Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
Соня аўтаматычна апранулася, пакідала ў заплечнік нейкія падручнікі і сшыткі і, не паснедаўшы, выйшла з дому. Толькі пасярод казачнага лесу яна зразумела, што не хоча ў школу.
Яе сямнаццаты дзень народзінаў, які яна адзначыла ўчора, быў самым змрочным днём народзінаў у ейным жыцці.
Дваццаць дзявятага сакавіка пачалося на Верасовай яшчэ ў той атмасферы. Зранку, калі старэйшыя Статкевічы прачнуліся апоўдні пасля цяжкай дарогі, выявілася, што Максім забарыкадаваўся ў пакоі і не рэагуе на сістэмныя запыты. Вадзік, які выпаўз на кухню паласавацца прывезеным з Барселоны хамонам, ужо не змог туды вярнуцца. Замест таго каб рыхтаваць святочны абед, мама Юля рыдала, прыгаршчамі піла валяр’янку і благала тату Віцю, каб той пагаварыў з сынам. Але старэйшы Статкевіч, утыкнуўшыся ў працу, рабіў выгляд, што нічога не адбываецца.
А пятай гадзіне, калі мама Юля, наплакаўшыся, сядзела ў фатэлі з мокрым ручніком на лбе, са сходаў пачуліся крокі.
Максім, апрануты на выхад і з заплечнікам за спінай, спускаўся ўніз, несучы ў руках новыя красоўкі.
— Ты куды?!! — падскочыла мама Юля.
— Гуляць з сябрамі, — адказаў хлопец.
— 3 якімі яшчэ сябрамі? Хто табе дазваляў?!!
— He твая справа!
— Як ты размаўляеш з маці? Віця, скажы яму! Віця!
Зноў зарыдаўшы, жанчына кінулася на другі паверх.
— Каб а дзясятай быў дома! Інакш не ведаю, што табе зраблю!!! — крыкнула яна са сходаў і, мяркуючы па грукаце дзвярэй, схавалася ў спальні.
Максім выйшаў з дому. Тата Віця панура паглядзеў яму ўслед, але не прамовіў ні слова, адно клацаў клавішамі камп’ютара.
Соні таксама трэба было збірацца. Яна сяк-так апранулася, сяк-так нафарбавалася і паехала ў боўлінг-клуб «Кегля», дзе мелася адзначыць свае народзіны з дзяўчатамі і Васем.
Усё прайшло даволі звычайна. Супольны падарунак ад Галі і Снежкі, піца, кола, апошнія плёткі. Потым прыехаў Вася, падарыў Соні букет руж і падбадзёрыў дзяўчат згуляць пару партый на кеглях.
Пасля імпрэзы Вася паехаў адганяць у гараж свайго ненагляднага «Самурая», Снежка хуценька развіталася і выправілася начаваць да таты, а Галя і Соня паехалі дадому на тралейбусе.
Галя ехала да канцавой, а Соня выйшла каля царквы, тамсама, куды яе надоечы падвозіў Вася. На прыпынку, абняўшыся, стаялі Лена Канькова з Ванем Каланіцкім і пра штосьці жарсна шапталіся.
Каханне і так зрабіла Ваню і Лену падобнымі адно да аднаго, але, відаць, яны пастанавілі давесці падабенства да абсалюту. Доўгія валасы ў абаіх цяпер былі заплеценыя ў дрэды і завязаныя ззаду ў пышныя хвосцікі. Соня павіталася з парачкай і, усміхнуўшыся, павадзіла рукамі вакол сваёй галавы.
— Калі адрастуць — пажэнімся! — весела сказала Лена, матлянуўшы касматым хвастом.
— Дзірык вас раней налыса пастрыжэ, — скептычна сказала Соня.
— He пастрыжэ, — засмяяўся Ваня. — Пераможцаў алімпіяды свету па фізіцы не стрыгуць. Мы ўзялі залаты медаль у Осла. Лабановіч нам за такое гэтыя дрэды да самага выпускнога падплятаць будзе.
— Што, праўда? — узрадавалася Соня. — Вы ездзілі ў Нарвегію?
— Так. Акурат адзначалі гэта, — сказаў Ваня. — Але ты, мусіць, у курсе. 3 намі ж быў Максім.
— Чаму я мушу быць у курсе? — адвяла Соня вочы ў бок. — Ён мне не дакладваецца.
— Мы даведаліся, што Ротмістрава выйграла «рэспу» па рускай мове, і прапанавалі ёй разам адзначыць, — патлумачыла Лена. — У апошні момант да нас далучыўся Максім, які ў Полацку ўзяў першы дыплом па інглішы. Яго Машка запрасіла.
— Праўда? I куды вы хадзілі? — спыталася Соня як мага больш абыякава.
— У боўлінг.
— Цікавае супадзенне. Я таксама зараз з боўлінга. Дзень народзінаў адзначала, — сказала Соня.
— О так, хацела спытацца, адкуль букет. Віншую! — зычліва сказала Лена. — А маглі сустрэцца. Мы таксама спярша ў «Кеглю» збіраліся, Ротмістрава нават дарожку там замовіла. Але Максім усё перайграў, і мы сустракаліся ў «Біг Лебоўскі». Гэта ве-е-ельмі пантастае месца тут, на Цнянцы, пры тэнісным корце. I школьнікаў туды як бы не пускаюць, але Максім там усіх ведае. I ён за ўсё заплаціў, бо ў яго сёння дзень народзінаў... О, Соня, у вас што, у адзін дзень народзіны? Вось дзе супадзенне! Мы толькі адтуль. Нагуляліся так, што будзь здаровы... А Максім і Машка яшчэ на нейкі
рок-канцэрт паехалі, у Ротмістравай музыкі знаёмыя, яна хацела Статкевічу аддзячыць за вечар. I нас запрашала, але мы па сваёй праграме, а яны...
Пакуль Канькова гаварыла, яны з Каланіцкім не размыкалі абдымкаў і ў нейкі момант хлопец далікатна пачаў пляскаць яе па спіне, маўляў, годзе, ты што, не бачыш? На Соню, мусіць, страшна было глядзець. Букет белых руж матляўся ў апушчанай руцэ і падмятаў прыпынак, вочы вылупленыя. Каля горла стаяў такі знаёмы даўкі камок. Вусны перасохлі.
У Каланіцкага завібраваў мабільнік.
— Таксоўка! — ажывіўся ён.
Хуценька развітаўшыся, закаханыя пабеглі цераз дарогу, туды, дзе спынілася машына.
Соня панура паплялася ў «лялечны дом». Яна прыспела яго такім жа маркотным, як і ўдзень, калі сыходзіла.
У яе не было наўпроставых доказаў, але яна пачувалася так, нібы Ротмістрава скрала ейны дзень народзінаў. Падслухала тады на прыпынку, калі бачыла іх з Васем, што яны збіраюцца ў боўлінг, і арганізавала ўсё тое самае. I нават хацела заявіцца ў той жа клуб з крутой кампаніяй. I з Максімам. Вядома, усё гэта гучала як поўнае трызненне, але Соня праклінала ўсё на свеце: паездку з Васем, шпіёнку Ротмістраву, дурны татаў план і архітэктурную гіперактыўнасць мамы Юлі... Але, калі разабрацца, вінаватых не было. У выніку заставалася шкадаваць сябе. Чым Соня і занялася — з усім мазахізмам, на які была здатная.
Максім вярнуўся дадому адразу пасля поўначы. Яна пачула грукат дзвярэй і хрыплы ад слёз голас мамы Юлі на калідоры.
ххх
Панурая і маркотная, Соня збочыла са сцежкі, якая вяла ў школу, у бок універсама, дзе папіла нашча распушчальнай
кавы ў кафетэрыі. Ператрывала сутаргі ў страўніку, які даўно не зазнаваў кантакту з гэткай гадасцю, і пайшла далей. Перайшла дарогу, занурыўшыся ў такі знаёмы шэры лес дзевяціпавярховікаў...
Ногі самі вялі яе да інтэрната, у якім яны з бацькам пражылі шмат гадоў перад тым, як усё змянілася. Знаёмыя расхлябаныя дарожкі з выбоінамі, поўнымі мутнай вясновай жыжы. Газоны, з якіх злез снег, агаліўшы смецце і сабачыя какашкі. Імжа.
Соня ведала, куды ідзе. Пасля ўсяго перажытага ёй раптам захацелася на канапу ў пакойчыку Надзеі Барысаўны. Папіць гарбаты з зефірам. Проста пасядзець памаўчаць. А можа, і паплакаць. Расказаць пра ўсё, што адбылося за апошнія месяцы. I пра ўсё, чаго так і не адбылося.
Сваёй сяброўкі-бібліятэкаркі Соня не бачыла шмат месяцаў. Яна дакарала сябе, што не развіталася з ёю. Але выправіцца ніколі не позна. Цётухна, мусіць, узрадуецца, убачыўшы яе...
Перад абклееным абвесткамі пад’ездам інтэрната яна прыкмеціла іншую знаёмую постаць.
— Вера Аркадзеўна! — радасна дагнала яна колішнюю суседку з паверха. — Як вы? Вам дапамагчы?
— Сонька, ты? — ахнула бабулька, паставіўшы торбы з пакупкамі на лаўку. — Нізашто не пазнала б... Як ты вырасла! I папрыгажэла... Ну дзеўка... У госці прыйшла ці як?
— У госці... Да Надзеі Барысаўны, — кіўнула Соня.
— Да Надзенькі? — узмахнула рукамі Вера Аркадзеўна. — Гэх... Спазнілася ты, Сонька.
— Яна што?..
— Ды не. Усё з ёй добра, цьху-цьху-цьху. З’ехала яна. 3 інтэрната і з Беларусі.
— Куды? На Урал? — агаломшана спыталася Соня. Яна цьмяна прыгадала, што Надзея Барысаўна перыядычна дасылала лісты ў праграму «Чакай мяне», спрабуючы адшукаць свайго вайскоўца.
— На які яшчэ Урал? У Берлін! Унук у яе ў Нямеччыне нарадзіўся! Дык сын яе туды і перавёз. Як толькі вы пераехалі, ён з’явіўся, пачалі дакументы афармляць. А пасля Новага года яна і выселілася.
— Вось яно што... А як жа кнігі?
— Ай... 3 кнігамі такая катавасія была... Яна іх іпа бібліятэках раздавала, і ў букініст цягала... I па людзях дарыць спрабавала, дык ніхто не браў тую макулатуру. Вой! — стукнула сябе па лбе Вера Аркадзеўна. — Яна ж табе цэлую скрынку пакінула. Збор твораў нейкі. Пісьменніка Дзікава. Ведаеш такога?
— Можа, Дыкенса?
— Мо і Дзікенса. Скрынка ў ейным калідорчыку месяц стаяла. Але ж вы як з’ехалі, нікому сваіх тэлефонаў не пакінулі... Усе ж прызвычаіліся, што вось вы тутачка, насупраць — а як выселіліся, то і канцы ў ваду... Надзенька очынна прасіла цябе знайсці.
-— Дык дзе тыя кнігі? — сказала Соня дрыжачым голасам. — Я б забрала.
— Няма іх ужо, — сумна паківала галавой пенсіянерка. — У Надзеньчын пакойчык маладая сям’я засялілася — і адразу ўсё на сметнік. Я калі пабачыла, таго Дзікава ўжо і снегам замачыла, і абы-што там было — каша з паперы. Так іх, мусіць, камунальнікі і вывезлі... Ну а ты, Соня, можа, зойдзеш? Адведаеш нашых? Я аладак зраблю.
— He, дзякуй, — панура сказала дзяўчына. — Мне ў школу пара.
— Але ж як Надзенька шкадавала, што не змагла з табой развітацца... Так шкадавала...
Усё-ткі часам бывае надта позна.
У Соні зашчаміла сэрца ад таго, што так атрымалася з Дыкенсам. Ад таго, што суседзі не змаглі іх адшукаць. Ад таго, што цяпер ужо наўрад ці давядзецца пабачыцца з той, хто зрабіла ёй столькі добрага. 3 іншага боку, цяпер
Надзея Барысаўна не такая самотная — яна побач з сынам і маленькім унукам. Так што ўсё да лепшага.
Соня ўскінула галаву. Валасы адрослага карэ заказыталі падбароддзе. Апошняга яе схову больш не існуе. Зона камфорту беспаваротна знішчаная. I гэта знак, што не варта хавацца. Што б яе ні напаткала, трэба прыняць гэта з адкрытым забралам.
Тэлефон запілікаў. Паведамленне з паштовай скрынкі: Соні прыйшло ажно два мэйлы. Вельмі дзіўна — мэйлам дзяўчына карысталася хіба для таго, каб лагініцца ў «кантакцік». Заінтрыгаваная, яна загрузіла пошту...
Там былі лісты з вынікамі спробнага НЦТ. Соня села на лавачку і стала выводзіць на экран ведамасці. Інгліш. Чорт! Яна не разлічвала на завоблачны бал, але лічба, якую яна пабачыла, яе проста забіла. Два месяцы зубрэння — і пшык. Руская мова. Тут палепей, але ж...
Ясна як дзень: у лінгвістычны на бюджэт Соня ніколі не паступіць.
Што ж, і гэта трэба прыняць. Трэба ўвогуле прымаць жыццё такім, як яно ёсць, а не праз ружовыя акуляры.
Добра знаёмай сцежкай Соня выправілася ў школу.
ххх
— Здарова, Сініца! Ты адкуль тут?