатна адкусіў эклер і, запіўшы каўточкам гарбаты, працягнуў:
    — Маштабны праект, які я сёлета пачынаю, адбываецца пад патранажам міністэрстваў адукацыі, эканомікі і замежных спраў, таму, як вы пераканаецеся, паўнамоцтвы мае неабмежаваныя... 3 Максімам мы пазнаёміліся ў Полацку, на алімпіядзе па англійскай мове. Я правёў сумоўе з пераможцамі і выбраў найлепшых... Максім, несумненна, у іх ліку. Рэч у тым, што з гэтага года эканамічны факультэт супольна з Брытанскай амбасадай набірае эксперыментальную групу па міжнароднай эканоміцы. Навучанне амаль цалкам па-англійску — апроч няпрофільных прадметаў.
    Тэрмін — шэсць семестраў, тры гады, студэнты атрымліваюць дыплом бакалаўра. Мы ўжо абвясцілі набор, але часу мала, у даведніках спецыяльнасці няма, і мы баімся, што конкурс будзе вельмі нізкі. Нам жа патрэбныя зоркі — каб добра зарэкамендаваць праграму і праз тры гады займець вынік. Таму я прапанаваў Максіму паступаць да нас. Такі бліскучы студэнт, як ён, будзе жывой рэкламай факультэта. Апроч таго, імя... Вы разумееце, што сын Віктара Статкевіча — гэта ўжо брэнд... — ён узняў вочы, нібы чакаў нейкай рэакцыі ад таты Віці, але той проста кіўнуў галавой, маўляў працягвайце, я ўважліва слухаю. — Праграму мы падрыхтавалі салідную, — Раман Дзянісавіч засунуў тры пальцы ва ўнутраную кішэню пінжака і выцягнуў буклецік. — Вось. Там імёны выкладчыкаў, некаторыя — сусветна вядомыя. I ўсё гэта — тут ён засвяціўся, як залаты медаль, — будзе адбывацца ў Беларусі, у нашым універсітэце. Неверагодна, але факт! — ён сёрбнуў яшчэ гарбаты і самазадаволена працягнуў: — Мы дамовіліся з Максімам, што ён запішацца на сумоўе, каб больш даведацца аб праграме. Але ваш сын даслаў мэйл, маўляў, сустрэчу трэба адмяніць, бо ён паступае ў Лондан. 3 нашага ліставання я зрабіў выснову, што гэта не яго рашэнне. Максім нават напісаў мне — і паміж радкоў я прачытаў роспач, — што ягоны лёс ад яго не залежыць і гаварыць трэба з бацькамі. I вось я тут, — Раман Дзянісавіч зноў шырока ўсміхнуўся і адкрыта паглядзеў на тату Віцю. — Зразумела, я не хачу ўтручвацца ў справы незнаёмай сям’і і займацца псіхалогіяй пераходнага ўзросту. Я проста прашу вас падумаць пра тое, што я сказаў і дазволіць сыну паступаць да нас на факультэт. Так сказаць, выдаць бацькоўскае благаславенне...
    Ён скончыў спіч і, чакаючы рэакцыі ад слухачоў узяўся даядаць эклер, старанна аблізваючы вусны ад шакаладу. TaTa Віця нядбала пакруціў у руках брашуру і перадаў яе маме Юлі.
    — Гэты дыплом бакалаўра, — спыталася тая, — прызнаецца ў Еўропе?
    — He проста прызнаецца! Ён еўрапейскі! — зноў заззяў Раман Дзянісавіч. — Гэта маё найгалоўнейшае дасягненне! Ведалі б вы, чаго мне каштавала...
    — I з ім можна будзе паступіць на MBA ў Лонданскую школу эканомікі? — тут мама Юля выразна скасавурылася на тату Віцю.
    — А чаму не ў Оксфард? — імпазантна спытаўся намдэкана. — У любы ўніверсітэт ЗША, Брытаніі — або куды ён толькі пажадае. Падкрэсліваю: студэнт атрымлівае замежную адукацыю, але жыве ў родным доме, пад бацькоўскім, так сказаць, крылом. He мне, Юлія Барысаўна, тлумачыць вам, наколькі гэта важна ў такім чулым веку. Апроч таго, НЦТ па англійскай мове яму здаваць не трэба, яму залічаць аўтаматам сто балаў за вынікі алімпіяды.
    Мама Юля з надзеяй паглядзела на тату Віцю, а той, пажаваўшы губы, урэшце прамовіў:
    — Дзякуй, што ўвялі ў курс справы, Раман Дзянісавіч. Праграма ваша звышцікавая, для Беларусі гэта вялікі прарыў. I я зычу вам поспехаў. He смею затрымліваць...
    — Чую жалеза ў вашым голасе, Віктар Іванавіч, — шырока ўсміхнуўся Раман Дзянісавіч і ўзняўся з-за стала. — Але ў вас ёсць час падумаць. Калі што, адрас прыёмнай камісіі вядомы.
    I, зычліва развітаўшыся, Когут вылецеў з дому Статкевічаў. Соня, якая абувалася ў вітальні, пабачыла праз акно, як ад веснічак газануў чырвоны спартыўны аўтамабіль, а з-пад колаў ягоных ува ўсе бакі пырснуў салют жвіру.
    Застаўшыся ўдваіх, Віктар і Юлія Статкевічы доўга маўчалі. Муж метадычна даядаў пірожкі з вазачкі, а жонка прыбірала посуд са стала. Нарэшце муж цяжка ўзняўся з крэсла і, адцыхаўшыся, прамовіў:
    — Каб не цудоўны абед, Юлечка, я б сказаў, што змарнаваў гадзіну часу.
    — Але Віця! — Юля сярдзіта грымнула падносам аб стол.
    — Нават не думай! Прапанова акадэмічнага шарлатана, які падсоўвае нам ката ў мяшку, або правераная стагоддзямі сістэма брытанскай адукацыі? Цікава, і што я выберу?
    — Але Максік...
    — Што Максік? — падвысіў голас тата Віця. — Я за год ні слова ад яго не пачуў пра тое, чаго ён хоча ад жыцця і ці хоча чагосьці ўвогуле. Ну давай, ён будзе шукаць сябе, у войска давай сходзіць, пакуль я... Ладна, — уздыхнуў тата Віця, і, крэхчучы, нахіліўся, каб абуць красоўкі. — Буду позна.
    I, выцершы рукавом пот з лысіны, выйшаў з дому.
    ххх
    Нарэшце гэты дзень надышоў. Соня расплюшчыла вочы і перавярнулася на іншы бок на вільготных прасцінах. Яна сёння амаль не спала, бо ўночы моцна балеў жывот. Яна спустошыла ўсе татавы запасы актываванага вугалю і падбіралася ўжо да мамы Юліных, але лепей не рабілася. Апетыту не было ўвогуле. He ўстаючы з ложка, яна ўключыла імбрык і навобмацак выцягнула з шуфлядкі пакецік распушчальнай кавы.
    Сёння яна апошні раз пабачыць Максіма перад ад’ездам.
    Калі ў 234-й даведаліся, што Статкевіч з’язджае ў Лондан і не застаецца на выпускны, па школе пракаціўся адчайны дзявочы стогн. Так, нібы ў кожным палымяным сэрцы згасла апошняя надзея. Так, нібы камусьці штосьці на тым выпускным нешта з тым Статкевічам свяціла.
    — Ты ведала, але нічога не сказала?! — абураліся Галя і Снежка, дазнаўшыся ад школьных пляткарак, што ў кабінеце спеваў засядае камісія, якая датэрмінова атэстоўвае генія з 11 «А». Соня ў адказ толькі паціснула плячыма.
    Усе дакументы да ад’езду былі падрыхтаваныя, тэлефанаванні зробленыя, валіза складзеная. Мама Юля выставіла
    яе паміж пакоямі, каб дакладаць у багаж дробязі, пра якія згадвалі ў апошні момант. Максім у гэтых рыхтаваннях браў роўна нуль удзелу. Соня ўвесь час спатыкалася на раскрыты баул з джынсамі і кашулямі, калі праходзіла па калідоры. На душы было пуста. Выявілася, што не так гэта і проста — адпусціць таго, каго тры гады аддана кахала.
    Соня запарыла каву і зноў завалілася на ложак. Калі яна адляпіла твар ад падушкі, кава ўжо парадкам астыла, і яе можна было выпіць за тры каўткі, што і было зроблена. Жывот проста скручвала. He, у школу яна сёння не пойдзе.