Гарэзлівы пацалунак
Кніга першая
Ева Вайтоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 448с.
Мінск 2020
Новы дырэктар ніколі ні на кога не крычаў. I гэта было найгорай.
У той дзень Лабановіч нейкім чынам аператыўна дазнаўся імёны ўсіх, хто пайшоў сценка на сценку. У ягоны кабінет завялі агулам чалавек трыццаць. Ён моўчкі пачакаў, пакуль хлопцы натрамбуюцца ў памяшканне, потым спакойна прамовіў:
— Вось што, маладыя людзі. У дзявяты клас у гэтай школе ніхто з вас пераведзены не будзе. Усім ясна? Можаце ісці.
I, што характэрна, так і адбылося. Самсона з Сівым, як завадатараў, выключылі ў той жа дзень, а ўсіх астатніх напрыканцы года. Бацькоў выклікалі, прымушалі розныя паперы падпісваць, нават калоніяй застрашвалі. Якая па іх усіх, зразумела, плакала.
I Вася б з прыемнасцю зваліў куды-небудзь з таго адстою, што развёў тут новы дзірык. Толькі вось маці раптам схамя-
нулася, што з 234-й цяпер выйдзе прыстойная школа. «Нікуды ты адсюль не пойдзеш! — рашуча заявіла яна. — Гэта твой апошні шанц чалавекам вырасці!»
Гэта яна вымаліла ў Лабановіча, каб Васю не пераводзілі.
I што цяпер? Васю ўжо васямнаццаць, войска па ім плача, а ён яшчэ школьнік. Самсон вунь перакантаваўся пару месяцаў у вечаровай, а цяпер шабашыць на будоўлях у Маскве. Дарослы чалавек. Сам сабе гаспадар.
Вельмі няпроста было Васю ў абноўленай школе. Выявілася, што ўсё, чаго ён дасягнуў, развіваючы душу і цела, больш нікога не ўражвае. Што цяпер, каб цябе паважалі, трэба мець добрыя адзнакі. Яшчэ тры гады таму скажы каму такое ў 234-й, усе б доўга рагаталі. Раней у школе каралём быў прыстойны пацан — Самсон, а цяпер — гэты баклажан завучаны. Кабель гэты. Збатанела школа да немагчымасці. Узяць хоць бы той факт, што яны з Дубовікам і Лысым — адзіныя актыўныя курцы на ўсю адзінаццатую паралель. Калі не на ўсю школу. Нядаўна Вася не вытрымаў пайшоў перакурыць у прыбіральню падчас урока, дзе яго залавілі дзяжурныя з дзясятага фізмата. Завучу, праўда, не здалі, але, пакуль тушылі ягоны недапалак і акно адчынялі праветрываць, моцна яго лажалі:
— Мэн, мы таксама смалім. Але ж маем сілу волі пачакаць, пакуль урокі скончацца.
— Думаеш, на талчку з цыгаркай ты выглядаеш вельмі крута? Цырк!
Так Вася зноў ператварыўся ў клоўна.
Ды ну яе нафіг, такую школу. Усё да лепшага.
Але, прыслухоўваючыся да сябе, Вася разумеў што не, не нафіг.
Па-першае, мама. Яна не перажыве. Па-другое, сябры, клас. Сініца... Але не, не толькі гэта. Як ні дзіўна, было штосьці яшчэ, з чым Васю вельмі не хацелася развітвацца...
...Па законах жанру, дзверы кабінета Лабановіч пакінуў прачыненымі. He ў правілах Васі было падслухоўваць, але надта ўжо гучна ды эмацыйна размаўлялі дзірык з Іванавічам, каб гэта не адцягнула яго ад уласных чорных думак.
— Мікалай, і што мне цяпер рабіць? — прамовіў Лабановіч. — Ты разумееш, ува што мы ўляпаліся з тваёй міласці?..
— Давайце я яму яшчэ дадому паспрабую... Толькі трэба хатні знайсці...
— Ты разумееш, што для мяне гэта катастрофа? Я труп.
— Пачакайма да вечара. Можа з’явіцца...
— Мікалай, скажы мне шчыра: ты добра ведаеш гэтага чалавека?
— Ну, гэта мой знаёмы з універсітэта...
— У яго дакладна ёсць рэстарацыя?
— He, рэстарацыі няма...
— Як няма?!! Мікалай!!!
— У яго фірма... Кейтэрынг, абслугоўванне банкетаў... VIP-кліенты... Ну, вам жа нешта такое і трэба было.
— Менавіта! Мікалай, банкет заўтра! А чалавек, якому мы замовілі гэты банкет «пад ключ», знік з грашыма і не адказвае на мабільны!
— Ён жа вам даў распіску...
•— I што мне, распіску на стол падаваць?!! Я хачу пачуць, што ўсё ў парадку! Ты смерці маёй жадаеш? Ты ж ведаеш, у мяне сэрца!
— О, мне даслалі ягоны хатні! Дазволіце?
Пакуль Іванавіч тэлефанаваў, дырэктар, задыхаючыся, выйшаў з кабінета, нацадзіў сабе з кулера шклянку вады і нагбом выпіў. Потым нацадзіў яшчэ адну і цяпер ужо стаў адпіваць патрошку, пераводзячы дых.
— Жонка дома... — Амёба Іванавіч вызірнуў з кабінета. Выглядаў ён так, нібы выключаць збіраліся яго, а не Васілеўскага. — Сказала, што ён сарваўся. Здабыў недзе штуку
баксаў — і адразу ў казіно. Як прайграецца, сёння — максімум заўтра — мусіць адгукнуцца...
— «Шту-ку-бак-саў»? — дырэктар схапіўся за сэрца. — Штуку, кажаш, баксаў?! А ці не наша гэта была «штукабаксаў»?! Гэты твой знаёмы што, азартны гулец?!
— Ну, выходзіць, так, — на Іванавіча было страшна глядзець. — Але ж распіска ёсць! — паспрабаваў ён настроіць начальніка на пазітыў.
— Ну, вядома... Я, дырэктар узорна-паказальнай школы, выбіваю ў заўсёдніка казіно грошы бацькоўскага камітэта... Я нават да юрыстаў з такім пайсці не магу! Ты разумееш, ува што ты...
Тут дырэктаравы вочы спыніліся на Васю. Ён рэзка замаўчаў.
— Мікалай Іванавіч, вы можаце ісці, — прамовіў ён пасля некаторай паўзы. — Праходзь, — кінуў ён Васілеўскаму, калі біёлаг выйшаў.
ххх
Першыя пяць хвілін у кабінеце панавала ціша. Дырэктар паволі прайшоўся да шафы, выцягнуў з шуфляды кардонную тэчку і, сеўшы ў сваё крэсла і начапіўшы на нос акуляры, стаў паволі вывучаць яе змесціва.
— Аляксей Васілеўскі, — нарэшце загаварыў Лабановіч, перакладваючы аркушы. — Няпоўная сям’я, у пачатковай школе просьба аб матэрыяльнай дапамозе ў сувязі з хваробай маці, два гады ў шостым класе... Два прыводы ў міліцыю — у сёмым і восьмым. Станоўчая характарыстыка ў ваенкамат ад класнай кіраўніцы... Але гэта я і без дасье скажу: сістэматычныя прагулы, курэнне на тэрыторыі школы...
Вася маўчаў, разглядаючы прастору перад сабою. Па ім — на стале для наведнікаў — былі хаатычна раскіданыя нейкія паперы.
— За што ты яго хоць? — нечакана мякка спытаўся Лабановіч, здымаючы акуляры. — Статкевіч — найлепшы вучань школы, але я дапускаю, што і ён не святы. Магла быць прычына...
Вася не падымаў вачэй ад стала.
— Што, дзяўчыны не падзялілі? — працягваў дапытвацца Лабановіч. — Ды я ўсё разумею, сам жа такім пацаном быў. У нас у Любчы праз дзевак ого-го якія бойкі былі... Мы з адным хлопцам ледзь у Нёмане не патапіліся — са стромы паляцелі... Маўчыш?
Вядома ж, Вася маўчаў. Будзе ён тут трапаць Сінічкіна імя.
— Я так і думаў, — уздыхнуў дырэктар. — Кулакі проста часаліся. Сумна, відаць, без сябручкоў... Ну што, Васілеўскі. Гэты момант надышоў. Ты ведаеш, што гэта такое, — Лабановіч выцягнуў з тэчкі аркуш і паказаў яго Васю.
Вася кіўнуў.
На аркушы почыркам маці фіялетавым атрамантам было выведзена наступнае:
Прашу выключыць са школы (выдаць дакументы) майго сына Аляксея Васілеўскага ў сувязі з пераходам у іншую навучальную ўстанову.
Васілеўская A. I.
I подпіс. Толькі даты не было.
— Калі мы сустракаліся ў гэтым кабінеце тры гады таму, я пакінуў цябе ў школе толькі з той прычыны, што Антаніна Іванаўна — наша заслужаная супрацоўніца, і толькі пры ўмове, што яна напіша гэтую заяву. I мы агаварылі, што я маю права ў любы момант паставіць сюды дату. Баюся, гэта будзе сённяшняя дата, — Лабановіч выцягнуў з шуфлядкі стала асадку, каламар і асцярожна, каб не запэцкаць пальцаў, стаў нацягваць у асадку атрамант. — Гэх, Васілеўскі, усяго пару месяцаў не пратрымаўся... Я ў 317-ю патэлефаную. Можа,
злітуюцца, возьмуць давучыцца. А як не, то застанешся ты з атэстатам за дзявяты клас.
— Гэта столькі не каштуе.
Ад нечаканасці дырэктар крапнуў атрамантам на аркуш заявы.
— Што не каштуе?
— Меню ў гэтым каштарысе не каштуе тысячы. Нават з напоямі і абслугай, — і Вася пасунуў бліжэй да дырэктара аркуш, які ляжаў у завалах папер перад ім на стале.
Лабановіч спужана схапіў аркуш і хуценька падсунуў яго пад дасье Васілеўскага.
— Табе не здаецца, што гэта не твая справа? — рэзка спытаўся ён.
— Мая ці не мая, але вас кінулі на бабкі, — паціснуў плячыма Вася. — А калі тыя бабкі былі з бацькоўскага камітэта, то гэта мая справа.
— Па-першае, як ты размаўляеш з дарослымі? Што гэта за феня? «Кінулі, бабкі»...
— Ну, падманулі з грашыма. Але сутнасць ад гэтага не мяняецца, — змрочна ўсміхнуўся хлопец.
— Па-другое, пра бацькоўскі камітэт ты нічога не чуў, ясна? Гэта не тое, што ты падумаў... Усе выдаткі аплоціць спонсар. Але постфактум. Прамінулай, так бы мовіць, датай... Я проста пазычыў...
Вася нічога не адказаў, а зноў ухмыльнуўся.
— Па-трэцяе, з чаго ты ўзяў, што мяне... падманулі?
— Вы мне паперку вярніце, я вам пакажу.
Дырэктар неахвотна працягнуў Васю аркуш.
— Ну вось, глядзіце. Банкет на трыццаць чалавек, а стэйк са свініны па кошце, нібы гэта мармуровая ялавічына. На такую суму сто чалавек накарміць можна!
— Гэта як? — недаверліва спытаўся дырэктар.
— Вы што, на рынак не ходзіце?!! Нават з нацэнкай такога кошту на гэтую страву быць не можа! Ну глядзіце,
выхад, дапусцім дзвесце грамаў на порцыю, гэта значыць сырога мяса трэба кіля на чатырох чалавек, то бок патрэбна каля васьмі кіляў свініны. Ну гэта ж максімум пяцьдзясят баксаў.
А тут які кошт?
Лабановіч зазірнуў у аркуш. Вочы ягоныя пашырыліся і тут жа ўперыліся назад у Васілеўскага. Той між тым працягваў:
— А гэтая закуска? Я не ведаю, яйкі якой птушкі сюды трэба класці, каб яна столькі каштавала!.. Ды ў вас тут усё з такой накруткай...
— Адкуль ты гэта ўсё ведаеш? — толькі й здолеў прамовіць Лабановіч.
— Дык з вытворчай практыкі. Я на кулінарыі вучуся. I падпрацоўваю крыхан, — адказаў Вася.
Лабановіч так уразіўся, што нават прапусціў міма вушэй слова «крыхан».
— I вас гэтаму ўсяму вучаць?
— He, вядома. Але я на банкетах часам раблю. I прыкладна ўяўляю, адкуль якія сумы бяруцца. Я не ведаю, можа, гэтыя службы заўсёды так дзяруць, але ў рэстарацыі такі банкет каштуе нашмат танней.
— Але я замаўляў VIP-абслугу, — разгублена пралапатаў Лабановіч. — Мне трэба, каб усё было па вышэйшым разрадзе... Разумееш, у школу прыедуць вельмі важныя rocpi, — сказаў ён, сабраўшыся. I згадаўшы, што ён дырэктар, які выключае вучня са школы, зноў прыняў строгі від і падсунуў Да сябе заяву Васевай маці.
— Андрэй Васілевіч, дазвольце мне давучыцца, калі ласка, — раптам сказаў Вася, зірнуўшы проста на дырэктара. — А я вам банкет арганізую.
— Ты сам зразумеў, што ты сказаў? — рассмяяўся дырэктар. — Ты — банкет? Ты ж школьнік. Як ты ўсё адзін зробіш? Сам прыгатуеш?
— Чаму сам? 3 мамай, — самавіта сказаў Васілеўскі. — Мама здорава гатуе. Асабліва калі ёй нармальныя харчы даць... Андрэй Васілевіч, слухайце, мне вельмі трэба давучыцца. Калі вы мяне вытур... выключыце, мне пасведчанне за вытворчую практыку не выдадуць. А з ім я магу адразу ўладкавацца на працу... У вас, па сутнасці, няма выйсця, — працягнуў ён пасля паўзы. — Я пачуў, што вы далі гэтаму кіда... махляру тысячу даляраў. А яшчэ хоць нешта ў вас засталося?