• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарэзлівы пацалунак Кніга першая Ева Вайтоўская

    Гарэзлівы пацалунак

    Кніга першая
    Ева Вайтоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 448с.
    Мінск 2020
    97.62 МБ
    — Падумай пра тое, што я табе сказала, — шэптам скончыла кабета і пераскочыла назад на канапу.
    Наклаўшы сабе абед, Максім уладкаваўся за барнай стойкай і пачаў есці, адначасова клацаючы тэлевізійным пультам. Соня сядзела ў сваім улюбёным фатэлі і рабіла выгляд, што чытае газету. Яна крадком разглядала Максімавы раменныя косткі, што рэзка вытыркаліся з каўняра футболкі.
    Можа, мама Юля мае рацыю і Соня ранавата здалася? Прынамсі, гэтыя яго ключыцы... Яны вартыя яшчэ адной спробы.
    — Максік, глядзі, якую мілую валянцінку год таму даслала табе Соня!
    Блі-і-і-н! Мама Юля, можна я неяк сама? Бо так дакладна ніколі нічога не будзе.
    Максім рэзка выключыў тэлевізар.
    — Мамуль, трэба параіцца, — сказаў ён, нібы нічога ніякага.
    — Табе са мной? Пару апошніх гадоў усё наадварот, — засмяялася мама Юля.
    — Я толькі што памераў тройку. Ну, той парадны гарнітур, які я апранаў год таму на татаў карпаратыў. Дык мне здалося, рукавы закароткія. I калашыны. Я, па ходу, яшчэ вырас.
    А ён мне хутка спатрэбіцца. Ты змагла б яго перашыць? Ці, можа, варта справіць новы? 3 улікам выпускнога?
    — А чаго раптам такі парад?
    — Ды Лабановіч выклікаў сёння на каву. На наступным тыдні ён ладзіць званы вечар для нейкіх салідных бізнесоўцаў, якія збіраюцца ўзяць шэфства над школай. Вось ён і запрасіў на банкет па двое найлепшых вучняў з кожнага класа. У сэнсе, з адзінаццатых.
    — Як здорава! Ты будзеш прадстаўляць «А» клас? А хто яшчэ?
    — Што за пытанні? Ротмістрава, вядома!
    Ад нечаканасці Соня ледзь не парвала газету.
    — Маша Ротмістрава? Такая высокая шатэнка з нявышчыпанымі бровамі? — паморшчылася, прыгадваючы, мама Юля.
    — Ротмістрава класная, — Максім плюхнуўся на канапу і, заклаўшы рукі за галаву, загледзеўся кудысьці ўдалеч, нібы скрозь Соню.
    — А «Д» клас, зразумела, будзеш прадстаўляць ты, Соня? Ты ж найлепей за ўсіх была напісала тэст...
    — He, мама. Банкет толькі для профільных класаў На маглаў гэта не распаўсюджваецца.
    Гэта была праўда. «Дэшкам» чарговы раз паказалі іх месца.
    — Што ты сабе дазваляеш, Максім? — сярдзіта захлопала дзверцамі шафак мама Юля.
    — Дык што, зірнеш гарнітур?
    — Толькі не сёння. Іншых клопатаў па горла. Ты ж ведаеш, трэба сабраць бацьку...
    Тут спрацаваў кухонны таймер, і мама Юля з воклічам кінулася да духавой шафы, адкуль ужо паўгадзіны як смачна патыхала капусным пірагом.
    Кабета выцягнула капуснік і, паставіўшы яго на стол, зашыкала на малога Вадзіка, які зноў аб’явіўся на кухні:
    — Гэта бацьку і дзядзьку Пецю з сабой!.. Лепш катлету вазьмі. Соня, патэлефануй тату, спытайся, як там яго планы...
    Сёння ў Віктара Статкевіча і Пятра Сінічкі быў асаблівы дзень. Пару тыдняў таму з імі звязаліся аднакласнікі са школы-інтэрната і строга скамандавалі з’явіцца вечарам 14 лютага ў Барысаўскі раён. Там на нейкай аграсядзібе іх чакала юбілейная сустрэча выпускнікоў якая мусіла плаўна перацячы ў суботнюю рыбалку на Бярэзіне.
    — Я не еду. Гэта ж свята, а ў мяне рэстарацыя, — адразу ж сказаў Сонін бацька. Соні часам здавалася, што тата хаваецца за працай ад людзей і свету. I асабліва ад старых сяброў якія ведалі ягоную жонку, Соніну маму... Адно праз некалькі дзён, пад напорам сяброў і дачкі, Сінічка здаўся. Дадаўшы, праўда: «Калі не здарыцца ніякага форс-мажору».
    — Усё ў парадку! — радасна паклала слухаўку Соня. — Ён хутка будзе!
    Адна за адной пад’ехалі машыны, і пачалася заўсёдная мітусня, калі людзі збіраюцца ў адпачынак, нават такі непрацяглы. Праз дзве гадзіны вясёлыя Віктар з Пятром, перакідваючыся толькі ім зразумелымі фразамі ды мянушкамі, стаялі на парозе з заплечнікамі і прыладамі для рыбалкі, развітваючыся з хатнімі.
    — Трымай, Пётра, — мама Юля ўвапхнула сябру ў рукі скрутак з капуснікам. — Мой сціплы ўнёсак у вашу бяседу. Давяраю табе як кулінару. I яшчэ, — тут яна ўзяла з камоды дзве карткі і сунула кожнаму ў кішэню, — гэта наш адрас. Для таксістаў. I вось, — яна ўручыла мужу кардонку, — мой тэлефон на лабавое шкло. Для эвакуатара.
    — Ну навошта? — забурчэў тата Віця.
    — Так трэба! Я навучаная горкім досведам. Дакладней, мінулым юбілеем, — саркастычна прамовіла мама Юля.
    — Татка, злаві мне шчупака! — папрасіў Вадзік.
    — Ага, шчупака... Сказала б я, што твой татка зловіць... Ну, добрай імпрэзы, — і, абняўшы абодвух мужчын, мама
    Юля выправіла іх на ганак. — Хоць бы да панядзелка вярнуліся, — уздыхнула яна, замкнуўшы дзверы.
    ...Дзеці яшчэ не паспелі падняцца ў свае пакоі, калі ў мамы Юлі зайграў мабільнік.
    — Алё! — радасна сказала яна, але тут жа змянілася ў твары і перапужана закрычала:
    — Божачакі! Які жах! Трымайся! Я буду праз паўгадзіны!!!
    Даўшы адбой, мама Юля, заламаўшы рукі, затараторыла:
    — Дзеці! Мне тэрмінова трэба ехаць! Цёцю Ліну — маю сястру, — патлумачыла яна Соні, — тэрмінова кладуць на захаванне! А дзядзька Валянцін, як на тое, за мяжой. Няма каму дагледзець малых! Вадзік, збірайся, ты едзеш са мной!
    — Я не хачу!
    — Як жа не хочаш? Хочаш! Ты ж хочаш пагуляцца з сястрычкамі!
    — Буе-е-е!
    — Вазьмі піжаму і зубную шчотку. Мы будзем начаваць у цёткі!
    — Я хачу застацца з Максімам!
    — Максім і Соня самі дадуць рады! Давай хутчэй!
    ...Праз нейкія пятнаццаць хвілін дзверы за мамай Юляй і канваяваным ёй Вадзікам зачыніліся. Соня сядзела ў фатэлі і, гледзячы перад сабою невідушчымі вачыма, спрабавала асэнсаваць тое, што адбылося.
    У жываце працавалі крылцамі жвавыя матылькі. Яны з Максімам упершыню засталіся ў доме сам-насам. На ўвесь вечар.
    I гэта не просты вечар, а вечар Валянцінавага дня.
    Ці мог святы апякун усіх закаханых прыдумаць для яе лепшы падарунак?
    — Сінічка! Заснула, ці што?
    Соня здрыганулася. Максім стаяў перад ёй у спартыўным гарнітуры з тэніснай сумкай цераз плячо.
    — Я на корт. Вярнуся а восьмай. Зваргань чаго-небудзь павячэраць.
    Гэты шанц ёй пасылае Неба, і дальбог, яна яго не змарнуе. Як там? Розум, доўгія валасы, добрая фігура... Ротмістрава — гэта ўсё лухта. Сёння Максім Статкевіч пакаштуе, тое, што згатуе для яго Соня Сінічка.
    ххх
    ПЕЧАНАЯ ГУСЬ
    Для гэтай найсмачнейшай стравы вам спатрэбіцца:
    •	1 гусь (прыкладна 2 кг)
    •	3—4 жмені кіслай капусты
    •	1—2 яблыкі антонаўкі
    •	шклянкі цёмнага піва
    •	10 ягад ядлоўцу, духмяны перац (гарошыны), кмен
    і маяран (растаўчы ў ступцы), соль, чорны перац (растаўчы ў ступцы).
    Найсмачнейшая страва! Тое што трэба!
    Як толькі веснічкі «лялечнага дома» зарыпелі за Максімам, Соня паджгала на кухню. Яна мела крыху болыіі за дзве гадзіны. Асноўная страва, салат, дэсерт... He, які дэсерт. Хоць бы з гарачым управіцца. Пачынаць трэба было неадкладна.
    Юная гаспадынька раскрыла лядоўню і застагнала ад роспачы. Прыпасаў было нягуста: па харчы мама Юля ездзіла на выхадных, а сёння была пятніца. Соня кінулася да шафак — там заўсёды можна было знайсці «н-з»: кансервы, крупы, спагеці... Але ж хто корміць каханага макаронаю ў Дзень святога Валянціна? Патрэбна было нешта асаблівае.
    Як вы, мусіць, запомнілі, мае ўважлівыя чытачы, Соня зусім не ўмела гатаваць. Кашы зварыць яна і тое была
    не ў стане. Стравы непазбежна падгаралі, вада, выкіпаючы, залівала плітку і застывала гідкай коркай, якую потым трэба было доўга адскрабаць, а тое, што заставалася, было, як правіла, няўежным.
    3 салаткамі выходзіла не лепей. Нават калектыўны аліўе, які яны гатавалі ў пятым класе на ўроку працы, Соня ўмудрылася сапсаваць, за што атрымала двойку. А ад яе толькі і патрабавалася, што згатаваць, аблупіць і накрышыць яйкі. Яйкі яна недатрымала — так і бухнула ў салат мяккімі. Аднакласніцы яе тады ледзь не прыбілі. Падчас адчайных спроб прыжыцца на кухні Соня рэзала пальцы, апякала рукі — але нікога не здатная была накарміць. Гэта было фатальна.
    Тут патрэбная чуйка. I штодзённая практыка пад кіраўніцтвам мамы.
    Hi з тым, ні з другім Соні не пашчасціла.
    Спачатку трэба вызначыцца са стравай, вырашыла яна, а потым ужо шукаць харчы. Але дзе ўзяць рэцэпт?..
    3 радасным воклічам Соня схапіла зэдлік і палезла да адной з кухонных паліц. Тут у мамы Юлі стаялі кулінарныя кнігі, якія яна прывозіла з вандровак.
    Соня разглядала карэньчыкі. Збольшага кнігі былі паітальянску ці па-французску. Англамоўныя дзяўчына браць пабаялася — з часу, калі яна, падбітая Вадзікам, пераблытала гурок з кабачком, яе слоўны запас крыху пашырыўся, але накладкі ўсё яшчэ былі магчымыя.
    Па-руску была толькі адна кніга: «Грузінская народная кухня». Соня разгарнула яе і тут жа паставіла на месца. Замяшанне выклікалі ўжо самі назвы страў, не кажучы пра інгрэдыенты, якіх яны вымагалі. Сацыві, хінкалі, чанахі, ткемалі... Максім быў патрэбны ёй жывым.
    Раптам яна згледзела на паліцы знаёмую вокладку. Гэта быў прыгожы фаліянт «Старадаўнія беларускія стравы». Шыкоўна аформлены, ён уяўляў з сябе не толькі карыснае,
    але і цікавае чытво, бо да кожнага рэцэпта дапасоўвалася гісторыя паходжання і традыцыі ўжывання.
    Як любая нармальная беларуская мама, Юлія Статкевіч пад настрой гатавала дранікі са смятанай, але на гэтым яе павазе да нацыянальнай кухні надыходзіў крэс. Затое па вечарах яна любіла сцягнуць з паліцы гэтую кнігу і зачытваць рэцэпты ўголас, смакуючы словы:
    — Бабка, куцця, зацірка, крывянка... Усё гэта мы елі ў вёсцы ў бабулі, калі былі маленькія... Як жа слаўна ўмелі гатаваць нашы продкі! Якая багатая ў нас кухня!
    — Нешта я не разумею. Калі ў нас такая багатая кухня, чаго гэта мы дома з лазанні на рызота перабіваемся? — нязменна кпіў з маці Максім, за што тут жа атрымліваў ад яе па шыі салоннай падушкай.
    3 гэтага можна было зрабіць выснову, што Максіму спадабаецца, калі ягоная абранніца прыгатуе нацыянальную страву.
    Соня разгарнула фаліянт на раздзеле «Мяса — стала акраса». Пасля фізічных нагрузак чалавеку патрэбны бялок, прыгадала яна. Але, як на тое, свініны ў лядоўні не назіралася...
    Затое ў раздзеле «Птушкі і гнёзды» ёй у вочы адразу кінуўся апетытны здымак з подпісам «Печаная гусь». Дый сам рэцэпт прывабіў невялікай колькасцю складнікаў.
    Яна падбегла да лядоўні, каб пераправерыць. I сапраўды — у маразілцы самотна ляжала цэлая курыца.
    Паміж намі кажучы, гэта было кураня-бройлер. Але каханне не разбірае. Галоўнае, птушка ёсць. Можна запячы курку па рэцэпце гускі. Бо імправізаваць на кухні — асноўнае ўменне добрай гаспадыні.