• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    ххх
    Назад ехалі даўжэй, затое без экстрыму. Вася прызнаў, што выехаць на кальцавую паспяшаўся, да таго ж язда без шаломаў — гэта не справа, таму вярталіся па горадзе, прычым збольшага — уздоўж каналаў, па сцежках і алеях, пужаючы бабулек з сабачкамі і цётачак з дзіцячымі вазкамі. Вася старанна аб’язджаў лужыны, каб не заляпаць Соніну куртачку.
    Адным словам, Соня ўшчэнт занудзілася. Рукі задубелі без пальчатак, нос і шчокі абветрыліся. Згадаўшы пра жахлівы асфальт на Цнянцы, Соня паторгала Васю за куртку.
    — Чаго ты? — спытаўся той, спыніўшыся.
    — Высадзі мяне каля царквы. Я пешкі дайду.
    — Ды ладна, давай да канца давязу.
    — He трэба, высадзі тут.
    Паціснуўшы плячыма, Вася накіраваў «Самурая» да прыпынку каля царквы. На святлафоры з’ехаў на дарогу і загальмаваў каля бардзюра. Соня саскочыла на ходнік і крыху замарудзіла, сцягваючы са спіны Васеў заплечнік.
    — Лёша... Дзякуй табе, — сказала яна правільныя ў гэтай сітуацыі словы. — Было вельмі здорава з табой ездзіць. Ma­nefl — адпад. Ведаеш... Ты — мой найлепшы сябар сярод хлопцаў. I я люблю цябе як брата!
    — Без балды? — заззяў Васілеўскі.
    — Ага, без балды... Ведаеш што? Прыходзь заўтра на мой «дээн». У «Кеглю». А сёмай, — сказала Соня і хуценька чмокнула Васю ў няголеную шчаку.
    Сам не свой ад шчасця, хлопец даў па газах і, здаецца, парушыў нейкае правіла, бо на яго забібікалі адразу дзве машыны.
    Але Соню гэта ўжо не хвалявала. Яна мелася забыцца пра Васева існаванне, як толькі ён ад’едзе ад яе на сто метраў...
    — Я вось не разумею: а другі табе навошта?
    Соня павярнула галаву на голас. Крыху ўбаку ад прыпынку на ходніку стаяла Ротмістрава. Адна з яе фірмовых доўгіх спадніц, спадаючы на ярка-зялёныя боты, вытыркалася з-пад палітончыка такога хіпоўскага крою, што, здавалася, яно трымаецца на ўладальніцы з дапамогай усяго аднаго гузіка. На руках у Машы былі стракатыя непальскія рукавічкі, на галаве — такая ж шапачка. За плячыма — здаровы квадратны заплечнік з чорнага брызенту.
    3 усёй гэтай нефармальнай раскошай слаба стасавалася клятчастая чаўночная торба, якую Ротмістрава раз’юшана спрабавала зашпіліць. Торба была набіткаваная таўсценнымі кнігамі, таму маланка не слухалася. Паваліў мокры снег і верхнія фаліянты пачало прыцярушваць. Урэшце Ротмістрава рэзка скінула з сябе заплечнік, паставіўшы яго на прарэх у торбе.
    — Навошта табе двое? — паўтарыла яна пытанне. — Гэта ў нізкапрыматыўных істот пытанне прэстыжу ці як? I рыбку з’есці, і на паравозіку пакатацца?
    — Маша, я не разумею, чаго ты ад мяне цяпер хочаш, — сказала Соня агаломшана. — Што я табе зрабіла?
    — Ды нічога, — паціснула плячыма «ашка». — Проста цікава назіраць за тваімі павадкамі.
    Тут да прыпынку пад’ехаў масіўны джып, і высокі мужчына, які з яго выйшаў, ухапіў торбы і пацягнуў да багажніка. Соня развярнулася і пайшла на святлафор. «Раўнуе. Адназначна раўнуе да Статкевіча», — задаволена канстатавала яна, збягаючы па сходах у нетры цнянскага парку.
    ххх
    Што, Ротмістрава, абломчык выйшаў? Як ты там сказала? «Нізкапрымітыўныя істоты»? Можа, ты ўся з сябе высокая
    і непрымітыўная, але «кіндл» — у Соні! I зусім хутка яна даведаецца, чым скончыцца гісторыя Томэка Вільмоўскага, а потым верне дэвайс Максіму. Яна ўжо запампавала туды «Quo Vadis», як ён і прасіў.
    А потым Соня падорыць яму падарунак на іх агульны Дзень нараджэння. Яна яшчэ не вырашыла, як усё абставіць: зранку вярнуць «кіндл» і адразу падарыць падарунак, ці толькі вярнуць «кіндл», а падарунак — за святочным абедам з торцікам і барселонскімі фоткамі, як абяцала мама Юля. Але падарунак яна ўжо купіла, і гэта — кніга па найноўшай гісторыі, якую так любіць Максім.
    Каля вялізнага каменя з надпісам «Беражыся кляшча!» Соня збочыла ў лес. Тут — для далучаных — бегла ледзь прыкметная вузкая сцежка, якую пратапталі Статкевічы з суседзямі. Тры хвіліны напрасткі — і Соня ў «лялечным доме». У Краіне Фараонаў. У Даліне Цароў. У Космасе. У нірване.
    Зараз яна вернецца дадому і сустрэне маму Юлю, а заўтра яны ўсе адсвяткуюць Сонін і Максімаў Ідэальны Дзень Нараджэння.
    Хочаш насмяшыць бога — раскажы яму пра свае планы. Шаснаццацігадовым недаступная гэтая простая жыццёвая мудрасць. Яна адкрываецца толькі сямнаццацігадовым.
    Раздзел IX
    НАЧНОЕ КАПУЧЫНА
    Соня прачнулася а гадзіне ночы і зразумела, што да раніцы не засне. Вечаровы сон — самы салодкі з усіх, якія дораць нам біярытмы. I, як і за ўсё салодкае, арганізму даводзіцца за яго расплачвацца. Кнігу яна дачытала, так што заняцца не было чым. Намацаўшы нагамі тапачкі, дзяўчына вырашыла схадзіць у купальню, а потым усё-ткі паспрабаваць заснуць. Заўтра — дакладней, сёння — насычаны дзень, і варта правесці яго без цёмных мяшкоў пад вачыма.
    Усё пайшло не па графіку яшчэ звечара. Замест прывітальнай вячэры са Статкевічамі яна займела шквал эсэмэсак ад мамы Юлі. Яшчэ перад абедам тая спавясціла Соню, што яны шчасліва прызямліліся ў Вільні і ўжо стаяць у чарзе на літоўскай мяжы і, з усяго відаць, а пятай будуць дома. Чарга, аднак, слаба рухалася — кожную гадзіну мама Юля дасылала зводку: «Будзем а шостай... сёмай... восьмай... Мінулі літоўцаў», але ў выніку ад няма чаго рабіць стала страчыць мікрарэпартажы з жыцця КПП «Катлоўка» кшталту: «Танчым на нейтральнай паласе полечку са студэнтамі ЕГУ».
    «Будзем позна. Вячэрай без нас! Да заўтра ;)» — нарэшце напісала яна, калі ў Мінску была сёмая вечара. Але Соня і так ужо хапанула з духоўкі мяса па-французску — каронную страву таты. Пасля вячэры яна і заснула.
    Яна выслізнула з пакоя. У доме было ціха, але гара валізак і каляровых пакетаў у калідоры падказвала: Статкевічы дабраліся дадому і так стаміліся, што, не распакаваўшыся, паваліліся спаць. Стараючыся не шоргаць тапкамі па падлозе, яна пацягнулася ў купальню.
    .. .Калі Соня зноў адчыніла дзверы купальні, то абамлела: на калідоры з рукамі ў кішэнях мяккіх трэнікаў і беласнежнай футболцы стаяў Максім. Пабачыўшы яе, ён здзіўлена прыўзняў бровы і прысвіснуў.
    — Ты вярнуўся? — ускрыкнула Соня, але тут жа заціснула сабе вусны далонню, каб не пабудзіць усяго дому.
    — А дзе сланы? Пайшлі на вадапой?
    Соня агледзела сябе і войкнула. Яна стаяла на калідоры, у чым заснула — кароткіх шортах у абліпку і паласатай саколцы. Максім фыркнуў і зайшоў у купальню.
    Калі ён прыехаў? Соня ламанулася ў свой ружовы пакойчык і, натыкаючыся ў цемры на мэблю, намацала каля падушкі «кіндл». Пашнарыла па падаконні, шукаючы дрот. Праз хвіліну яна ўжо пільнавала каля дзвярэй хлапечага пакою.
    — Трымай. Дзякуй вялікі, — працягнула яна «кіндл» гаспадару, калі той параўняўся з ёй на калідоры.
    — Прачытала ўсяго Томэка? I як табе? — лагодна спытаўся Максім, забіраючы кніжку.
    — Ух! — закаціла вочы Соня. — Космас... А, я там табе «Quo Vadis» запампавала.
    — Дзякуй, пачытаю, — кіўнуў галавой хлопец. — I Томэка таксама. Калі шчыра, мне ніколі не прыходзіла да галавы, што тамоў ажно дзевяць.
    — Калі ты вярнуўся? Ты ж мусіў быць толькі зранку, на цягніку...
    — Пару гадзін таму, амаль адначасова з нашымі. Знаёмыя ехалі ў Мінск на машыне, падвезлі. А ты не чула хіба, як мы валізы цягалі?
    — Не-а. Я моцна спала... А што алімпіяда? Ты, вядома ж, усіх перамог? — хітра прымружыла вока Соня.
    — A то. Аж няёмка. Ніякай інтрыгі.
    — Крута! Віншую!
    Тут бы ім раскланяцца і разысціся па пакоях, але Соні чамусьці здалося, што Максім не спяшаецца сыходзіць... Яна вельмі павольна павярнулася да сваіх дзвярэй, ліхаманкава думаючы, пра што б яшчэ ў яго спытацца. Але ён загаварыў першы.
    — Дарэчы, пра віншаванні. 3 днём народзінаў цябе! I, прынагодна, мяне. Ужо можна.
    — Аёй! I праўда! — схамянулася Соня. — Стой тут!
    I яна зноў ламанулася ў свой пакойчык і зноў, спатыкаючыся і набіваючы гузакі, пачала абмацваць усе паверхні, пакуль не кранулася шурпатага пакета на туалетным століку.
    — Гэта табе! — выскачыла яна з пакоя, як зязюля з гадзінніка. — Яна вельмі баялася, што Максім усё-ткі сышоў, хоць яе не было нейкіх секунд пятнаццаць.
    — Дзякуй, — здзіўлена прамовіў Максім. — «Лі Харві Освальд у Мінску»? А, я чытаў электронны варыянт, — дадаў ён, зазірнуўшы ў пакет. — Але ўсё адно дзякуй. А мне табе няма чаго падарыць... Зрэшты... — і тут Максім таямніча ёй усміхнуўся. — Хадзем кавы зраблю.
    — Ты што! — жахнулася Соня на словах, хоць сэрца ў яе шалёна закалацілася ад эйфарыі без усялякай кавы. — Палова на другую ж!
    — А калі гэта нас спыняла? — і Максім па-змоўніцку пстрыкнуў пальцам па носе Освальда на вокладцы кнігі.
    — Але твая мама...
    — Калі ты не будзеш так крычаць, яна не прачнецца і не заўважыць.
    Максім акуратна паклаў Сонін падарунак на шкляны столік каля канапы і, стараючыся не шамацець пакетамі, што прывезлі бацькі, выцягнуў бляшанку «Лаваццы».
    XXX
    На Восьмае сакавіка мама Юля падарыла сабе прафесійную кава-машыну. To бок дарылі, згодна з паштоўкай, знойдзенай у фільтры, «верныя і адданыя мужчыны», але гаспадыня дому так спрытна падрыхтавала глебу, што ў таты Віці не заставалася выбару, апроч як раскашэліцца на гэты сучасны адпаведнік норкавага футра. Прынамсі, адпавядалі кошты. Соня як дачка рэстаратара прыкладна іх сабе ўяўляла. Таму яна абыходзіла наварочаны агрэгат вялікімі коламі, каб нават выпадкова не зачапіць яго, не кажучы пра тое, каб выцадзіць з яго якое эспрэса. Але Максім цягам нейкіх пяці хвілін смела раскачагарыў апарат — і неўзабаве яны сядзелі поруч за барнай стойкай над здаровымі кубкамі капучына з цынамонам.
    Сонін мозг адмаўляўся верыць рэшце цела: носу, які адчуваў пах італьянскай кавы, вуснам, белым ад салодкай малочнай пенкі, голай каленцы, якая, калі яе крыху зварушыць управа, краналася калашыны Максімавых мяккіх штаноў абуджаючы жвавых матылькоў у жываце. Ёй сямнаццаць гадоў. Яна сядзіць уночы на кухні з хлопцам сваёй мары, і яны вось проста так п’юць каву.
    Ціша была такой чароўнай, што здавалася блюзнерствам парушаць яе. Так магла прайсці вечнасць — а Соня не заўважыла б.
    Але ціша ўсё-ткі была парушаная — Максімавым голасам.
    — Я не ведаю, — сказаў ён.
    — Чаго? — не зразумела Соня.
    — Ты неяк пыталася, кім я хачу стаць. Дык вось, я не ведаю кім.
    — Чаму ты цяпер пра гэта?
    — Ды так. Згадалася. У нас з табой няшмат агульных тэм... Вось ты, — працягваў Максім, уперыўшыся ў чорны экран тэлевізара перад сабою, — як ты вызначыла, што хочаш стаць настаўніцай англійскай?