Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
У кожных мамы і таты была свая Дзвіна — вочы заблішчэлі настальгіяй і замілаваннем... I ў гэты момант мама Юля незаўважна перайшла да лічбаў. Яна назвала суму
ўнёску за выпускніка ўдвая меншую, чым перад тым Паўзункова. Гэта была перамога. Юлію Статкевіч аднагалосна абралі галавой выпускнога камітэта паралелі і прадстаўніцай бацькоў 11 «А» ў пытаннях выпускнога вечара.
Таццяне Паўзунковай прыдумалі ганаровае і адказнае заданне — упрыгожыць школьную сталоўку для банкета і дыскатэкі, падкрэсліўшы, як гэта важна для дзяцей і іхняга настрою. Але з мамай Юляй яна ўсё адно не віталася.
Працы патрабавалася шмат — мама Юля нават хадзіла на курсы па дэкоры і фларыстыцы, каб уласнаручна ўпрыгожыць актавую залу. Давялося дакласці крыху ўласных грошай, каб усё атрымалася, — але ж праўда мы не выдадзім яе маленькага сакрэту?..
А тата Віця хацеў адняць у яе ўсю радасць ад гэтага вечара, выправіўшы сынулю ў Лондан. Як жа слаўна ўсё склалася!
— Юлечка, гэта проста цуд! — высокая цёмнавалосая кабета ў авангарднай паласатай сукенцы кранула маму Юлю за плячо. — Бацькі 11 «Б» перадаюць вам сваё захапленне... Да слова, вы ўжо былі ў сталоўцы?.. Калі не былі, то і не хадзіце. Паберажыце нервы, — кабета з’едліва захіхікала. — Добра, што моладзь танцуе ў цемры.
— Ах, Эльвіра, — дробна затопала ножкамі мама Юля, — я так хвалююся! Але гэта такія прыемныя дрыжыкі, нібыта я сама сёння заканчваю школу!
У сваёй ярка-зялёнай сукенцы з доўгай ніткай перлінаў, завязанай вузлом, на срэбных шпільках і з пышнай укладкай, у якой каралявала белая ружа, мама Юля выглядала, як сама Царыца Вясна. I толькі важкі фотаапарат са здаровым аб’ектывам, які вісеў у поўнай баявой гатоўнасці ў яе на дэкальтэ, крыху зазямляў узнёслы вобраз.
Раптам загарэўся белы прастакутнік сцэнічнага задHiKa. Праектар выплюнуў на яго першы слайд: «Бывай, школа!» Гэта ўжо не мама Юля, гэта самі выпускнікі. Зайграла
ўрачыстая музыка. Зала прыціхла, і ўсе вочы скіраваліся на арку пры ўваходзе.
— Ух, колькі пажывы сёння! — захоплена сказала мама Юля, палашчыўшы аб’ектыў камеры, нібы дзюбу прыручанага пелікана. — Колькі пажывы!
ххх
У гэты час перад актавай залай віравала і гула «біржа». Пяць класаў выстройваліся ў доўгую працэсію. Яшчэ дзесяць хвілін — і пачнуць уручаць атэстаты. У калідорчыку пры самых зачыненых дзвярах кучкаваўся рэспектабельны «А» клас. У канцы даўжэзнай чаргі шыхтаваўся мітуслівы «Д». Ну... вы ў курсе алфавіта.
Некалькі вучняў 11 «Б» хадзілі ўздоўж звілістага ланцуга і прасілі хутчэй разбівацца на пары — «бэшкі» адказвалі за выпускны вечар. Пры ўваходзе на «біржу», каля настаўніцкай, працэсію замыкалі Галя і Снежка. Ваня Каланіцкі адвёў іх сюды, сказаў стаяць і заганяць усіх наперад.
— Ну што там? — нецярпліва падскоквала нізенькая Галя. — Ці шмат?
— Ну, дастаткова, — рапартавала высокая Снежка. Выцягнуўшы шыю, яна разглядала цуг перад сабою. — Недзе палова дзевак. «Ашкі» — дык амаль пагалоўна. Хоць мне не вельмі адсюль відаць.
— Калі я цябе чакала ўнізе, паўз мяне вельмі многа прайшло ў чорным, — задаволена сказала Галя. — Нават Дубовік заўважыў, сказаў, «я ні понял, кто-та умер»?
— Ну што ж, Вайтовіч, залік. Можна сказаць, мы ў трэндзе.
На Галі сёння была прасторная чорная туніка з шыфону, схопленая на плечыках шырокімі палоскамі атласу ў блакітныя, чорна-белыя і салатавыя кветкі. Такія ж палоскі праціналі туніку па баках, як лампасы. Яе пухлыя ножкі былі
зацягнутыя ў ярка-блакітныя панчохі, а на чорных туфліках з маленькім абцасам красавалі белыя атласныя ружачкі. Сукенка Снежкі шчыльна абліпала яе хударлявы стан, сягала ёй пятаў і была не менш дзіўнай. Спераду — усё той жа кветкавы атлас, затое спінка была абсалютна чорнай, шыфонавай, і трохкутны выраз смела агаляў яе вострыя лапаткі, сягаючы таліі. Спераду на каўнерыку «пад горла» сядзела невялічкая чорная ружа, з таго ж шыфону. Абцасы чорных лакаваных туфляў і зачасаныя наверх валасы рабілі Кавалёву проста неймаверна высокаю.
— А ну, рукі! — дзяжурна гыркнула яна, ляснуўшы зялёным пластыкавым клатчам «Я кракадзіл» Вову-матэматыка, які ў адказ гнюсна загігікаў. — Прыкінь, ён мне пальцам у спіну тыцнуў! Вось ужо гэтыя твае эксперыменты...
— Спакуха, Снеж! Будзе бомба, вось пабачыш.
— Гэта што, Соня Сінічка з 11 «Д»?
— Ну нішто сабе!
— Ды афігець і не ўстаць.
— Пашэнціць жа сёння камусьці.
— Ды ладна, Воўчык... Нібы не ведаеш, што шэнціць тут толькі аднаму суб’екту...
Гэта Вову-матэматыка дагнаў аднакласнік. Галя і Снежка адразу ж павярнуліся да той, якая зрабілася прадметам хлапечай размовы.
— Пра сябе, Галюнь, нічога не скажу, а вось Сініца — дакладна твой шэдэўр, — задумліва працягнула Сняжана.
— Ды ладна, ты ж яе мэйкапіла, а мама Юля — прычэсвала. Так што гэта калектыўная творчасць, — для прыліку запярэчыла Галя, любуючыся справай рук сваіх.
Соня стаяла каля акна «біржы», паклаўшы каленку на чырвоную кушэтку, і на ейны твар кідала промні вечаровае чэрвеньскае сонца. У яе сукенцы чорныя і квяцістыя палосы спляліся крыж-накрыж на тугім ліфе, як у строі арлекіна, пераходзячы ніжэй у пашытую з асіметрычных абрэзкаў шыфону
і атласу спадніцу-клёш. Паміж ліфам і спадніцай ішла шырокая шыфонавая ўстаўка. Галюнін шэдэўр ператварыў Соню амаль у гераіню фільма «Стылягі». Прыкладна так — а-ля Одры Хэпбёрн — і прычасала яе мама Юля. Сукенка пакідала адкрытымі далікатныя плечы, тонкую шыю і спадала да каленак, адкрываючы зграбныя ногі ў празрыстых калготках. Абутая наша гераіня была ў туркусовыя туфлікі на абцасе, а ў якасці торбачкі на ейнай руцэ боўтаўся чорны мяшэчак, расшыты бісерам.
Шыю прыгожа абхоплівалі туркусовыя каралі, якія Соня купіла ў Кіеве.
Але не толькі незвычайнае ўбранне рабіла Соню асаблівай. Найбольш сябровак уразіў твар. Ён быў спакойны, ясны і прамяніў такую ўпэўненасць у сабе, якой яны раней ніколі ў Сінічцы не бачылі.
— Як слаўна, што яна папусцілася наконт Статкевіча, — зашаптала Галя. — Новы чалавек!
— Хто ведае... Магчыма, добра забыты стары, — павяла хударлявымі плячыма Снежка.
— Гм?
— А што мы, па сутнасці, пра Сініцу ведаем? Вось я думаю, нічога. Калі памятаеш, мы з ёй пазнаёміліся ў дзень, калі яна ўцюхалася ў гэтага вундзера. I гэтае пекліца доўжылася з пераменным поспехам больш за два гады. Сляпое каханне дэфармуе чалавека. А цяпер яна вылекавалася ад бацылы Статкевіча і, можа, сталася сама сабою.
— Згадай каку, вось і бяка, — скрывілася Галя.
Паўз іх па калідоры ішлі хлопцы-«ашкі» пры поўным парадзе: у бездакорных строях, белых кашулях і напарфумленыя. Наперадзе Бергер і Залескі, зашпіленыя на ўсе гузікі, а за імі — з рукамі ў кішэнях шыкоўнага цёмна-шэрага гарнітура, у рыпучай ад крухмалу бялюткай камізэльцы і нават з хустачкай у нагруднай кішэні, але без галынтука — Максім. Галя і Снежка, пад ціскам працэсіі, што ўсё падаўжалася,
ужо адступілі з «біржы» ў цесны калідорчык, які вёў у іншае крыло школы, і больш не маглі бачыць Соню. Затое яны пабачылі, як Залескі, выйшаўшы на пятачок, адкуль яе было добра відаць, павярнуў галаву і рэзка затармазіў, так што Статкевіч, які ішоў следам, траха не ўляцеў яму ў спіну. Дзяўчаты не вытрымалі, падбеглі і, вызірнуўшы з-за рага, сталі цікаваць, што адбудзецца.
Але нічога асаблівага не адбылося.
— Макс, гэта што, твая Сінічка? — ціха спытаўся Залескі, павярнуўшыся да Статкевіча. Бергер адно прысвіснуў.
— Ты, Ягор, паасцярожней з займеннікамі, — спакойна адказаў Статкевіч і, абышоўшы сяброў імкліва рушыў да «А» класа.
Залескі з Бергерам, усё яшчэ абарочваючыся на Сінічку, пасунуліся следам.
— Сініца — малаток! — канстатавала Галя, вяртаючыся ў канец працэсіі. — I брывом не павяла. Мусіць, сапраўды вылекавалася... Слухай, можа, адменім сама-ведаеш-што?
— Ну зараз, адменім, — нахмурылася Снежка. — Столькі рэпетавалі. Гэта ж каронны нумар.
— Але ж навошта зноў гэта варушыць?
— Ну не! Пакінем як ёсць. A то Макей пакрыўдзіцца... Я ўжо не паспею нешта прыдумаць, і значыць, Аліна проста не выйдзе на другое дэфіле... Дый не бойся за Сініцу. Усё яна нармальна прыме. Лепш падумай, як нам палаўчэй звесці яе з нашым пратэжэ...
— Дарэчы, ты яго бачыла дзе-небудзь?
— Ёкарныкампот... Вось зараз на яго гляджу, — змрочна сказала Сняжана, узіраючыся ўглыб калідора, адкуль на «біржу» прыбывалі апошнія выпускнікі. — Але табе глядзець не рэкамендую.
Галюня павярнулася і завохкала, схапіўшыся за сэрца.
— Можна вывезці пацана з раёна, але раён з пацана... — рэзюмавала Снежка і адвярнулася.
Вася стаяў на іншым канцы калідора ў атачэнні хлопцаў «Д» класа. Яны гучна перамаўляліся і рагаталі. Васілеўскага было не пазнаць. Шэры гарнітур у рубчык сядзеў на ім як уліты. Валасы былі ахайна падстрыжаныя і зачасаныя набок. 3-пад калашын нагавіцаў (акурат такой даўжыні, як патрэбна ў прыстойным таварыстве) выглядалі ідэальныя чорныя чаравікі, якія проста ззялі чысцінёй і стылем. Калі Васілеўскі варушыў нагою, паказвалася цёмна-сіняя шкарпэтка, якая тон у тон супадала з колерам палосак на ядвабным шэрым гальштуку, завязаным у бездакорны вузел.
Гэта быў бы іншы чалавек, калі б не адно але. Пад свой нятанны гарнітур, што так пасаваў яму, падкрэсліваючы, які ён насамрэч высокі і плячысты, Васілеўскі начапіў кашулю ў чырвоныя, зялёныя і сінія краткі. Ядвабны гальштук — Снежка забіла паўгадзіны, выбіраючы яго ў ЦУМе — выглядаў на стракатай бавоўне, як свежазлоўленая акіянская рыбіна на кухоннай цыраце.
— Я вось не разумею, — сказала Снежка, — ты яму прачытала цэлую лекцыю пра чаравікі і шкарпэткі і забыла патлумачыць, што кашуля мусіць быць белай? Ці хоць бы аднатоннай?
— Мне і да галавы не прыйшло, што ён такое адмочыць, — закаціла вочы Галя. — Я яму толькі сказала, што рукавы трэба доўгія.
— Анягож, рукавы доўгія, — зноў павярнула галаву Снежка.
У гэты момант дзверы актавай залы расчыніліся і загучала музыка. «Біржа» замітусілася.
— Ну, з богам! — сказаў Васілеўскі, падышоўшы да дзяўчат і абняўшы іх за плечы.
— I праўда што з богам, — прамармытала Снежка. — Бо без яго сёння — ніяк.
— Што? Я не расчуў.
— Цудоўна выглядаеш, Лёшачка.
Так пачаўся маленькі чорны выпускны Соні Сінічкі.
XXX
— ...Напрыканцы я хачу сказаць не ад імя ўсіх выпускнікоў а ад сябе асабіста. Я паступіў у 234-ю школу, бо лянівы, — лёгкі смех у зале. — Я не хацеў ездзіць у цэнтр горада ў ліцэй ці гімназію, модныя ў нашых мам і татаў тры гады таму. Я прыйшоў сюды — і ні разу не пашкадаваў. У звычайнай, як тады здавалася, школе я сустрэў крутых настаўнікаў і не менш крутых аднакласнікаў, з якімі цікава было вучыцца і — чаго там хаваць — спаборнічаць. Так я і праспаборнічаў з вамі тры гады. Я думаў, што тры гады — замалы час, каб адкрыцца людзям. Навошта гэта рабіць, калі жыццё ўсё адно раскідае па зямлі? Але нядаўна адна... адзін разумны чалавек падказаў мне нечаканую думку: развітваючыся, мы не страчваем — мы набываем. Свайго чалавека ў Іерусаліме, знаёмага нобелеўскага лаўрэата па фізіцы... Блат у паліклініцы, урэшце... (рогат). Дзякуй, сябры! У апошнія тыдні школы я змог пабачыць у вас нешта большае за канкурэнтаў — я пабачыў у вас сёстраў і братоў — і вельмі даражу гэтым пачуццём. Нас зрадніла школа — і гэта ўжо назаўжды. Мы — стартавы капітал адно аднаго. Дык парупімся ж, каб з гадамі ён толькі павялічваўся...