Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
Дырэктар, аслупянеўшы ад такой праніклівасці, толькі моўчкі кіўнуў.
— Дайце мне трыста на харчы — і заўтра ў вас будзе супервячэра на трыццаць персон. Такая, як у гэтым меню, — Вася кіўнуў на аркуш, — і нават лепей. Я ведаю добрых пастаўляльнікаў. I вы можаце самі купіць напоі ды садавіну.
— А як жа сервіроўка... Афіцыянты... У школе няма прыстойнага посуду. Мы разлічвалі...
— Гэта ўсё пакіньце мне. Зладжу вам урачыстую вячэру па сабекошце. Ну, маме яшчэ прэмію выпішаце за люты... — Вася ўвесь перамяніўся. Увайшоўшы ў знаёмую тэму, хлопец вокамгненна разняволіўся. Здавалася, яшчэ крыху — і ён паляпае дырэктара па рукаве пінжака, як старога прыяцеля.
— Аляксей, ты разумееш, што ў нас будуць вельмі важныя госці? Бізнесоўцы з Лондана, якія маюць намер фінансаваць нашую ўжо амаль гімназію!
— Значыць, англійскую сервіроўку рабіць? — шырока ўсміхнуўся Вася.
3 агаломшанага твару дырэктара было відаць, што ён згодны абсалютна на ўсё.
ххх
— Глядзіце, вунь Соня Сінічка з «Д» класа!
— Сёння праз яе пабіліся Статкевіч і Васілеўскі!
— Што, праўда?
— Я стаяла там і ўсё бачыла. Статкевіч глядзеў расклад, нікога не чапаў, раптам гэты клоўн наляцеў, як каршак абскубаны. Закрычаў: «Кабель! Я цябе папярэджваў! He чапай яе!» I — бац па фізіі! Статкевіч ажно паваліўся. Ліхтар пад вокам во такенны!
— Божа, калі яны ўжо ўтаймуюцца?..
— Ну ты даеш, Сонька! За што ты так з Васем? Урэшце, ён абараняў твой гонар! — тры сяброўкі падыходзілі да ўніверсама каля школы. Соні трэба было купіць хлеба — мама Юля папрасіла, і Галя са Снежкай увязаліся за ёю.
— А ты, Кавалёва, увогуле маўчала б. Гэта ўсё ты вінаватая!— прабурчэла Соня.
— I ў чым гэта я вінаватая?
— Жартуеш? Напляла Васілеўскаму рознай лухты, вось ён і палез у бойку... А нічога ж такога не адбылося. Максім проста пажартаваў. I нават папрасіў прабачэння адразу... Ну, па-свойму.
— Сінічка, што за наезды? Дзеля цябе сёння хлопцы біліся! He кожнай дзеўцы выпадае ў жыцці такое шчасце. Ты дзякаваць мне мусіш!
— Ага, дзякаваць. Зноў уся школа на мяне пальцамі паказвае.
— Гэта зваротны бок славы. У галівудскіх зорак так штодня.
-— От дзякуй, дарагая, што мне цяпер фігова, рыхтык як ім там у Бэвэрлі-Гілз! Толькі дзе тады мой чацвёрты памер і белы «Бэнтлі»?
— Соня, а Сняжана мае рацыю. Вася спадзяецца на нас.
— Я яму не адмовіла.
— Але збіраешся. Проста ён па сваёй наіўнасці гэтага не разумее.
— У любым выпадку Вася — наш сябар, і ён у бядзе. Трэба любою цаною дапамагчы.
— Ды разумею. Але я ўсё адно злая на яго. Ён зрабіў балюча дарагому мне чалавеку.
— Халера ясна! Статкевіч — апошняе, пра што ты мусіш цяпер пераймацца. Ды бяры першы-лепшы, пайшлі ўжо, дастала! — Снежка гаварыла так гучна, што на іх зашыкалі прадавачкі. Соня стаяла над паліцай з хлебам і чытала склад на цэтліках.
— Мяне прасілі без дражджэй...
ххх
— Опа, там Сінічка!
— Тая самая?
— Ага. Праз яе сёння біліся Статкевіч і хлопец з 11 «Д». А яна іх разнімала. Івашчанка стаяла там і ўсё бачыла. «Дэшкін» падляцеў да Статкевіча і такі кажа: «Ты мярзотнік! Яна ніколі не будзе тваёй!» А Статкевіч стаіць з рукамі ў кішэнях, лыбіцца і нават не чэшацца абараняцца. I тут той пацан яму падножку, і хук справа, і па мардасах, па мардасах... А Сінічка бяжыць такая, не-е-е-е, спыніся, я буду з табой, толькі не чапай яго! Калі б не яна, Статкевіч не жыхар.
— Цырк на дроце!
ххх
Васілеўскі з’явіўся ў класе толькі на апошнім уроку. Папрасіў прабачэння ў настаўніцы, сеў і да званка сядзеў ціха, нібы і не Васілеўскі гэта зусім. «Дэшкі» ж адчайна круціліся, спрабуючы злавіць позірк таварыша. «Ну, як? Выключылі?» — пыталіся ў гаротніка на мігах, але той ніяк не рэагаваў. Як толькі празвінеў званок, аднакласнікі кінуліся да апошняй парты.
— Пакуль вучуся, — сцісла адказаў ён, закідваючы пашкуматаны дзённік у зашмальцаваны заплечнік.
— Уффф!.. Малаток, Вася!.. Гэта трэба адзначыць... — з палёгкай загуў «Д» клас.
— He, рэбза, мне яшчэ на працу сёння, давайце іншым разам, — адказаў хлопец. Шэптам аднак сказаў Галі, Снежцы і Соні, каб тыя не сыходзілі.
— Вось што, дзеўкі. Я ў рэчыве колеру шакаладу па самыя вушы, — пачаў Вася, калі яны выйшлі ўчатырох на школьны калідор. — Тую заўтрашнюю паляну, куды дзірык збірае ўсіх школьных мажораў, накрываю я. I мы дамовіліся, што калі ўсё пройдзе чыкі-пыкі, я застаюся ў школе.
— Як так? Чаму ты? — здзівіліся дзяўчаты.
— Так атрымалася... Доўга расказваць.
— А ты раней гатаваў увогуле?
— У рэстарах — толькі дапамагаў. «Сайгон» не ў лік. На практыцы нас нацягвалі на катлеты ды шніцэлі ўсякія, паводле ГОСТа. Як для сталоўкі. Так што ў мяне паслязаўтра іспыт па стэйках. Але без вас я дакладна нічога не змагу.
— Га?
— Будзе самы сапраўдны банкет з поўным абслугоўваннем. «А-ля англез». Таму мне патрэбны персанал. Вы то бок.
— «А-ля англез» — гэта што?
— Гэта гемар, Вайтовіч. Але я вам потым усё патлумачу. Калі ўпражацеся за мяне. Дык што, упрагаецеся?
— Вася, што за пытанне!... Ясная рэч, мы з табой! — у адзін голас выгукнулі Галя і Снежка.
— Прабач, але я не ведаю, ці змагу. У сераду — тэст па фізіцы. Трэба рыхтавацца, — сказала, адвёўшы вочы, Соня.
— Сініца, ты што? Які тэст, калі тут такое? — штурхнула Галя яе пад бок.
— Ну, там яшчэ на вечар заўтрашні былі планы... Я не ведаю, ці ўдасца перанесці. Я табе сёння патэлефаную.
— Ну, ладна, -— патухлым голасам сказаў Вася. — Ты вырашай, a то іначай трэба трэцяга кельнера шукаць...
— Калі ты абвесціш Васю, што, замест таго каб ратаваць ягоную задніцу, ты ідзеш у спа трымаць ручнічкі за мамай Юляй, ты разаб’еш яму сэрца, — жорстка сказала Снежка,
упіхваючы ў рукі Соні буханку з надпісам «Жытні бездражджавы». — А мы ў табе моцна расчаруемся.
Соня, якая відавочна стамілася ад усёй «санта-барбары», уздыхнула і сунула руку ў кішэню курткі.
— Ладна. Я яму тэлю... Лёша? Ну, я тут больш-менш разграблася, — прамовіла яна ў слухаўку з бадзёрымі інтанацыямі радыйнага ды-джэя, які мадэлюе ўсмешку голасам, віншуючы з дэмбелем «хлопцаў з Ваўкавыска». — Да пятніцы, Віні, я абсалютна свабодны!
— Сініца, здорава! Перадай дзеўкам: сёння а сёмай вечара — у сталоўцы. I сама прыходзь. Буду вам даваць устаноўку. О, а я з тваім продкам перацёр! Ён мне сёння посуд для банкету падгоніць! — Вася так крычаў у тэлефон, што палова крамы чула яго басавіты голас. — Слухай, ты выпадкам не ведаеш каго-небудзь з тачкай і каб не працаваў заўтра ў першай палове дня?
— Ёсць у мяне адзін варыянт, — усміхнулася Соня ў слухаўку. Гэтым разам абсалютна шчыра.
ххх
— Прыкінь, сёння ў 234-й было такое мачылава! Аднаго тамтэйшага пацыка ледзь не прыкончылі, бо лез да чужой бабы.
— Ды ну?
— Я табе кажу! У Мікітоса сястры сяброўка ў той школе вучыцца, дык яна стаяла там і ўсё бачыла. Яго пяць чалавек пятнаццаць хвілін калашмацілі. Дзве хуткія выклікалі. Адну для яго, а другую — для фізрука, які прыбег іх разнімаць! Міліцыя прыехала...
— Ух ты, жэсць якая.
— I не кажы! Дзікія людзі!
Раздзед VI
АНГЛІЙСКАЯ СЕРВІРОЎКА
Праклінаючы сябе за безгаловасць, Соня праслізнула ў вітальню дома на Верасовай. Трэба ж было так збірацца — напхала пакет рознай непатрэбнай драбязою, а самае важнае — свае старыя чорныя балеткі — забылася. «Абутак вазьміце ў тон уніформы, і каб без абцасаў. Кавалёва, асабліва цябе датычыць, — навучаў учора Вася. — I крый божа не новы! Разношаны трэба. A то пад канец змены... цьху, вячэры ад ног нічога не застанецца».
Банкет пачынаўся праз тры гадзіны. Адшукаўшы каля тумбачкі торбачку з абуткам, Соня хацела была зачэкініцца, павітаўшыся са Статкевічамі, але, зазірнуўшы ў гасцёўню, перадумала. Уся сям’я была ў зборы, і кожны быў захоплены справай. Вадзік гуляўся ў стралялкі на хатнім камп’ютары. Магчыма, таму прыходу Соні не пачулі. TaTa Віця, абкручаны паласатым ваўняным шалікам, працаваў з лэптопам — падчас юбілейнай рыбалкі з аднакласнікамі на Бярэзіне ён сур’ёзна прастудзіўся і толькі сёння быў пераведзены мамай Юляй з ложкавых хворых у канапныя. Сама мама Юля, адсунуўшы абедзенны стол і ўладкаваўшы Максіма пад лямпы, старанна, з высунутым ад напругі кончыкам языка, замазвала таму тонікам буйны ліловы гузак пад левым вокам.
Сёння Сінічкін каханы ўвесь дзень асвятляў школьныя калідоры гэтым ліхтаром, выклікаючы спачувальныя дзявочыя вохі і перашэпты за спінай. Хлопцы ж хіхікалі ў кулакі і цэлы дзень паціскалі Васю руку.
— Вадзім, колькі паўтараць, надзень навушнікі! Калі ты навучышся думаць пра іншых? — крыкнула мама Юля з-за калоны. — А ты не торгайся, — сказала яна другому сыну. — Я курсы грымёраў не заканчвала, раблю як умею. Наступным разам будзеш акуратней на дзверцы шафы натыкацца.
— Максім, перадавай прывітанне Пітэру Конраду! — сказаў тата Віця. — Зрэшты, наўрад ці ён мяне згадае... Але ж які зух ваш Лабановіч! Заручыцца патранажам самога канцэрна «Люцэрна»... Перспектыўны дырэктар, кіраўнік ад бога. Юля, можа, Вадзіма ў Максімаву школу перавесці? A то нешта не бачу я ніякага прагрэсу ад гэтай ягонай платнай і, я б сказаў, празмерна платнай гімназіі.
— Ведаеш, Віця, я сёння з шостай ранку матлялася па харчовых рынках, прыкрываючы сумнеўныя справункі гэтага «перспектыўнага кіраўніка ад бога». I ў літаральным сэнсе зазірнуўшы на кухню ягонай школы, захаплення твайго не падзяляю... Слухайце, які цудоўны хлопец — гэты Сонечкін аднакласнік, Аляксей. Такі талковы. Адна прыемнасць была яму сёння дапамагаць.
— Як, яго не выключылі? — паморшчыўся Максім.
— А што, мусілі? Такога здольнага маладога чалавека? Калі нехта і пойдзе далёка, Віктар, то гэта ён. I ведаеш, ён вельмі абаяльны. He тое што наш бука. Box, глядзі, Максік, увядуць у цябе Соню — будзеш локці кусаць.
— Мама, ты зноў за сваё!
— Ну, ужо і пажартаваць нельга? Ну вось, гатова!
Так нікім і не заўважаная, Соня выбегла з дому. Яе чакаюць у сталоўцы. Дзяўчаты, відаць, зашываюцца.
Цікава, што адчувала б Папялушка, калі б ёй дазволілі трапіць на баль на правах Папялушкі?
XXX
— Гэта месцы Грыфіндору, — Максім Статкевіч уладна паклаў руку на спінку банкетнага крэсла ў галаве стала. — У сэнсе, тут сядзіць 11 «А».
— I хто гэта сказаў? — фыркнула адна з Сонь. Найлепшымі «гэшкамі» з нейкага ляду абралі менавіта іх. Відаць, паводле вышыні абцасаў — сёння абедзве пабілі ўласны рэкорд па шпільках. Убраныя яны былі ў пышныя шыфонавыя сукенкі, як дружкі на вяселлі.