Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
Раптам Соню асяніла. I як яна раней не здагадалася?.. Яна карцінна пахукала на апельсін, размахнулася і здзекліва прамовіла:
— Джаан Роўлінг, «Гары Потэр і філасофскі камень»!
Джаан Роўлінг на той момант напісала дзевяць кніг. Соня перамагала пры любым раскладзе.
Максім быў размахнуўся ў адказ, але тут жа зразумеў усю падступнасць саперніцы і мяккім, але трапным рухам запусціў фрукт назад у вазу.
— Сэт. Вадзім, вырубай камп’ютар. Будзем у сапраўды разумныя гульні гуляць.
— Макс, мы што, прагулялі ёй? Ты што, Макс?
— Давай, расстаў пакуль фігуры.
I, адышоўшы да акна, Максім пачаў глядзець на лес і хрумсцець пячэнькамі, запіваючы сокам, нібы нічога не адбылося.
Соня паказала малому Вадзіку язык. Потым даразбірала харчы і паднялася на другі паверх. Выцягнула лэптоп у калідор,
з асалодай расцягнулася на канапе. Дзякуючы падзеям вечара кінапраграма намалявалася сама сабой: яна захацела перагледзець «Quo Vadis». Пакуль на сайце адкрываўся плэер, яна паднесла далонь да носа. Далонь пахла цытрусамі, як паветра Сіцыліі.
Фільм яшчэ падгружаўся, калі яна пачула Максімавы крокі:
— Можаш да сябе ісці. Я мадэм да дзвярэй перастаўлю.
Нешта вялікае здохла ў Рыме. Імаверна, імператар Нерон. Гэта была ашаламляльная перамога.
Але сюрпрызы на гэтым не скончыліся. Гадзіне а дзясятай, калі Соня падумвала, ці не легчы б ужо спаць, у дзверы пагрукалі. Вызірнуўшы на калідор, Соня пабачыла Максіма. У руках ён трымаў тры тоўстыя кнігі ў каляровых вокладках.
— Вось. Гэта прыгоды Томэка. Усім фанатам Дарэла і Сянкевіча настойліва рэкамендуецца. Бяры, калі не чытала.
— Дзякуй, — толькі і змагла прамовіць Соня ад нечаканасці.
— Толькі вярні, як прачытаеш. A то Вадзік да іх праз пару гадоў дарасце, яму падсоўваць буду.
— Божа, няўжо я на два гады апярэдзіла ў развіцці Вадзіка?
I тут адбылося неверагоднае. Максім усміхнуўся. Гэта быў не сон. Яна бачыла ягоную ўсмешку, і ўсмешка была не здзеклівай, як зазвычай, а прыязнай і адрасавалася ёй, Соні.
— Ладна, дабранач, — кінула дзяўчына і хуценька знікла ў пакоі, каб не паказваць, як яна збянтэжылася.
ххх
Тыдзень прайшоў пад Знакам Томэка Вільмоўскага. Максім прынёс ёй кнігі «Томэк на сцяжыне вайны», «Таямнічае падарожжа Томэка» і «Томэк на Чорным кантыненце». Цяпер па вечарах, замест каб утыкаць у кіношкі, Соня зноў
чытала — гэта была ўжо крыху забытая прыемнасць. Томэк выявіўся кімсьці накшталт польскага Гары Потэра. Як і героі Дарэла, Томэк ездзіў па свеце, каб лавіць дзікіх звяроў для заапарка, але па дарозе трапляў у самыя розныя, не толькі «жывёльныя» прыгоды. Аўтар відавочна ствараў кнігі, каб зацікавіць дзяцей дзікай прыродай і біяграфіямі знакамітых польскіх вандроўнікаў — гэтыя канцы ў кнігах былі кепска схаваныя, але Соня прабачыла аўтару ўсё за экшн і сімпатычных герояў кшталту боцмана Навіцкага.
Праз тыдзень ужо яна асцярожна грукала ў дзверы Максімавага пакоя. Гэта было, здаецца, у чацвер, у перадапошні дзень трэцяй чвэрці.
— Дзякуй яшчэ раз. Вяртаю, — чынна сказала яна, перадаючы кнігі гаспадару.
— Праўда здораўскія?
— A то! — ажывілася Соня. Вочы заблішчэлі. — Шкада толькі, я іх гады тры таму не прачытала... Але герой — такі душка! Ведаеш, аказваецца ў гэтай серыі яшчэ шэсць кніжак! Я іх ужо на комп захавала! Ты ўратаваў мае вакацыі!
— На комп? Ты што, з кампа чытаць будзеш?
— He, з тэлефона. Неяк туды перакіну...
— Пачакай, — Максім зайшоў у пакой і праз паўхвіліны вынес на калідор «кіндл» ахайна абкручаны белым дротам.
— Во, трымай. Мне пакуль не патрэбна.
— Ды навошта? Я лепш з мабільніка...
— Сляпіцца будзеш? — звёў бровы Максім. — Ты на тату свайго зірні: яшчэ не стары, а ўжо ў акулярах. Генетыка — жорсткая рэч, Сінічка. Бяры, a то зрок пасадзіш. Тут электронны атрамант, вочы менш стамляюцца...
Потым яны сядзелі на калідоры, і Максім паказваў Coni, як правільна канвертаваць файлы для «кіндла». У пятніцу яны зноў перамаўляліся: Соня пацікавілася пра ладаванку, а ён папрасіў перад тым, як аддаваць «кіндл», загрузіць туды які-небудзь раман Сянкевіча, але не «Патоп».
А ў суботу Статкевічы раз’ехаліся на вакацыі. Мама Юля звезла тату Віцю з Вадзікам на тыдзень у Барселону. Яны прыляталі сёння зранку ў Вільню, у Мінску яны мусілі з’явіцца бліжэй да вечара. Максім з імі не паехаў. Едучы ў віленскі аэрапорт, бацькі завезлі яго ў Полацк. Але не толькі ў госці да бабулі з дзядулем, а яшчэ і на «рэспубліку» па англійскай мове. Сёння пачынаўся апошні тур, Максім мусіў вярнуцца ў Мінск заўтра цягніком, разам з іншымі алімпіяднікамі.
Якая карысць з кніжак? Так проста і не адкажаш. Але Соня дакладна ведала, што адна з іх — «Quo Vadis?» Генрыка Сянкевіча — у адно чароўнае імгненне змяніла ейнае жыццё. Яна падняла «кіндл» з ложка і асцярожна кранулася вуснамі электроннай паперы.
Раздзед VIII
ПІКНІК НА ПОПЕЛІШЧЫ
Дваццаць восьмага сакавіка заставаўся адзін дзень да сустрэчы з Максімам і палова апошняй кнігі пра Томэка Вільмоўскага. Заўтра зранку трэба адразу ж аддаць «кіндл» — Соня не любіла доўга трымаць чужыя рэчы. А пакуль яе чакае яшчэ адна забытая прыемнасць — сняданак з татам. На працу яму сёння толькі пасля абеду, і яны змогуць спакойна пасядзець удваіх, як у былыя часы. Напяваючы песенькі каля пліты, Соня паціху падсмажвала вымачаныя ў малацэ і яйку грэнкі. I, задумаўшыся, нават не заўважыла, што машынальна зрабіла ўсё правільна — нічога не пераблытала і не падпаліла.
— Сонейка, адыдзі ад патэльні, a то зноў што-небудзь згарыць. Я сам.
— I табе добрай раніцы, татуля... Ну скажы, калі ты мяне ўвесь час будзеш выганяць з кухні, чаму я навучуся?..
ххх
Яны пілі каву і моўчкі жавалі грэнкі. Соня так рэдка бачылася з татам, што, калі гэта здаралася, не ведала, пра што з ім гаварыць. «Як справы?» — спытаўся ён, калі яны ўселіся за стол. «Нармальна», — адказала яна. Насамрэч шмат
чаго адбылося апошнім часам. Але вось так за два словы над грэнкамі і не раскажаш.
Соня сядзела і не ведала, пра што гаварыць з татам. Яна вельмі яго любіла, але за апошнія месяцы яны аддаліліся.
Вось мама Юля б ужо тысячы тэм для размовы прыдумала.
— Калі будуць вынікі НЦТ? — нарэшце спытаўся Пётр Сінічка.
— Праз тыдзень.
— Ты рускую мову ў суботу здавала?
— Так. I ў нядзелю — англійскую.
— А матэматыку калі?
Опачкі. Лепш бы маўчалі і жавалі.
Сваім планам паступаць у лінгвістычны Соня падзялілася пакуль толькі з адным чалавекам на свеце — Максімам. Дый тое само вырвалася. А тата тыдзень таму выдаў грошы на НЦТ, на тры тэсты, але рэшту Соня пакінула сабе на шакаладкі. Тата, вядома ж, нешта казаў пра матэматыку, але яна прапусціла міма вушэй.
— Ну... Матэматыкі я не здавала.
— Як не здавала?..
— У лінгвістычным матэматыкі не было.
— Чакай, які такі лінгвістычны? Мы ж гаварылі пра наргас?
Пра наргас яны гаварылі месяц таму. Тата ўсё даставаў яе з гэтым турыстычным менеджментам.
— Соня, ты мяне здзіўляеш, — працягнуў ён. — Ты ж ведаеш: у наргас трэба матэматыка. I калі ты цяпер здасі трэці тэст? Я не маю ілюзій, нібы ты зможаш прабіцца на бюджэт... Я аплачу табе вучобу. Але нам трэба ведаць, ці маеш ты шанцы хоць бы на платнае. Для гэтага здаюць рэпетыцыйныя тэсты...
Тата аплаціць ёй вучобу? Во навіна... I за якія, цікава, шышы, калі яны ўсё ў дом убухалі?..
— Я не хачу ў наргас. Я хачу ў лінгвістычны.
Пачуўся гром сярод яснага неба. Гэта бацька з грукатам паставіў кубак на стол.
— Прабач, куды ты хочаш?
— На факультэт англійскай мовы.
— I навошта табе гэта ў рэстарацыі? Ты што, сама не вывучыш? Я вось ведаю пяць слоў па-англійску, пяць — па-нямецку і дзесяць па-польску — і нічога, яшчэ ніводзін турыст галодным не сыходзіў. Пяць гадоў мовы вучыць? Якога ляду?
— Тата, бо я хачу вучыць мовы! Я не хачу ў рэстарацыю!!!
Яна гэта крыкнула. Так выйшла. Пётр Сінічка вытрымаў паўзу, потым выцягнуў сурвэтку, працёр акуляры, адсёрбнуў кавы і прамовіў.
— Вось што, дачушка. Мова — гэта не прафесія. Калі я сказаў, што магу аплаціць табе вучобу, то меў на ўвазе, што інвестую ў тваю будучыню. А фінансаваць твае хоцькі — гэта неяк непрадукцыйна. Табе не здаецца?
— Ну чаму адразу фінансаваць? — прабурчэла Соня. — Можа, я на бюджэт паступлю?
Тата засмяяўся:
— Хто, ты? Соф’я, давай будзем рэалістамі...
— Я вучу інгліш! У мяне васьмёрка ў трэцяй чвэрці.
— Гэта лінгвістычны, сонейка. Туды заўсёды было не ўбіцца. Калі штурмаваць — то хоць карысны ўніверсітэт. He пройдзеш на менеджмент, падамо на эканаміста. Таксама вельмі добры занятак.
— Гэта што, на бухгалтара? Калі табе патрэбны бухгалтар, сам туды ідзі і вучыся! — выпаліла Соня і надзьмула шчокі.
— Дачушка, для лінгвістычнага яшчэ два гады таму рэпетытара браць трэба было. Куды ўжо цяпер? Год страціць хочаш?
— Ага, рэпетытара!.. Вядома ж, рэпетытара... Вось толькі калі ён быў мне сапраўды патрэбны, у нас грошай не было, бо мы дом будавалі!
Тата пабялеў. He трэба было згадваць пра дом. Але Соню ўжо было не стрымаць.
— Дарэчы, як там дом? Калі мы ўжо яго адбудуем і пераедзем?
Пётр Сінічка зноў пачаў праціраць акуляры. Потым сказаў:
— Ну, Соня, дом... He ўсё так адразу. Да зімы мы толькі пажарышча разгрэблі. Вось як снег сыдзе, паеду туды, агледжуся, якія страты, што трэба аднавіць... Новы праект трэба... Слухай, што мы ўсё пра бздуры? Я табе падарунак на Дзень народзінаў прыдумаў.
Тата відавочна пераводзіў тэму, але выбраў слушнае рэчышча. Дзень народзінаў — гэта было святое. Соні падабаліся, калі ў гэты дзень з ёй насіліся.
— Ну, татусь... Тыж ведаеш, я люблю сюрпрызы.
— Тут сюрпрызу не атрымаецца. Я хачу зарэзерваваць для на нас абаіх які-небудзь тур на жнівень. Тыдні на дватры з пералётам. Каб экскурсіі і на мора. Выбірай краіну.
— Татка, ты найлепшы! — Соня кінулася яму на шыю і пачала душыць абдоймамі. — Я цябе люблю!!! Люблю! Люблю!
— Цішэй ты, гарэза... Краіну назаві.
— Ну што за пытанні! Італія, вядома! Ці не... Англія... Ой не, калі мора, то, вядома, Італія!
Тата зацокаў языком.
— От, а я спадзяваўся якой Турцыяй абысціся. Ці Егіптам. Але ж мая дзяўчынка распанела і прагне раскошы... Ды ладна. Хай будзе Італія.
Так што гэта быў проста выдатны дзень. I толькі калі TaTa з’ехаў па справах, а Соня засталася на самоце дамываць посуд, у галаву зноў палезла неадчэпнае: «I на якія такія шышы?»