• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — Ох, які ж ён усё-ткі сэксі, калі прамаўляе, — зацмокала Галя. Яны са Снежкай стаялі за кулісай побач са школьнай партай, дзе быў ахайна раскладзены рэквізіт. Нумар Снежкі быў амаль тэатральным, рыхтавацца трэба было загадзя, таму ўсе яго ўдзельнікі ад 11 «Д» падняліся на сцэну, як толькі Лабановіч скончыў раздаваць медалі, атэстаты і граматы.
    На сцэне пры мікрафоне стаяў Максім Статкевіч. 11 «А» вырашыў элегантна адкруціцца ад актыўнага ўдзелу ва ўрачыстым канцэрце, адправіўшы яго прамаўляць ад імя класа.
    — Бліна, зірні на Сініцу, — адказала Галі Сняжана.
    Соня стаяла ў супрацьлеглай кулісе — адтуль яна мусіла выйсці на сцэну. Яе шчокі палалі ружовым, фарбаваныя
    бляскам вусны прыадчыніліся ад здзіўлення, а вочы проста паядалі Максіма.
    — Ды ён яе магнітам прыцягвае! — сказала Снежка. — Ты як хочаш, а я думаю, фігу яна вылекавалася.
    — Снежа, благаю, давай усё спынім! — зашаптала Галя. — A то выйдзе як тады з калажыкамі.
    — Позна, ужо зусім позна, — адрэзала Сняжана.
    — Дзякуй вам, сябры. Вы — космас! — сказаў Максім і імкліва збег са сцэны пад авацыі.
    Фраза пра космас была яўна дамоўленая з вядоўцамі — Каньковай і Каланіцкім. Яны тут жа выйшлі на сцэну. Лена парадаксальна падтрымала маленькі чорны флэшмоб усіх разумных дзяўчатак паралелі — яна была ў белай карункавай сукенцы з карункавай жа стужкай у дрэдах. На шыі ў яе красавалі грубыя каралі з неапрацаванай чорнай лавы. Каланіцкі апрануў беласнежны гарнітур, пад якім замест кашулі была чорная футболка з намаляваным на ёй галынтукам.
    — Дарэчы, пра космас... — харызматычна падхапіў Ваня. — Сустракайце: гурт «Астэроід»! — скончыла за яго Лена.
    Пакуль прамаўляў Максім, на сцэне размяшчаліся тры хлопцы з 11 «Д» з электрагітарамі і сінтэзатарам. 3 імі быў яшчэ бубнач, якога ніхто не ведаў, — літаральна за тыдзень да вечара яны адшукалі яго ў дзявятай гімназіі разам са старэнькай ударнай сістэмай. Увесь клас сачыў за гэтай драмай — пацанчыкі не паспелі сыграцца, і цяпер мусіла адбыцца жорсткая імправізацыя.
    На сцэну выйшла Наста Ракавец у чорнай трыкатажнай сукенцы з прынтам, на якім усміхаўся і махаў рукой Гагарын. Хлопцы ўдарылі па струнах — і яна заспявала не вельмі складную пераробку песні гурта «Ундэрвуд» з рэфрэнам: «Дырэктар, я вас любіла, а-ла-ла-ла». У гэты час на задніку пачалі круціцца слайды з выпускных альбомаў усіх адзінаццатых класаў — у тым ліку мамы Юліны фоткі «дэшак».
    Гэта быў яшчэ не самы адстойны нумар праграмы — фізікі, матэматыкі і эканамісты не моцна напружыліся і падрыхтавалі хто вершыкі, хто КВЗ пра жыццё школы. Галя і Снежка назіралі гэтую нуду на рэпетыцыі і ні кропелькі не ўразіліся. Добра, што ў дырэктара Лабановіча была палачка-выручалачка — Каця Арызона, якая пагадзілася заспяваць пару эстрадных песенек пад мінусоўку.
    Так што нумар Галі і Снежкі мусіў быць гваздом.
    Шасцёра дзяўчатак 11 «Д» скінуліся грашыма і пашылі сабе сукенкі на выпускны па Галіных эскізах. Разам усе ўборы складалі адну модную калекцыю маладой дызайнеркі Галіны Вайтовіч. I цяпер — пад нацягнуты жарт вядоўцаў пра «Zialony Luh Fashion Weekend» — пачыналася ўласна дэфіле.
    Спярша Снежка, Соня, Аліна Макей і яшчэ дзве дзяўчыны«дэшкі» хуценька перабеглі ў цэнтр сцэны за шырму, якую вынеслі два іх аднакласнікі і якая затуляла стол з рэквізітам. Вядома ж, Галя і Сняжана спярша папрасілі дапамагчы Васю з таварышамі, але той сказаў, што ён на выпускным «па сваёй праграме». Таму да ўдзелу ў шоу намовілі іншых хлопцаў. Рэжысёркай была Сняжана. Першую частку дэфіле яна абставіла як звычайны модны паказ: дзяўчаткі проста хадзілі па сцэне на абцасах, стараючыся ставіць ногі, як запраўскія мадэлькі, не заблытацца ў спадніцах і не паваліцца. Страшна было, ясная справа, але зала зычліва падтрымала воплескамі. Пагатоў Галініны сукенкі сапраўды былі шэдэўральныя.
    Другая частка дэфіле ўяўляла з сябе карыкатуры на школьных знакамітасцей.
    Спачатку на сцэну пад бадзёры саўндтрэк выйшла сама Снежка з папяровым пакетам. Яна вымала з пакета і раскідвала сшыткі, а за ёй беглі хлопцы і падбіралі іх. Напрыканцы хлопцы пасадзілі яе на рукі і вынеслі за кулісы. To была пародыя на беларусіцу Алену Іванаўну, якая славілася сваім какетлівым стаўленнем да вучняў мужчынскага полу
    і трапіла ў зоркі школьнага пабліка напрыканцы другой чвэрці, калі ў адзін дзень правяла дыктоўкі ў пяці класах і склала ўсе сшыткі ў вялікі папяровы пакет з абутковай крамы, каб праверыць дома. Дно разарвалася, і дыктоўкі густа засыпалі лесвіцу з трэцяга да першага паверха. Іх увесь перапынак збіраў дзяжурны клас у поўным складзе, радасна здымаючы працэс на мабілкі.
    Ссадзіўшы Снежку, хлопцы вярнуліся на сцэну ў чорных капелюшах і сталі спінамі да публікі, а чарнявая аднакласніца Лера ў сукенцы з простакутным сілуэтам ар-дэко стала круціцца вакол іх, зусім як спявачка Арызона ў сваім адзіным пакуль што кліпе: яго зусім нядаўна запусцілі на музканале. Лера знікла — з’явілася фігурыстая Дарына. На першым дэфіле яна выкрочвала ў кароткай сукенцы а-ля дыска, але на другое выйшла ў пышнай цыганскай спадніцы з захінам. Хлопцы-асістэнты, якія ўсё яшчэ заставаліся на сцэне, тарганулі спадніцу ў розныя бакі, і з-пад яе вылузнулі ружовыя трэнікі. Дарыначка зрабіла сканфужаны твар і ўцякла. Выпускнікі выбухнулі рогатам і авацыямі, а аб’ект злой насмешкі — Ліза Паўзункова (яна сапраўды была сёння ў пышнай і безгустоўнай бальнай сукенцы персікавага колеру) — сядзела чырвоная як бурак.
    Соня таксама хіхікала, высунуўшыся з-за шырмы, але злацешыць асабліва не было калі, бо надышла ейная чарга.
    Паненка выскачыла на сцэну, дзе застаўся толькі адзін з хлопцаў-асістэнтаў. Той зняў капялюш, агаліўшы ніцяны парык з дрэдамі. Соня павісла ў яго на шыі, сагнуўшы ногі ў каленках і счапіўшы іх ззаду спакуслівым замочкам — і хлопец, адкінуўшыся, закруціў яе па сцэне. Зала заўлюлюкала — гэта быў фірмовы фокус Каньковай і Каланіцкага, які яны часцяком выкідвалі на школьных калідорах. Тыя таксама зарагаталі ды запляскалі, а потым сталі побач і прадэманстравалі арыгінал.
    Здаецца, шоу спадабалася. Засталося апошняе дэфіле, пасля якога дзяўчаты і хлопцы мусілі выйсці на паклон і па завядзёнцы модных паказаў запрасіць на подыум мадэльерку...
    На сцэну з-за шырмы выслізнула Аліна Макей, а за ёй — аднакласнік з тэніснай ракеткай на плячы.
    3 ракеткай — бо трэба было пазнавальна намякнуць на Статкевіча.
    Аліна ішла задам наперад і несла перад сабой гіганцкі — памерам з ватман — канверт з налепленым на яго чырвоным сэрцам, прывабліваючы хлопца, як кацяня фанцікам. Той спрабаваў зачапіць канверт ракеткай, але Аліна кожнага разу спрытна адскоквала. Нарэшце — перад самым краем сцэны — «Максім» ухапіў канверт рукою, яны з «Соняй» — Аліна, ясна, увасабляла яе — пацягнулі яго ў розныя бакі, папера парвалася — і ў залу пасыпалася канфеці.
    Гэта быў фурор.
    Усе ўдзельнікі нумара пад авацыі высыпалі на сцэну, цягнучы за сабой Галюню. Толькі Сінічкі паміж імі не было.
    — Пакуль спявае Арызона, — абвясціў Ваня Каланіцкі, падкрэсліўшы слова «пакуль», — пакуль унізе ідуць апошнія рыхтаванні да неафіцыйнай часткі вечара, родныя і сябры могуць сфатаграфавацца з выпускнікамі. Калі ласка, запаліце святло ў зале...
    ххх
    Пакуль, пакуль, Гэты боль невядома адкуль. Пакуль, пакуль,
    Так было заўжды і паўсюль.
    Расстаемся, гаворачы Словы без горычы, На-на-на-на-на...
    Арызона спявала хіт Свірыдавай і круцілася вакол мікрафона, зусім як у сваім кліпе. Зала кіпела, быццам варэнне з чарніц, — мамы і таты абдымалі сыноў у строгіх гарнітурах і дачок у чорных сукенках, паварочваючы іх тварамі да фотаапаратаў і відэакамер. Успыхвалі ўсмешкі і бліскавіцы.
    — Трэба пагаварыць, — сказала Соня, прабіўшыся да Галі і Снежкі, якія стаялі пад сцэнай са сваімі бацькамі. — Зараз жа.
    Цокаючы абцасамі, паненкі ўзняліся на прыступкі сцэны бліжэй да выхаду з актавай залы. Але толькі Соня набрала паветра ў грудзі, каб пачаць, знізу азваўся ўзлаваны голас:
    — Ваша брыгада дастала ўжо сваімі перформансамі, Сінічка! — гучна, каб перакрычаць Арызону, сказаў Максім, падыходзячы да прыступак. — Ты што, моўчкі не можаш пакутаваць? Абавязкова было зноў ганьбіць мяне на ўсю школу? I гэта — перш чым закочваць свой Галя-канцэрт, — паморшчыўся ён, скасавурыўшыся на Вайтовіч, — трэба было б усё-ткі разабрацца, хто тут за кім бегае.
    Ён павярнуўся і выйшаў у калідор, нырнуўшы ў квяцістую арку.
    Вось і ўсё, маё золатка,
    Нам з табой было соладка,
    Як гарэла да золку нам
    Белай ночы святло.
    He вярнуць, што не вернецца,
    Ты не Бог, я не верніца,
    I цяпер цяжка верыцца, Што каханне было.
    На Соніны вочы навярнуліся слёзы.
    — Я проста хацела сказаць, што Статкевіч выліе на мяне вось усё тое, што вы пачулі, — сказала яна дзяўчатам. — I бессэнсоўна яму тлумачыць, што вы мяне падставілі,
    гнюсна так, за маёй спінай утварылі падлу. I, вядома ж тады, калі ён... Калі я... Эх вы — абы напаскудзіць... Сяброўкі.
    Пакуль, пакуль,
    Зразумей і рэчы спакуй.
    Пакуль, пакуль,
    He пішы лістоў мне адтуль.
    Усё, што трэба, пачула я,
    Справы мінулыя, На-на-на-на-на...
    — А я папярэджвала, — сказала Галя, калі яны са Снежкай засталіся сам-насам. — I што цяпер рабіць?
    — Што-што... Прасіць прабачэння ў Сініцы. I віну сваю загладжваць. Бачыш жа, што яна па-ранейшаму ўцюханая ў баклажана па вушы.
    — Ага, а ён з Ротмістравай сустракаецца.
    — Ды не!
    — А каго ж ён у сваёй прамове згадваў? «Адна разумны чалавек»... Ха! Такія рэчы абы пра каго не кажуць!
    — Ведаеш, калі нешта сёння і можна зрабіць для Сонькі, дык гэта раз і назаўжды праясніць кейс «Статкевіч — Ротмістрава».
    — I як?
    — Ды наўпрост у яе спытацца! Думаеш, яна не скажа?..
    — I сапраўды! I як мы раней не даўмеліся...
    Пакуль, пакуль,
    На маім тэрмометры нуль.
    Быў час, калі
    Мы з табой у нябёсах жылі.
    Будуць новыя радасці, Дзякуй. Пара ісці.
    На-на-на-на-на...
    —Дзеўкі! У мяне ўсё чыкі-пукі! Вам — заданне! Роўна а другой нуль нуль абавязкова будзьце на дыскатэцы. I Сініцу пры сабе трымайце! — прагарлаў Вася, падбегшы да прыступак.
    — Халера... Зусім пра яго забылася, — паківала галавой Галя, калі Вася вылецеў з залы.
    — Што гэта было?
    — Думаю, ён нешта замуціць для Сонькі... Ты ж яму сама гэтую ідэю ў галаву ўбіла.