Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
XXX
Нарэшце можна было вярнуцца ў пакой і дачытаць кнігу. Соня ўзняла ноўтбук з ложка, каб пераставіць яго на туалетны столік, але той прабудзіўся, і ў браўзеры зацвіркалі новыя паведамленні.
Першым акенцам быў іх чацік з Галяй і Снежкай. Дзяўчаты ўжо трэці дзень абмяркоўвалі заўтрашні «дзень народзінаў» Соні. Яна запрасіла ўсю маленькую кампанію ў боўлінг. Ніхто з іх раней у кеглі не гуляў, таму запрашэнне сяброўкі прынялі з імпэтам. Пра ўсё ўжо было дамоўлена, таму ў чаціку ўсплыла ўсяго толькі пара нязначных рэплік і гара смайлаў. Раней Соня ўпотай сумавала, што ейнае свята вечна прыпадае на вакацыі і ў класе ніхто не віншуе. Але цяпер, калі ў яе з’явіліся блізкія сяброўкі, гэта стала неістотна. Затое можна святкаваць строга ў свой дзень, не пераносячы на выхадныя.
Другое акенца было ад Крысціны Віткевіч.
«Прывет», — прачытала Соня.
Вышэй у тым жа чаціку былі яшчэ словы «хаюшкіх», «вітаю», «вітанкі», «прывітосікі» — так, нібы Віткевіч выконвала моўны практыкум «Прыдумайце сінонімы да слова ,,прывітанне“».
Яна ўжо амаль тыдзень прабівалася да Соні ў прыват, але тая яе ігнаравала. Як можна было размаўляць з Віткевіч пасля таго, што «ашка» ўчыніла ў Кіеве?
Але сёння Соня была добрая і мела настрой крыху пачаціцца, няхай і з Віткевіч.
«Вой, прывітанне. He бачыла тваіх месаг».
Чацік тут жа піпікнуў адказам:
«Як справы?»
«Справы супер! — напісала Соня чыстую праўду. — А ты як?»
«Норм».
Неверагодна змястоўная размова. Соня ўжо хацела закрыць ноўт, але наступная месага прымусіла яе адпусціць палоўку з маніторам і ўперыцца ў літары:
«Сінічка, слухай, я табе пра Ротмістраву раскажу».
«3 чаго раптам?» — адпісала Соня, вытрымаўшы, для саліднасці, паўзу секунд трыццаць.
Сказаць, што яна была заінтрыгаваная, — гэта нічога не сказаць. I тым больш яе агаломшыў адказ:
«Гэта наконт Статкевіча».
«Мне пофіг, — пачала пісаць Соня, але потым знішчыла і адправіла: — Давай. Што там пра іх?»
«Карацей, Віка Крылова сустракаецца з Маркам Бергерам».
Віткевіч заўсёды была трындзёлкай і ніколі не пераходзіла да сутнасці, пакуль не выдавала ўсяго, што ведала.
«Ну», — стымулявала яе Соня.
«Яны паўсюль ходзяць разам, і вось у пятніцу перад вакацыямі...»
Віткевіч набірала і скідвала ў чат па кавалачку. Соня чакала, пакуль тая выкладзе ўсю гісторыю.
«...яны стаялі на калідоры: Залескі, Статкевіч, Бергер і яна».
«I тут падгрэбла Ротмістрава».
«I, такая, кажа, Максім, ты прынёс мне кіндл?»
«А ён зрабіў такія круглыя вочы і кажа, які кіндл?»
«А яна, ты мне ў панядзелак абяцаў, што пазычыш на алімпіяду».
«А Статкевіч, такі, вой, даруй, ты не нагадала, я думаў, не трэба ўжо...»
«А яна, ты ж ніколі нічога не забываеш...»
«А ён, ну, вось, забываю, я забыў і пазычыў іншаму чалавеку».
У Соні ёкнула сэрца.
«А яна, ну, вось, ты мяне падвёў, я хацела даведнікі загрузіць, цяпер іх з сабой цягнуць...»
«А ён, ну, даруй».
«I што яна?» — не вытрымала Сінічка.
«Павярнулася і сышла».
«Цудоўная гісторыя, — напісала Соня, вычакаўшы з хвіліну, — але пры чым тут я?»
«Ну, ты ж з ім у адным доме жывеш. Вельмі трэба праверыць, ці ён сапраўды камусьці пазычыў. Можа, ты бачыла каму?»
«Мне:)»
«:))))))))))))) Я сур’ёзна. У нас з Вічкай версія, што ён нікому не пазычаў, а проста не хацеў даваць».
«Ну так... Ён з’ехаў, а ягоны кіндл у гасцёўні;)»
Ягоны «кіндл» ляжаў у Соні каля падушкі.
«:))))))). Выдатна. Так Ротмістравай і трэба. A то корчыць з сябе манашку тут...»
Перамыць костачкі саперніцы — што можа быць лепш для добрага настрою?
«Манашку?»
«Ага. Мы за ёй даўно назіраем. Ну вось якая карысць ад кіндла?..»
Соня магла напісаць доўгі адказ на гэтае рытарычнае пытанне, але абмежавалася кароткім:
«I не кажы».
«Мы думаем, Ротмістрава так да яго падкочвае».
«Ды ладна».
«Запала яна на яго, Сонька. Проста добра шыфруецца. Маўляў, я не такая, чакаю трамвая...»
Тут Соня, сёе-тое прыгадаўшы, пстрыкнула па акенцы чату з Галяй і Снежкай і прагарнула яго назад.
Апошняя доўгая размова ў дзяўчат была ўчора позна вечарам, і недзе ў яе сярэдзіне Соня перачытала такое:
Галя: «Вой, мне Ротмістрава эсэмэс даслала. У яе другое месца на алімпіядзе! I дыплом першай ступені!»
Снежка: «I мне!»
Галя: «Прыкольна! Трэ з ёй у пн адзначыць!»
Соня: «Кхе... кхе... Нічога, што я тут стаю?»
Снежка: «Сініца, ты што, раўнуеш? :))))»
Соня: «Яшчэ чаго».
Галя: «Дарэчы, што ты ёй зрабіла?»
Соня: «Я????? Ёй??????»
Галя: «Я да яе перад яе ад’ездам у Мазыр забягала, сказала, што мы ў пт святкуем твой дн, а яна ўся перакрывілася і кажа: ох ужо гэта ваша Сінічка...»
Соня: «Нічога я ёй не зрабіла. Я з ёй месяц не размаўляла. Дасталі вы ўжо са сваёй Ротмістравай. Ротмістрава тое, Ротмістрава сеё... :(«
Снежка: «Галюнь, праехалі...»
Ротмістрава ж халерна разумная дзеўка. Няўжо яна вылічыла ўсё пра «кіндл»? I таму ў яе алергія на Соню?
Чацік з Віткевіч настойліва цвіркаў.
«Сінічка?.. Ты тутака?... Гэй?»
«Ага...» — адпісала Соня.
«Давай пра Крылову і Бергера раскажу».
Віткевічына бессаромнасць не лезла ні ў якія вароты. Калі найлепшая сяброўка закахалася і не мае на цябе часу, значыць, можна пляткарыць пра яе налева і направа. Нават з тымі, хто мае поўнае права паслаць цябе за ўсё «добрае», што ты ім зрабіла... У Соні зноў ускалыхнулася крыўда за Кіеў. Вельмі хацелася высветліць стасункі з Віткевіч проста цяпер, але тая не пакідала суразмоўцы ніякага шанцу:
«Карацей, ёй жа брэкеты паставілі...» — пачала яна, не дачакаўшыся Сонінай рэакцыі.
«У яе і так фізія сістэмы „мама мія“, а тут яшчэ і такое».
«Яна была ў поўным аўце, ціпа, асабістае жыццё скончылася. Ціпа яно ў яе пачыналася :)))»
«I тут, прыкінь, прыходзіць яна ў клас, шапялявіць, рота раскрыць баіцца, а тут падлятае Бергер і пачынае ўнаглую КЛЕІЦЬ».
«Кажа, у маёй стрыечнай былі бр., і яна практыкавалася са мной цалавацца, давай навучу».
«Ну, яна яму фізрой па задніцы».
«А праз два дні здалася і пайшла вучыцца».
«Кажа, яна яму даўно падабалася, але ён не ведаў, як падкаціць».
«А тут падабраў... параненую казулю на вадапоі... Хехе».
Ну і гадаўка ж гэтая Крысціна... Калі ўжо ладзіць конкурс прыгажосці паміж ёй і Крыловай, то прышчавая Віткевіч атрымала б тытул віцэ-міс з вялікім адрывам ад першага месца.
Між тым чацік не супакойваўся:
«А ты ведаеш, як з брэкетамі цалуюцца?.. Гэй, ты тут?..»
«Карацей, цалуюцца як звычайна, толькі павольней, таму пацалунак вельмі пяшчотны... Гы, прыкольна».
Соня з агідай згарнула браўзер. Паставіла комп пад крэсла, села на ложку і надзьмулася. «Як звычайна». Маўляў усе такія крутыя і ведаюць, як цалавацца «звычайна». Вось Соня, напрыклад, ніколі не цалавалася і не ведае, як гэта — «звычайна». Ну іх.
Затое яна даведалася, што Максім — Максім! — выкінуў з галавы, нібыта камусьці ўжо абяцаў «кіндл» і сам прапанаваў яго Соні.
Ён ніколі б так не зрабіў, калі б яму падабалася Ротмістрава.
Ці значыць гэта, што яму падабаецца Соня?
Сінічка адкінулася на падушку і, уключыўшы электронную кнігу, узялася чытаць.
He паспела яна, аднак, прагарнуць і дзесяці старонак, як завібравала эсэмэска:
«5 хв. Апранайся — вецер!»
Чорт! Чорт! Чорт!!! Дзіравая галава!!!
XXX
Вася ўчора цэлы дзень даставаў яе праз тэлефон, запрашаў пагуляць. Яна пагадзілася, каб адчапіцца, — і тут жа забылася, бо Вася адарваў яе ад чытанкі. Яна была глыбока ў Даліне Цароў разам з Салі і Томэкам — якія яшчэ шпацыры па Мінску? А Вася, ясна, прыцеляпаўся і цяпер ашываецца пад вокнамі.
Сінічка неахвотна паднялася з ложка і пацягнулася да шафы. Трэба будзе не падаць выгляду, што забылася. Як бы так палазіць гадзінку — і хуценька назад? Ох ужо гэты Вася...
Яна ўлезла ў джынсы, нацягнула белы швэдар, адкапала ў пакеце з учарашнім шопінгам «халодную» белую шапачку з люрэксам, абматляла каўнер швэдра такім жа шалікам, спусцілася ў вітальню, абулася і, накінуўшы прыталены чорны пухавічок — абноўку мінулага месяца — выскачыла на вуліцу.
Здаецца, зіма канчаткова адступіла. Сонца не было, пад дрэвамі на ўзлеску яшчэ ляжалі гурбы снегу, але ў твар ужо дзьмуў смачны вецер. Пахла вясною — ранняя вясна мае непаўторны водар. Невядома, з чаго ён складаецца, але адчуеш яго — і разумееш: маразы не вернуцца.
Соня азірнулася — Васі нідзе не было. Але тут яна пачула ягоны голас. Яна павярнула галаву да кучы жвіру, якую тата Віця купіў на пару з суседам, каб утрамбаваць пад’езд да дома, і пабачыла Васю...
ххх
На Васі была зацяганая бясформенная куртка і чорная шапачка, з-пад якой, як з-пад гаршка, вытыркаліся даўно нястрыжаныя патлы. За спіну быў закінуты заўсёдны стары заплечнік. Адным словам, гэта быў незайздросны кавалер.
Але ў момант, калі Соня пабачыла яго каля кучы жвіру, «аўтфіт» адышоў да другі план. Таму што Вася з гонарам «вассядаў» на навюткім беласнежным скутары.
Больш за тры гады Васілеўскі збіраў грошы ў круглую бляшаную скрынку з-пад печыва, каб нарэшце прыгнаць з мотасалона кітайскі скутар «Самурай» апошняй мадэлі.
Калі ў дванаццаць гадоў уладкаваўся на рынак у дзядзькаў павільён, ён проста не хацеў залежаць ад маці, трасучы ў яе грошы на марозіва і цыгарэты. Выявілася, аднак, што зарабляе ён болей, чым можа пракурыць і праесці. Таму калі яму споўнілася пятнаццаць, ён вырашыў, што назапашваць зялёныя паперкі проста так нецікава: яму патрэбная мэта. Ровар? Скейт? Смартфон? Камп’ютар? He. Гэта былі дзіцячыя і нейкія несалідныя мары. Аляксей Васілеўскі адразу замахнуўся на матацыкл.
Бо няма нічога круцейшага, чым рассякаць паміж машын на трасе, адчуваючы, як цябе ззаду пяшчотнымі абцужкамі абхопліваюць дзявочыя рукі. Намёртва сціскаючы тваю дыяфрагму — бо страшна, бо матацыкл ляціць на мяжы дазволенай хуткасці. Зрэшты, якая розніца, чаму яна абдымае цябе? Важны сам факт.
Што да ўладальніцы пяшчотных абцужкоў, варыянт адшукаўся хутка. Соня — мілая аднакласніца з вялікімі шэрымі вачыма, якія так даверліва на цябе паглядалі. Утульная, хатняя, свойская. Ён шкадаваў яе, бо такая файная дзеўка прыніжала сябе, кахаючы нейкага баклана толькі таму, што той падобны да галівудскага актора з саплівай рамантычнай камедыі. Такі чалавек заўсёды будзе выціраць аб жанчын ногі. Іншая справа — ён, Вася. Вася заўсёды будзе побач. I ў яго будзе матацыкл. Ці, як варыянт, — наварочаны скутар. На яго і правоў не трэба.