• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — Уладальнік такога буйнога канцэрна?
    — Ха! Уладальнік! Усяго толькі гендырэктар. Дый тое ліпавы. Уладальнік сядзеў побач з ім.
    — Хто, гэты мілы дзядуля?
    — Мілага дзядулю, Сінічка, завуць Рустэм Касімаў. Гэтае імя кажа табе што-небудзь?
    — Не-а, — бесклапотна адказала Соня, дыхаючы ў шалік. Бралася на мароз.
    — Ну, вядома ж. Пра Касімавых жа ў «Гламуры» не пішуць. А «Форбс» ты яўна не чытаеш. Гэты «мілы дзядуля» — адзін з самых уплывовых алігархаў Татарстана. I, магчыма, усёй Расіі.
    — Мільянер? — ахнула Соня.
    — Мільярдэр, я думаю.
    Соні паблажэла ад думкі, што яна сёння дачынялася з жывым мільярдэрам.
    — Вопраткай статус дэманструюць толькі плебеі, — рассмяяўся Статкевіч, калі Соня паспрабавала выказаць сумневы што да някідкага прыкіду дзядка-алігарха. — Ты на гадзіннік ягоны звярнула ўвагу?
    — I што такі чалавек забыў у нашай школе? — здзівілася Соня.
    — Паесці прыйшоў. На дзяўчатак пазіркаць... Цікава іншае. Што такі чалавек забыў у Беларусі. Па ходу, «Люцэрна» цяпер — брытанскі канцэрн з расійскім капіталам... Трэба тату расказаць. Яго гэта заінтрыгуе.
    — А ты таксама сёння нішто сабе трымалася, — зноў загаварыў Максім пасля працяглай паўзы, калі было чуваць толькі рыпенне снегу пад нагамі. — Ніводнай талеркі не раскалаціла. I не спатыкнулася ні разу. Вельмі для цябе нязвыкла.
    — Дык я ж дачка рэстаратара! — абурылася Соня. — Я часта тату на працы дапамагаю!
    — Так трымаць! — бадзёра сказаў Максім. — Здаецца, ты знайшла сваё пакліканне. Толькі да пліты не падыходзь.
    — He, афіцыянткай я дакладна не буду!
    — А што тут такога? Праца як праца.
    — Я буду паступаць у лінгвістычны, — раптам вырвалася ў Соні.
    Максім спыніўся ад нечаканасці.
    — Ты? У лінгвістычны? Ну не. Я на такое не падпісваўся.
    — А ты тут пры чым?
    — Як гэта пры чым? «Мой выбар звязаны з тым, кім хоча стаць чалавек, якога я кахаю, — зашпарыў Статкевіч па-англійску. — Мой выбар — працаваць побач з ім і дапамагаць яму, што б ён ні рабіў у жыцці. Калі ён захоча стаць лётчыкам, я стану сцюардэсай...»
    — Што-о-о? Ты чытаў мае топікі? Як ты пасмеў?
    — He трэба сшыткі па доме раскідваць. «Калі ён стане хірургам, я стану медсястрой...»
    — Нафіг ты гэта вывучыў?
    — Я не вінаваты, што ў мяне фатаграфічная памяць! «Калі ён захоча стаць настаўнікам англійскай мовы, я таксама стану настаўніцай, і мы разам адкрыем дзецям акно ў свет». «Акно ў свет»... Сінічка, дзе ты набралася такіх штампаў? Дарэчы, перад «world» артыкль трэба... He, настаўнікам я дакладна быць не хачу.
    — Гэта не пра цябе, ясна? Гэта выдумка. Мастацкая! Мяне, між іншага, настаўніца пахваліла, бо я ўжыла ў тэме дафіга прафесій!
    — Ага, не пра мяне! Залівай болей! «Калі ён стане дырэктарам фірмы, я стану яго сакратаркай...» Сінічка, дваццаць першае стагоддзе на дварэ! Для каго ўвогуле фемінізм прыдумалі, эмансіпацыю? Што за адстой — завязваць сваё жыццё на каханні? «Калі ён будзе прафесійным тэнісістам, я зраблюся менеджарам тэніснага клуба...»
    — А ну, замаўчы! Хопіць! — шпурнуўшы свой пакецік на зямлю, Соня пачала лупіць Максіма рукавічкамі ў грудзі. Той схапіў яе за плечы, спрабуючы трымаць падалей ад сябе. Цёплая воўна глуха бухала па тканіне палітона: гэта было падобна да бокса рознакаліберных плюшавых мядзведзікаў.
    — «Галоўнае — быць побач кожную хвіліну. Я лічу, што гэта — маё пакліканне».
    —Перастань! Перастань!
    Раптам нейкая сіла адштурхнула Соню ад Статкевіча. Яна павалілася ў сумёт. Незнаёмы хлопец збіў Максіма з ног ударам кулака і цяпер прыціскаў рукамі да зямлі.
    Калі б Сінічку папрасілі апісаць маньяка, які нападае на дзяўчат у цёмным лесе, яна б уявіла сабе менавіта гэтага незнаёмца. Невысокі, каржакаваты дзяцюк у чорных нагавіцах, чорнай куртцы, чорных ботах і чорнай шапачцы — карацей, ува ўсім чорным. Змрочны вобраз, што праўда, разбураў пацешны бульдог, які з брэхам мітусіўся ля ног гаспадара. Бульдог, дарэчы, быў абсалютна белы.
    — Кляты амерыкос! Панаехаў тут нашых дзевак лапаць! Гэй, малая! Звані 102! — павярнуўся ён да Соні.
    — Адпусціце яго! — заплакала Соня. — Вы не так усё зразумелі. He амерыканец ён. Ён наш, беларус. Мы проста... Проста акторы! Мы з рэпетыцыі вяртаемся. П’есу ставім. Шэкспір... «Малілася ты нанач, Дэздэмона...»
    — Што, праўда, акторы? — спытаўся хлопец у Статкевіча.
    Той актыўна заківаў:
    — Ага. Акторы. Англійскага драмгуртка імя Джоні Дэпа.
    Хлопец з яўнай неахвотай адпусціў Максіма.
    — Ну даруй, братан. He зразумеў. Дакладна ўсё ў парадку? — перапытаўся ён у Соні. — А то 102, патруль... Закрыюць.
    — Усё ў парадку, дзякуй за пільнасць, вы ідзіце, ідзіце! — замахала рукамі Сінічка.
    — Арнольд, фу! — скамандаваў сабачнік бульдогу, які працягваў люта брахаць на Статкевіча, і пайшоў у бок шматпавярховіка, што свяціўся вокнамі на ўзлеску.
    Як толькі хлопец у чорным і яго ўлюбёнец зніклі за дрэвамі, Соня кінулася да Максіма. На твары хлопца, пад правым ужо вокам, расплываўся новы салідны гузак. Касметыка паспела змыцца з Максімавага твару, і цяпер у яго былі рознакаляровыя шчокі — адна ліловая, другая — барвова-чырвоная.
    — Халоднае трэба прыкласці, — сказала дзяўчына, пасля чаго зляпіла снежку і прыціснула яе да свежага гузака. Так яны сядзелі з паўхвіліны.
    Першым не вытрымаў Максім. Ён пырснуў смехам — і тут жа скрывіўся ад болю. Так ён і рагатаў — пацешна крывячы твар. Гледзячы на яго, разрагаталася і Соня.
    — Шэкспір, Дэздэмона... Ну ты даеш, Сінічка! Акторы! Ой, не магу!
    — А ты — амерыканскі маньяк! Я зараз памру. Га-а-а-а! Так табе і трэба!
    — Сінічка, я не магу зразумець, за што ты звалілася на маю галаву. За шаснаццаць гадоў майго жыцця, ой, не Ma­ry... Мяне ні разу не білі, га-га-га. Ні-ра-зу! Я жыў у міры і спакоі! I вось мне за два дні на роўным месцы пасадзілі два ліхтары пад вочы. I кожнага разу па тваёй, Сінічка, міласці!
    Соня смяялася, седзячы на каленях перад Максімам і нават не адчувала холаду. Максім смяяўся, трымаючыся за жывот і ўпаўшы спінай на снег, а па яго расквечаным твары цяклі слёзы. Ён выціраў іх шурпатымі ад марозу касцяшкамі і смяяўся. Упершыню за ўсю нашу гісторыю смяяўся не толькі з Соні, але і разам з ёю.
    Раздзед VII
    КЎО ВАДЗІК?
    Яны ляжалі ў гурбах снегу, раскінуўшы рукі. Дыхалі спакойна і мерна, як лыжнікі, якія аднавіліся пасля фінішу. Але раптам нібы зарад току працяў Соніну руку, якой чамусьці было зусім не халодна без рукавічкі. Максім паволі, але ўпэўнена загарнуў яе мокрыя ад снегу пальцы сваімі. Потым асцярожна перакуліўся і, прыўзняўшыся, укленчыў над ёю, уважліва разглядаючы ейны твар. Соня адчула, як пад ягоным праніклівым поглядам чырванеюць шчокі і сушэюць вусны.
    — Ты вельмі прыгожая, — сказаў хлопец спакойным, але пяшчотным голасам.
    Ён стаў нахіляцца да яе, але іх вусны так і не сустрэліся, бо Соня ўсё глыбей правальвалася ў сумёт, які чамусьці быў гарачым і вогкім...
    ххх
    Соня прачнулася ў сваім пакойчыку мокрая ад поту. Уф-ф-ф. Ізноў прыснілася. Ну і назольны сон, не дае спакою, паўтараецца з невялікімі варыяцыямі з таго часу, як Максім праводзіў яе праз казачны лес пасля банкету ў школе. А гэта ж больш за месяц прайшло. Піжама набрыняла — Соня
    з агідай правяла рукой па шыі і скаланулася. Трэба было ўсё-ткі падкруціць батарэі на ноч. Або спаць без адзежы. За столькі часу ў новым доме яна так адвыкла ад шчодрага ацяплення, якое сама ж і ўрубіла, што ў залішне цёплым пакоі пачувалася няўтульна.
    Сягнула рукой мабільніка. Дзявятая раніцы, дваццаць восьмага сакавіка. Які ўсё-ткі цуд — вакацыі. He трэба ставіць будзільнік, спі дасхочу.
    А яшчэ — заўтра дзень народзінаў.
    Ад гэтай думкі і без таго добры настрой набыў лёгкае адценне эйфарыі. Соня стала на падлогу і з задавальненнем адчула ступакамі правады, што звіваліся на падлозе, як змейкі вакол ног літоўскай багіні. Цяпер яна была не проста Соня, а Соня Каралева Гаджэтаў.
    Першым провадам было сілкаванне ад ужо знаёмага нам лэптопа — ён падладоўваўся тут жа, на падлозе, — на ноч дзяўчына запхнула яго пад крэсла, каб выпадкова не наступіць.
    Другім провадам — ён вытыркаўся побач з першым на падаўжальніку, які, у сваю чаргу, поўз да разеткі за ложкам, — была зарадка ад новага смартфона, падарунка таты. Нічога сабе татка расшчодрыўся — Новы год, Восьмае сакавіка... Соні яшчэ ніколі не рабілі запар такіх збыткоўных пакупак. Цяпер у яе дзень і ноч быў нармальны інтэрнэт, у які можна было посціць нармальнай якасці фоткі, калі ёй заманецца. Цяпер з Галяй і Снежкай можна было дапазна вісець у чаціку, а не трындзець праз тэлефон.
    Але галоўнае, ад USB-партала кампа з-пад крэсла на ложак уздымаўся трэці провад. На іншым яго канцы, каля падушкі, спачывала электронная кніга.
    «Кіндл» ёй пазычыў Максім.
    Кінуўшы вока на аскетычны чорны простакутнік, які адразу нагадаў пра свайго гаспадара, Соня ўсміхнулася хітраватай усмешкай. У кутках гэтай усмешкі ўважлівы
    назіральнік, апыніся ён у гэтую хвіліну ў пакоі, згледзеў бы мройную надзею на ўзаемнасць, якая апошнім часам пасялілася ў Сінічцы.
    Надзею? 3 якога гэта перапуду?
    Спакойна, дарагія чытачы. Як кажуць у казках, хутка гаворыцца, ды паціху робіцца.
    ххх
    Можна дакладна назваць той вечар, калі ўсё раптам змянілася, — Соня памятае яго ў найдрабнейшых дэталях.
    Гэта было два тыдні таму, у сярэдзіне сакавіка. Соня страшна стамілася ў школе і не выходзіла з пакоя, спрабуючы рыхтавацца да рэпетыцыйнага НЦТ — тэсты па рускай і англійскай мовах яна мелася здаваць у першыя дні вакацый. Раптам на новенькім сматфоне высвеціўся збянтэжаны татаў фэйс — ён чамусьці разгубіўся ў момант, калі яна фоткала яго для застаўкі.
    — Спусціся праз пяць хвілінак, я вязу харчы, — папярэдзіў ён у слухаўку.
    Дзяўчына ўздыхнула і стала шукаць, чым замяніць піжаму, у якую залезла яшчэ з абеду. Выбрала чырвоную вязаную сукенку з барскага пляча мамы Юлі — не так даўно тая перабірала шафы. Ісці ўніз не хацелася, але трэба было хуценька адбыць паншчыну і вярнуцца наверх паглядзець якую кіношку — вучоба дастала канчаткова.
    Пётр Сінічка прыкладна раз на месяц падвозіў, закупляючы ў гуртоўні прыпасы для агульнай гаспадаркі. Сокі, крупы, макароны, мяса ў маразілку. Трэба было распіхаць усё гэта па кухні: тата толькі разгрузіцца — і на працу. Co­mb спусцілася на першы паверх, дзе гулялі ў шахматы браты Статкевічы. Мама Юля пайшла ў оперу з сяброўкай — па вітальні яшчэ разносіўся водар яе далікатнай парфумы. Тата Віця быў за мяжой.